haradok.info

Інфармацыйны партал

Сацыяльныя сеткі:

Аб горадзе Гісторыя Грамадзянская вайна

Грамадзянская вайна

Адразу пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ў павеце пачалося ажыццяўленне дэкрэта аб зямлі, былі канфіскаваны памешчыцкія і царкоўныя землі. У снежні 1917 г. Віцебскі губернскі з’езд Саветаў абмеркаваў парадак прыёму памешчыцкіх маёнткаў, паставіў задачы дакладнага ўліку ўсёй маёмасці. На павятовыя Саветы ўскладаўся абавязак па арганізацыі апрацоўкі ўсіх канфіскаваных зямель. Патрабавалася весці ў маёнтках гаспадарку так, каб «...прыбытковасць зямлі не зніжалася, а павышалася, вядома, ні ў якім разе не мець на мэце эксплуатацыі сялян і рабочых, якія прыйдуць для работы на гэтыя землі».

Гарадоцкі ваенна-рэвалюцыйны камітэт 22 лістапада 1917 г. прапанаваў узяць на ўлік усю маёмасць прыватных уласнікаў, арганізаваць яе ахову. Патрэбна было адшукаць і адабраць разрабаваную маёмасць, вінаватых пакараць. На сялянскіх сходах ствараліся спецыяльныя ўліковыя камісіі, якія складалі вопісы памешчыцкай маёмасці, праводзілі раздзел зямлі. Гэтыя дакументы адлюстроўвалі не толькі колькасць канфіскаваных зямель, але і стан гаспадаркі, наяўнасць маёмасці. 3 вопісаў Зайкаўскага зямельнага камітэта, напрыклад, відаць, што маёнтак В.М. Глінскага, які кіраваў у павеце дзейнасцю земства, быў напаўразбураны; жывёлу і маёмасць пазней знаходзілі ў гаспадарках заможнай часткі жыхароў наваколля.

Вопісы зямельных камітэтаў утрымлівалі даныя аб царкоўных землях, якія сталі народнай уласнасцю. У Старынскай воласці ў распараджэнні святароў Сакалова і Бялінскага — 164 дзесяціны, у Стайкаўскай воласці (святар Капусцінскі) — 105 дзесяцін, у Руднянскай (святар Валадуцкі) — 64 1/4 дзесяціны; святары Барысевіч і Пакроўскі мелі па 30 дзесяцін; у Бяскатаўскай царкве — 91 дзесяціна. У Прудку Маркаву манастыру належала зямля, млын, сад, вяндлярня. Мелі свае землі і цэрквы ў Гарадку.

Пры падзеле зямлі кіраваліся пэўнымі правіламі: прадугледжвалася 2,5 дзесяціны зямлі на рабочую душу і 1 дзесяціна на нерабочую, у першую чаргу надзяляліся зямлёй беззямельныя і малазямельныя сяляне. Першапачатковае забеспячэнне зямлёй толькі бяднейшага і малазямельнага сялянства не ажыццявілася, зямлю атрымалі ўсе сяляне, у тым ліку заможныя. Патрэбны быў яшчэ адзін перадзел і размеркаванне хутарскіх і адрубных гаспадарак.

У красавіку 1918 г. Гарадоцкі павятовы з’езд Саветаў прыняў рэзалюцыю, якая забараняла размяркоўваць кулацкія землі. Нягледзячы на гэта, да 14 мая быў праведзены агульны перадзел зямлі ў 70 з 76 вёсак Обальскай воласці.

У другой палове чэрвеня 1918 г. пачалі ўзнікаць камітэты беднаты. Іх задача заключалася ў размеркаванні хлеба, прадметаў першай неабходнасці, сельскагаспадарчага інвентару, садзейнічанні харчовым атрадам у канфіскацыі лішкаў збожжа ў заможнага сялянства. Частка рэквізаванага хлеба перадавалася вясковай беднаце.

