haradok.info

Інфармацыйны партал

Сацыяльныя сеткі:

Аб горадзе Геаграфія Карысныя выкапні

Карысныя выкапні

Гарадоцкі раён не вельмі багаты на карысныя выкапні. Платформеная будова тэрыторыі, адсутнасць значных геалагічных працэсаў спрыялі назапашванню карысных выкапняў асадкавага паходжання (нярудныя). Найбольш распаўсюджаныя карысныя выкапні: торф, гліны, пясчана-жвіравы матэрыял, сапрапель, даламіт

Торф

Вядомы 282 радовішчы торфу з агульнымі запасамі 83 млн.т. Найбольшае з іх — Чырвоны Мох — знаходзіцца на ўсходзе раёна, ў вадазборы рэк Аўсянка і Ловаць. Плошча 2,7 тыс.га у межах прамысловага покладу 1,8 тыс.га. Сярэдняя глыбіня торфу 2,55 м, запасы яго 7,9 млн.т. Балота часткова выкарыстоўваецца пад сенажаць.

282 балоты адносяцца да Гарадоцка — Чашніцкага тарфянога раёна, іх агульная плошча 28,3 тыс.га. Яны падзеляюцца на нізінныя — 19,5 га, вярховыя — 6,4 га, пераходныя — 2,4 га. Асноўныя балотныя масівы Абрамнае, Лукашоўскі Мох, Вялікае Сяльцо.

Гліны

У радовішчы глін, размешчаным за 0,2 м ад вескі Бязносенкі, разведаныя запасы складаюць 860 тыс.кв.м. Гліны карычневыя, цемна-карычневыя, легкаплаўкія, магутнасць карыснай плошчы ад 1 да 10 м. Яны могуць выкарыстоўвацца для вытворчасці будаўнічых матэрыялаў.

Радовішча глін Высекі знаходзіцца за 4,5 км на поўдзень ад г.п.Езярышча. Разведаныя запасы — 132 тыс.м3. Магутнасць тоўшчы ў сярэдзіне — 2,1 м.

Радовішчы глін і суглінкаў «Новае жыцце» знаходзяцца ва ўрочышчы «Разыграй» за 3 км на ўсход ад Гарадка. Разведаныя запасы — 755 тыс.м3. Гліны чырвона-карычневыя, шчыльныя, тлустыя, пластычныя. Магутнасць карыснай тоўшчы — 0,3-3,6 м, распрацоўвалася доўгі час Гарадоцкім цагельным заводам.

Пясчана-жвіравы матэрыял

Размешчаны 5 найбольш буйных радовішчаў пясчана-жвіравага матэрыялу з запасамі 72,9 млн.м3 (Загузскае, Прывадзіна, Вышадскае, Слабадское, Каменскае, Лахі). Лахскае радовішча пяскоў знаходзіцца за 1 км на ўсход ад в. Лахі. Разведаныя запасы — 224 тыс.м3, перспектыўныя −177 тыс.м3. Магутнасць карыснай плошчы 3,5-7,8 м.

Прывадзіна — радовішча пясчана-жвіравага матэрыялу — знаходзіцца ля в. Бабінавічы. Разведаныя запасы — 12,7 м3. Пясчана-жвіравая сумесь і пяскі прыдатныя для будаўнічых работ, вытворчасці бетону і дарожнага будаўніцтва.

Каменскае радовішча пясчана-жвіравага матэрыялу — на паўночна-ўсходняй ускраіне в. Каменка. Перспектыўныя запасы −632 тыс.м3.

Загузскае радовішча пясчана-жвіравага матэрыялу і пяску за 4 км ад чыгуначнай станцыі Бычыха. Разведаныя запасы — 33,8 млн.м3. Магутнасць карыснай плошчы дасягае месцамі 19,8 м. Жвір і пясок для дарожнага будаўніцтва, вытворчасці бетону і сілікатнай цэглы.

Слабодскае радовішча пясчана-жвіравага матэрыялу за 0,5 км на поўнач ад в. Слабада Віраўлянскага сельвыканкама. Паклад у выглядзе 3 лінз. Разведаныя запасы — 2,82 млн.м3. Парода шэрая (пясчана-жвіравая) з праслаямі дробназярністых пяскоў. Магутнасць карыснай тоўшчы — 0,5 — 10 м. Жвір і пясок прыдатныя для вырабу бетону, тынковачных і муровачных раствораў, у дорожным будаўніцтве.

Вышадскае радовішча пясчана-жвіравага матэрыялу за 2 км на поўдзень ад в.Вышадкі. Перспектыўныя запасы 4,3 млн.м3. Пяскі і жвір прыдатныя для вытворчасці бетону і ў дарожным будаўніцтве.

Сапрапель

Белазерскае радовішча сапрапелю знаходзіцца на Белым возеры. Запасы 7,8 млн.м3. Сапрапель высцілае амаль усю плошчу азернай чашы. Сярэдняя магутнасць пакладу 3,4 — 7,5 м. Сапрапель прыдатны на лекі, угнаенне, для вытворчасці будаўнічых матэрыялаў.

Малагараднянскае радовішча сапрапелю знаходзіцца у возеры Малае Гародна. Запасы — 304 тыс.м3. Сярэдняя магутнасць пакладу — 4,2 м, найбольшая — 8,3 м. Сапрапель можа выкарыстоўвацца як лекавыя гразі.

У Вымнянскім радовішчы запасы сапрапелю складаюць 12,9 млн.м3., высцілае 74% азернай чашы. Сярэдняя магутнасць пакладу ад 2,4 м да 5,5 м.

Лосвідскае радовішча сапрапелю знаходзіцца ў возеры Лосвіда. Запасы яго складаюць 12,9 млн.м3. Сярэдняя магутнасць пакладу ад 1,8 да 6,5 м.

Езярышчанскае радовішча сапрапелю знаходзіцца у возеры Езярышча. Запасы 42,3 млн.м3., найбольшая магутнасць тоўшчы 6,3 м. Высцілае 80% азернай чашы

Даламіт

Кабішчанскае радовішча даламіту носіць назву ад вескі Кабішча і знаходзіцца за 3 км ад в. Сюбараўка. Папярэдне разведаныя запасы складаюць 291,5 млн.т. Магутнасць карыснай тоўшчы 12,3 — 21,2 м. Даламіт прыдатны для вытворчасці даламітавай мукі і вапнавання кіслых глеб, як мінеральны дамешак пры вырабе асфальтабетону, друзу.

Паблізу г.Гарадка маюцца запасы мінеральнай вады.