haradok.info

Інфармацыйны партал

Сацыяльныя сеткі:

Аб горадзе Гісторыя Партызанскі рух

Партызанскі рух

На акупіраванай тэрыторыі раёна разгарнулася партызанская барацьба. Партызанская група была створана ў п. Ноўка Вярэцкага сельсавета. Арганізатарам яе стаў Уладзімір Аляксандравіч Ліпскі, які нарадзіўся тут, працаваў на мясцовым шклозаводзе, у Суражскім райвыканкаме, а з 1939 г. быў старшынёй райвыканкама ў Беластоцкай вобласці. Вайна застала яго ў п. Ноўка, куды ён прыехаў на адпачынак.

Першай баявой аперацыяй групы У. Ліпскага стала знішчэнне з засады нямецкай аўтамашыны з салдатамі на дарозе Ноўка — Ходарава. Былі іншыя справы на баявым ліку ноўкінскіх партызан. Аднак праіснаваў гэты атрад нядоўга: знайшліся здраднікі, якія выдалі партызан фашыстам. Схопленыя ворагамі Уладзімір Ліпскі, Аляксандр Ліпскі, Уладзіслаў Кельнер, Аляксей Лявонаў, Іван Макараў, Іван Сандаеў былі павешаны або расстраляны акупантамі. Пасля гібелі кіраўніка і найбольш актыўнай часткі партызан барацьбу з захопнікамі ўзначаліў Аляксей Пятровіч Дзік. Яго партызанскі атрад стаў састаўной часткай 1-ай Беларускай партызанскай брыгады.

18 ліпеня 1941 г. на аснове знішчальнага батальёна, які дзейнічаў у Мехаўскім раёне з першых дзён вайны, быў створаны партызанскі атрад колькасцю 65 чалавек. Камандзірам яго стаў старшыня Мехаўскага райвыканкама Кузьма Фёдаравіч Волкаў, а камісарам — Іван Тарасавіч Гуцаў. Ён жа з’яўляўся сакратаром Мехаўскага падпольнага райкама партыі. Начальнікам штаба быў зацверджаны М.Г. Скарабагатаў, да вайны загадчык ваеннага аддзела райкама. У хуткім часе да атрада далучылася група адказных работнікаў раёна — І.С. Скуматаў, І.І. Фадзееў, К.П. Бажанок, М.Ф. Сафронаў — прыбыўшых сюды па заданні ЦК КП(б)Б. Народныя мсціўцы распаўсюджвалі сярод насельніцтва зводкі Саўінфармбюро, знішчалі масты, парушалі сувязь, займаліся зборам зброі і боепрыпасаў. У в. Мехавое партызаны захапілі склад з нарабаванай у насельніцтва маёмасцю, знішчылі невялікі нямецкі гарнізон у в. Халамер’е. Зрабілі налёт у в. Обаль на маслазавод, работу якога наладзілі акупанты. Партызаны І.Р. Афанасьеў і І.3. Лябёдка дапамаглі перабрацца за лінію фронту больш як 500 чырвонаармейцам-акружэнцам. У верасні 1941 г. у час засады на дарозе Бычыха — Обаль партызаны спалілі аўтамашыны, забілі 7 варожых салдат. Аднак і самі яны панеслі страты: загінулі П.А. Бараноўскі, сакратар Мехаўскага падпольнага райкама камсамола, і начальнік штаба М.Г. Скарабагатаў.

Акупанты, занепакоеныя перашкодамі ў перамяшчэнні па дарогах Езярышча — Халамер’е — Бычыха, затрымалі частку войскаў, што рухаліся да фронту, накіравалі іх на акружэнне і знішчэнне партызан. Невялікі атрад быў блакіраваны з усіх бакоў, за спіной заставалася толькі вузкая паласа балота, якое лічылася непраходным. Дзякуючы строгай дысцыпліне і дапамозе партызана-падпольшчыка I.М. Рыбікава атрад вырваўся з акружэння. Было вырашана частку партызан пераправіць у лясы Суражскага раёна.

