haradok.info

Інфармацыйны партал

Сацыяльныя сеткі:

Навіны Гарадка Грамадства

26.03.2020 14:00

195 праглядаў

0 каментароў

Беларуская інфэкцыяністка: у Швэцыі без абвяшчэньня карантыну людзей памерла менш, чым там, дзе яго абвясьцілі

Былая прарэктар Беларускага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту і загадчыца катэдры інфэкцыйных хваробаў пэдыятрычнага факультэту, кандыдат мэдычных навук, дацэнт Іна Германенка, якая сем апошніх гадоў жыве і працуе ў Швэцыі, у эксклюзіўным інтэрвію Свабодзе засьцерагае ад усеагульнага псыхозу і панікі ва ўмовах глябальнай пандэміі каранавіруса.

Сьцісла

  • Каранавірус цыркулюе ў Эўропе мінімум са сьнежня
  • Невялікая мутацыя маленькага віруса прымусіла задумацца пра інвэстыцыі ў мэдыцыну, а ня толькі ў футбол ці хакей
  • У Беларусі трэба ўвесьці карантын для дзяцей і абмежаваць грамадзкія кантакты
  • Швэцыю нельга параўноўваць зь Беларусьсю. Там зусім іншая арганізацыя сыстэмы аховы здароўя. І карантын у Швэцыі ёсьць — для старэйшых школьнікаў
  • Многія з нас ужо перанесьлі каранавірус, толькі пра гэта не здагадваюцца
  • Да сярэдзіны траўня мы ўбачым спад захворваньняў на каранавірусную інфэкцыю ў Эўропе. Але цыркуляцыя віруса на гэтым не завершыцца

Яшчэ рана ацэньваць захады Эўропы супраць пандэміі

— Ці адэкватна, на вашу думку, краіны Эўропы рэагуюць на пандэмію?

— Асноўнай мэтай карантынных мерапрыемстваў у многіх краінах зьяўляецца запавольваньне плыні паступленьня пацыентаў, якія маюць патрэбу ў інтэнсіўнай тэрапіі.

Доктарка Іна Германенка


У цяперашні час сьвет ўсхваляваны і пачуцьцё трывогі не пакідае людзей. З часам будзе магчымасьць ацэнкі адэкватнасьці прынятых мер і гэта, несумненна, дапаможа даць рэкамэндацыі на будучыню.

Я ўпэўненая, што вірус цыркулюе ў Эўропе мінімум са сьнежня. Мне здаецца, што часам мы вельмі драматызуем сытуацыю.

У той жа час сьвет «прачнуўся» і будзем спадзявацца, што многія ўсьведамляюць, што ня толькі інфармацыйныя тэхналёгіі імкліва рухаюцца наперад, але і навакольны жывёльны і расьлінны сьвет не стаіць на месцы.

Невялікая мутацыя вельмі маленькага віруса змагла спыніць бясконцыя перамяшчэньні людзей па плянэце, прымусіла задумацца пра інвэстыцыі ў мэдыцыну, а ня толькі ў футбол ці хакей. Гэтая мутацыя нагадала пра элемэнтарныя правілы гігіены, такія як мыцьцё рук або культура кашлю і чыханьня, паказала, наколькі мы можам быць уразьлівыя.

Вельмі хочацца спадзявацца, што сьвет ацэніць і надалей будзе ацэньваць самаадданую працу мэдыкаў, якія, нягледзячы на рызыку, часам сьмяротную, працягваюць выконваць сваю штодзённую працу, не спадзеючыся на бонусы і падзякі.

У Беларусі трэба завесьці карантын для дзяцей і абмежаваць грамадзкія кантакты

— Як бы вы ацанілі сытуацыю ў Беларусі і дзеяньні мэдычных уладаў у процістаяньні пандэміі каранавіруса? Днямі некалькі беларускіх лекараў, якія цяпер працуюць за мяжой, заклікалі ўвесьці ў Беларусі жорсткі карантын.

— Я цяпер жыву ў Швэцыі і ня цалкам валодаю сытуацыяй у Беларусі. Але магу сказаць, што Беларусь заўсёды жорстка трымаецца правілаў і рэкамэндацый Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя.

