haradok.info

Інфармацыйны партал

Сацыяльныя сеткі:

Навіны Гарадка Грамадства

04.08.2020 14:22

278 праглядаў

0 каментароў

7 высноваў пасьля паездкі па Заходняй Беларусі на мітынгі Ціханоўскай

Канец мінулага тыдня Сьвятлана Ціханоўская і аб’яднаны штаб правялі ў паездцы па заходняй частцы Беларусі. Антон Трафімовіч дзеліцца сваімі ўражаньнямі ад наведваньня Ліды, Горадні, Слоніма, Берасьця і Бярозы, дзе праходзілі мітынгі.

1. «Такога не было ніколі»

Мітынг у Берасьці

У абсалютна кожным горадзе мітынгі аб’яднанага штабу сталі адметнай падзеяй. Сустрэчы з кандыдаткай Ціханоўскай ужо ўвайшлі ў гісторыю як самыя масавыя палітычныя падзеі за многія дзесяцігоддзі.

«Гэта ж гістарычны дзень», — кажа жанчына гадоў 60 сваёй сяброўцы на стадыёне ў Слоніме.

Адзіны раз, калі на гэтым стадыёне зьбіралі натоўп падчас прэзыдэнцкай гонкі, быў канцэрт Надзеі Бабкінай у 2001 годзе. Яна агітавала за Лукашэнку на прэзыдэнцкіх выбарах, і тады на стадыён заганялі людзей зь дзяржаўных прадпрыемстваў. Гэтым разам людзі стаялі ледзь не ў кілямэтровай чарзе, каб трапіць на стадыён «Дынама».

Пра што казаць, калі ў 50-тысячных Слоніме і Ваўкавыску на мітынгі прыйшло болей людзей, чым на большасьць акцый апазыцыі ў 2-мільённым Менску ў апошнія гады.

2. У кожнага беларуса схаваны дома бел-чырвона-белы сьцяг

Мітынг у Лідзе 31 ліпеня

Ліда больш за іншыя гарады ўразіла сьцягамі. Там хіба іх была найбольшая канцэнтрацыя. Але адкуль?

«Гэта сьцяг майго бацькі, які ён купіў яшчэ ў 1991 годзе», — расказвае малады хлопец на мітынгу ў Лідзе.

Выходзіць, што Беларусь — гэта сапраўды партызанскі край, дзе ў кожнага дома схаваны бел-чырвона-белы сьцяг. І ў гадзіну Х беларус дастае з шафы сьцяг, які ляжаў там 10, 20, а ў кагосьці і 30 гадоў.

«Я хачу купіць бел-чырвона-белы сьцяг, — размаўляе з кімсьці праз тэлефон хлопец гадоў 20 ужо ў Берасьці. — Вялікі, хачу вялікі сьцяг».

Карацей, Багдановіч меў рацыю, калі сто гадоў таму пісаў «Не разьбіць, не спыніць, не стрымаць».

3. Войска з народам

Дэсантнікі на мітынгу ў Берасьці

Усе бачылі кадры зь Берасьця, дзе былыя дэсантнікі прыйшлі на мітынг Ціханоўскай зь бел-чырвона-белымі сьцягамі і кукардамі з «Пагоняй». На выступе галоўнай суперніцы Лукашэнкі лунала зь дзясятак сьцягоў паветрана-дэсантных войскаў. У іншых гарадах вайскоўцы запасу таксама прыходзілі на сустрэчы зь Ціханоўскай у форме. А дзейныя вайскоўцы і курсанты вайсковых ВНУ асьцярожна назіралі за мітынгам збоку. У адным з гарадоў я разгаварыўся з двума маладымі хлопцамі, якія аказаліся дзейнымі афіцэрамі. Яны вельмі хацелі трапіць на мітынг Ціханоўскай і знайшлі «бясьпечны» пункт, каб усё бачыць, але ня быць заўважанымі.

4. Людзі не баяцца гаварыць на камэру

Дзеці на мітынгу ў Горадні 1 жніўня 2020 году

Журналісты ведаюць, наколькі беларусы асьцярожныя і недаверлівыя. І наколькі цяжка разгаварыць незнаёмага чалавека на вуліцы. І тым больш на вострую тэму, каб ён выказаўся пра палітыку. А калі на камэру, дык гэта амаль немагчыма. Дагэтуль цяжка паверыць, што людзі просяцца ў кадар, каб выказацца журналістам. Чэргі, каб даць інтэрвію журналістам — гэта тое, пра што калісьці расказвалі калегі з Украіны і што ніяк немагчыма было ўявіць у Беларусі. Нават блізка. А цяпер без аніякага страху беларусы вельмі шчыра выказваюцца, не хаваючы свайго твару.

5. Бюджэтнікі адкрыта пратэстуюць

Што важна, бяз страху на камэру гавораць нават тыя, хто працуе на дзяржаўных прадпрыемствах і нават у бюджэтных арганізацыях — школах і паліклініках. Людзі, якіх застрашваюць на працы звальненьнем і праблемамі для сям’і, прыходзяць на мітынгі і разважаюць пра палітыку.

6. «Жыве Беларусь!»

Горадня, 1 жніўня

Натоўп у Слоніме і Бярозе заводзіцца воклічам «Жыве Беларусь!». І гэта пры тым, што большасьць людзей у гэтым натоўпе яшчэ два месяцы таму нават ня думала пра ўдзел у палітычнай акцыі. А цяпер аж заходзяцца ад словаў «Жыве Беларусь». А потым «Верым! Можам! Пераможам!», як бы ні стараліся прадстаўнікі аб’яднанага штабу навязаць свой лёзунг «Любім! Можам! Пераможам!» Выявілася, што тое, што шмат хто лічыў апазыцыйнымі лёзунгамі, насамрэч — народныя воклічы.

7. Максымальная палітызацыя насельніцтва

Чарга на мітынг Ціханоўскай у Слоніме 1 жніўня

«Давайце без палітыкі», — цяпер людзі не завяршаюць такімі словамі любую вострую размову, якая перацякае ў абмеркаваньне Лукашэнкі. Цяпер пра палітыку чуеш з-пад кожнага куста. У тэкстыльнай краме, дзе разьбіраюць на бранзалеты ўсю белую тканіну, на запраўцы, у начным бары.

Упершыню за шмат гадоў людзі прагнуць абмеркаваньня палітыкі. У тым ліку і дзеля гэтага яны прыходзяць на мітынгі. Каб проста выгаварыцца. Ці сябрам, ці незнаёмым людзям.

«Дзякуй, што мяне выслухалі», — так часта заканчваюць сваю прамову суразмоўцы стрымаў Свабоды. Такое ўражаньне, што людзі выпускаюць зь сябе думкі, якія трымалі ў сабе 26 гадоў.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Антон Трафімовіч

https://www.svaboda.org/

Апошнія навіны