haradok.info

Інфармацыйны партал

Сацыяльныя сеткі:

Аб горадзе Гісторыя Вызваленне краю

Вызваленне краю

Вызваленне Гарадоцкага раёна пачалося ў кастрычніку 1943 г., калі завяршылася Невельская аперацыя. 3 узяццем Невеля на стыку германскіх армій «Поўнач» і «Цэнтр» перастала дзейнічаць ракадная чыгуначная дарога Дно — Навасакольнікі — Невель. Германскае камандаванне пазбавілася магчымасці манеўраваць сваімі сіламі. Калінінскаму (з 20 кастрычніка 1-му Прыбалтыйскаму) фронту адкрываўся шлях для далейшага наступлення на Віцебск і Полацк.

Праціўнік імкнуўся стрымаць наступальны парыў нашых армій, перакінуўшы пад Гарадок, які знаходзіўся паміж Невелем і Віцебскам, дадатковыя сілы: дзве пяхотныя дывізіі з-пад Ленінграда, пяць пяхотных і адну танкавую дывізіі з паўднёвага крыла групы армій «Цэнтр». Авіяцыйная групоўка ворага таксама ўзмацнілася. У выніку ўпартых баёў у канцы кастрычніка Чырвоная Армія вызваліла першыя населеныя пункты Марчанскага, Руднянскага, Газьбінскага сельсаветаў.

У сярэдзіне лістапада 4-ая і 3-яя ўдарныя арміі 1-га і 2-га Прыбалтыйскіх франтоў прарвалі варожую абарону заходней Невеля і прасунуліся на паўднёвы і паўночны захад. Праціўнік, скарыстаўшы рэзервы, аказаў упартае супраціўленне. Наступленне нашых армій было спынена. Яны аказаліся ў своеасаблівым «мяшку», які быў выцягнуты на 100 км з поўначы на поўдзень і на 55 км з усходу на захад. Сувязь з асноўнымі сіламі франтоў падтрымлівалася праз перашыек шырынёй 10–11 кіламетраў. У лініі фронту ўтварыўся вялікі выступ, у аснове якога знаходзіўся Гарадок. У папярэчніку гэты выступ складаў ад 35 да 60 кіламетраў, з поўначы на поўдзень — да 80 км. Разгортваючы наступленне з яго вяршыні, нямецкія войскі маглі перарэзаць участак, які злучаў дзве нашы арміі з галоўнымі сіламі, поўнасцю акружыць іх і ліквідаваць такім чынам небяспеку для сябе на віцебскім і полацкім накірунках. Варожы бок рыхтаваўся да такога наступлення, аб чым сведчылі даныя франтавой разведкі.

Каб не дапусціць акружэння сваіх войск, камандаванне 1-га Прыбалтыйскага фронту на чале з генералам арміі І.Х. Баграмянам распрацавала план наступальнай аперацыі. Галоўная роля ў яе ажыццяўленні адводзілася войскам 11-ай гвардзейскай арміі (камандзір генерал-лейтэнант К.М. Галіцкі) і 4-ай ударнай (камандзір генерал-лейтэнант В.І. Швяцоў).

Планавалася сустрэчнае наступленне гэтых армій на станцыю Бычыха з мэтай акружэння і разгрому сіл праціўніка ў раёне азёр Ардова, Езярышча і ліквідацыі гарадоцкага выступу.

Войскі 11-ай гвардзейскай арміі наносілі галоўны ўдар у цэнтры варожых пазіцый і два дапаможных — на флангах з мэтай звязаць баявымі дзеяннямі праціўніка на ўсім участку наступлення і пазбавіць яго магчымасці манеўраваць сваімі сіламі. 4-ай ударнай арміі прыходзілася наступаць на станцыю Бычыха з захаду, з «мяшка».

Да ўдзелу ў аперацыі з нашага боку прыцягваліся войскі 6 стралковых, 2 танкавых і 1 кавалерыйскага карпусоў, 2 танкавыя брыгады, асобныя артылерыйскія, мінамётныя, інжынерныя падраздзяленні. Дзеянні наземных войск падтрымліваліся авіяцыяй 3-яй паветранай арміі. Агульныя суадносіны сіл бакоў былі на карысць Чырвонай Арміі.

