haradok.info

Інфармацыйны партал

Сацыяльныя сеткі:

Навіны Гарадка Грамадства

19.02.2020 14:53

323 прагляда

0 каментароў

«Кідаюць драты на зубы і геніталіі, устаўляюць у задні праход» — украінскі журналіст пра зьняволеньне ў «данецкім Дахаў»

Украінскаму журналісту Станіславу Асееву 30 гадоў. 29 сьнежня яго вызвалілі з данбаскага палону ў межах абмену паміж так званымі «ДНР» і Ўкраінай. У месцах зьняволеньня, адно зь якіх Асееў называе канцлягерам, «данецкім Дахаў» мужчына правёў два з паловай гады. Мы сустрэліся са Станіславам Асеевым у праскім офісе Свабоды.

Станіслаў Асееў

Журналіст прызнаецца, што дагэтуль яму цяжка спаць з выключаным сьвятлом, і ён аўтаматычна намагаецца ўстаць, калі нехта заходзіць у пакой. У канцлягеры, тлумачыць Асееў, спалі з уключаным сьвятлом, і кожны раз, калі ў камэру заходзілі супрацоўнікі адміністрацыі, зьняволеныя павінны былі адразу ўскокваць, адварочвацца тварам да акна і апранаць на галаву пакет.

Ці можа данбаскі сцэнар паўтарыцца ў Беларусі?

Станіслаў прызнаецца, што да пачатку вайны на ўсходзе Ўкраіны быў прадстаўнікоў «рускага міру».

«Ідэалягічна я быў блізкі да гэтых людзей заўсёды, але калі пачаўся канфлікт, я сказаў, што „ДНР“ — гэта не мая гісторыя, якія б разьдзелы раманаў Дастаеўскага ў галаве ні былі. Тое, што я ўбачыў 1 сакавіка на першым сэпаратысцкім мітынгу і ў далейшым, адштурхнула мяне канчаткова. Калі ў 2014 годзе пачалася вайна, усе гэтыя рэчы пра „рускі мір“, асаблівую гісторыю Расейскай Фэдэрацыі, яе духоўную місію, процістаўленьне Расеі Заходу, усё гэта выветрылася канчаткова».

Практычна ўсе сябры дзяцінства Станіслава прынялі бок сэпаратыстаў. Журналіст тлумачыць гэта «катастрафічнай гуманітарнай палітыкай уладаў Украіны ў гэтым рэгіёне на працягу ўсяго пэрыяду незалежнасьці, а дакладней поўнай яе адсутнасьцю».

«Я ўспамінаю, якія фільмы мы глядзелі, на якой музыцы былі выхаваныя, якія ідэі нам навязвалі. Гэта былі парасткі таго, што зараз ёсьць у Данецку. Цяпер там дзеці вучаць геаграфію, якая заканчваецца „Данецкай народнай рэспублікай“».

Пытаемся ў Станіслава, ці можа данбаскі сцэнар паўтарыцца ў Беларусі.

«Я ня ведаю беларускіх рэалій, але для таго, каб ён не паўтарыўся, усё ж неабходна хаця б мінімальнае нацыянальнае ядро, якое будзе супрацьстаяць. Трэба гуляць на супрацьпастаўленьні. Ёсьць тэрыторыя Данбасу, ёсьць „рускі мір“, ёсьць людзі, якія хочуць размаўляць на расейскай мове. А ёсьць зусім іншы сьвет у Кіеве і на правабярэжнай Украіне, дзе спрабуюць укараніць нейкія каштоўнасьці. Калі ў Беларусі ёсьць такі нацыянальны антаганізм, то, напэўна, магчыма супрацьстаяць. Калі няма, то Беларусь можа чакаць значна горшы варыянт, чым нашу краіну, дзе забралі кавалачак зямлі. А ў вас тады пад пагрозай наогул дзяржаўнасьць».

«Вас працягваюць катаваць і вы ўсё роўна падпісваеце»

Акцыя салідарнасьці ў Кіеве

Станіслаў Асееў працаваў пазаштатным карэспандэнтам украінскага бюро Свабоды ў Данецку. Яго затрымалі летам 2017 году па абвінавачаньні ў шпіянажы.

