haradok.info

Інфармацыйны партал

Сацыяльныя сеткі:

Навіны Гарадка Грамадства

20.02.2020 08:37

388 праглядаў

0 каментароў

Дзяўчыну асудзілі на тры гады за аварыю, у якой загінулі яе маці і бабка

Ехала з хуткасьцю 126 км/г там, дзе ёй можна было толькі 70, ня справілася з кіраваньнем, выехала на сустрэчную паласу, урэзалася ва ўседарожнік, прызнаў суд.

20-гадовая Юлія прызнаная вінаватай у парушэньні правілаў дарожнага руху, што па неасьцярожнасьці прывяло да сьмерці дзьвюх асобаў (ч.3 арт. 317 КК РБ), піша Tut.by.

Ёй прысудзілі тры гады пазбаўленьня волі ў калёніі-пасяленьні і пазбаўленьне права кіраваць транспартнымі сродкамі на 5 гадоў. Прысуд не набыў законнай моцы і можа быць абскарджаны.

Здарэньне адбылося 25 жніўня 2019 году на трасе Менск — Віцебск, каля паварота на Бараўляны. Паводле абвінавачаньня, дзяўчына ехала на легкавіку Škoda Octavia на хуткасьці 126 км/г па ўчастку, дзе ёй як кіроўцу са стажам менш за два гады дазволена ехаць не хутчэй за 70.

На месцы здарэньня, 25 жніўня 2019 году

Аўтамабіль вылецеў за межы праезнай часткі, пайшоў у занос і сутыкнуўся з Land Rover. У выніку загінулі маці і бабка Юліі, сур’ёзныя траўмы атрымаў ейны 9-гадовы брат. Чатырох чалавек з Land Rover шпіталізавалі, усе выжылі.

Паводле пракурора, Юлія выехала за межы праезнай часткі «беспрычынна». Сама абвінавачаная казала, што не разумее, як такое адбылося, і на судзе прыгадвала, што перад здарэньнем яе нібыта штурхнула ў локаць бабуля, але падрабязнасьцяў ня памятала. Сваёй віны Юлія не прызнавала — сьцьвярджала, што і не перавышала хуткасьць.

Падчас працэсу і сьведкі, і пацярпелыя прасілі пакінуць Юлію на волі.​

https://www.svaboda.org

Апошнія навіны