Гітлераўцы добра ўмацавалі свае пазіцыі. Іх абарончы рубеж узводзіўся тут летам і восенню 1943 г. і атрымаў назву «Пазіцыя пантэры». У паласе наступлення 11 -ай гвардзейскай арміі абарона праціўніка складалася з некалькіх ліній траншэй, бліндажоў у 3 —5 накатаў. Танкі і бронемашыны, падбітыя ў папярэдніх баях, былі закапаны ў зямлю і з’яўляліся браніраванымі кулямётна-артылерыйскімі кропкамі. Фашысты стварылі сістэму апорных пунктаў на пануючых вышынях, у вёсках, уздоўж чыгункі і шашы. Пярэдні край абарончых умацаванняў меў мінныя палі, калючы дрот. Увесь раён абароны прастрэльваўся з розных напрамкаў. Вораг добра выкарыстаў асаблівасці мясцовасці са шматлікімі рэкамі, балотамі, якія не прамярзалі да канца снежня.

Гэтыя абставіны стваралі значныя цяжкасці для перамяшчэння баявой тэхнікі, а многія месцы былі зусім недаступнымі для яе руху. Гітлераўцы разлічвалі тут зімаваць. Усе бліндажы былі забяспечаны печкамі, а афіцэрскія нават мелі мэблю, адабраную ў мясцовых жыхароў.

Нашы войскі настойліва рыхтаваліся да наступлення, намечанага на 26 лістапада. Асаблівая ўвага надавалася забеспячэнню вайсковых фарміраванняў боепрыпасамі. На баявыя пазіцыі, куды нельга было пад’ехаць з-за бездарожжа або недахопу транспартных сродкаў, артылерысты і пехацінцы самі неслі снарады і міны. 3 гэтай мэтай штодзённа кожнай дывізіяй 11-ай гвардзейскай арміі выдзяляліся спецыяльныя групы з найбольш фізічна моцных байцоў.

Наступальным дзеянням не спрыяла надвор’е. Дажджы, туманы не давалі магчымасці дзейнічаць авіяцыі, весці эфектыўную артылерыйскую падрыхтоўку. Між тым прарваць добра ўмацаваныя варожыя пазіцыі без дастатковага авія- і артылерыйскага забеспячэння было немагчыма. 3 дазволу Стаўкі наступленне было перанесена на больш позні тэрмін да ўсталявання добрага зімовага надвор’я, калі можна было б выкарыстоўваць і авіяцыю, і танкі.

Пачалося наступленне армій 1-га Прыбалтыйскага фронту 13 снежня. Двухгадзінная артылерыйская падрыхтоўка змянілася атакай байцоў 11-ай гвардзейскай арміі пры падтрымцы танкаў. Атакуючыя ўварваліся ў траншэі першай лініі абароны праціўніка, аднак далей рухацца не змаглі. Моцны агонь ворага спыніў нашы танкі, залягла пяхота. Артылерыйскія і мінамётныя батарэі гітлераўцаў, якія захаваліся пасля артылерыйскага налёту на другім абарончым рубяжы, затрымалі наступаючыя падраздзяленні. Прыйшлося зноў распачаць артылерыйскі абстрэл, паўтарыць атаку. На гэта пайшло шмат часу. Вораг змог падцягнуць рэзервы, актыўна супраціўляўся.

Аперацыя развівалася не так, як планавалася. Большасць наступаючых часцей 11 -ай гвардзейскай арміі да канца дня пераадолелі нязначную адлегласць. Найбольшага поспеху дабілася 84-ая гвардзейская стралковая дывізія, якой камандаваў генерал-маёр Г.Б. Петэрс. Яе байцы прайшлі наперад на 2 км у паласе шырынёй 1,5 км.

Наступленне 4-ай ударнай арміі ў першы дзень было больш паспяховым. На ўчастку прарыву пасля артпадрыхтоўкі была пастаўлена дымавая завеса, пад покрывам якой пачалі атаку танкі і пяхота 2-га гвардзейскага стралковага корпуса пад камандаваннем генерал-маёра А.П. Белабародава. 47-ая стралковая дывізія (камандзір палкоўнік Г.І. Чарноў) разам з 24-ай танкавай брыгадай (камандзір палкоўнік В.К. Барадаўкін) прарвалі галоўную паласу абароны праціўніка і на працягу дня прасунуліся на 5 км наперад. Добрае ўзаемадзеянне пяхоты, танкаў і артылерыі забяспечылі поспех. На 3 км уклініліся ў варожую абарону гвардзейцы 90-ай стралковай дывізіі (камандзір В.Е. Уласаў), якая наступала ў цэнтры, і наблізіліся да другога абарончага рубяжа гітлераўцаў. Поспеху 4-ай ударнай арміі садзейнічала раптоўнасць наступлення, прымяненне дымоў, што з’явілася нечаканым для ворага.