Наконт адсутнасьці карантыну магу сказаць, што ў Швэцыі без абвяшчэньня карантыну памерлі 36 чалавек, усе хранічна хворыя, зь некалькімі дыягназамі, ва ўзросьце каля 80 гадоў. Можаце параўнаць зь іншымі краінамі.

Кожная дзяржава прымае рашэньні самастойна сыходзячы са сваіх магчымасьцяў.

Я за карантын для дзяцей. Праблема ў тым, як вырашыць сацыяльныя пытаньні, што могуць узьнікнуць пасьля завядзеньня дзіцячага карантыну. Як даглядаць дзяцей, якія ня ходзяць у школы, а бацькі працуюць. Бабулям і дзядулям зь дзецьмі кантактаваць падчас пандэміі нельга.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«На карантын патрэбны грошы, а іх на людзей шкада». Што гавораць бацькі, калі вядуць малых у школу

Час пакажа, але я супраць гістэрыі і панікі. Мы павінны быць упэўненыя, што мэдыкі кожнай краіны робяць найбольш магчымае ва ўмовах павышанай захворвальнасьці і самааддана аказваюць дапамогу ўсімі даступнымі сродкамі. Толькі ўсе разам мы дамо рады гэтаму выкліку.

Днямі вядомы швэдзкі псыхіятар прапанаваў новы дыягназ — інфадэмія, бо колькасьць псыхічна хворых павялічылася значна хутчэй, чым колькасьць інфіцыраваных вірусам. Статыстыка паказвае, што колькасьць людзей з трывожнымі разладамі ўжо павялічылася. Наступствы інфадэміі прадказаць немагчыма, але ўжо бачны яе ўплыў — параліч эканомікі.

Ну а тое, што хворыя павінны заставацца дома і грамадзкія кантакты трэба абмяжоўваць, гэта ўсім зразумела.

Палявы шпіталь побач з рэгулярнай больніцай у Гетэбургу, 24 сакавіка

Чаму Швэцыя абрала нетыповы шлях барацьбы з пандэміяй

— Што цяпер адбываецца ў Швэцыі вакол пандэміі каранавіруса? Увесь сьвет ведае, што гэтая краіна абрала нетыповы шлях барацьбы з пандэміяй — карантын не абвешчаны, аналізы робяць толькі сур’ёзна хворым.

— Швэцыя сапраўды абрала свой шлях у сытуацыі з каранавірусам.

Пасьля паведамленьняў аб неспрыяльнай эпідэміялягічнай сытуацыі на эўрапейскім кантынэнце і росьце колькасьці інфікаваных у Італіі і Аўстрыі, якія зьяўляюцца ўлюбёным месцам для адпачынку ў лыжны сэзон, пачалася масавая інфармацыйная кампанія.

Людзям расказвалі пра шляхі прафіляктыкі распаўсюджваньня інфэкцыі, пра першыя прыкметы хваробы, пра небясьпечныя прыкметы яе прагрэсаваньня і пра неабходнасьць ізаляцыі ў выпадку праяўленьня хваробы. Таксама зьявілася магчымасьць тэставаньня.

Але хутка колькасьць інфікаваных пачала расьці і паўстала пытаньне пра неабходнасьць далейшага тэставаньня ўсіх кантактных або асоб, якія прыбылі з неспрыяльных раёнаў. У выніку было прынятае рашэньне пра немэтазгоднасьць масавага тэставаньня. Швэды вельмі прагматычныя.

У гэтым ёсьць і нешта разумнае, бо тэставаньне праводзіцца на падставе матэрыялу, узятага з насаглоткі. У той жа час аналіз дадзеных з Кітаю паказвае, што прыкметы прагрэсаваньня хваробы і, адпаведна, нарастаньня цяжкасьці яе ходу, адбываецца ў сярэднім на 10-11 дзень, калі вірус вылучаецца пераважна ўжо з калу. Такія зьвесткі апублікаваныя на падставе назіраньня за шпіталізаванымі дзецьмі. Праўда, большасьць публікацый маюць папярэдні характар і грунтуюцца на нязначных групах пацыентаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

9 патрабаваньняў. Беларускія лекары з Эўропы і ЗША зьвярнуліся да ўладаў

Дарэчы, гэты факт пацьвярджае неабходнасьць строгага выкананьня элемэнтарных правіл гігіены, сярод якіх мыцьцё рук з мылам пасьля наведваньня прыбіральні або кантакту зь біялягічнымі вадкасьцямі і экскрэмэнтамі хворага (напрыклад, замена пампэрсаў у дзяцей або старых).

