haradok.info

Інфармацыйны партал

Сацыяльныя сеткі:

Аб горадзе Гісторыя Вялікая Айчынная вайна

Вялікая Айчынная вайна

22 чэрвеня 1941 г. у мірнае жыццё нашай краіны ўварвалася вайна, перакрэсліўшы мары і надзеі мільёнаў людзей. У Гарадоцкім і Мехаўскім раёнах, як і ва ўсіх іншых, адразу ж пачалася мабілізацыя ваеннаабавязаных у Чырвоную Армію. На патрэбы войска накіроўвалі аўтатранспарт, коней. Спраўныя трактары, абсталяванне МТС, калгасную жывёлу адпраўлялі ў тыл. Частка насельніцтва раёна таксама пакінула родныя мясціны і накіравалася на ўсход.

Адпаведна пастанове СНК СССР ад 24 чэрвеня 1941 г. пачалі стварацца знішчальныя батальёны для барацьбы з варожымі парашутыстамі і дыверсантамі. Узніклі такія фарміраванні ў Гарадоцкім і Мехаўскім раёнах.

Мехаўскі знішчальны батальён, якім камандаваў начальнік раённага аддзела НКУС М.І. Дзячкоў, пачаў дзейнічаць 25 чэрвеня, налічваў 107 чалавек. Байцы-знішчальнікі мелі на ўзбраенні вінтоўкі, станковы і два ручныя кулямёты. Размяшчаліся яны ў будынку Езярышчанскай сярэдняй школы.

Група садзейнічання асноўным сілам знішчальнага батальёна была сфарміравана з рабочых Бычыхінскай МТС. Складалася яна з 30 чалавек на чале з дырэктарам Ф.Ф. Германтавым. Байцы былі ўзброены вінтоўкамі, мелі ручны кулямёт і супрацьтанкавае ружжо. Ужо першыя дні ліпеня былі адзначаны баявымі справамі знішчальнікаў: збіты нямецкі самалёт, арыштаваны варожыя сігнальшчыкі.

У трывожным чаканні жыло насельніцтва раённага цэнтра і вёсак. Выконваліся правілы светамаскіроўкі, і ноччу Гарадок патанаў у цемры. Аднак жыццё не замірала на яго цёмных вуліцах, адбывалася перамяшчэнне вайскоўцаў, бежанцаў. У пачатку ліпеня пачаліся налёты нямецкай авіяцыі. Па ўспамінах жыхароў, 3 ці 4 ліпеня адбылася першая бамбардзіроўка Гарадка варожымі самалётамі, а 9 ліпеня германскія войскі занялі горад.

Пад Гарадком дзейнічала 214-ая стралковая дывізія пад камандаваннем генерал-маёра А.Н. Разанава. Яна ўваходзіла ў склад 22-ой арміі (генерал-лейтэнант П.А. Ершакоў). Перад дывізіяй стаяла задача вызваліць горад ад гітлераўцаў. Яе падраздзяленні, сфарміраваныя вясной 1941 г. у Варашылаўградзе, перамяшчаліся пад Гарадок з г. Невель і бліжэйшых да яго станцый. Палкі дывізіі не паспелі поўнасцю сканцэнтравацца і вымушаны былі прама з маршу ўступіць у бой 10 ліпеня. На правым флангу наступаў 776-ы стралковы полк пад камандаваннем палкоўніка Сівакова, на левым — 788-ы стралковы полк на чале з маёрам Трэфілавым. Па шашы Невель — Гарадок у раён баявых дзеянняў падцягваліся 780-ы стралковы і 709-ы гаўбічна-артылерыйскі палкі, якімі камандавалі падпалкоўнік Калачоў і маёр Хутарцоў.