На наступны дзень у баявыя дзеянні 11-ай гвардзейскай арміі былі ўнесены карэктывы. Генерал-лейтэнант К.М. Галіцкі вырашыў перанесці галоўны ўдар з цэнтральнага ўчастка на правы фланг, у паласу 84-ай гвардзейскай стралковай дывізіі генерала Г.Б. Петэрса, і памножыць яе поспех, дасягнуты напярэдадні.

Пасля артылерыйскай падрыхтоўкі 84-ая гвардзейская стралковая дывізія пры ўзаемадзеянні з 159-ай танкавай брыгадай, якой камандаваў палкоўнік С.П. Хайдукоў, перайшла ў наступленне. У хуткім часе ўступілі ў бой 117-ая танкавая і 44-ая мотастралковая брыгады 1-га танкавага корпуса (камандзір генерал-лейтэнант В.В. Буткоў). Для падтрымкі танкавых брыгад ствараліся спецыяльныя артылерыйскія групы, прадстаўнікі якіх карэкціравалі агонь, знаходзячыся ў камандзірскіх танках. Такое цеснае ўзаемадзеянне танкаў з пяхотай і артылерыяй забяспечыла поспех: у першай палове дня гэтыя вайсковыя фарміраванні дасягнулі шашы Невель — Гарадок. Прарвала абарону ворага таксама 16-ая гвардзейская стралковая дывізія. У другой палове дня па загадзе генерала К.М. Галіцкага ўступіла ў бой 83-яя гвардзейская стралковая дывізія (генерал-маёр Вараб’ёў). Яна разгарнула наступленне ў накірунку вёсак Лапцёўка і Сурміно.

Камандуючы 4-ай ударнай арміяй генерал В.І. Швяцоў 14 снежня таксама ўвёў у бой дадатковыя сілы: 41-ую танкавую брыгаду і дзве кавалерыйскія дывізіі. Адна з іх, 5-ая гвардзейская кавалерыйскя дывізія, перарэзала чыгунку Невель — Гарадок у раёне раз’езда Раслякі. Лявей вяла баі за чыгунку і 47-ая стралковая дывізія. Пяхотны полк праціўніка быў акружаны ў вёсцы Віраўля часткай сіл 90-ай гвардзейскай стралковай дывізіі і 70-ай танкавай брыгады, якія дзейнічалі разам з часцямі 381-ай стралковай дывізіі.

Паляпшэнне надвор’я ў гэты дзень дало магчымасць дзейнічаць нашай авіяцыі. Штурмавыя дывізіі 3-яй паветранай арміі наносілі ўдары па рэзервах праціўніка, яго агнявых пазіцыях. Актывізавалася і варожая авіяцыя. Успыхвалі паветраныя баі.

На трэці дзень наступлення, 15 снежня, на напрамку дзеяння 4-ай ударнай арміі ўступіла ў бой 166-ая стралковая дывізія. Яе байцы разам з танкістамі 41-ай танкавай брыгады выйшлі да чыгункі ўсходней в. Малашанкі.

Працягвалі наступальныя дзеянні войскі 11-ай гвардзейскай арміі. Паспяхова дзейнічала 83-яя гвардзейская стралковая дывізія, байцы якой авалодалі в. Раіны і вялі бой за Сурміно. Адзін з батальёнаў 248-га гвардзейскага стралковага палка гэтай дывізіі вызваліў вёску Кайкі, у якой размяшчаўся артылерыйскі полк праціўніка, і захапіў спраўныя пушкі. 250-ы гвардзейскі стралковы полк заняў вёску Лапцёўка, дзе знаходзілася пераправа праз раку Обаль і праходзіла адзіная дарога на поўдзень. Узнікла пагроза акружэння нямецкай 211-ай пяхотнай дывізіі. Гітлераўцы распачалі моцныя контратакі, імкнучыся адбіць у нашага палка гэту вёску.

К.М. Галіцкі пісаў у сваіх успамінах: «Генерал Вараб’ёў... узмацніў 250-ы гвардзейскі стралковы полк падраздзяленнямі 252-га. Іх сумеснымі намаганнямі менш чым за 12 гадзін былі адбіты пяць шалёных контратак гітлераўцаў, якія імкнуліся прабіцца ўжо не толькі з поўначы, але і з захаду. Лапцёўка і пераправа засталіся ў нашых руках. Праціўнік жа, страціўшы ў ходзе сваіх контратак толькі забітымі больш за 400 салдат і афіцэраў, быў вымушаны дробнымі групамі прабівацца на поўдзень... па балоцістай нізіне, кінуўшы ўсю баявую тэхніку і абозы».