Дызэнфэкцыя таксі ў Стакгольме, 24 сакавіка

Што менавіта зрабілі ў Швэцыі

— Добра, у Швэцыі няма агульнанацыянальнага карантыну, але хоць нейкія захады прынятыя?

— Так, вядома. У Швэцыі прынялі шэраг адміністрацыйных мер для папярэджаньня распаўсюджваньня каранавіруснай інфэкцыі.

Напрыклад, у звычайным выпадку пры захворваньні, чалавек, які працуе, можа застацца дома без афармленьня лекарам бальнічнага ліста да пяці дзён. Але першы дзень такой адсутнасьці, так званы «карэнс», не аплачваецца. Таму ніхто не злоўжывае.

Дык вось цяпер аплачваюцца ўсе дні і працягласьць знаходжаньня дома паводле ўласнага рашэньня і без даведкі ад лекара павялічана да двух тыдняў. Рэкамэндавана пры найменшых прыкметах рэсьпіратарнай інфэкцыі (кашаль, тэмпэратура, боль у горле, слабасьць) не ісьці на працу, апавясьціўшы працадаўцу, і знаходзіцца дома яшчэ два дні пасьля зьнікненьня сымптомаў.

Гэтыя меры не ствараюць дадатковай нагрузкі на сыстэму аховы здароўя, але дазваляюць запаволіць распаўсюджваньне інфэкцыі, чаго іншыя краіны спрабуюць пазьбегнуць з дапамогай увядзеньня карантыну.

Карантын уведзены на мінулым тыдні для навучэнцаў гімназій (ад 15 гадоў), але, фактычна, яны пераведзеныя на дыстанцыйнае навучаньне.

Абмежавана правядзеньне канфэрэнцый і відовішчаў, але гэта тычыцца імпрэзаў з удзелам больш 500 чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Беларускі лекар, які заклікаў да карантыну: «Зь Нідэрляндаў напісалі, якія вар’яты жывуць у Беларусі»

У Швэцыі існуе выдатная тэлефонная служба 1177, да якой маецца кругласутачны доступ і магчымасьць атрымаць адказ або параду ад кваліфікаванага сярэдняга мэдычнага пэрсаналу.

Усе паліклінікі і стацыянары падрыхтаваныя да вялікага патоку пацыентаў з інфэкцыяй, але ў той жа час абмежаваны прыём плянавых хворых і адмененыя плянавыя апэрацыі.

Жыхары Стакгольма глядзяць зварот швэдзкага прэм’ера Стэфана Лёвэна ў сувязі з распаўсюдам каранавірусу

Побач з бальніцамі для сарціроўкі пацыентаў ўсталяваныя намётавыя міні-станцыі, дзе працуюць мэдсёстры і лекары, якія вызначаюць неабходнасьць аналізаў або шпіталізацыі.

У Швэцыі няма візытаў лекараў «на дом», што дазваляе рацыянальна выкарыстоўваць іх функцыі і час. Лекар займаецца мэдычнай працай, а не зьяўляецца спэцыялістам у галіне дастаўкі даведак, бальнічных лістоў і «проста спытаць ці пагаварыць».

Затое тут актыўна разьвіваецца дыгіталізацыя мэдыцыны — я маю на ўвазе сустрэчы зь лекарам па скайпе. Таму асноўная частка візытаў цяпер адбываецца менавіта анлайн.

Насельніцтва вельмі добра інфармаванае, а ў выпадку неабходнасьці атрыманьня дадатковай інфармацыі аб прастудзе ці дозе гарачкапаніжальных прэпаратаў, можна патэлефанаваць ў спэцыяльную тэлефонную службу або ў дзіцячую паліклініку.

Сацыяльныя функцыі, напрыклад, дастаўку ў паліклініку, выконвае сацыяльнае ведамства. Зрэшты, на сёньня ў большасьці выпадкаў насельніцтва мае сваю машыну, а для людзей сталага ўзросту такі транспарт забясьпечвае сацыяльная служба.