«Шпіёнская справа — гэта наогул нейкі агульнасусьветны трэнд, — разважае Асееў. — Гэта тычыцца і ўзаемаадносінаў паміж Злучанымі Штатамі і Расеяй. І праз тое, што гэта вельмі ангажавана інфармацыйна, сапраўды незразумела, хто наогул мае дачыненьне да спэцслужбаў і працаваў на іх, а хто проста патрапіў у палітычныя пэрыпэтыі і вымушаны ахвяраваць уласным лёсам».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Прызнаньне ў кайданках. Журналіста Свабоды прымусілі заявіць у расейскім тэлеэтэры пра супрацу з украінскай выведкай

Паводле Станіслава, у Данецку шпіёнам можа стаць любы чалавек, «на якога пакажуць пальцам».

«У іх заканадаўстве шпіянаж кваліфікуецца як збор, захоўваньне або перадача інфармацыі, якая можа несьці пагрозу бясьпецы „ДНР“. А гэта ўсё, што заўгодна. Вы зрабілі фатаграфію адміністрацыйнага будынку — шпіён. Зрабілі фатаграфію крамы, у які заходзілі так званыя апалчэнцы, — вы шпіён. Таму што яны ж там былі, вы ж маглі перадаць гэтую інфармацыю, значыць, там маглі зрабіць тэракт. У маім выпадку яны наогул не замарочваліся, таму што ў мяне была велізарная колькасьць журналісцкіх і публіцыстычных артыкулаў — гэта ўжо цягнула на кваліфікацыю „экстрэмізм, удзел у экстрэмісцкай супольнасьці“, пад якой яны маюць на ўвазе ўсіх журналістаў. Што тычыцца шпіянажу, там наогул усё вельмі проста. Вам проста даюць паперы з ужо гатовым сцэнарам вашай дзейнасьці. Вы проста іх падпісваеце ці не падпісваеце. Вас далей працягваюць катаваць, і вы ўсё роўна падпісваеце».

«У адной з камэраў чалавека загналі пад нары і прымусілі брахаць»

Большую частку зьняволеньня Станіслаў правёў у так званай «Ізаляцыі» — падпольнай турме ў Данецку. Станіслаў называе гэтае месца канцлягерам.

«Калі браць не бытавыя ўмовы, а стаўленьне да людзей і тое, што там робяць з людзьмі, то гэта можна назваць канцлягерам, „данецкім Дахаў“. Там ёсьць і прыніжэньні, і катаваньні, і цяжкая фізычная праца, і згвалтаваньні — поўны набор ваенных злачынстваў, якія толькі могуць быць».

Станіслаў кажа, што яго зьбілі ў «Ізаляцыі» толькі аднойчы. Ён зьвязвае гэта з шырокай інфармацыйнай падтрымкай звонку.

«Яны [супрацоўнікі турмы] сказалі аднаму са зьняволеных, які сядзеў разам са мной у камэры і быў старэйшым, што па Асееву паступіла распараджэньне „берагчы“. Катаваньні, празь якія я прайшоў, былі ў падвале на Шаўчэнка, 26 — адміністрацыйным будынку Міністэрства дзяржаўнай бясьпекі так званай „ДНР“. А зь іншымі людзьмі, якія былі вакол мяне, усе жахі адбываліся кругласутачна. І з жанчынамі, і з мужчынамі».


Самыя жудасныя рэчы, якія бачыў у турме Асееў, зьвязаныя менавіта з катаваньнямі.

«Да іх праз нейкі час прызвычайваешся. У пэўны пэрыяд яны праводзілі іх наўпрост побач з нашай камэрай, нават у падвал не замарочвацца спускаць людзей. Гэта было ў суседняй камэры, усё было чуваць, — распавядае журналіст. — Катавалі яны тых, каго толькі прывезьлі, калі трэба было выбіць паказаньні, каб яны нешта падпісалі. Але потым пачыналася тое, што ня мае дачыненьня ні да якой апэратыўнай працы, сьледчых дзеяньняў. У адну з начэй, калі чарговым разам яны хадзілі па камэрах і „ламалі“ людзей, у адной з камэраў чалавека загналі пад нары і прымусілі брахаць. Гэта была суседняя са мной камэра. Я чуў усё, што адбываецца. Напэўна, гэта адно з самых моцных уражаньняў у гэтым месцы».

«Усю чорную працу — катаваньні, пабоі, зьдзекі — робяць мясцовыя»

Вызваленьне Станіслава Асеева. 29 сьнежня 2019 году.