Тры стралковыя дывізіі, 83-яя гвардзейская, 156-ая і 29-ая, завяршылі акружэнне часцей 211 -ай пяхотнай дывізіі ворага. У гэты ж дзень, 15 снежня, дабілася поспеху 360-ая стралковая дывізія пад камандаваннем палкоўніка І.І. Чынава, байцы якой вызвалілі ад немцаў раённы цэнтр і чыгуначную станцыю Езярышча.

Раніцай 16 снежня працягвалася наступленне 11-ай гвардзейскай і 4-ай ударнай армій. У хуткім часе танкісты 1-га і 5-га танкавых карпусоў сумесна з перадавымі падраздзяленнямі 1-ай і 90-ай гвардзейскіх стралковых дывізій злучыліся ў раёне ст. Бычыха. У акружэнні аказаліся часці адной авіяпалявой, 4 пяхотных дывізій і 6 асобных спецыяльных і ахоўных батальёнаў праціўніка. Нашы войскі пачалі разгром акружанай групоўкі ворага.

Адначасова з розных накірункаў удар па ёй наносілі 1-ая, 31-ая, 5-ая, 83-яя, 90-ая, 26-ая гвардзейскія і 381-ая стралковая дывізіі. На працягу двух дзён задача ліквідацыі трапіўшых у акружэнне варожых часцей была выканана.

За пяць дзён баявых дзеянняў войскі 11-ай гвардзейскай і 4-ай ударнай армій акружылі і знішчылі варожую групоўку ў паўночна-заходняй частцы гарадоцкага выступу. Гэта прывяло да пашырэння (30 — 35 км) гарлавіны прарыву паўднёвей Невеля, што значна палепшыла становішча 3-яй і 4-ай ударных армій.

Адначасова з ліквідацыяй акружаных часцей праціўніка нашы войскі вялі наступленне на Гарадок, вызваленне якога 24 снежня сіламі 11-ай гвардзейскай арміі стала другім этапам наступальнай аперацыі. У наступныя дні злучэнні гэтай арміі з баямі прасоўваліся ў напрамку Віцебска. Лінія фронту адступіла на поўдзень на 18 — 20 км ад Гарадка. Войскі 4-ай ударнай арміі наступалі ў накірунку Шуміліна. Яны перарэзалі шашэйную і чыгуначную дарогі Віцебск—Полацк. Праціўнік аказваў моцнае супраціўленне на ўсіх участках наступлення нашых армій.

Такім чынам, у апошнія дні снежня 1943 г. Гарадоцкая аперацыя закончылася, былі ліквідаваны выступ у лініі фронту і вызвалена тэрыторыя раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Літаратура

  1. Аператыўная зводка за 19 снежня 1943 г. // Советская Белоруссия. — 1943. — 22 дек.
  2. Гарадоцкая аперацыя // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал. Г.П. Пашкоў [і інш.]. — Мн., 1997. — Т. 5. — С. 44.
  3. Маерович В. Где шли ожесточенные бои / В. Маерович // Железнодорожник Белоруссии. — 2004. — 29 мая.
  4. Памяць : Гарадоцкі раён : гісторыка-дакументальная хроніка / уклад. С.І. Садоўская ; рэдкал. Н.А. Бурунова [і інш.]. — Мн., 2004. — С. 291-682.
  5. Подпольные комсомольские органы в Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (1941 —1944). Краткие сведения об организации, структуре и составе / подгот. Г.Н. Шевела. — Мн., 1976. — С. 143.
  6. Подпольные партийные органы Компартии Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (1941 — 1944). Краткие сведения об организации, структуре и составе / подгот. А.А. Кузняев. — Мн., 1975. — С. 106-107, 112-113.
  7. Позднин, М.С. Городокская операция 1-го Прибалтийского фронта / М.С. Позднин // Гарадоцкі веснік. — 2006. — 23 снеж.
  8. Садоўская, С. Акупацыя / С. Садоўская // Гарадоцкі веснік. — 2003. — 6 лістап.
  9. Стариков, В. Так освобождался Городок / В. Стариков // Віцебскі рабочы. — 2000. — 8 лют.
  10. Тузков, П. Городок взяли с боем. Москва салютовала / П. Тузков // Витьбичи. — 2003. — 27 дек.
  11. Шлакунова, А. Этот длинный 1943-й... / А. Шлакунова // Віцебскі рабочы. — 2004. — 24 лют.
  12. Юшковская, Ж. История в документах / Ж. Юшковская // Гарадоцкі веснік. — 2000. — 18 ліп.
  13. Як гэта пачыналася // Гарадоцкі веснік. — 2001. — 12 мая.