Мэдычны намёт каля Каралінскага ўнівэрсытэцкага шпіталя ў Стакгольме, 19 сакавіка
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Ваша маска абараняе мяне, мая маска абараняе вас». Аповед інфэкцыяністкі, якая лечыць хворых на COVID-19

Ці ўзьнікае імунітэт пасьля каранавіруснай хваробы

— Пытаньне да вас як да інфэкцыяніста. Чаму зьяўляюцца такія супярэчлівыя паведамленьні пра імунітэт да каранавіруса. Адны пішуць, што ён не ўзьнікае, іншыя кажуць, што ўзьнікае, трэція — што ўзьнікае, але на кароткі час. У чым праблема, няўжо па аналізе крыві нельга вызначыць, узьнікаюць антыцелы ці не?

— Ня ўсё пакуль вядома, і таму нельга пэўна адказаць на пытаньне аб імунным адказе пры гэтай інфэкцыі.

Маюцца публікацыі з Кітаю аб тым, што імунная рэакцыя пры цяжкіх формах носіць дысрэгулятарны характар. Але, магчыма, таму і захварэў чалавек цяжка, што імунная сыстэма не змагла адэкватна адказаць на гэты выклік.

Тут можна шмат дыскутаваць, але мы ведаем і іншыя вірусы, напрыклад, вірус імунадэфіцыту чалавека, пры сустрэчы зь якім імунітэт не выпрацоўваецца, а толькі пашкоджваецца.

Але ў сытуацыі з каранавірусам усё ня так драматычна. Зірнуўшы на статыстыку, мы бачым, што большасьць хворых нават не здагадваюцца пра захворваньне або выздараўліваюць хутка і без наступстваў. У Ісьляндыі больш за 50% людзей са станоўчым тэстам на каранавірус нават не здагадваліся аб сваім заражэньні.

Акрамя гэтага, аналіз дадзеных паказвае, што ёсьць найбольш уразьлівыя групы, у якіх ужо маюцца праблемы са здароўем і адпаведна ахоўная рэакцыя супраць інфэкцый зьніжана.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Галоўны лекар дзіцячага шпіталя Менску заклікаў людзей заставацца дома

Але тут варта сказаць вось што. Шмат разоў мы чуем пра шкоду курэньня, але кожны, хто паліць, лічыць, што гэта не пра яго. Тым часам на сёньняшні дзень дакладна вядома, што курцы — адна з асноўных груп рызыкі цяжкага паражэньня лёгкіх пры інфэкцыі каранавіруса. Дарэчы, менавіта курэньнем на сёньняшні дзень тлумачыцца большая колькасьць мужчын сярод пацыентаў зь цяжкім ходам інфэкцыі.

У ацэнцы імунітэту пры інфэкцыях часам лёгка памыліцца, бо інфэкцыі не заўсёды працякаюць як монаінфэкцыі — напрыклад, як толькі вірусныя. Часта гэта мікст-інфэкцыя, калі вірус запускае працэс, а затым далучаюцца або актывізуюцца бактэрыяльныя або іншыя вірусныя агенты.

Спусьцелы пляц у Мальма, 19 сакавіка

— Ці можна праз два месяцы пасьля хваробы па аналізе крыві даведацца, што чалавек хварэў на COVID-19?

— Несумненна, постінфэкцыйны імунітэт фармуецца (пры адсутнасьці імунадэфіцыту або прыёму імунадэпрэсіўных прэпаратаў), але яго працягласьць патрабуе вывучэньня.

Мяркуецца, што імунітэт пасьля гэтай каранавіруснай інфэкцыі ня будзе пажыцьцёвым. Але, тым ня менш, ахоўныя фактары ў перахварэлых выяўляюцца ў дастатковай колькасьці. Дзякуючы фармаваньню постінфэкцыйных антыцелаў у крыві ачунялых, прэпараты зь іх крыві з ужо гатовымі антыцеламі былі выкарыстаныя для аказаньня дапамогі наступным цяжка хворым у Кітаі.