Камбеды займаліся таксама мабілізацыяй сялян і аказаннем дапамогі Чырвонай Арміі, барацьбой з дэзерцірствам. Яны рабілі намаганні па стварэнні і гаспадарчай падтрымцы камун. Першыя камітэты беднаты ў Гарадоцкім павеце былі арганізаваны ў Вярэцкай, Віраўлянскай, Зайкаўскай, Обальскай валасцях.

У лістападзе 1918 г. у павеце дзейнічалі 997 вясковых, 21 валасны і 40 грамадскіх камітэтаў беднаты. Летам, пасля ўтварэння камбедаў, пачаўся новы этап размеркавання зямель. 12 ліпеня 1918 г. газета «Звязда» паведаміла аб тым, што «ў кулакоў з вёскі Сцяпанавічы Гарадоцкага павета было адрэзана 15 дзесяцін зямлі і перададзена сялянам вёскі Забежжа». 4 жніўня сяляне Зайкаўскай воласці на агульным сходзе адзначалі, што хутаране не падпарадкоўваюцца пастанове. У сувязі з гэтым вырашылі з кожнага хутара адабраць лішак і перадаць беззямельным і малазямельным сялянам.

Створаныя камбеды займаліся ўлікам і рэалізацыяй ураджаю і размеркаваннем адпускаемых насельніцтву прадуктаў харчавання, прадметаў першай неабходнасці. Вясковае насельніцтва павета па-рознаму адносілася да гэтых мерапрыемстваў. У Зайкаўскай воласці агульны сход грамадзян 4 жніўня 1918 г. прыняў наступную рэзалюцыю: «Даручыць вясковым камітэтам беднаты правесці самы дакладны ўлік хлеба, «рэкамендуецца лічыць на полі бабкамі і звесткі аб колькасці хлеба, едакоў, жывёлы ў кожнага гаспадара прадставіць у валасны выканаўчы камітэт, даручыць сачыць, каб не было продажу і вывазу хлеба спекулянтамі без дазволу валаснога выканаўчага камітэта, вінаватых прыцягваць да адказнасці».

Многія камітэты беднаты правялі такую работу. Па звестках Вайханскага валаснога камбеда, у межах воласці налічвалася 684 гаспадаркі, з якіх 452 — малазямельныя і 2 — беззямельныя; колькасць непрацаздольных жыхароў — 2203. Мелася 1550 кароў, 867 коней. У Селішчанскай воласці з 1215 сем’яў беззямельнымі былі 32, а малазямельнымі — 98. Сяляне трымалі 4253 каровы, 3028 коней. Непрацаздольныя складалі 428 чалавек.

Прадстаўнік Болецкай воласці на павятовым з’ездзе зямельных аддзелаў у жніўні 1918 г. паведамляў, што сяляне адмовіліся перадзельваць зямлю, падняліся супраць уліку лішкаў хлеба і яго вывазкі.

Вялася барацьба са спекуляцыяй хлебам. У жніўні 1918 г. у павеце назіраўся наплыў «мяшочнікаў» з Петраграда, Ноўгарада, Цвярской губерні. Яны са станцый Езярышча, Бычыха, Гарадок, Раслякі «вывозяць апошняе». Рэзка ўзняліся цэны на хлеб: пуд жытняй мукі каштаваў 320 рублёў пры цвёрдай цане ў 16 руб. 25 кап.

Паміж бяднейшым сялянствам размяркоўваўся сельскагаспадарчы інвентар, ствараліся пракатныя пункты. У Гарадоцкім павеце было арганізавана 8 пракатных і зернеачышчальных станцый, якія мелі больш за 150 сельскагаспадарчых прылад. Сярод іх — веялкі, касілкі, бароны, плугі, сарціроўкі. Гэтыя пункты ў першую чаргу абслугоўвалі вясковую беднату, былых батракоў. Заможнаму сялянству забаранялася карыстацца іх дапамогай. За пракат інвентару бралася невялікая плата, беднякам ён выдаваўся бясплатна. Ішло размеркаванне жывёлы з былых маёнткаў, таксама з кулацкіх гаспадарак. Патрабавалася пераразмеркаванне лугоў і пашы.

