haradok.info

Інфармацыйны партал

Сацыяльныя сеткі:

Навіны Гарадка Грамадства

13.05.2018 12:16

410 праглядаў

0 каментароў

Будзьце чулымі ў час эпідэміі адзіноты

Наша культура, на жаль, пабудавана такім чынам, што людзям даволі часта не хапае сацыяльных кантактаў. А калі прыгадаць не такія ўжо далёкія гістарычныя часы, калі квітнелі даносы, тады наогул, кажучы сучаснай мовай, панавала усеагульная адсутнасьць эмпатыі.

Рызыкі адзіноты

Тым часам сёньня ў сьвеце шмат увагі надаецца праблеме адзіноты, нават кажуць пра тое, што мы жывем у час эпідэміі адзіноты. Пачуцьцё адзіноты апошнім часам стала разглядацца як клінічны сындром, які мае досыць цяжкія наступствы для здароўя, асабліва для людзей сталага веку.

Лічыцца, што пачуцьцё адзіноты паводле ступені рызыкі сардэчна-судзінных катастроф, да якіх адносяцца ў першую чаргу інфаркт міякарда і інсульт, знаходзіцца на адным узроўні з атлусьценьнем ці выкурваньнем 15 цыгарэт у дзень.

У адзінокіх сталых людзей на 64% вышэй верагоднасьць захварэць на дэмэнцыю, гэта значыць мець рэзкае зьніжэнне памяці, здольнасьці канцэнтраваць увагу, запамінаць бягучыя падзеі. Пры стане адзіноты ў разы павышаецца рызыка дэпрэсіі.

Як адзінота ўзьнікае

Адзінота — гэта псыхалягічны стан, які досыць часта не супадае з чыста колькасным складам атачэньня таго або іншага чалавека. Напрыклад, сталы чалавек быццам бы жыве ў адным горадзе са сваімі дзецьмі і ўнукамі, у іх добрыя адносіны, але ён можа пачуваць сябе адзінокім і пакутаваць ад гэтага.

Адзінота — гэта псыхалягічны стан, які не супадае з чыста колькасным складам атачэньня чалавека

Гэта можа быць зьвязана, напрыклад, з сыходам спадарожніка жыцьця, блізкага сябра ці сябра. У жыцьці пра такіх людзей мы кажам «яму не хапае толькі аднаго чалавека».

Канечне, адзінокім людзям трэба дапамагаць — ненавязьліва размаўляць зь імі, сябраваць, цікавіцца іх жыцьцём. А для гэтага трэба быць уважлівымі да блізкіх і заўважаць іхню адзіноту.

Эпідэмія

Згодна з эўрапейскімі статыстычнымі дадзенымі, сем зь дзесяці эўрапейцаў могуць назваць у сваім атачэньні людзей, якія пакутуюць ад адзіноты, чвэрць дзяцей здагадваюцца, што іх бацькі пачуваюць сябе адзінокімі.

У Вялікай Брытаніі 13% усёй папуляцыі мае адчуваньне адзіноты. Пры гэтым у 92% выпадкаў чалавеку самаму карціць сказаць іншаму, што яму

33% адзінокіх людзей лічаць, што іх стан заўважны для іншых і шчыра чакаюць дапамогі

адзінока, 8 чалавек з 10 вельмі дрэнна ў псыхалягічным пляне пераносіць пачуцьцё адзіноты, 92% людзей рознага ўзросту баяцца нават дапусьціць думку, што ў іх будзе псыхалягічны стан адзіноты. І пры ўсім тым 33% адзінокіх людзей лічаць, што іх стан заўважны для іншых і шчыра чакаюць дапамогі.

Цяпер у сьвеце пра праблему адзіноты шмат гавораць і пішуць, у Вялікай Брытаніі нават зьявілася спэцыяльная пасада міністра па справах адзіноты.

У Беларусі

У нашай краіне пра праблему адзіноты бадай упершыню гучна стала казаць пісьменьніца Сьвятлана Алексевіч, якая ў сваёй кнізе «Зачараваныя сьмерцю» дасьледавала фэномэн таго, як сыход чырвонай імпэрыі адбіваецца на сумленьні людзей.

Яны губляюць арыенціры і таму аказваюцца адзінокімі перад абліччам зьменлівага сьвету, ня могуць да яго прыстасавацца і ў выніку канчаюць жыцьцё самагубствам.

Што рабіць

На першае месца трэба паставіць простую чалавечую чуласьць. Прыгледзьцеся да сваіх блізкіх, бацькоў, сяброў ці суседзяў. Калі яны скардзяцца на тое, што ў іх сапсаваны настрой, бо няма з кім паразмаўляць — паспрабуйце зрабіць гэта вы. Паспрабуйце пасябраваць з чалавекам, стаць хоць у нейкай ступені для яго блізкім.

дапамагчы простай размовай бліжняму — гэта ні з чым не параўнальнае задавальненьне

Канечне, мы жывем ва ўмовах грубай культуры, культуры «шырокіх мазкоў», якая часта не апэрыруе такімі тонкімі паняцьцямі як адзінота, настрой ці летуценнасьць. Гэта ўсё часта не для нашага побыту, не для нашай арганізацыі жыцьця, у якім ёсьць пераважна белае, чорнае і шэрае, а галоўнае — трэба выжыць.

Але давайце заставацца чулымі людзьмі. Бо дапамагчы простай размовай бліжняму — гэта ні з чым не параўнальнае задавальненьне.

Апошнія навіны

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментарый:
  • спіс каментароў пусты