Постінфэкцыйныя антыцелы пасьля захворваньня выяўляюцца звычайна ў крыві праз два тыдні пасьля пачатку хваробы. Для дыягностыкі рэкамэндуецца правядзеньне сералягічных дасьледаваньняў на выяўленьне антыцелаў не раней за месяц пасьля хваробы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Колькасьць людзей, якім патрабуецца тэставаньне, будзе расьці». Якія сыстэмы тэстаў на каранавірус выкарыстоўваюць у Беларусі?

Могуць быць нюансы, якія залежаць ад хваробы. Калі цітры антыцелаў невысокія, то рэкамэндуецца паўтарыць дасьледаваньне праз два-чатыры тыдні і па зьмене канцэнтрацыі можна меркаваць аб перанесенай інфэкцыі. Такім чынам, можна даведацца, ці перанёс чалавек каранавірусную інфэкцыю COVID-19, выкліканую SARS CoV-2.

Ці выпрацуецца ў чалавецтва калектыўны імунітэт

— Часам можна сустрэць думку, што шанцаў няма і практычна ўсе людзі раней ці пазьней перахварэюць на гэтую хваробу. Ці так гэта, на вашу думку?

— На дадзены момант лябараторна пацьверджаных выпадкаў налічваецца больш за 300 тысяч, можна меркаваць, што гэтую лічбу трэба памножыць. Але на колькі? Адказ складаны, я думаю, як мінімум, на пяць — рэальна інфікаваных, відаць, у пяць разоў больш.

Я мяркую, што многія з нас ужо прынялі ўдзел у фармаваньні так званага калектыўнага імунітэту. Менавіта гэта дазваляе глядзець на эпідэміялягічную сытуацыю аптымістычна.

Ці мог каранавірус быць створаны штучна

— Ці праўда, што існуе два тыпы віруса, адзін зь якіх характарызуецца цяжэйшым цячэньнем хваробы, а другі — больш лёгкім?

— У англамоўнай літаратуры няма дадзеных аб некалькіх тыпах віруса. Магчыма, блытаніна паўстала з прычыны назвы гэтага віруса (SARS CoV-2) і хваробы, якую ён выклікае (COVID-19). Гэта значыць, клінічная карціна нагадвае цяжкі востры рэсьпіратарны сындром 2002 году, які ў ангельскай абрэвіятуры называецца SARS.

— Ці ёсьць нейкія падставы за сьцьверджаньнямі, што вірус мог быць створаны штучна, людзьмі ў лябараторыі?

— У пытаньні аб паходжаньні віруса зь лябараторыі існуе шмат дыскусій і спэкуляцый. Адназначнага меркаваньня няма.

Калі зьявяцца лекі і вакцына

— Якія пэрспэктывы распрацоўкі лекаў і вакцыны? Як доўга іх давядзецца чакаць?

— Цяпер тэстуюцца розныя групы лекавых сродкаў. Ёсьць пазытыўныя вынікі пры ўжываньні старога сродку, які выкарыстоўваецца для лячэньня малярыі. Паказана эфэктыўнасьць супрацьвіруснага прэпарата, які вывучаецца і рэкамэндуецца ў лячэньні ліхаманкі Эбола — рэмдэзівір.

Над стварэньнем вакцыны працуе шмат лябараторый, вядома пра больш чым 35 навуковых цэнтраў. Акрамя гэтага, тэстуюцца каля шасьці вакцын, створаных для барацьбы зь іншымі небясьпечнымі вірусамі. У Сыэтле (ЗША) і ў Кітаі ўжо апублікавалі зьвесткі пра пачатак выпрабаваньняў вакцыны на добраахвотніках.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

Але для стварэньня якаснай вакцыны і праходжаньня ўсіх этапаў выпрабаваньняў, звычайна патрабуецца 12-18 месяцаў. Бо пытаньне ня толькі ў стварэньні, але і ў эфэктыўнасьці і бясьпецы. Мы памятаем наркалепсію, якую адчувалі некаторыя людзі пасьля ўвядзеньня не зусім гатовай і бясьпечнай вакцыны ад сьвінога грыпу. Так што неабходная надзейная вакцына.

Калі скончыцца пандэмія

— Калі, на вашу думку, скончыцца пандэмія ў Эўропе і сьвеце?

— Разьвіцьцё эпідэміі залежыць ад шматлікіх фактараў і ад уласьцівасьцяў віруса. Гэты вірус аказаўся надзвычай кантагіёзным.