У сярэдзіне 1918 г. узнікаюць першыя камуны, у асноўным на землях былых маёнткаў. У справаздачы Віцебскага губземаддзела на 1 снежня 1918 г. адзначалася: «Па Гарадоцкім павеце пры павятовым зямельным аддзеле арганізавана камунальнае бюро, а ў павеце сельскагаспадарчыя камуны: „Ваўненская“, „Дубакрайская“, „Рудня“. У 1919 г. пачалі дзейнічаць камуны ў Даўгаполлі і іншых вёсках».

Адносіны ў вёсцы абвастраліся. Нарастала незадаволенасць заможных сялян, якія працівіліся перадзелу зямлі, уліку хлеба. У асобных выпадках адбываліся ўзброеныя сутычкі іх з вясковай беднатой. У пачатку работ на сенакосе 8 жніўня 1918 г. у вёсцы Сінякі адбылася спрэчка паміж кулакамі і беднатой. Кулакі не дазвалялі сялянам-беднякам касіць адыходзячы ад іх пры ўраўненні пакос, пачалі пагражаць рэвальверамі і заявілі, што той, хто асмеліцца касіць іх старыя палосы, будзе забіты на месцы, і, каб запалохаць беднякоў, стралялі з рэвальвераў. Але бедната не спалохалася зробленых кулакамі выстралаў. Сабраўшыся, яна таксама з рэвальверамі пайшла на кулакоў.

У час выбараў камбеда ў Старынскай воласці заможныя сяляне пачалі агітаваць сабраўшыхся на сход грамадзян не выбіраць валасны камітэт беднаты і не весці ўлік хлеба. Калі ж стала зразумела, што немагчыма паўплываць на беднякоў у гэтым сэнсе, яны ўзнялі шум, пабілі прадстаўнікоў свайго выканкама, прыехаўшага агітатара, міліцыянера, адабраўшы ў яго зброю.

27 кастрычніка 1918 г. былі завершаны ўборка і ўлік хлеба, узяты на ўлік млыны. У харчовы камітэт паступіла 2500 пудоў жыта; частка ўраджаю з былых памешчыцкіх зямель бясплатна выдадзена батракам на насенне. Камбеды ўзялі на сябе функцыю арганізатараў тавараабмену ў вёсцы.

У распараджэнне павятовага харчкама перададзены ўсе асабістыя магазіны. Устанаўліваліся цэны на прадукты, па якіх адбываўся тавараабмен. Аналізуючы дзейнасць камбедаў Гарадоцкага павета, У. Скульбедаў, член навуковага савета Магілёўскага аблвыканкама, пералічыў прадукты, якія магазіны прымалі па тавараабмене (у дужках цана за пуд): жыта (16 руб.), жытняя мука (18 руб.), авёс (16 руб.), аўсяная мука (18 руб.), ячмень (15 руб. 15 кап.), ячная мука (17 руб.), пшаніца (22 руб. 25 кап.), пшанічная мука (21 руб. 25 кап.), бульба (12 руб.), гарох (16 руб.), масла (6 руб. за фунт), сала свіное (3 руб. за фунт), мяса свіное (2 руб. за фунт). Узамен атрыманых прадуктаў выдаваліся соль, селядцы, чай, тытунь, запалкі, мануфактура, газа, свечкі, мыла, сукно, гатовае адзенне, ніткі, панчохі, абутак, галёшы, іншыя тавары. Значная колькасць харчоў з павета накіроўвалася ў Маскву і Петраград. Толькі ў жніўні 1918 г. у Петраград было адпраўлена 3290 пудоў жыта.