На новым месцы яны аб’ядналіся з атрадам Іванова-Нароенкі і сумеснымі намаганнямі правялі некалькі аперацый: знішчылі мост каля в. Шчалбова, вывелі са строю млыны ў вёсках Паташня, Кузьміно. У кастрычніку гэта група выйшла ў савецкі тыл. Астатнія партызаны разбіліся на малыя групы і перайшлі ў падполле.

У канцы студзеня 1942 г. атрад быў адноўлены, а ўжо ў лютым вёў бой з акупантамі каля в. Блічына на тэрыторыі Газьбінскага сельсавета. У сакавіку партызаны зрабілі налёт на гарнізон у в. Смалоўка, дзе гітлераўцы наладзілі работу лесапільнага завода. Аперацыя была праведзена паспяхова: выведзены са строю ўсе механізмы завода, падпалены склад піламатэрыялаў, спалена памяшканне, у якім размяшчаліся паліцэйскія, узарваны чыгуначны мост, забіта каля 80 гітлераўцаў і паліцаяў. Такі поспех садзейнічаў далейшаму росту партызанскай барацьбы, упэўненасці насельніцтва ў непазбежным выгнанні акупантаў з роднай зямлі.

Разгром гітлераўскіх войск пад Масквой аказаў вялікі ўплыў на актывізацыю партызанскай барацьбы на акупіраваных тэрыторыях. Яна прымае новыя формы. Узнікаюць партызанскія брыгады, якія былі не вельмі буйнымі па сваім складзе: ад 3 — 4 да 5 — 7 атрадаў, колькасць асабістага складу 300 — 800 чалавек. На чале брыгады стаялі камандзір, камісар, начальнік штаба. Камандзір меў намеснікаў і памочнікаў па разведцы, забеспячэнні, дыверсійна-падрыўной і медыцынскай службах, у камісара — памочнік па камсамоле.

У маі 1942 г. па рашэнні Віцебскага абкама КП(б)Б Мехаўскі атрад быў разгорнуты ў 2-ую Беларускую партызанскую брыгаду імя П.К. Панамарэнкі, якая складалася з трох атрадаў агульнай колькасцю 617 чалавек; конны ўзвод разведкі, гаспадарчая і санітарная часткі, штабныя службы складалі 128 чалавек. Партызаны былі ўзброены вінтоўкамі, кулямётамі, меліся ў нязначнай колькасці аўтаматы, мінамёты.

У 1942 —1943 гг. на тэрыторыі раёна разгарнулі баявую дзейнасць таксама 1-ая і 4-ая Беларускія, 1-ая Віцебская, імя Кутузава, імя Леніна, імя Чырванасцяжнага Ленінскага камсамола, партызанскія брыгады. Восенню 1942 г. у выніку баёў з карнікамі ў Гарадоцкі раён выйшлі тры атрады Багушэўскай брыгады, а таксама атрад І.С. Банкарова з Бешанковіцкага раёна. Гэты атрад размяшчаўся ў Канчанскім лесе. У пачатку кастрычніка тут адбылося пасяджэнне Бешанковіцкага падпольнага райкама партыі. На ім было прынята рашэнне аб аб’яднанні асобных атрадаў у партызанскую брыгаду «За Савецкую Беларусь». Усю восень брыгада займалася ў асноўным папаўненнем асабовага складу, пошукам зброі і боепрыпасаў, баявыя дзеянні ў гэты час вялі невялікімі падраздзяленнямі.

У час экспедыцыі «Зімовы лес» супраць партызан у трохвугольніку чыгункі Невель — Полацк — Віцебск брыгада «За Савецкую Беларусь» адступіла на Расоншчыну. Пасля завяршэння баёў з карнікамі яна дыслацыравалася на мяжы Бешанковіцкага і Ушацкага раёнаў.