Раніцай 11 ліпеня нашы войскі пачалі наступленне непасрэдна на Гарадок. Баявыя дзеянні чырвонаармейцаў былі сустрэты моцным кулямётным і мінамётным агнём праціўніка. Тры разы на працягу дня яны пераходзілі ў атаку, цяснілі ворага і ўшчыльную набліжаліся да горада. Фашысты паспелі ўмацаваць свае пазіцыі. Закапаныя ў зямлю танкі яны ператварылі ў непрыступныя агнявыя кропкі. Выбіць гітлераўцаў з Гарадка не ўдалося. У гэты ж дзень на працягу дзвюх з паловай гадзін варожыя самалёты бамбілі і абстрэльвалі баявыя парадкі дывізіі на ўсім шляху ад Гарадка да Невеля. Вайсковыя падраздзяленні панеслі вялікія страты ў асабістым складзе і матэрыяльнай частцы. Былі і дэзерціры.

Упартыя баі працягваліся 12 ліпеня. На наступны дзень з ранку да позняга вечара не сціхаў бой на заходнім і паўночным берагах возера Кашо. Пад моцным уздзеяннем авіяцыі, артылерыйскага і кулямётнага агню войскі дывізіі вымушаны былі адысці.

У гэтыя дні многія байцы, камандзіры і палітработнікі 214-ай стралковай дывізіі праявілі вытрымку і мужнасць, засталіся вернымі воінскаму абавязку. Сваёй бясстрашнасцю натхняў усіх байцоў старшы палітрук Бацякін, які камандаваў разведбатальёнам. Цяжка паранены, ён праз некалькі гадзін памёр. Храбра змагаліся з ворагам байцы батальёна на чале з капітанам А.С. Грыгор’евым. Параненага камандзіра змяніў старшы палітрук Штраус. У баі 11 ліпеня ён атрымаў 7 раненняў. Выключную стойкасць праявіў маёр Трэфілаў, умела кіруючы 788-ым палком. Трапным кулямётным агнём знішчаў агнявыя кропкі фашыстаў чырвонаармеец Бажко. Гераічна вялі сябе артылерысты, якія гарматным агнём падтрымлівалі баявыя дзеянні пяхоты.

У гэтыя ліпеньскія дні ў паветраных баях над Гарадком удзельнічалі лётчыкі 49-га знішчальнага авіяпалка, які меў загад прыкрываць свае войскі ў раёне Невеля, Вялікіх Лук, Гарадка. У аператыўнай зводцы палка за 10 ліпеня 1941 г. было запісана: «Вёў паветраны бой над Гарадком і вёскай Вайханы». У гэтым баі загінуў камандзір эскадрыллі лейтэнант Д.Р. Барабанаў. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ён быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга.

13 ліпеня на пазіцыі гітлераўцаў і на вялікую колькасць іх баявой тэхнікі ля Гарадка абрушылі ўдар нашы бамбардзіроўшчыкі. Адзін з самалётаў быў пашкоджаны зенітным снарадам і загарэўся. Паранены штурман І.М. Жмурко змог скінуць бомбы. Пры адыходзе полымя перакінулася на другую плоскасць. Экіпаж не пакінуў самалёт. Лётчык вёў яго да лініі фронту і на сваёй тэрыторыі пасадзіў самалёт на фюзеляж. І.М. Жмурко быў прадстаўлены да ўзнагароды.

На працягу 6 дзён ішлі баі на подступах да Гарадка. Арэнай баявых дзеянняў з’яўляліся вёскі Верцяя, Вялікае і Малое Кашо, Памёт, Лапезы, Лагушанкі, Заазер’е. Апошняя аператыўная зводка са штаба 214-ай стралковай дывізіі паступіла 15 ліпеня. Напісана яна была ў лесе на захад ад в. Мамоны. Перавага праціўніка ў людзях, агнявых сродках і паветраных сілах, адсутнасць у нашых байцоў аўтаматычнай зброі, недахоп мінамётаў і асабліва артылерыі не далі магчымасці выканаць пастаўленую перад дывізіяй задачу. Пасля захопу нямецкімі войскамі Невеля баявыя падраздзяленні яе адыходзілі на ўсход. Для жыхароў раёна наступіў змрочны час акупацыі.

