haradok.info

Інфармацыйны партал

Сацыяльныя сеткі:

Аб горадзе Гісторыя Пасляваенны перыяд

Пасляваенны перыяд

Пасляваенныя гады адзначаны стваральнай працай жыхароў раёна. Паступова адступалі цяжкасці ваеннага ліхалецця.

У 1949 г. пачалося будаўніцтва на рацэ Обаль Ключагорскай міжкалгаснай гідраэлектрастанцыі. Дзяржава аказвала дапамогу будаўнікам — камсамольцам раёна. Былі прысланы бульдозер, трактары, лакамабіль, самазвалы. Намаганнямі калгаснай моладзі, якая хутка авалодала гэтай тэхнікай, была ўзведзена плаціна вышынёй 7 метраў. А 28 чэрвеня 1953 г. адбыўся пуск электрастанцыі, загарэліся электрычныя лямпачкі ў калгасах «Вапняк», імя Дзяржынскага і пасёлку Езярышча. Пачалася электрыфікацыя гаспадарак раёна. У наступныя 4 гады лініі электраперадач працягнуліся ў калгасы імя Карла Маркса, «Новае жыццё», «Віраўлянскі», гаспадаркі Халамерскага сельсавета, на базе якіх пазней былі створаны саўгасы «Маяк» і «Обаль».

Магутнасць Ключагорскай ГЭС складала 350 кілавольт-ампер. Да 1957 г. яна не магла працаваць на поўную магутнасць з-за недастатковай энергаўзброенасці калгасаў, мала было механізмаў, якія прыводзіліся ў рух электраматорамі. Актыўная электрыфікацыя раёна пачалася з 1958 г., калі гаспадаркі былі падключаны да высокавольтных ліній дзяржаўнай энергасістэмы. У Гарадку і Езярышчы былі ўзведзены трансфарматарныя падстанцыі магутнасцю 850 кілавольт-ампер. Спачатку прымяненне энергіі ў вытворчых мэтах на сяле ўсё яшчэ адставала, не хапала матораў.

Асабліва хуткімі тэмпамі стаў укараняцца электрапрывад у сельскагаспадарчай вытворчасці з 1964 г. У 1980 г. узведзена 5 падстанцый магутнасцю 27 800 кілавольт-ампер. У калгасах і саўгасах былі механізаваны водазабеспячэнне, даенне кароў, прыгатаванне і раздача кармоў, уборка гною. Для механізацыі працаёмкіх работ у сельскагаспадарчай вытворчасці ў 1980 г. выкарыстоўвалася 6470 электраматораў. Шмат энергіі спажывалася насельніцтвам на бытавыя патрэбы. Кожныя суткі ў гэты перыяд у раёне яе расходвалася 160 тыс. кілават-гадзін.

Вынікі працы прамысловых прадпрыемстваў у пачатку 1960-ых гг. сведчаць аб выкананні планавых паказчыкаў лясгасам, рамзаводам, маслазаводам, ільнозаводам і спіртзаводам.

У 1990 г. абавязкі па пастаўках прадукцыі прамысловыя прадпрыемствы (рамзавод, лясгас, кар’ер «Загуззе», харчовы камбінат) выканалі на 100%. Аб’ём прамысловай прадукцыі павялічыўся ў параўнанні з папярэднім годам на 6,6%. Звыш плана выраблены запчасткі для аўтамабіляў, вентылятары, халадзільная апаратура, паветраахладжальнікі, хваёва-вітамінная мука, хлебабулачныя і кандытарскія вырабы.

Вядучая роля ў эканоміцы раёна належыць сельскай гаспадарцы. Раён спецыялізуецца ў раслінаводстве на вытворчасці зерня, бульбы, ільну, у жывёлагадоўлі — на вытворчасці малака, мяса, яек. Удзельная вага прадукцыі жывёлагадоўлі ў 1988 г. у агульным аб’ёме валавай прадукцыі сельскай гаспадаркі раёна складала больш 70%.

У 1966 г. у раёне налічвалася 35 гаспадарак, плошча зямлі якіх складала 201 548 гектараў, у тым ліку сельскагаспадарчых угоддзяў 125 773 гектары.

Мелася буйной рагатай жывёлы 66 942 галавы, у ліку якіх 31 704 складалі каровы, свіней 15 794 галавы, авечак 4473 галавы.

