haradok.info

Інфармацыйны партал

Сацыяльныя сеткі:

Аб горадзе Гісторыя Гісторыя Гарадка

Старажытнасць Гарадка

Кожнае мястэчка мае сваю сівую даўніну. Наша Гарадоччына існавала з прадвеку — з часоў Полацкай зямлі. І Гарадок упамінаецца яшчэ ў 1128 г. з нагоды ваеннага паходу кіеўскага князя Мсціслава Уладзіміравіча ў Полацкую зямлю. «В лето 6636. Посла князь Мсціслаў с братьею своею многи кривичи, четырьмя путьми:... Всеволодка из Городка... повеле ити к Изяславлю... ».

У летапісах другой паловы 13 ст. згадваецца «Гарадок каля Полацка» ў сувязі з бітвай палачан з літоўскім войскам на чале з Мінгайлам, у ходзе якой Гарадок быў знішчаны. І амаль два стагоддзі быў у заняпадзе. На пачатку 16 стагоддзя пачаў адбудоўвацца і пра наш Гарадок зноў з’яўляюцца дайшоўшыя да нас гістарычныя запісы.

У 1551 г. упамінаецца ў «рэестры» сярэбшчыны з гарадоў ВКЛ, згодна з якім «с места Городка» плацілі ў казну «20 коп грошей... ». У канцы 1570 г. упамінаецца Вялікі і Малы Гарадок. На пачатку 17 ст. — мястэчка ў Віцебскім павеце таго ж ваяводства Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ), дзяржаўная ўласнасць. У той час быў пабудаваны Гарадоцкі бастыённы замак правым беразе ракі Гаражанкі. Меў форму пяцікутніка, быў узмоцнены ровам і валам, паўночна-заходнюю частку замка затуляла балота, адкуль выцякаў і ўпадаў у абарончы роў. Праз кожныя 20 метраў прыгонных агародж размяшчаліся бастыёны. Замак быў выбудаваны па форме чатырохвугольнай фігуры. Замак меў па акружнасці два км чатырыста метраў, але на часткі не падзелены, перакапаны ровам шырынёй у тры, а глыбінёй паўтара метра.

У сярэднявечча гарадоцкія землі ўваходзілі ў склад Полацкага княства, а з 14 стагоддзя — Вялікага княства Літоўскага. Пагранічнае становішча іх абумовіла ўзвядзенне тут абарончых умацаванняў. Заснаваны на паўвостраве возера Езярышча замак у час ваенных дзеянняў паміж Вялікім княствам Літоўскім і Рускай дзяржавай не адзін раз разбураўся, затым зноў аднаўляўся. Канчаткова ён прыйшоў у заняпад у 17 стагоддзі. З гэтага часу пачынаецца ўздым Гарадка, які адзначаны на карце С. Пахалавіцкага 1579 года. У 1772 годзе ў выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай Гарадок далучаны да Расійскай імперыі. У 1777 годзе атрымаў статус горада і стаў цэнтрам Гарадоцкага павета Полацкай губерні, з 1796 года — Беларускай, з 1802 — Віцебскай губерні. Далейшая гісторыя Гарадоччыны непарыўна звязана з гісторыяй Беларусі, а з 1917 года — з гісторыяй Савецкай дзяржавы. Гарадок ў 1991 годзе стаў адміністратыўным райцэнтрам Рэспублікі Беларусь.

І калі адзначаецца якаясь ці дата з гісторыі Гарадка, то яна можа разглядацца толькі як пэўная веха з нашай гісторыі. А лічыць часам стварэння Гарадка трэба 1128 год, бо менавіта тады адбыўся паход кіеўскага князя на Полацкую зямлю. У гэтым паходзе прыняў удзел першы вядомы жыхар Гарадка — Усевалад. І таму самая разумная справа у 2008 годзе — у ліпені на дзень горада адзначыць 880-годдзе упамінання Гарадка. Лагічным з’яўляецца таксама распачаць працу па папулярызацыі старадаўняй гісторыі Гарадоччыны, каб з годнасцю сустрэць праз дваццаць гадоў 900 годдзе Гарадка. Але пра гэта ужо асобная гаворка.

