haradok.info

Інфармацыйны партал

Сацыяльныя сеткі:

Аб горадзе Гісторыя Мітынг 1918 года ў Гарадку

Мітынг 1918 года ў Гарадку

Жыхары Гарадка і вёсак павета пра Кастрычніцкую рэвалюцыю даведаліся ад тэлеграфістаў чыгуначнай станцыі. Напрыклад, у вёскі Пліткі, Вышадкі і Дубрава 26 кастрычніка гэтую навіну прывёз селянін, які сам пачуў аб падзеях у Петраградзе ад бычыхінскага тэлеграфіста.

8 лістапада 1917 г. Гарадоцкі павятовы Савет прыняў пастанову аб прызнанні Савецкай улады і стварэнні ваенна-рэвалюцыйнага камітэта. На наступны дзень на яго арганізацыйным пасяджэнні старшынёй быў абраны А. Шульц, намеснікам Ф. Жукаў, сакратаром С. Труноў, яго намеснікам Беразоўскі. Камісарам выбралі Бяссонава, памочнікам Кузьмінскага.

У лістападзе 1917 г. скасавана пасада павятовага камісара Часовага ўрада. Ваенна-рэвалюцыйны камітэт назначыў кіраўнікоў гарадской і павятовай міліцыі. Імі сталі Рышман і Шульц. Былі прыняты меры па ахове Гарадка. На вуліцах горада ўстаноўлена 11 пастоў. Утвораны ваенна-рэвалюцыйны суд у складзе трох чалавек, а таксама спецыяльны ўзброены атрад пад кіраўніцтвам Храпкова і Асятрова для навядзення парадку ў павеце, дзе адбываліся грабежніцкія дзеянні, падпалы маёнткаў з удзелам салдат і мясцовых жыхароў. Ваенна-рэвалюцыйнаму камітэту даваліся шырокія паўнамоцтвы па барацьбе з контррэвалюцыйнымі дзеяннямі і раскрадальнікамі народнага дабра.

У рэзалюцыіі Гарадоцкага павятовага Савета і павятовых галосных, аб’яднанае пасяджэнне якіх адбылося ў пачатку студзеня 1918 г., аб’яўлялася аб падтрымцы ўсіх дэкрэтаў, выдадзеных Саветам Народных Камісараў.

23 — 25 студзеня ў Гарадку праходзіў павятовы з’езд Саветаў. У яго пастанове адзначана, што вышэйшай уладай у павеце з’яўляецца з’езд; у перыяд паміж з’ездамі — Савет. Пры Савеце былі створаны секцыі: зямельная, харчовая, культурна-асветніцкая, юрыдычная, па гарадскіх справах, ваенная і фінансавая. Фактычна з’езд замацаваў устанаўленне Савецкай улады ў Гародоцкім павеце. 14 лютага была ліквідавана гарадская дума.

Такім чынам, у лістападзе 1917 — лютым 1918 г. у горадзе і павеце адбылося скасаванне органаў буржуазнай улады, ствараўся новы апарат кіравання.

Адначасова ў павеце праводзіліся мерапрыемствы па ажыццяўленні дэкрэтаў савецкага ўрада. Ужо 17 лістапада на пасяджэнні павятковага Савета разглядалася пытанне аб ахове народнай маёмасці і правядзенні ў жыццё дэкрэта аб зямлі. Новая ўлада прымала меры па аказанні харчовай і грашовай дапамогі бяднейшым сем’ям у Гарадку і павеце. Складаным было становішча з харчаваннем.

Выканкам Гарадоцкага павятовага Савета рабочых, сялянскіх і салдацкіх дэпутатаў камандзіраваў сваіх прадстаўнікоў у Таўрычаскую і іншыя губерні для закупкі хлеба. Адным з іх быў Густаў Якаўлевіч Пржыбыдзяк. Маючы спецыяльнае пасведчанне, ён павінен быў нагрузіць, адправіць і суправаджаць хлебныя грузы ў свой павет. Размеркаванне хлеба, мукі і іншых прадуктаў было нарміраваным.

