haradok.info

Інфармацыйны партал

Сацыяльныя сеткі:

Навіны Гарадка Здарэнні

12.08.2019 14:14

318 праглядаў

0 каментароў

Таямнічы выбух на поўначы Расеі. Загінулі пяць супрацоўнікаў карпарацыі, якая будуе Астравецкую АЭС

«Росатом» дагэтуль не раскрыў падрабязнасьцяў здарэньня, якое адбылося 8 жніўня. Незалежныя экспэрты гавораць пра выбух атамнага рэактара.

У панядзелак 12 жніўня ў расейскім горадзе Сароў, райцэнтры Ніжагародзкай вобласьці, пройдзе ўрачыстае разьвітаньне зь пяцьцю навукоўцамі Ўсерасейскага навукова-дасьледчага інстытуту экспэрымэнтальнай фізыкі. Усе яны загінулі 8 жніўня.

11 жніўня кіраўніцтва інстытуту прызнала, што навукоўцы сталі ахвярамі выбуху ядзернага рэактара, які распрацоўвалі на замову карпарацыі «Росатом». Той самай, якая будуе атамную электрастанцыю ля Астраўца. «Росатом» факт выбуху ядзернага рэактара пакуль афіцыйна не прызнаў.

Што адбылося?

Паведамленьні пра буйны выбух на марскім палігоне непадалёк ад узьбярэжжа Белага мора ў Архангельскай вобласьці Расеі зьявіліся 8 жніўня. У першыя гадзіны пасьля выбуху Мінабароны Расеі распаўсюдзіла паведамленьне аб траўмаваньні шасьці вайскоўцаў і цывільных спэцыялістаў падчас выбуху рэактыўнага рухавіка. Тады ж, 8 жніўня, на афіцыйным сайце адміністрацыі Архангельскай вобласьці зьвялася інфармацыя пра перавышэньне радыяактыўнага фону ў горадзе ўдвая. 9 жніўня паведамленьне было выдаленае. Жыхары Архангельска пачалі масава скупляць ёд у аптэках.

/**/ /**/ /**/
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Падвышаны радыяцыйны фон і двое загінулых. Што адбываецца на расейскім сакрэтным аб’екце?

У той жа дзень у ваколіцах палігона быў заўважаны спэцыялізаваны танкер «Серабранка», які займаецца зборам вадкіх радыяактыўных выкідаў. Пра гэта са спасылкай на дадзеныя спадарожнікаў паведаміў амэрыканскі экспэрт у ядзернай зброі з інстытуту міжнародных дасьледаваньняў Мідлбэры ў Мантарэі Джэфры Льюіс. Расейскія ўлады інфармацыю пра «Серабранку» не пракамэнтавалі.

10 жніўня шэраг расейскіх СМІ апублікавалі першую інфармацыю пра ахвяраў. Паводле яе, у выніку нявызначанага выбуху на месцы здарэньня загінулі 5 чалавек, яшчэ трое былі параненыя. У той жа дзень выданьне BAZA апублікавала відэа перавозкі параненых выбухам у Белым моры ў Цэнтар ядзернай мэдыцыны ў Маскве.

Калёну машын «хуткай дапамогі» суправаджалі аўтамабілі паліцыі. Кіроўцы «хуткіх» пры гэтым былі ў касьцюмах хімічнай абароны, а самі аўтамабілі абгорнутыя поліэтыленавай плёнкай.

Цяпер акваторыю Белага мора вакол месца здарэньня закрылі для суднаходзтва. Новых афіцыйных камэнтароў Мінабароны Расеі і карпарацыі «Росатом», спэцыялісты якой працавалі на палігоне, пакуль не было.

Што выбухнула?