Два з паловай гады гаспадарылі нямецка-фашысцкія захопнікі на гарадоцкай зямлі. Тэрыторыя раёна, як і Віцебскай вобласці ў цэлым, адносілася да тылавога раёна групы нямецкіх армій «Цэнтр», дзе ўся паўната ўлады была сканцэнтравана ў руках ваенных. Тут размяшчаліся нямецкія вайсковыя фарміраванні, камандаванне і ваеннаслужачыя якіх з’яўляліся поўнымі гаспадарамі ў зоне сваёй дзейнасці.

Распрацаваны кіраўнікамі фашысцкай Германіі план «Ост» прадугледжваў цэлую сістэму палітычных, эканамічных і ваенных мерапрыемстваў, накіраваных на рабаванне нашых багаццяў, знішчэнне людзей. Усе перашкоды ў дасягненні захопніцкіх мэт рашуча ліквідаваліся, жорстка караліся праціўнікі «новага парадку». У першую чаргу акупанты ліквідавалі органы Савецкай улады. Пад іх кіраўніцтвам з ліку мясцовых жыхароў былі ўтвораны гарадская, раённая і валасныя ўправы, якія ўзначальвалі бургамістры, у вёсках прызначаны старасты. Грамадзянскую ўладу ў раёне ўзначаліў В.Т. Сівалобаў, а пасля яго забойства ў 1942 г. І.Д. Аляшковіч. Бургамістрам у Гарадку спачатку з’яўляўся Уверскі, а пасля П.Р. Ленчанка.

Узнікла раённае паліцэйскае ўпраўленне, якое з пачатку 1942 г. узначальваў А.Р. Мордзік. Яно складалася з палітычнага і крымінальнага аддзелаў, спецкамендатуры. 61 чалавек быў заняты ў гэтых падраздзяленнях. Па раёне, без уліку Мехаўскага, было ўтворана 12 паліцэйскіх атрадаў па 30 — 40 чалавек у кожным. Памагатымі акупантаў сталі прыкладна 400 паліцэйскіх з ліку мясцовага насельніцтва.

Пры «новым парадку» ў Гарадку былі закрыты тры сярэднія школы, сельскагаспадарчы тэхнікум. Кнігі фашысты спалілі. Рабочы клуб, кінатэатр былі ператвораны ў казармы, не працаваў дзіцячы сад. Для насельніцтва акупанты ўстанавілі працоўную павіннасць. Усе жыхары ад 14 да 55 год абавязаны былі рамантаваць дарогі, масты, капаць траншэі, выконваць іншыя работы. За адказ ад гэтых заняткаў пагражала пакаранне бізунамі або турма.

У час акупацыі ў горадзе дзейнічалі ганчарны, цагельны, смалакурны, гарбарны заводы, бондарская і кавальска-слясарная вытворчасць, торфараспрацоўкі, працавала швейная майстэрня. На гэтых прадпрыемствах было занята 255 чалавек. Існаваў рэжым паднявольнай працы. Кіраўнікі мелі права неабмежавана павялічваць працягласць рабочага дня, збіваць рабочых, а западозраных у сабатажы знявольваць у турму або высылаць у працоўныя лагеры.

Палітыка акупантаў у сельскай гаспадарцы была накіравана на задавальненне патрэб арміі і насельніцтва Германіі. Сельскія жыхары абкладаліся ваенным падаткам на прадукты харчавання. Тым, хто не справіцца з гэтым, пагражала пакаранне: адбяруць каня або карову, нават зямлю. У першы ваенны год акупацыйныя ўлады імкнуліся сабраць ураджай на калгасных палетках. Бургамістр Болецкай вобласці ў кастрычніку 1941 г. паведамляў у Гарадоцкае раённае зямельнае ўпраўленне аб тым, што яшчэ не ўбранымі застаюцца больш 100 га сельскагаспадарчых культур, у тым ліку не выкапана 5 га бульбы, не паднята 50 га льну, хаця людзей у калгасах за кошт бежанцаў і перасяленцаў больш на 50%, чым да вайны.