Партызанская тактыка прадугледжвала нечаканы напад на ворага з засады, знішчэнне яго сродкаў перамяшчэння, складоў і жывой сілы, разгром нямецка-паліцэйскіх гарнізонаў, захоп трафеяў і хуткі адыход да з’яўлення падмацаванняў праціўніка.

Часцей за ўсё партызаны рабілі засады на асобныя машыны або невялікія аўтакалоны. Гэта залежала ад узбраення, суадносін сіл, колькасці боепрыпасаў, месца і часу сутак. Незаўсёды гэтыя абставіны былі на карысць партызан. Аднак нечаканасць, добрае веданне мясцовасці, уменне выкарыстоўваць яе прыносілі поспех партызанам.

Аперацыі па разбурэнні варожых камунікацый зрывалі або парушалі перавозкі праціўніка па шашэйных і грунтовых дарогах. Партызаны знішчалі масты, рабілі завалы, перакопвалі дарогі, выводзячы іх на некаторы час са строю. Дапамагалі ім у гэтай справе партызанскія рэзервы і мясцовыя жыхары.

Па даных штаба 2-ой Беларускай брыгады, з лютага да ліпеня 1942 г. партызаны ўзарвалі 36 мастоў на шашэйных дарогах і чыгунцы, 9 складоў з баепрыпасамі і гаручым, 21 аўтамашыну, 3 нямецкія танкі, 2 танкеткі, спусцілі пад адхон 2 эшалоны. У нападзе на гарнізон станцыі Езярышча дзейнічалі разам з 4-ай Беларускай партызанскай брыгадай. У ходзе гэтай аперацыі былі знішчаны склады боепрыпасаў і трафейнай зброі, узята апаратура дыспетчарскага ўпраўлення і радыёапаратура, спалены пошта і гасцініца.

Народныя мсціўцы брыгады імя Кутузава пад камандаваннем С.Т. Воранава на працягу верасня 1943 г. займаліся мініраваннем дарог Смалоўка — Вышадкі, Гарадок — Мяжа, Смалоўка — Бяскатава, Вярэчча — Прывальні, чыгункі Гарадок — Вярэчча. На партызанскіх мінах падрываліся нямецкія аўтамашыны з ваенным грузам. У гэтых аперацыях вызначыліся Д.П. Шавель, Г.І. Ларыёнаў, А.С. Петухоў, М.І. Іваноў, палітрук Сяргееў.

У ліку баявых спраў партызан 1-ай Беларускай брыгады — дзёрзкая аперацыя разам з байцамі дыверсійнай групы ў Гарадку. 15 мая 1943 г. група з 23 чалавек зрабіла налёт на нафтабазу і склады са збожжам, што знаходзіліся на чыгуначнай станцыі. Было знішчана 300 т бензіна, 216 т мукі і 300 т жыта. Гэта паспяховая партызанская дыверсія мела станоўчы рэзананс сярод насельніцтва раёна, вельмі напалохала гітлераўцаў і нанесла ім значныя страты.

Вялікае значэнне для разгортвання партызанскай барацьбы мелі так званыя Віцебскія (Суражскія) вароты, існаваўшыя на працягу лютага — верасня 1942 г. «Вароты» — 40-кіламетровы разрыў лініі савецка-германскага фронту на стыку груп нямецкіх армій «Цэнтр» і «Поўнач», які ўтварыўся ў выніку наступлення 4-ай ударнай арміі Калінінскага фронту ў ходзе Таропецка-Холмскай аперацыі і вызвалення прыфрантавых раёнаў партызанамі атрадаў М.Ф. Біруліна, М.І. Дзячкова, М.П. Шмырова, Я.З. Захарава.

Подступы да іх утрымлівалі часці 4-ай ударнай арміі і 1-ая і 2-ая Беларускія партызанскія брыгады. Праз «вароты» партызаны падтрымлівалі сувязь з Віцебскім абкамам КП(б)Б і аблвыканкамам, якія размяшчаліся на тэрыторыі Усвяцкага і Веліжскага раёнаў, з камандаваннем 4-ай ударнай арміі.