Іншая версія

Узнік на месцы старажытнага ўмацаванага паселішча, якое, відаць, знаходзілася ў пойме Гаражанкі. Як «Гарадок каля Полацка» ўпамінаецца ў летапісах 2-й палавіны 13 ст. у сувязі з бітвай, якая адбылася паміж палачанамі і літоўскім войскам на чале з Мінгайлам. У выніку Гарадок быў знішчаны. Паводле пісьмовых крыніц, у канцы 16 ст. тут стаяў замак, які абаранялі магутныя валы і 5 вежаў. На карце 1579 г., складзенай С. Пахалавіцкім, паказаны Вялікі і Малы Гарадок. А на карце Т. Макоўскага 1613 г. Гарадок пазначаны як мястэчка Віцебскага ваяводства ВКЛ. Быў дзяржаўнай маёмасцю. Пад 1650 г. у Гарадку ўпамінаецца Ільінская царква, пераўтвораная ва уніяцкую, у гэтым жа годзе яна была вернута праваслаўным. Паводле некаторых звестак, у 16 ст. Гарадок меў свой герб: выява льва на залатым полі.

Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 г. Гарадок увайшоў у склад Расійскай імперыі. 3 1777 г. ён цэнтр Гарадоцкага павета Полацкай губерні. У 1778 г. быў распрацаваны першы генеральны план Гарадка з рысамі класіцызму. 3 1796 г. Гарадоцкі павет у Беларускай, а з 1802 г. — Віцебскай губернях. Гарадок стаў горадам і атрымаў у 1781 г. новы герб з выявай вершніка. У канцы 18 ст. у ім 169, у 1860 г. — 377 дамоў. Насельніцтва ў гэты час 4075 жыхароў. У горадзе працавалі фабрыка паташу, 19 дробных саматужных прадпрыемстваў, 75 крам. Былі царква, 6 малітоўных дамоў. У 1887 г. у горадзе дзейнічалі 23 прадпрыемствы, працавалі бальніца, рамесная школа, царкоўнапрыходскае вучылішча. На працягу 2-й палавіны 19 ст. паводле праекта планіроўкі 1846 г. горад рос уздоўж шашы Віцебск — Пецярбург. Пасля 1904 г., калі была пракладзена чыгунка, Гарадок развіваўся паміж вакзалам і рынкам. Паводле перапісу 1897 г., у Гарадку 5023 жыхары. У 1905 г. тут стаялі 21 мураваны і 834 драўляныя дамы, было 6480 жыхароў. Працавалі 14 заводаў, фабрыка, паравы млын. Дзейнічалі 2 мужчынскія, 3 жаночыя вучылішчы, бальніца, 3 аптэкарскія магазіны, бібліятэка, 2 царквы, 10 сінагог.

3 17 ліпеня 1924 г. горад стаў цэнтрам Гарадоцкага раёна. У 1939 г. у Гарадку жыло 7,3 тыс. чалавек.

10 ліпеня 1941 г. Гарадок акупіравалі нямецка-фашысцкія захопнікі. За час акупацыі яны амаль поўнасцю разбурылі горад, у ім і ў раёне загубілі больш за 8 тыс. мірных жыхароў. Захопнікі стварылі тут лагер смерці, дзе загінула 2,5 тыс. чалавек. 24 снежня 1943 г. у выніку Гарадоцкай аперацыі Гарадок вызвалілі воіны 1-га Прыбалтыйскага фронту.

Пасля вайны горад паступова адбудаваўся. У1959 г. яго насельніцтва склала 7,6 тыс. чалавек. У 1966 г. быў распрацаваны праект планіроўкі, у 1977 г. — генеральны план горада. Узведзены сучасныя будынкі, створаны новыя мікрараёны з шматпавярховымі дамамі. У 1969 г. у Гарадку 9 тыс. жыхароў.

У сучасным горадзе працуюць аграрна-тэхнічны каледж, прафесійна-тэхнічны каледж сельскагаспадарчай вытворчасці, 2 сярэднія, 8-гадовая, дзіцяча-юнацкая спартыўная школы, школа мастацтваў, Дом культуры, 2 бібліятэкі, раённы краязнаўчы музей, Дом рамёстваў і фальклору. Дзейнічае рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства «Гарадоцкі цэнтр спорту і турызму Раўбічы».

Сваю прадукцыю выпускаюць ільнозавод, прадпрыемствы дрэваапрацоўчай, лёгкай і харчовай прамысловасці.

У Гарадку ёсць вайсковыя могілкі, на якіх у 1974 г. створаны мемарыяльны комплекс «Бессмяротнасць», магілы ахвяр фашызму. Пастаўлены помнікі воінам-вызваліцелям, савецкім танкістам. Ёсць таксама помнік Вызвалення.

У межах горада знаходзяцца помнікі археалогіі: могільнік і селішча часоў Кіеўскай Русі.

Захаваліся жылыя дамы канца 19 — пачатку 20 ст. Яны з’яўляюцца помнікамі архітэктуры.

Здаўна Гарадок вядомы як цэнтр ганчарнага промыслу.

У горадзе выдаецца раённая газета «Гарадоцкі веснік».