Па словах Станіслава, у «Ізаляцыі» працавалі толькі жыхары Данбасу.

«Расейцы там [у „ДНР“] пачынаюцца з узроўню намесьніка міністра і вышэй. Чалавек, які дапытваў мяне ў першыя суткі арышту, на той момант быў адным з намесьнікаў так званага міністра дзяржбясьпекі. Гэта кадравы афіцэр адпаведнага рэзэрву ФСБ. Я магу пра гэта дакладна казаць, таму што, калі я ўжо апынуўся тут, высьветлілася, што нашым спэцслужбам ён ужо вельмі добра вядомы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

35 на 35: Украіна і Расея завяршылі абмен вязьнямі. Хто ў сьпісах вызваленых

Усю чорную працу — катаваньні, пабоі, зьдзекі — робяць выключна мясцовыя. Гэта людзі з былога МУС, СБУ. Расейцы вельмі рэдка ў гэта ўмешваюцца, калі ёсьць выключныя выпадкі. І тое, як правіла, яны проста назіраюць. У „Ізаляцыі“ яшчэ было некалькі ўкраінскіх вайскоўцаў, якія перайшлі на бок сэпаратыстаў у 2014 годзе.

У ваенных карпусах усё ўладкавана па-іншаму: там расейцы пачынаюцца з узроўню ротных і іх намесьнікаў. Тыя сэпаратысты, якія сядзелі са мной, пастаянна апісвалі ўсе гэтыя сытуацыі. Таму што калі яны трапляюць у гэтае месца, і іх свае ж уласныя людзі „ламаюць“, зьдзекуюцца і пагражаюць сем’ям, ужываюць яшчэ больш жорсткія меры, чым да нас, у гэтых людзей ніякіх ілюзій ужо не застаецца, і яны адкрыта кажуць пра ўсё».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Сянцоў расказаў пра катаваньні і зьдзекі ў расейскай калёніі на Ямале

У «Ізаляцыі», кажа Асееў, кожны раз, калі ў камэру заходзілі супрацоўнікі адміністрацыі, зьняволеныя павінны былі адразу ўскокваць, адварочвацца тварам да акна і апранаць на галаву пакет.

«Калі не пасьпееце ўстаць да таго, як зойдзе нехта з адміністрацыі, вас пачнуць біць адразу ж. Гэтая сыстэма дзейнічае кругласутачна. Пакеты для таго, каб не бачылі, хто зайшоў. І пакет вы павінны знайсьці самі. Як правіла, чалавека ўжо прывозяць у пакеце. Пад рукой заўсёды павінен быць пакет — сьмецьцевы або поліэтыленавы. Галоўнае, каб ён не быў празрыстым і вы не бачылі, хто стаіць. Яны ў балаклавах, але ўсё роўна гэта мэтад псыхалягічнага ўзьдзеяньня. Мне дазволілі зьняць пакет праз 8 месяцаў знаходжаньня там».

«Калі вам кідаюць драты на зубы ці геніталіі, ці ўстаўляюць у задні праход, вы гэта не вытрымаеце»

Станіслаў Асееў у праскім офісе Свабоды

Паводле Асеева, ва ўмовах зьняволеньня, праз якое ён прайшоў, не застаецца выбару агаварыць сябе ці не — у любым выпадку рана ці позна гэта адбудзецца.

«Я заўсёды кажу, што ў тым месцы ні пра які гераізм гаворкі не ідзе. Пытаньне толькі ў тым, ці захочуць вас даціснуць. Там ёсьць розныя ўзроўні ўзьдзеяньня. Самы просты, які мы нават не лічылі за ўзьдзеяньне — гэта пабоі. Калі вас бʼюць, перажыць гэта можна. Быў выпадак, калі чалавека забілі да такой ступені, што ён трапіў у рэанімацыю. Але гэта ўсё роўна фізычна вытрымаць можна.

Далей наступае стадыя катаваньняў. Катаваць таксама можна па-рознаму. Мне, напрыклад, кідалі драты на пальцы і вушы. Гэта самы просты спосаб, які да нейкага моманту трываць можна. Але далей яны будуць павялічваць сілу току, у вас пачнуцца апёкі, вы будзеце адключацца і вы страціце здароўе. А калі вам кідаюць драты на зубы ці геніталіі, ці ўстаўляюць у задні праход, вы гэта не вытрымаеце. І пяць сэкунд не пратрымаецеся, падпішыце абсалютна ўсё. Але, выкажам здагадку, што ў чалавека ёсьць нейкая паталёгія мозга і ён па-асабліваму пераносіць боль, ён змог прайсьці і гэты этап. Далей надыходзіць этап сэксуальнага гвалту. Вас „апусьцяць“, проста згвалцяць. Вы гатовыя прайсьці праз гэта? Я сумняваюся.