Пачаўся працэс нацыяналізацыі прыватнай уласнасці. Дзяржаўнымі сталі аптэкі, кінематограф. Рэквізаваліся многія памяшканні пад шпіталі, казармы, установы: пяць крам Альдшулера, дом і крамы Мінца, крамы Прусава на Базарнай плошчы (зараз Леніна), дамы Сыркіна, Прусава, Хазанава, Рабіновіча, Рыўкіна, Гольдзіна, Пірацінскага, Шубік, Храпкова, Шульмана на вуліцах 1-ай і 2-ой Вялікіх і іх скрыжаванні (зараз Савецкай і Пралетарскай ); на Стараневельскай вуліцы (зараз Галіцкага) дамы, якія належалі Гуткіну, Аскоцкаму, Гайдуку, Ляснеўскаму, сінагога па вул. Валадарскага. Рэквізаваны млын Дворкіна планавалася выкарыстаць для ўстаноўкі дынама—машыны з мэтай выпрацоўкі электрычнасці. Дом Хазанава, размешчаны па вуліцы Валадарскага, прадназначаўся для арганізацыі ў ім прытулку.

У студзені 1918 г. вырашалася пытанне аб стварэнні новай арміі — «добраахвотніцкай» народнай гвардыі, прызначэнне якой — абараніць заваёвы не толькі ад знешніх ворагаў, але і ад унутраных. Віцебскія губернскі і гарадскі Саветы салдацкіх, рабочых і сялянскіх дэпутатаў зборным пунктам для добраахвотных фарміраванняў Віцебскай губерні прызначылі г. Гарадок.

Ваенная секцыя Савета праводзіла запіс добраахвотнікаў, улік і прыём гарадоцкага конскага запасу і маёмасці, якія засталіся пасля расфарміравання 298-га запаснога палка 17-га армейскага корпуса. У сувязі з наступленнем нямецкіх войскаў і набліжэннем фронту да межаў Гарадоцкага павета ў валасцях ствараліся партызанскія атрады, узбраеннем якіх служылі вінтоўкі і кулямёты, прынятыя ад расфарміраваных часцей, а частка зброі была дастаўлена з Петраграда і Віцебска.

Агульны сход грамадзян Віраўлянскай воласці вырашыў звярнуцца ў ваенную секцыю павятовага Савета з патрабаваннем выдзеліць 300 вінтовак для аховы тэрыторыі воласці ад наступлення немцаў.

Гарадоцкі атрад добраахвотнікаў налічваў у гэты час 150 чалавек, з якіх 50 знаходзіліся непасрэдна «ввиду неприятеля» на станцыі Палата Мікалаеўскай чыгункі, з астатнімі навабранцамі праводзілі заняткі інструктары.

Пагроза нямецкай акупацыі прымусіла ваенную секцыю Віцебскага губернскага Савета прыняць рашэнне аб перадачы коней, якія былі ў гарнізоне, у Віцебскі і Гарадоцкі паветы. Дазваляўся продаж іх сялянам і гараджанам для гаспадарчых патрэб. Бяднейшым сялянам давалася растэрміноўка да 2 месяцаў.

У студзені 1919 г. Заходняй ваеннай акругай, у склад якой уваходзілі Віцебская, Магілёўская і Смаленская губерні, пачалося фарміраванне батальёна з прадстаўнікоў вясковай беднаты. Батальён павінен быў увайсці ў склад палка, які фарміраваўся ў Самары. Гэты горад з’яўляўся апорным пунктам барацьбы з Калчаком.

На тэрыторыі Віцебскай губерні фарміравалася другая рота вясковай беднаты (першая — у Ельні Смаленскай воласці, трэцяя — у Магілёве). Гарадоцкаму, Полацкаму, Невельскаму ваенкаматам даручалася фарміраванне па адным стралковым узводзе ў складзе камандзіра, яго намесніка, трох камандзіраў аддзяленняў, 54 байцоў, 4 грэнадзёраў, 3 разведчыкаў і 4 санітараў. У аснову фарміравання быў пакладзены прынцып добраахвотнасці. У прадпісанні Віцебскага губваенкамата гаварылася: «Усе гэтыя асобы набіраюцца мясцовымі арганізацыямі беднаты і павінны мець адпаведныя рэкамендацыі, набіраемыя асобы павінны з’явіцца ў павятовы камісарыят абмундзіраванымі, падрыхтаванымі і ўзброенымі...» Камандзірам роты вясковай беднаты 14 студзеня 1919 г. быў прызначаны супрацоўнік інструктарскага аддзела Віцебскага губваенкамата Фёдар Якаўлевіч Савіцкі.