Засявалася 29 723 гектары зерневымі культурамі, 4295 гектараў — ільном, 4387 гектараў — бульбай. Валавы збор зерня склаў 28 270 тон, бульбы 42 522 тоны, ільновалакна 1218 тон. Ураджайнасць гэтых культур склала 7,7 ц, 86 ц, 2,8 ц з гектара адпаведна.

Вытворчасць малака 25 931 тона, мяса 4867 тон, удой на карову складаў 1820 кг, сярэднясутачны прывес буйной рагатай жывёлы — 405 грамаў.

У сельскагаспадарчай вытворчасці было занята 11 719 працуючых.

Рэнтабельнасць складала 15,5%.

Максімальны валавы збор зерня атрыманы ў 1976 г. — 72 327 тон, ураджайнасць — 23,3 ц з гектара; збор валакна склаў 2102 тоны, а ўраджайнасць — 5,2 ц з гектара.

За 1986 — 1987 гг. валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі да сярэднегадавога ўзроўню папярэдняй пяцігодкі ўзрасла на 28%, у тым ліку вытворчасць малака — на 19%, мяса — на 72%.

Фондазабяспечанасць калгасаў і саўгасаў раёна на 100 гектараў сельскагаспадарчых угоддзяў складала 166 тыс. рублёў супраць 92 тыс. у 1980 г.

Немалаважнае значэнне ў павелічэнні вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, зніжэнні яе сабекошту мела ўкараненне прагрэсіўных форм арганізацыі і аплаты працы, удасканаленне ўнутрыгаспадарчага разліку.

Усё пагалоўе кароў, маладняку буйной рагатай жывёлы, свіней і авечак абслугоўвалася падраднымі калектывамі. Распаўсюджваўся сямейны падрад. Гэтай формай арганізацыі працы было занята 14 сямей, якія дабіваліся высокіх канчатковых вынікаў у вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі.

У гэты перыяд атрымліваюць распаўсюджанне калектывы інтэнсіўнай працы — яшчэ адна з прагрэсіўных форм падраду, якая адпавядала пераходу на эканамічныя метады кіравання. У 1985 г. у саўгасе «50 год ВЛКСМ» быў створаны калектыў інтэнсіўнай працы з 5 вопытных механізатараў, які ўзначаліў А.М. Іўчанка. На дагаворнай аснове яны апрацоўвалі 621 га збожжавых і 340 га шматгадовых траў. Раней на такой плошчы вялі ворыва, сеялі і ўбіралі мінімум 25 чалавек. Пры новым гаспадаранні адзін пачаў працаваць за чацвярых. Канчатковыя вынікі аказаліся вышэй, чым у сярэднім па гаспадарцы. Ураджайнасць сена — 28,2 ц, у цэлым па саўгасе — 26,8 ц. На 1 работніка было атрымана 46,7 тыс. рублёў валавай прадукцыі, што ў 2,4 разы больш сярэдняй прадукцыйнасці працы ў гаспадарцы.

Выкарыстоўваючы накоплены вопыт, у 1988 г. у калгасах і саўгасах было створана 29 калектываў інтэнсіўнай працы, якія ўзялі ў апрацоўку больш 30% ворыва раёна. У гэтай форме арганізацыі працы было занята 15% механізатараў ад агульнай колькасці іх у раёне. Сярэдняя нагрузка ворыва на аднаго механізатара ў даных калектывах склала 105 гектараў (па раёне 60 гектараў).

У 1990-ыя гг. усе эканамічныя паказчыкі рэзка знізіліся. Колькасць гаспадарак зменшылася да 32 у 2002 г., а працуючых — да 3492 чалавек.

У 1990 г. узніклі першыя фермерскія гаспадаркі В.У. Качанкова, В.С. Салдаценкі, Л.Я. Угорыча. У 2002 г. такіх гаспадарак было 15, яны займалі 808 гекатараў сельгасугоддзяў. Вытворчасць імі мяса складала 7 тон, малака 61,5 тоны, бульбы 186 тон, зерня 82 тоны, гародніны 5 тон. У наступныя гады пачалося рэфарміраванне сельскагаспадарчых арганізацый. Добрыя паказчыкі ў жывёлагадоўлі мае камунальнае унітарнае сельскагаспадарчае прадпрыемства «Паўночны», якое ўзначальвае Асіпенка Васіль Сямёнавіч, заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь. Спецыялізуецца яно на вытворчасці свініны.