У тыл ворага накіроўваліся зброя, медыкаменты, боепрыпасы, літаратура; з акупіраванай тэрыторыі выходзілі партызанскія атрады на перафарміраванне, добраахвотнікі ў Чырвоную Армію, насельніцтва, якое ратавалася ад карнікаў. Так, партызаны 1-ай Беларускай брыгады сабралі і пераправілі ў савецкі фонд абароны на 7 млн. руб. каштоўнасцей. 3 лютага па ліпень 1942 г. партызаны 2-ой Беларускай брыгады адправілі з тылу ворага 630 т фуражу, 800 т бульбы, 70 т хлеба, больш 300 галоў рагатай жывёлы, каля 100 коней, было мабілізавана 2500 чалавек.

Камандзір разведкі, а затым атрада імя Чапаева 2-ой Беларускай партызанскай брыгады І.Р. Афанасьеў успамінаў, што ў асобных выпадках адпраўлялі нават тэхніку для рэгулярных войск. У маі 1942 г. разведка выявіла ў лесе 6 гармат, пакінутых адным з падраздзяленняў Чырвонай Арміі, што выходзіла з акружэння. Камандаванне 4-ай ударнай арміі выслала сваіх спецыялістаў для выяўлення прыгоднасці гармат. 3 дапамогай партызан тэхніка была прыведзена ў парадак і перапраўлена праз лінію фронту.

Неаднойчы гітлераўцы спрабавалі ліквідаваць «вароты». У пачатку верасня яны сцягнулі ў гэты раён вялікія сілы пяхоты з артылерыяй і танкамі, разгарнулі наступленне. У канцы месяца карнікі пасля ўпартых баёў выціснулі партызан з прыфрантавых вёсак і закрылі Віцебскія вароты.

Актыўныя дзеянні партызан Гарадоцкага, Мехаўскага, Суражскага, Віцебскага і Лёзненскага раёнаў прывялі да ўтварэння ў лютым 1942 г. Суражскай партызанскай зоны. У склад яе ўваходзіла тэрыторыя Паташанскага, Межанскага, Зайкаўскага, Вышадскага, часткова Руднянскага і Газьбінскага сельсаветаў. Тут была адноўлена дзейнасць органаў Савецкай улады.

Вялікая работа праводзілася партызанамі сярод насельніцтва: распаўсюджванне лістовак, зводак Саўінфармбюро, гутаркі з жыхарамі вёсак аб становішчы на фронце, збор грашовых сродкаў, хлеба і іншых прадуктаў для Чырвонай Арміі і адпраўка іх у савецкі тыл.

Гарадоцкія партызаны актыўна ўдзельнічалі ў «рэйкавай вайне». У жніўні — верасні 1943 г. яны падарвалі больш 1600 рэек на чыгуначных лініях. У барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі вызначыліся многія нашы землякі, баявыя справы якіх адзначаны высокімі ўрадавымі ўзнагародамі: І.З. Лябёдка, У.А. Слямнеў, П.І. Кнураў, І.І. Маза, А.Л. Папоў, С.Ф Кіраёнак, Шэдаў і многія іншыя.

Не вярнуліся дамоў, загінулі ў партызанах ці прапалі без вестак каля 1000 ураджэнцаў Гарадоцкага раёна. У час выканання задання фашысты схапілі партызан з 2-ой Беларускай брыгады Леаніда Сухарукава і Івана Кавалёва. Іх прыгналі ў Езярышча. Пасля жорсткіх катаванняў юнакоў павесілі каля будынка старой бальніцы, не дазваляючы доўгі час пахаваць іх.

Зімой 1943 г. ля вёскі Янова Даўгапольскага сельсавета загінуў камісар 1-га атрада 4-ай Беларускай партызанскай брыгады М.А. Шабанаў. Група партызан, якую ён узначальваў, вярталася з задання, калі на вёску наляцелі карнікі, пачалі хапаць моладзь. Камісар вырашыў даць бой гітлераўцам. У перастрэлцы быў паранены. Падпусціўшы ворагаў бліжэй, падарваў сябе і іх гранатай. Пахаваны Мікалай Аляксандравіч Шабанаў на грамадзянскіх могілках у в. Вусце Халамерскага сельсавета.

