haradok.info

Інфармацыйны партал

Сацыяльныя сеткі:

Навіны Гарадка Грамадства

08.10.2018 09:06

1964 прагляда

0 каментароў

Настаўнікі Лоеўскага раёну сустрэлі прафэсійнае сьвята ўдарнай працай на фэрмах

Супрацоўнікі школ Лоеўскага раёну арыгінальна адзначылі прафэсійнае сьвята — Дзень настаўніка. «Раённае кіраўніцтва загадала сёньня працаваць на фэрмах! Прыбіраць, уцяпляць, вымятаць. Абвясьцілі ў нядзелю ўсеагульны суботнік», — паведаміў Свабодзе адзін з настаўнікаў.

«Гэта поўная зьнявага і прыніжэньне! Так у нас ставяцца да настаўнікаў. Тэлефанаваў калегу — дрэнна чуваць, вецер у слухаўцы. Ён пытаецца: як ты думаеш, дзе я цяпер? Мабыць, на прыродзе, сьвята ўсё ж. Не, кажа, на фэрме — падмятаю», — распавёў Свабодзе Аляксей, калега якога працуе ў Калпенскім дзіцячым садку-школе.

Супрацоўнікі Калпенскай школы на загад «зьверху», з Лоеўскага райвыканкаму, працавалі на прыборцы мясцовай фэрмы. «Аналягічная сытуацыя і з настаўнікамі ў Крупейках, тыя таксама батрачылі сёньня, у сваё сьвята, на фэрме. Так па ўсім раёне. Падымаем з кален сельскую гаспадарку», — з сумам зазначыў Аляксей.

Працавалі сёньня на фэрмах настаўнікі, супрацоўнікі сельскіх Дамоў культуры і сельскіх саветаў у вёсках Малінаўка і Ўборак. «У Малінаўцы супрацоўнікі сельскага савету і школы вокны забівалі плёнкамі — рыхтавалі фэрму да зімы, падмяталі, чысьцілі ўсё», — распавялі Свабодзе жыхары вёскі Малінаўка.

У вёсцы Ўборак настаўнікі і супрацоўнікі мясцовага Дому культуры на малочна-таварным комплексе зьбіралі сьмецьце — паперкі, плёнкі, падмяталі.

«Пра тэрміновы суботнік у нядзелю нам стала вядома ў суботу позна вечарам. Такі далі загад. Кажуць — па ўсім раёне так», — зазначыў адзін з жыхароў вёскі Ўборак.

Настаўнікі абураныя, але кажуць з сарказмам: «Натуральна, мы ўсе былі згодныя менавіта так правесьці прафэсійнае сьвята».

Апэратыўны камэнтар у Лоеўскім райвыканкаме атрымаць не ўдалося з прычыны выходнага дня. Нашы суразмоўцы-вяскоўцы мяркуюць, што «суботнік у нядзелю» — падрыхтоўка да сьвяткаваньня 75-ай гадавіны вызваленьня Лоеўшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, які адзначаецца як Дзень гораду 16 кастрычніка.

Навіна з сайта www.svaboda.org

Апошнія навіны