Паведамленьне расейскіх вайскоўцаў пра тое, што ля Архангельску адбыўся выбух звычайнага ракетнага рухавіка, адразу сутыкнуліся з вострай крытыкай. Паводле незалежных расейскіх СМІ, прыярытэтнай зьяўляецца вэрсія пра выбух новага ядзернага ракетнага рухавіка. Пра яго стварэньне яшчэ летам 2018 году СМІ расказаў сам Уладзімір Пуцін. Паводле неафіцыйных зьвестак, у рухавік для ракеты «Буревестник» уваходзіць кампактны ядзерны рэактар, які дазваляе ёй рухацца неабмежаваны час і зь непрадказальнай траекторыяй. Больш падрабязнай інфармацыі аб праекце «Буревестник» няма, ён засакрэчаны.

/**/ /**/ /**/
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ядзерны інцыдэнт пад Северадзьвінскам адбыўся з прычыны «фатальнага зьбегу абставінаў»

У нядзелю 11 жніўня кіраўніцтва Ўсерасейскага навукова-дасльдедчага інстытуту экспэрымэнтальнай фізыкі выступіла з заявай, у якой прызнала, што падчас выпрабаваньняў у Белым моры выбухнуў ядзерны рэактар. А ў выніку выбуху загінулі пяць расейскіх навукоўцаў-атамшчыкаў. Выступ кіраўнікоў інстытуту паказалі па мясцовай тэлевізіі і надрукавалі ў мясцовай газэце. Дзяржаўныя расейскія СМІ гэтай інфармацыі пакуль не апублікавалі.

«Мы цяпер спрабуем разабрацца, працуем у цесным кантакце зь дзяржаўнай камісіяй, аналізуем увесь ланцуг падзей для таго, каб і ацаніць маштаб аварыі, і зразумець яе прычыны, каб выключыць магчымасьць падобных аварый у будучыні», — цытуе выданьне «Фонтанка.ру» словы навуковага кіраўніка інстытуту экспэрымэнтальнай фізыкі Вячаслава Салаўёва.

Пры чым тут Беларусь?

Усерасійскі навукова-дасьледчы інстытут экспэрымэнтальнай фізыкі, пяцёра навукоўцаў якога загінулі падчас выпрабаваньняў ракетнага рухавіка зь ядзерным рэактарам, уваходзіць у склад дзяржаўнай карпарацыі «Росатом». Нягледзячы на заявы кіраўніцтва інстытуту, «Росатом» дагэтуль не прызнаў, што ў Белым моры выбухнула атамнае прыстасаваньне. Ніякіх падрабязнасьцяў пра здарэньне карпарацыя таксама не апублікавала.

Беларусам «Росатом» вядомы найперш тым, што зьяўляецца праектантам і асноўным падрадчыкам на будаўніцтве Астравецкай АЭС. Расейская кампанія выйграла тэндэр, абвешчаны беларускімі ўладамі. Ядзернае паліва на БелАЭС плянуецца завезьці да 1 кастрычніка, тэставы пуск першага рэактара станцыі заплянаваны да канца году.

/**/ /**/ /**/
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Вільні правядуць вучэньні, каб падрыхтавацца да патэнцыйнай аварыі на БелАЭС

Пры гэтым як мінімум адзін буйны скандал з удзелам «Росатома» падчас будаўніцтва Астравецкай АЭС ужо меў месца. 10 ліпеня 2016 году падчас перамяшчэньня па будаўнічай пляцоўцы рабочыя ўпусьцілі корпус рэактара з вышыні некалькі мэтраў. Вядома пра гэта стала толькі дзякуючы сацыяльным сеткам і публікацыям беларускіх недзяржаўных СМІ. Афіцыйна пра інцыдэнт «Росатом» паведаміў праз два тыдні пасьля здарэньня. 1 жніўня 2016 году кіраўніцтва расейскай карпарацыі пагадзілася замяніць пашкоджаны корпус, калі беларускія ўлады пажадаюць гэта зрабіць.