Камбеды канфіскоўвалі «грашовыя лішкі» ў заможных сялян шляхам накладвання штрафаў, асобных падаткаў. Становішча ўскладнялася тым, што пачалася грамадзянская вайна і ваенная інтэрвенцыя. Супрацьстаянне, якое пачалося ў кастрычніку 1918 г., працягвалася. Незадаволенасць часткі насельніцтва дзейнасцю Савета і яго пастановамі, канфіскацыяй і перадзелам зямлі і іншай прыватнай і царкоўнай маёмасці, улікам і размеркаваннем збожжа, складанасцямі ў харчаванні, пачаткам харчразвёрсткі выражаліся ў агітацыі супраць мерапрыемстваў Савецкай улады, пагрозамі і нападамі на прадстаўнікоў выканаўчых камітэтаў, адбываліся ўзброеныя выступленні. Адно з іх адбылося ў Гарадку вясной 1918 г. Архіўныя дакументы даюць падставу лічыць яго датай 22 сакавіка.

Заклікаў да выступлення святар Гарадоцкага Мікалаеўскага сабора Заблоцкі. Па сігнале — набатным гуле званоў — пачалося нападзенне на выканкам і тэлеграфную станцыю. Узначаліў паўстанне былы афіцэр царскай арміі Павел Уладзіміровіч, атрадамі паўстанцаў кіравалі былыя паліцэйскія Мікалай і Васіль Уверскія. К.С. Клібанава (Цёмкіна) так апісвала напад на выканкам, сведкай якога была: «Людзі былі ўзброены хто віламі, хто палкамі ад плоту. Уварваўшыся ў выканкам, яны захапілі члена выканкама Храпкова, пачалі яго біць, але той змог выратавацца ад натоўпу, выстраліўшы з рэвальвера». Некалькі членаў выканкама былі арыштаваны, раззброены многія гарадоцкія міліцыянеры. Удзельнікі паўстання мелі белыя павязкі. А.І. Лусь, начальнік павятовай міліцыі, успамінаў, як ён ездзіў у Віцебск, патрабаваў падтрымку. На другі дзень вярнуўся з чырвонаармейцамі ў Гарадок, паўстанцы здаліся без бою.

Па іншых звестках, паўстанцы ўмацаваліся на ўзвышшы (скрыжаванне вуліц Набярэжнай і Карла Маркса). Калі раніцай у суботу прыбылі на чыгуначную станцыю атрады чырвонаармейцаў з Невеля і Віцебска (па ўспамінах К.С. Клібанавай — браняпоезд), камандаванне прыбыўшых загадала скласці зброю. Паўстанцы выставілі свае ўмовы: яны патрабавалі ўвесці ў склад Савета гандляроў, святара, заможных гараджан, але гэта патрабаванне было адхілена.

Кіраўнікі мяцяжу былі арыштаваны і асуджаны ваенна-рэвалюцыйным судом. Арыштавалі святара Заблоцкага, жыхара Гарадка Аляксандра Шутава (іх тады не расстралялі), а Уладзіміра Шацілава «звялі на белы пясочак» (расстралялі)

Віцебскі рэўтрыбунал займаўся следствам па гэтым пытанні яшчэ ў жніўні 1918 г. А вось з 11 па 17 лістапада 1918 г. амаль уся Віцебская губерня была ахоплена паўстаннем, якое выбухнула ў Веліжскім павеце і перакінулася ў нашы мясціны.

Узначальвалі яго выхадцы з мясцовых святароў, афіцэры, сяляне. Гэта ўзброенае выступленне было выклікана ўвядзеннем хлебнай манаполіі, харчразвёрсткай. Паўстанцы таксама выступілі за аднаўленне ўстаноўчага сходу. Акрамя сялян у паўстанні ўдзельнічалі святары, настаўнікі, гімназісты, стараверы, жыхары латышскіх вёсак. 15 лістапада паўстанцы захапілі Веліж. Колькасць узброеных сялян складала каля 1 тыс. чалавек. Падаўлена Веліжскае паўстанне 23 лістапада, але асобныя групы працягвалі супраціўленне да 1925 г.