У чэрвені 1943 г. загінуў партызан Віктар Самойлаў з атрада «Мсцівец» 2-ой Беларускай партызанскай брыгады імя П.К. Панамарэнкі. Ён знаходзіўся ў баявым дазоры і першым сустрэў фашыстаў, якія шчыльным ланцугом агарнулі ніўскі лес. Калонамі па 50 і больш чалавек праз кожныя 100 — 150 метраў з сабакамі-аўчаркамі рухаліся яны да партызанскай стаянкі. Віктар адкрыў агонь з кулямёта. Гітлераўцы акружылі яго з усіх бакоў, паранілі, але партызан працягваў страляць. Скончыліся патроны, і ў справу пайшлі гранаты. Апошняй з іх юнак узарваў сябе і свой кулямёт разам з наляцеўшымі на яго фашыстамі.

За вызваленне роднай зямлі разам з дарослымі змагаліся падлеткі. Яны былі разведчыкамі, памочнікамі ў шпіталях, удзельнічалі ў баявых аперацыях. У ліку іх Федзя Маскалёў, Галя Спірыдонава, Лёня Бароўскі, Ваня Шпакаў, Валодзя Дзенісенка.

Адважнай разведчыцай 2-ой партызанскай брыгады была Надзя Багданава. Яна прабіралася ў самыя небяспечныя месцы. Здабытыя ёю звесткі аб варожых гарнізонах садзейнічалі поспеху баявых аперацый партызан. Смерць хадзіла побач з дзяўчынкай. Трапіўшы ў рукі ворага, вынесла страшэнныя катаванні: яе білі, выпалілі на спіне зорку. Ад болю страціла прытомнасць, амаль поўнасцю зрок. Жывой засталася цудам. Выхадзілі яе, рызыкуючы сваім жыццём і жыццём блізкіх, жыхаркі вёскі Заналючык Т. Самакалева і Л. Шаронак. Пасля вайны ўрачы дапамаглі Надзеі Аляксандраўне паправіць зрок. Жыла яна ў Віцебску.

Прадстаўнікі розных нацыянальнасцей вялі барацьбу ў тыле ворага. У 2-ой Беларускай партызанскай брыгадзе ваявалі рускі, ленінградзец Б.М. Самойлаў, малодшы сяржант з Башкірыі Б.І. Гушанаў, украінец А.В. Хахлоў. Камандзірам узвода, а затым камісарам атрада быў малады хлопец з Украіны П.І. Ігнаценка, смяротна паранены ў адным з баёў. У атрадзе брыгады імя Леніна разам з беларускімі сябрамі змагаўся і аддаў сваё жыццё чэх Міраслаў Пантлік.

Гітлераўскія акупанты не сталі гаспадарамі на нашай зямлі. Нянавісць і справядлівы гнеў праследавалі захопнікаў і іх памагатых з ліку здраднікаў. Чужынцы імкнуліся самымі жорсткімі метадамі падавіць народнае супраціўленне, прымусіць людзей скарыцца. Акупацыйныя ўлады праводзілі карныя экспедыцыі, прыцягваючы да ўдзелу ў іх франтавыя часці, баявую тэхніку, авіяцыю. На працягу 1942 — 1943 гг. іх было шэсць: № 95, «Клетка малпы», «Зімовы лес», «Шаравая маланка», «Грамавы ўдар», «Майская навальніца». Мэта гэтых акцый — ліквідацыя партызанскага руху, расправа з насельніцтвам, рабаўніцтва жывёлы, маёмасці, харчовых і сыравінных запасаў. Цяжка даводзілася партызанам і мірнаму насельніцтву, былі шматлікія ахвяры.