Ну, а калі і гэты этап будзе пройдзены, хоць я такіх людзей не бачыў, наступаюць пагрозы ў дачыненьні да блізкіх. Гэта значыць чалавека абапіраюць аб стол, яму разрываюць штаны і кажуць — спачатку мы цябе „апусьцім“, а потым прывязем тваю жонку і пусьцім па крузе, а ты на гэта будзеш глядзець. І вось калі вы прайшлі ўсе тры этапы і наступіў чацьвёрты, вы гатовыя тое ж самае зрабіць са сваімі блізкімі, то ці чалавек вы наогул? Як пасьля гэтага жыць? Таму варыянтаў не агаварыць сябе няма».

«Увесь час спалі з уключаным сьвятлом»

Станіслаў Асееў

Станіслаў Асееў на волі ўжо амаль два месяцы, але яму дагэтуль цяжка спаць. Усё з прычыны таго, што амаль увесь час знаходжаньня за кратамі ён і іншыя зьняволеныя спалі з уключаным сьвятлом.

«Ва ўсіх гэтых месцах, дзе я сядзеў, за выключэньнем лягеру, нельга было выключаць сьвятло. І зараз, калі я трапіў у іншыя ўмовы, калі могуць выключыць сьвятло ў любы момант, для мяне гэта праблема. Я яго выключаю і адчуваю псыхалягічны дыскамфорт.

У „падвале на Шаўчэнка, 26“ можна было ляжаць і спаць на працягу ўсіх сутак знаходжаньня там, пакуль вас не забяруць. Хтосьці ляжаў проста на дзьвярах. У мяне быў невялікі бальнічны тапчан. Мне ў гэтым сэнсе пашанцавала, хаця б было на чым ляжаць. Хтосьці нават накрываўся дзьвярыма, таму што было вельмі халодна. У траўні і чэрвені з роту ішоў пар. Але там са сном праблем не было, таму што хаця б дазвалялі. Іншая справа, ці зможаце вы ў такой сытуацыі заснуць.

Часам людзей у гэтым склепе прымушалі стаяць на працягу трох сутак. І нельга было нават прысесьці. Як толькі яны садзіліся, ім адразу ж адбівалі ныркі. Пра сон не ішла гаворка, проста трэба было выстаяць.

У „Ізаляцыі“ удзень спаць было цяжка. Нейкі час там было забаронена і сядзець на нарах. Мы маглі альбо хадзіць, альбо сядзець за сталом, калі ён быў. Там ёсьць камэра для новапрыбылых. Ім забаронена сядзець на нарах, яны трымаюць сьценку — калі чалавек стаіць каля сьцяны, кладзе на яе рукі вышэй за галаву і стаіць так некалькі сутак, пакуль не ўпадзе.

Тым, хто адседзеў год-два, было дазволена ляжаць на нарах. Але там вы пад пастаянным наглядам, таму ўдзень можна спаць на свой страх і рызыку».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Прэзыдэнт Радыё Свабода прывітаў вызваленьне карэспандэнтаў Свабоды з палону данецкіх сэпаратыстаў

Мужчына распавядае, што трымацца ў зьняволеньні яму дапамагала каханьне да жанчыны, зь якой Станіслаў пазнаёміўся праз сацсеткі яшчэ да зьняволеньня. Але Асееў не пасьпеў сустрэцца з дзяўчынай — пляны на два з паловай года зацягнула данбаская турма. Маладыя людзі сустрэліся ў Празе, за некалькі дзён да нашай размовы са Станіславам.

«Як пісаў Віктар Франкл, у каго ёсьць „Навошта“, той вытрымае любое „Як“. Вам трэба проста знайсьці гэтае „Навошта“. У мяне была каханая, за гэта „Навошта“ і чапляўся».

Сталі сьведкам падзеі? Зьнялі эксклюзіўнае фота ці відэа? Дасылайце ў Тэлеграм нашаму рэдактару

@SvabodaBelarus Ананімнасьць гарантуем

Апошнія навіны