Ваеннае ліхалецце, жорсткія акупацыйныя парадкі адмоўна ўплывалі на дэмаграфічную сітуацыю таго часу ў раёне. Аб гэтым сведчаць дакументы раённай управы. За перыяд з 22 чэрвеня 1941 па 30 верасня 1943 г. нарадзілася 515 чалавек, памерла 815. Смяротнасць перавысіла нараджальнасць у 1,5 раза.

Гітлераўскі акупацыйны рэжым прадугледжваў планамернае знішчэнне людзей. У лагеры на тэрыторыі сельскагаспадарчага тэхнікума налічвалася да 500 ваеннапалонных. Немцы не кармілі іх; людзі харчаваліся тым, што перадавалі жыхары горада. Памерлых закопвалі ў двары тэхнікума. Вясной 1942 г. некалькі чалавек уцяклі з лагера. Безумоўна, ім дапамаглі гараджане, хутчэй за ўсё работнікі тэхнікума, чые дамы размяшчаліся побач. Палонныя перасеклі поле і скрыліся ў бары, які пачынаўся адразу за вучэбнай гаспадаркай тэхнікума і называўся Разыграем. Стары лес надзейна схаваў уцекачоў. Раззлаваныя гітлераўцы расстралялі кожнага пятага з застаўшыхся ваеннапалонных. Хутка лагер перастаў існаваць. Справу знішчэння людзей давяршыў голад і хваробы.

Гітлераўцы і іх памагатыя з ліку паліцэйскіх загубілі шмат мірных жыхароў. Яны бязлітасна каралі праціўнікаў «новага парадку», удзельнікаў вызваленчай барацьбы і іх сем’і, не шкадавалі ні старых, ні малых. 3 прыходам чужынцаў у Гарадку з’явіліся шыбеніцы, якія стаялі каля турмы. А ў адзін з зімовых дзён 1942 — 1943 гг. жыхары райцэнтра былі ўражаны жудасным відовішчам: па вуліцах імя Карла Маркса і далей па Пралетарскай і Віцебскай шашы да тэхнікума на слупах віселі людзі. Сярод пакараных — актывіст Якаўлеў з Кабішчанскага сельсавета.

Месцам чалавечага болю і цяжкіх пакут сталі Вараб’ёвы горы, прыгожыя мясціны ў ваколіцах Гарадка, дзе ў мірны час любілі адпачываць гараджане. У 1941 г. фашысты расправіліся тут з яўрэйскім насельніцтвам раённага цэнтра, а потым на працягу свайго гаспадарання ўчынялі расстрэлы патрыётаў, партызанскіх сем’яў і тых, хто аказваў дапамогу і падтрымку народным мсціўцам або праяўляў незадаволенасць новымі парадкамі. Гэтыя людзі траплялі сюды з гарадской турмы. Некаторых з турмы адпраўлялі ў Віцебск і далей у Германію або пераводзілі ў працоўны лагер у Гарадку. Цесната, дрэннае харчаванне, праца з цямна да цямна — такая доля тых, хто знаходзіўся тут.