У вельмі складаным становішчы аказаліся партызаны ў лютым —сакавіку 1943 г., калі гітлераўцы праводзілі карную экспедыцыю супраць партызан Суражскай зоны пад кодавай назвай «Кугельбліц» («Шаравая маланка»). Тут актыўна дзейнічалі брыгады 1-ая, 2-ая Беларускія, 1-ая Віцебская, імя Кутузава, імя Чырванасцяжнага Ленінскага камсамола, Беларуская дыверсійная імя У.І. Леніна, Багушэўская і «Аляксея».

Вораг разлічваў акружыць і знішчыць партызанскія фарміраванні ў трохвугольніку Невель — Віцебск — Усвяты. Атрады і брыгады падрыхтаваліся да адпору праціўніка і занялі кругавую абарону. Больш за дзве варожыя дывізіі пры падтрымцы артылерыі, танкаў і самалётаў пачалі наступленне. Над тэрыторыяй, занятай партызанамі, ляталі нямецкія самалёты-разведчыкі. Некалькі сутак ішлі кровапралітныя баі. Карнікі цяснілі партызан, у якіх на зыходзе былі боепрыпасы. Войскі праціўніка занялі ўсе важнейшыя дарогі, на галоўных накірунках расставілі агнявыя кропкі. Пачалося прачэсванне лесу. Камандаванне партызанскіх фарміраванняў прыняло рашэнне аб прарыве блакады. Зноў цяжкія баі. Каля в. Загуззе фашысты адрэзалі ад асноўных сіл 3-і атрад брыгады імя Кутузава. Партызаны адбіваліся ад ворага, пакуль не скончыліся патроны. Тады камандзір атрада С.І. Барысаў падняў сваіх байцоў у атаку. Завязалася рукапашная схватка. Загінулі 35 партызан, у ліку якіх камандзір атрада Барысаў, камісар П.А. Угорыч, камандзір роты В.У. Гудоўскі. Тыя, хто застаўся жыць, пад камандаваннем начальніка штаба Мачальнікава вырваліся з акружэння.

Партызаны панеслі значныя страты. Аднак фашысцкія захопнікі так і не змаглі задушыць народную барацьбу, імкненне людзей жыць у незалежнай краіне.

Падпольныя райкамы партыі

Гарадоцкі падпольны райкам КП(б)Б

(9.06.1942-4.11.1943)

У ліпені 1941 года ў Гарадоцкім раёне на падпольную работу засталіся сакратар райкама І.Ф. Каранеўскі і старшыня райвыканкама П.Я. Рыбакоў, але яны не маглі доўга заставацца ў сваім раёне. І.Ф. Каранеўскі хуткім часам пайшоў у Ушацкі раён, П.Я. Рыбакоў — у савецкі тыл.

24 мая 1942 года Віцебскі абкам КП(б)Б прыняў рашэнне накіраваць П.Я. Рыбакова ў Гарадоцкі раён для арганізацыі партызанскага руху. 9 чэрвеня 1942 года Віцебскі абкам КП(б)Б зацвердзіў членаў Гарадоцкага падпольнага райкама партыі.

Падпольны райкам КП(б)Б базіраваўся ў партызанскай брыгадзе ім. М.І. Кутузава (камбрыг С.Т. Воранаў; камісар П.Я. Рыбакоў, са студзеня 1943 года М.І. Гапеенка).

Састаў падпольнага райкама КП(б)Б
Сакратар: Рыбакоў Піліп Ягоравіч (9.06.1942 — 4.11.1943).

Члены райкама:

  • Воранаў Сцяпан Трафімавіч (9.06.1942 — 4.11.1943)
  • Хахлоў Міхаіл Пятровіч (9.06.1942 — 4.11.1943)
  • Гапеенка Мікалай Іванавіч (7.04.1943 — 4.11.1943)
  • Оскер Іван Кліменцьевіч (7.04.1943 — 4.11.1943).