Што варта ведаць пра БелАЭС

  • Беларуская АЭС ад 2011 году ўзводзіцца пад Астраўцом, што ў Горадзенскай вобласьці, у 22 км ад мяжы зь Літвой, у каля 50 км ад Вільні і 125 км ад Менску.
  • Запуск першага энэргаблёку заплянаваны на сьнежань 2019 году, другога — на ліпень 2020-га. Першапачаткова запуск плянаваўся на год раней, Аляксандар Лукашэнка заяўляў, што тэрміны сарвала Расея.
  • Для яе будаўніцтва выбраны праект АЭС-2006 — тыпавы расейскі праект атамнай станцыі новага пакаленьня з выкарыстаньнем вода-вадзянога энэргетычнага рэактара ВВЭР-1200. Паводле падобнага праекту расейцы ўжо збудавалі Цяньваньскую АЭС у Кітаі, але менавіта такіх станцыяў яшчэ не запускалі.
  • Астравецкая АЭС узводзіцца расейцамі — дзяржаўнай кампаніяй «Росатом» — за кошт крэдыту Расеі. Беларусь пазычыла да 10 млрд даляраў для фінансаваньня 90% кошту будаўніцтва двух энэргаблёкаў АЭС. Пагашэньне крэдыту пачынаецца праз 6 месяцаў з даты ўводу ў эксплёатацыю АЭС, але не пазьней за 1 красавіка 2021 году. Беларусь просіць Расею падоўжыць крэдыт на 10 гадоў.
  • 100% паліва для БелАЭС будзе з Расеі. Але беларускае Мінэнэрга заяўляе, што «АЭС — гарантыя энэргетычнай бясьпекі Беларусі».
  • На станцыі будуць два энэргаблёкі з рэактарамі ВВЭР-1200 (В-491) магутнасьцю да 1200 МВт кожны. То бок праектная магутнасьць АЭС — 2,4 тысячы МВт. Калі АЭС запрацуе на поўную магутнасьць, станцыя дасьць 18 мільярдаў кіляват-гадзін на год — палову таго, колькі цяпер спажывае Беларусь. Куды падзець лішкі энэргіі, пакуль ня вырашылі. Суседнія краіны не зацікавіліся пакупкай электраэнэргіі зь БелАЭС, а Літва заклікае байкатаваць энэргію са станцыі.
  • Літва ня раз ставіла пад сумнеў абраньне для будаўніцтва АЭС астравецкай пляцоўкі. Краіна называла 10 прычынаў не будаваць БелАЭС. Літва пратэстуе супраць БелАЭС на найвышэйшым дзяржаўным узроўні, выказвае пратэсты ў міжнародных структурах. Літву падтрымлівае прэзыдэнтка Эстоніі.
  • Пляцоўка Астравецкай АЭС была прызнаная небясьпечнай яшчэ ў 1993 годзе. Тады было знойдзена 7 прыдатных пляцовак, 15 умерана прыдатных і 6 непрыдатных. Астравецкая пляцоўка трапіла ў лік апошніх.
  • Улады і чыноўнікі Беларусі нясьпешна рэагуюць на паведамленьні пра інцыдэнты на будаўніцтве ўласнай атамнай станцыі. Звычайна пра здарэньні на БелАЭС афіцыйна расказваюць пасьля таго, як зьвесткі пра іх зьяўляюцца ў СМІ — так, пра падзеньне корпуса рэактара расказалі толькі пасьля міжнароднага ціску. Урэшце корпус, які ўпаў, замянілі (расейцы зьбіраюцца выкарыстаць яго на іншай АЭС). Новы выпадкова стукнулі аб слуп, але пашкоджаньняў ня выявілі, вырашылі не мяняць корпус другі раз.
  • Адпрацаванае ядзернае паліва зь БелАЭС застанецца ў Беларусі. Эколягі сьцьвярджаюць, што Беларусь выбірае самы дарагі і небясьпечны спосаб захоўваць адпрацаванае паліва з АЭС
  • Алесь Пілецкі
  • https://www.svaboda.or

Апошнія навіны