Распаўсюджваньню таксама спрыялі вельмі цесныя кантакты паміж людзьмі. Пачынаючы ад гораду Ухань, дзе першапачаткова распаўсюджваўся вірус сярод работнікаў і наведвальнікаў рынку марскіх дароў. А хто быў у Кітаі, той бачыў дрэнны стан тамтэйшай санітарыі. Акрамя таго, культура зносін насельніцтва, курэньне зноў жа, клімат і т. д.

Што тычыцца Эўропы, то маленькі каранавірус нам толькі нагадаў, што для інфэкцый не існуе межаў! Адна з самых грозных пандэмій ХХ стагодзьдзя «гішпанка» заваявала сьвет без самалётаў, узьлёты і пасадкі якіх у кожным эўрапейскім аэрапорце можна назіраць практычна штохвілінна.

Мяркую, што да лета мы ўбачым спад захворваньняў на каранавірусную інфэкцыю ў Эўропе. А дакладней — будзем чакаць гэтага да сярэдзіны траўня.

Але цыркуляцыя віруса на гэтым не завершыцца. Проста нашы сумесныя намаганьні і фармаваньне калектыўнага імунітэту прынясуць плён.

Сталі сьведкам падзеі? Зьнялі эксклюзіўнае фота ці відэа? Дасылайце ў Тэлеграм нашаму рэдактару

@SvabodaBelarus Ананімнасьць гарантуем

Парады навукоўца-інфэкцыяніста беларусам у час пандэміі

— А што б вы, як лекар і навуковец-інфэкцыяніст, параілі людзям у пэрыяд пандэміі?

— У гэты трывожны час мне вельмі хочацца параіць кожнаму з нас знаходзіць пазытыў у любой сытуацыі.

Успомніце пра тых, хто, магчыма, цяпер самотны і мае патрэбу ў нашых увазе і дапамозе, а гэта перш за ўсё людзі старэйшага ўзросту. Мы хоць і абмяжоўваем кантакты, але ёсьць магчымасьць выкарыстаньня для сувязі тэлефона або інтэрнэту.

Знаходзячыся на карантыне, ня варта забываць аб санітарыі жыльля, а гэта і праветрываньне, і вільготная ўборка, уключаючы ўсе паверхні.

Для паўнавартаснага функцыянаваньня нашых дыхальных шляхоў не рэкамэндуецца сухое паветра, якое пераважае ў кватэрах з цэнтральным ацяпленьнем. У такім выпадку ёмістасьці з вадой каля элемэнтаў ацяпленьня дапамогуць выправіць сытуацыю.

Трэба памятаць пра важнасьць вольнага насавога дыханьня, і пры яго цяжкасьці ня лішнім будзе прамываньне насавых хадоў растворамі з утрыманьнем натрыю хлярыду, якія прадаюцца ў аптэках.

Ня варта трывожыцца, калі ў нас ёсьць лёгкія катаральныя праявы, напрыклад насмарк ці лёгкае пакашліваньне. Бо цяпер у разгары сэзон прастудных хваробаў.

Гэта можа гучаць банальна, але бадзёры настрой, здаровы сон, фізычныя практыкаваньні пасьля шпацыру на сьвежым паветры, рацыянальнае харчаваньне з гароднінай і садавіной, дастатковая колькасьць вадкасьці штодня, прыём звычайных лекаў, прапісаных доктарам, дапамогуць кожнаму з нас справіцца зь любой інфэкцыяй, у тым ліку і каранавіруснай.

***

Іна Германенка — інфэкцыяніст, аўтарка пяці кніг, займалася вывучэньнем вірусаў герпэсу і ВІЧ, пастаянная удзельніца міжнародных канфэрэнцый. Працавала загадчыцай катэдры інфэкцыйных хваробаў пэдыятрычнага факультэту Беларускага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту і прарэктарам па лячэбнай працы гэтай ВНУ. Кандыдат мэдычных навук, дацэнт. Сем гадоў назад у сувязі зь сямейнымі абставінамі пераехала на сталае жыхарства ў Швэцыю. Працуе Старэйшым лекарам дзіцячага аддзяленьня бальніцы гораду Трэлеборг.

Сяргей Абламейка

Апошнія навіны