Арганізавана праходзіла фарміраванне ўзвода ў Гарадоцкім павеце. 11 студзеня 1919 г. аб’яднанае пасяджэнне Болецкага валаснога выканкама з прадстаўнікамі камуністычнай ячэйкі прыняло пастанову: «Рэкамендаваць у роту вясковай беднаты добра нам вядомых і сумленных асоб, якія прызываюцца на ваенную службу: в. Кашурына — Віктара Паўлавіча Смалякова, в. Галубова — Кірыла Мікітавіча Старавойценку і Васіля Іванавіча Фаміна, в. Вокшава — Віктара Кузьміча Азаранку, в. Міненкі — Шліпа Максімавіча Паўлава і в. Ваўненкі — Рыгора Лявонавіча Лявонцьева».

23 студзеня 1919 г. узвод вясковай беднаты Гарадоцкага павета быў сфарміраваны ў колькасці 70 чалавек і накіраваны ў Віцебск. Камандзірам узвода прызначаны Сямён Кліменцьевіч Глушнёў (в. Сячонка Зайкаўскай воласці), намеснікам камандзіра ўзвода — добраахвотнік Дарафей Іванавіч Кашэнка (в. Заўсыса Вайханскай воласці), камандзірамі аддзяленняў — Аркадзь Васільевіч Святлоў (в. Арэхава Старынскай воласці), Канстанцін Нікіфаравіч Нікіфараў (в. Пачынка Зайкаўскай воласці) і Аўраам Дзмітрыевіч Гутараў (в. Шарыпы Зайкаўскай воласці). Добраахвотна запісаліся ў фарміруемы ўзвод вясковай беднаты Герасім Спірыдонавіч Кісялёў (в. Швы Вярэцкай воласці), Мікалай Мікалаевіч Стрыжанаў (в. Рудня Руднянскай воласці), Ануфрый Нікіфаравіч Нікіфараў (в. Бліны Старынскай воласці), Мікалай Емяльянавіч Ларчанка (в. Усыса Вайханскай воласці), Якаў Ніканавіч Ніканаў (в. Грыбачы Старынскай воласці).

У канцы студзеня рота вясковай беднаты была ўкамплектавана, але адпраўка яе ў Самару затрымлівалася, таму што не хапала ўзбраення, галоўным чынам кулямётаў. 14 лютага 1919 г. рота ў складзе 225 чалавек была накіравана па прызначэнні. Яна мела на сваім узбраенні 174 вінтоўкі, 7 шабляў, 28 кінжалаў.

Прайшлі на Гарадоччыне партыйная і камсамольская мабілізацыі вясной 1919 г. У газеце «Известия» Гарадоцкага выканаўчага камітэта Савета рабочых салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў ад 28 красавіка змешчаны спіс 27 камуністаў з Гарадка, адпраўленых на фронт: начальнік павятовай міліцыі Іван Цімафеевіч Маскалёў, загадчык аддзела ўпраўлення павятовага выканкама Антон Кандратавіч Буклоўскі, загадчык аддзела сацыяльнага забеспячэння Антон Барысавіч Сысоеў, загадчык аддзела распаўсюджвання друку Барыс Мікітавіч Суднік і іншыя. У маі 1919 г. Гарадоцкім камітэтам РКП(б) было мабілізавана на фронт яшчэ 60 камуністаў. Разам са сваімі старэйшымі таварышамі-камуністамі ішлі на фронт і члены Камуністычнага саюза моладзі; сярод іх добраахвотнік, камсамолец, 17-гадовы сялянскі хлопец з в. Рабыя Паташанскай воласці Сцяпан Цярэнцьевіч Логінаў.

У пачатку 1920 г. праведзены «Тыдзень фронту». Гарадоцкая павятовая камісія па яго правядзенні 13 лютага перавяла ў адпаведную губернскую камісію 160908 руб. Жыхары павета збіралі падарункі для чырвонаармейцаў.