Гітлераўцы бязлітасна распраўляліся з партызанскімі сем’ямі, з усімі, хто аказваў дапамогу партызанам. Так, 22 сакавіка 1943 г. абарвалася жыццё 13 чалавек з в. Зарэцкія Вайханскага сельсавета. Сюды прыбыў нямецкі карны атрад. Жыхароў сабралі на вуліцы, дапытваліся аб партызанах. 3 натоўпу фашысты адабралі партызанскія сем’і, загналі ў хлеў і падпалілі памяшканне. Плач дзяцей, крыкі дарослых не краналі душы забойцаў. Разам з Ефрасінняй Дзмітрыеўнай Івановай загінулі трое дзетак. Сярод загубленых была Еўдакія Міхайлаўна Лявонава, а чацвёра яе маленькіх дзяцей засталіся жывымі. Не дапусціў расправы з імі салдат у нямецкай форме, які быў родам з Чэхіі. Ён вывеў малых у хмызняк, пасадзіў там, загадаўшы нікуды не выходзіць. Такім жа чынам гэты чалавек выратаваў дзяцей яшчэ з адной сям’і. Гэтая іскрынка чалавечай дабрыні і спагады сярод насілля і нянавісці сагравала людзей, адгукалася ў іх сэрцах удзячнасцю.

Асабліва цяжка даводзілася мясцовым жыхарам у час карных экспедыцый, якія акупанты праводзілі супраць партызан. Карнікі не толькі адбіралі ў людзей іх маёмасць, жывёлу, прадукты харчавання, але і чынілі расправу над насельніцтвам, палілі вёскі. У красавіку 1942 г. была поўнасцю спалена вёска Мяжа, 362 двары, з добра абсталяванымі да вайны бальніцай, школай, малаказаводам. Восенню гэтага года гітлераўцы спустошылі Халамерскі край. Агонь знішчаў дамы і гаспадарчыя пабудовы, губіў старых, жанчын, дзяцей. Шмат людзей было расстраляна, спалена ў Пальмінскім, Стадолішчанскім, Вярэцкім, Руднянскім, Зайкаўскім, Марчанскім сельсаветах. Магілы ахвяр фашызму раскіданы па ўсім раёне. Вёскі Сінякі, Сячонка, Дарахі, Баркова, Нізкія, Хартова — гэта адрасы чалавечага гора і жаху.

Жудасная трагедыя здарылася непадалёку ад вёскі Мямлі Хмяльніцкага сельсавета. У лютым 1943 г. нямецка-фашысцкія захопнікі праводзілі чарговую карную экспедыцыю супраць партызан. У ходзе яе акупанты разлічвалі поўнасцю ачысціць ад народных мсціўцаў зону Віцебск — Сураж — Невель. Партызаны з цяжкімі баямі адступалі ў Шчалбоўскія лясы, дзе трапілі ў кальцо блакады. Тут жа сабралася вялікая колькасць мірных жыхароў, якія ратаваліся ад карнікаў у лясах. Пасля ліквідацыі «Суражскіх варот» насельніцтва з іншых куткоў вобласці, якое спадзявалася трапіць у савецкі тыл, аказалася запёртым у гэтых мясцінах. I, канешне, вырвацца з акружэння разам з партызанамі ўдалося далёка не ўсім з некалькіх тысяч мірных грамадзян. Большасць старых, жанчын, дзяцей былі захоплены карнікамі і расстраляны.

Гаспадаранне фашыстаў прынесла Гарадоцкаму краю вялікія матэрыяльныя страты. Акупанты разрабавалі маёмасць 206 калгасаў, 6 МТС, 1 машынна-трактарнай майстэрні, разбурылі памяшканні і знішчылі абсталяванне 20 прамысловых прадпрыемстваў раёна. Адступаючы, фашысты ўзарвалі ў Гарадку клуб, кінатэатр, электрастанцыю, воданапорную вежу. Зніклі будынкі Свята-Мікалаеўскага сабора і яшчэ адной царквы. У руінах ляжаў тэхнікум механізацыі сельскай гаспадаркі. Такім жа быў лёс большасці будынкаў школ, клубаў, бібліятэк. У раёне на час вызвалення засталася 921 галава буйной рагатай жывёлы з амаль 31 тысячы. Больш як 11 тысяч коней налічвалася да вайны, за перыяд акупацыі іх засталося 453. 3 209 трактароў захавалася 30, з 34 камбайнаў — 9, з 173 трактарных плугоў толькі 26, а з 98 грузавых аўтамашын — ніводнай. Самая ж непрыметная страта — людзі, якія загінулі ў ваенныя гады. У пачатку студзеня 1944 года ў Гарадку налічвалася 3457 чалавек з 8100, што жылі тут напярэдадні вайны. Кожную сям’ю закранула чорнае крыло вайны і акупацыі, вынікам чаго сталі загубленыя жыцці, зламаныя і пакалечаныя лёсы, невылечныя душэўныя раны.