На Усвяччыне паўстанне ўзначаліў сын памешчыка Кулакоўскага, каля Веліжа — падпалкоўнік Вараб’ёў. У Шчалбоўскіх лясах дзейнічала банда Воранава, якую мясцовыя жыхары называлі «чорная гвардыя». Першай на тэрыторыі павета 13 лістапада падверглася нападу мяцежнікаў Зайкаўская воласць, дзе катавалі, затым расстралялі прадстаўнікоў Савета і рэўкама. Тут быў выбраны новы Савет у складзе эсэраў і заможных сялян. У гэты ж дзень адбылося нападзенне на Дубакрайскую і Вярэцкую воласці. Адтуль крывавы шлях ішоў на Мяжу, Ціёста, Рамні, Горкі і Вышадкі.

Аб падзеях у Старынскім выканкаме паведамлялі з Бяскатава ў Вышадкі: 13 лістапада з’явіліся ў выканкам каля 40 чалавек, якія называлі сябе «белагвардзейцамі і чэхаславакамі», быў арыштаваны старшыня выканкама. адабрана зброя ў тых, хто яе меў, забралі ў камісарыяце ўсе кнігі і справы, пасля чаго прыступілі да правядзення сходу.

У Гарадок звесткі аб дзеяннях супраць Савецкай улады ў Вярэччы былі дасланы з Вышадак, дайшло і паведамленне аб падзеях у Зайкаўскай воласці.

Кіраўнікі паўстання загадзя наладжвалі добрыя сувязі з прадстаўнікамі той часткі насельніцтва, якая адмоўна ставілася да ўлады. Захапіўшы воласць, Кулакоўскі распраўляўся з прадстаўнікамі Саветаў, збіраў мітынгі і ішоў далей. Староннікі з ліку заможных жыхароў вёсак сустракалі яго хлебам-соллю. Больш заможная частка сялянства Зайкаўскай воласці папоўніла банду Кулакоўскага. Пачалі разыходзіцца па акрузе чуткі, што паўстаўнцы збіраюцца рушыць на Гарадок. Іх было каля 500 чалавек, меліся вінтоўкі, гранаты, станковыя кулямёты. Галоўны дэвіз: «Саветы без камуністаў!»

Наступленне паўстанцаў з боку Мяжы на Гарадок пад кіраўніцтвам Кулакоўскага было спынена ў Вышадках, куды члены мясцовага рэўкама выклікалі з Гарадка атрад латышскіх стралкоў (25 чалавек пад кіраўніцтвам Кундзевіча) і роту чырвонаармейцаў. Старшыня Гарадоцкай надзвычайнай камісіі Мацюхоў даслаў чырвонаармейцам такую дэпешу: «Таварыш Кундзевіч. Прашу не дастаўляць у Гарадок белагвардзейцаў, а расстрэльваць на месцы. Усе віды харчу, мяса ды іншы правіянт бязлітасна браць у кулакоў».

Ваенна-рэвалюцыйным штабам Вышадская воласць 16 лістапада аб’яўлялася «на ваенным становішчы». Усе грамадзяне воласці неадкладна павінны былі здаць зброю штабу, які знаходзіўся пры воласці. За непадпарадкаванне пагражаў расстрэл.

Для задушэння паўстання ў Гарадку і павеце было аб’яўлена ваеннае становішча, арганізаваны ваенна-рэвалюцыйны камітэт, у Гарадку ўзята 29 заложнікаў з ліку буржуазіі, дзейнічаў атрад чырвонаармейцаў пад кіраўніцтвам Нікіціна. Былі расстраляны «на месцы як яўныя контррэвалюцыянеры» ў Горкаўскай воласці Цімафей Новікаў, Улас Цімафееў, у Ціясцянскай воласці — Сямён Лісіцын, Антон Балабанаў, Сяргей Балабанаў, Аляксандр Качанаў, Міхаіл Сураўнёў, у Вышадскай воласці — Аляксандр Лапаценка, Арцём Кнураў, Канстанцін Данілаў, Фёдар Гарыленка. Арыштавана было 135 чалавек.