Будаўніцтва — галіна народнай гаспадаркі, з якой звязана павышэнне эфектыўнасці вытворчасці, рашэнне надзённых сацыяльных задач. У раёне да канца 1958 г. амаль увесь аб’ём будаўнічых работ у вёсцы выконвалі калгасы ўласнымі сіламі. Будаўніцтва вялося ў асноўным з драўніны без праектаў, без захавання тэхнічных норм і правіл. Памяшканні ўзводзіліся часова, прычым сезонна. У выніку будаўніцтва на сяле значна адставала ад развіцця калгаснай вытворчасці і перастала задавальняць патрэбы гаспадарак і насельніцтва.

Само жыццё падказала стварыць міжкалгасную будаўнічую арганізацыю. У кастрычніку 1958 г. на сходзе ўпаўнаважаных калгасаў было прынята адпаведнае рашэнне. Ужо за першы год існавання міжкалгасная будаўнічая арганізацыя выканала аб’ём будаўніча-мантажных работ на суму 140 тыс. рублёў, пабудавала і здала ў эксплуатацыю 6 аб’ектаў. 3 кожным годам тэмпы будаўніцтва раслі. За 1984 г. было ўведзена ўжо 90 аб’ектаў замест 73. А да канца 1988 г. аб’ём выкананых будаўніча-мантажных работ МПМК-50 (так стала звацца арганізацыя) склаў 60 млн. рублёў, колькасць узведзеных аб’ектаў 1200. Гэта жылыя дамы для працаўнікоў вёскі, клубы, школы, дзіцячыя сады, жывёлагадоўчыя памяшканні, мехтакі, кармацэхі. Калектыў МПМК-50 неаднаразова выходзіў пераможцам у спаборніцтве сярод будаўнічых арганізацый вобласці і раёна.

Будаўнічыя работы ў раёне выконваў таксама калектыў МПМК-51. Зараз выкананнем будаўнічай праграмы ў раёне займаецца РУП «Гарадоцкая ПМК-51».

3 прадпрыемстваў бытавога абслугоўвання з 1944 г. у Гарадоцкім раёне дзейнічалі 2 ганчарныя, трыкатажная, шорная, кавальска-металічная і 3 шматпрамысловыя арцелі. У 1960 г. на іх аснове быў створаны камбінат бытавога абслугоўвання, які меў швейны, трыкатажны, ткацкі, воўначосны цэхі, цэх па вытворчасці коўдраў. Дзейнічалі таксама фатаграфія, цырульня, металабытрамонт, майстэрня па рамонце гадзіннікаў, аказваліся рытуальныя паслугі. Першым дырэктарам камбіната стаў Цімафей Андрэевіч Конанаў. Колькасць працуючых складала 450 чалавек, выконвалася 15 відаў паслуг. Найбольшы росквіт вытворчасці назіраўся ў другой палове 1960-ых — пачатку 1980-ых гадоў, працавала 700 чалавек. У 1985 г. насельніцтва абслугоўвалі 36 комплексна-прыёмных пунктаў, у тым ліку 32 у сельскай мясцовасці.

Народная адукацыя ў 1950 г. у раёне была прадстаўлена 126 школамі, з іх 2 сярэднія, 27 няпоўных сярэдніх, 89 пачатковых, 6 вячэрніх, 2 дзіцячыя дамы; у 1970 г. было 102 школы (13 сярэдніх, 25 васьмігадовых, 61 пачатковая, 1 вячэрняя, 2 спецыяльныя); у 2000 г. — 33 школы (16 сярэдніх, 11 базавых, 6 пачатковых, 1 спецшкола, 22 дзіцячыя сады). Склаліся настаўніцкія дынастыі Кірыёнкаў, Анціпавых, Слямнёвых і многіх іншых.

Літаратура

  1. Воранаў, П. Гарадок / П. Воранаў // Віцебскі рабочы. — 1958. — 13 ліп.
  2. Капелька, С. Гарадок / С. Капелька // Настаўніцкая газета. — 1967. — 22 сак.
  3. Памяць : Гарадоцкі раён : гісторыка-дакументальная хроніка / уклад. С.І. Садоўская ; рэдкал. Н.А. Бурунова [і інш.]. — Мн., 2004. — 896 с.
  4. Шкляр, М. Вялікія планы малога горада / М. Шкляр // Чырвоная змена. — 1978. — 13 жн.
  5. Залесская, С. Рост благосостояния продолжать! / С. Залесская // Транспортный вестник. — 2005. — 13 июля.