План «Ост» прадугледжваў поўнае знішчэнне асобных народаў. Такі лёс чакаў яўрэяў, якія здаўна жылі ў Гарадку і ў перадваенныя гады складалі значную частку яго жыхароў. У першыя дні вайны некаторыя з іх рушылі ў эвакуацыю і змаглі выбрацца ў наш тыл, большасць жа засталася ў акупіраваным фашыстамі горадзе. Захопнікі адразу абавязалі яўрэйскае насельніцтва насіць на спіне жоўты лапік у выглядзе круга, які прышываўся да верхняга адзення. Працаздольных яўрэяў прымушалі прыбіраць вуліцы, выконваць іншыя работы.

У хуткім часе акупанты ўчынілі грабёж найбольш заможных яўрэйскіх сем’яў. Нямецкія салдаты разам з паліцэйскімі адбіралі ў людзей маёмасць, лепшыя рэчы забіралі сабе, а астатнія дазвалялі браць мясцовым жыхарам. Асобныя з іх ліку ахвотна рабілі гэта, а многія адмаўляліся.

Затым гітлераўцы і іх памагатыя арганізавалі пагром, у ходзе якога не абмінулі ні адзін яўрэйскі дом. А ў пачатку жніўня адбылася першая крывавая расправа з жыхарамі-яўрэямі каля вёскі Бярозаўка пад Гарадком, астатніх сагналі ў гета, якое існавала 1,5 — 2 месяцы. За гэты час акупанты знішчылі ўсе яўрэйскія сем’і, расстрэл якіх праводзілі на Вараб’ёвых гарах. Выратавацца давялося адзінкам. Крыху больш як 400 прозвішчаў значыцца ў спісах загінуўшых у жніўні — кастрычніку 1941 г. Зразумела, што забітых было больш. Зараз цяжка ўстанавіць дакладную лічбу ахвяр гэтага генацыду. У 1941 — пачатку 1942 г. гітлераўцы расстралялі таксама яўрэйскае насельніцтва ў Езярышчы, знішчылі сем’і Бравіных, Нахамчыных, Юдовіных, Зарэксонаў у вёсках Бычыха і Бяскатава.

Гарэлі ў агні вёскі.

За час акупацыі нямецка-фашысцкія захопнікі знішчылі многія вёскі, дзе жылі партызанскія сем’і або насельніцтва аказвала падтрымку народным мсціўцам. У людзей адбіралі маёмасць, прадукты харчавання, хатнюю жывёлу, забівалі старых, жанчын, дзяцей. Моладзь гналі на чужбіну ў якасці рабочай сілы. 13 гарадоцкіх вёсак — Ахрамеева, Вусце, Гумнічына, Задобрыя, Кавалі, Казлы, Лапакова, Падранда, Петрачыха, Рудзіха, Сямёнава, Чытавуха, Янава — былі спалены разам з людзьмі і ўвекавечаны ў хатынскім мемарыяле.

Гітлераўцы зруйнавалі 183 вёскі. У пасляваенны час не адрадзіліся 35 з іх. Зніклі абжытыя куточкі, толькі папялішчы з закуранымі комінамі напаміналі аб мінулым жыцці. Людзі не захацелі сяліцца на спустошаных месцах, дзе зямля ўвабрала ў сябе слёзы і кроў сваіх насельнікаў, загінуўшых пакутніцкай смерцю.