7 траўня Леанід Аўтухоў звярнуўся да кіраўніцтва Гарадоцкага РАУС, КУВП «Гарадоцкае ПК і ЦС», УА «Гарадоцкая ЦРБ» наконт атрымання тыповай дамовы па абслугоўванню массавых мерапрыемстваў, а таксама калькуляцыю дадзенай паслугі ў Гарадку для правядзення шэсця і мітынга з удзелам да 50 грамадзян на працягу адной гадзіны. Актывіст жадае даведацца колькі будзе каштаваць паслуга гэтых арганізацый адпаведна па забеспячэнню правапарадка, санітарнай чысціні і медычнага абслугоўвання на вул. Сабалеўскай і ў Вараб’ёвых гарах, дзе мусіць адбыцца шэсце і мітынг.
Спадар Аўтухоў мае намер рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права на правядзенне масавых мерапрыемстваў у адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам. Трэба нагадаць, што да гэтага часу Гарадоцкі райвыканкам ніколі не даваў дазволу на правядзенне масавых мерапрыемстваў — сходаў і пікетаванняў у Гарадку. Апошнюю адмову актывіст атрымаў, калі падаў заяўку на правядзенне пікета ў сувязі з гадавінай чарнобальскай трагедыі.
Грамадству цікава даведацца колькі каштуе ў сацыяльнай дзяржаве рэалізацыя канстытуцыйнага права на масавыя мерапрыемствы ў лясным куточку Гарадка.
Л. Антонаў