haradok.info

Інфармацыйны партал

Сацыяльныя сеткі:

Навіны Гарадка Здарэнні

03.01.2019 14:26

1177 праглядаў

0 каментароў

Даішнік перад Новым годам на сваім аўто насьмерць зьбіў пэнсіянэра і ўцёк

У телеграм-канале NEXTA зьявілася інфармацыя аб тым, што ў Магілёўскім раёне інспэктар ДАІ з Чэрыкава насьмерць зьбіў пэнсіянэра і ўцёк, паведамляе Tut.by. У канале разьмешчана фота апэратыўнай міліцэйскай зводкі для ўнутранага карыстаньня за 1 студзеня 2019 году.

У адкрытай зводцы на сайце МУС пра гэтае ДТЗ ня згадваецца.

Паводле інфармацыі з закрытай зводкі, раніцай 1 студзеня на ўзбочыне дарогі каля вёскі Семукачы Магілёўскага раёну знайшлі труп пэнсіянэра. Паводле вонкавых прыкмет, мужчыну зьбіла машына.

«Высьветлена, што наезд 31 сьнежня ў 19.30, кіруючы асабістай аўтамашынай Audi, учыніў малодшы інспэктар ДПС АДАІ Чэрыкаўскага РАУС 1995 году нараджэньня», — гаворыцца ў паведамленьні.

Цела мужчыны знайшлі каля 9.50 раніцы, з чаго можна зрабіць выснову, што кіроўца ўцёк зь месца ДТЗ.

Даішніка затрымалі, у дачыненьні яго завялі крымінальную справу за парушэньне правілаў дарожнага руху, што пацягнула па неасьцярожнасці сьмерць чалавека (арт. 108 КК РБ).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Сястра мужчыны, які нібыта ўчыніў суіцыд у міліцэйскай машыне: «Яны вінаватыя, прыкрываюць сябе»

У Семукачах Tut.by распавялі, што цела пэнсіянэра сапраўды знайшлі раніцай 1 студзеня на ўзбочыне. Мужчыну будуць хаваць сёньня, 3 студзеня. А хлопца, які быў за рулём Audi, у аграгарадку многія ведаюць, хаця б зрокава.

«Ён да дзяўчыны сваёй часта прыяжджаў у госьці. Яго Вася завуць, — распавялі мясцовыя жыхары. — А хто ён, як усё адбылося — невядома».

Атрымаць афіцыйны камэнтар у міліцыі Tut.by пакуль не ўдалося, але факт сьмяротнай аварыі 31 сьнежня каля вёскі Семукачы пацьвердзіў афіцыйны прадстаўнік абласнога ўпраўленьня Сьледчага камітэту Сяргей Болсун.

«Сапраўды, у СК знаходзіцца крымінальная справа ў дачыненьні 23-гадовага жыхара Чэрыкава. Расьсьледаваньне знаходзіцца на першапачатковым этапе, таму пакуль няма інфармацыі аб фізычным стане кіроўцы ў момант ДТЗ», — сказаў Болсун.

https://www.svaboda.org

Апошнія навіны