Мехаўскі падпольны РАЙКАМ КП(б)Б

(17.07.1941-15.10.1941, 9.06.1942-21.11.1943)

Райкам КП(б)Б у ліпені 1941 года застаўся на падпольную работу ў саставе сакратароў райкама партыі І.Т. Гуцава, Е.І. Ярошанкі, В.І. Ізраіліта, старшыні райвыканкама К.Ф. Волкава, які стаў кіраўніком партызанскага атрада. Райкам КП(б)Б і атрад дзейнічалі да 15 кастрычніка 1941 года. У баі з карнікамі сакратар райкама КП(6)Б В.І. Ізраіліт загінуў. Іншыя партыйныя кіраўнікі і байцы атрада накіраваліся за лінію фронту, частка іх часова пайшла ў падполле.

Падпольны райкам партыі адноўлены Віцебскім абкамам КП(б)Б 9 чэрвеня 1942 года. Першым яго сакратаром быў зацверджаны камісар 2-й Беларускай партызанскай брыгады ім. П.К. Панамарэнкі Я.Н. Барсукоў.

4 сакавіка 1943 года партызанская брыгада ў складзе шасці атрадаў, на чале з камбрыгам М.І. Дзячковым і членамі райкама КП(б)Б выйшла ў савецкі тыл. Пастановай Віцебскага абкама партыі ад 12 ліпеня 1943 года сакратар райкама Я.Н. Барсукоў зноў быў накіраваны ў раён дзеяння брыгады.

Райкам КП(б)Б стварыў 2-ю Беларускую партызанскую брыгаду, камандзірам якой стаў Я.Н. Барсукоў, камісарам — М.Ф. Сафронаў. У верасні 1943 года Я.Н. Барсукоў адбыў у абкам партыі. Кіраўніцтва работай райкама КП(б)Б здзяйсняў М.Ф. Сафронаў.

Састаў падпольнага райкама КП(б)Б

Сакратары:

  • Гуцаў Іван Тарасавіч (17.7.1941 — 15.10.1941)
  • Ерашэнка Емяльян Ігнатавіч (17.7.1941 — 15.10.1941)
  • Ізраіліт Вульф Ізраілевіч (17.07.1941 — 15.10.1941 (загінуў)
  • Барсукоў Якаў Нікандравіч (9.06.1942 — 09.1943 — першы сакратар)
  • Сафронаў Міхаіл Фёдаравіч (9.06.1942 — 09.1943 — другі сакратар, 9.10.1943 — 21.11.1943 — сакратар)

Члены райкама:

  • Волкаў Кузьма Федаравіч (17.07.1941 — 15.10.1941, 9.6.1942 — 4.3.1943)
  • Альшанскі Прохар Мікалаевіч (9.06.1942 — )

Падпольныя райкамы ЛКСМБ

Гарадоцкі падпольны райкам ЛКСМБ

(23.7.1942-4.11.1943)

У ліпені 1941 года Віцебскі абкам камсамола і Гарадоцкі райкам партыі пакінулі на тэрыторыі раёна 88 камсамольцаў, якія пайшлі ў падполле. Да стварэння райкама камсамольскім арганізатарам у раёне працавала А.Д. Чаплінская.

Падпольны райкам камсамола быў створаны Віцебскім падпольным абкамам ЛКСМБ. Прыступіў да работы 23 ліпеня 1942 года. Яго асноўная база знаходзілася ў партызанскай брыгадзе ім. М.І. Кутузава (камандзір С.Т. Воранаў, камісар П.Я. Рыбакоў) у Гарадоцкім раёне.

Састаў падпольнага райкама ЛКСМБ

Сакратары:

  • Чаплінская Алена Данатаўна (23.7.1942 — 25.5.1943 (загінула)
  • Петухоў Анатоль Сяргеевіч (25.5.1943 — 4.11.1943)

Члены райкама:

  • Петухоў Анатоль Сяргеевіч (25.7.1942 — 25.5.1943)
  • Зуева Таццяна Назараўна (25.7.1942 — 8.3.1943)
  • Кардаш Іван Браніслававіч (25.7.1942 — 4.11.1943)