haradok.info

Інфармацыйны партал

Сацыяльныя сеткі:

Навіны Гарадка Здарэнні

24.08.2019 13:12

300 праглядаў

0 каментароў

«На ім адпрацоўвалі прыёмы». Гарадзенец апынуўся ў рэанімацыі пасля збіцця міліцыянтамі

Дзяніс Лук’янаў вяртаўся з фестывалю пад Горадняй, калі міліцыя затрымала яго за знаходжанне ў нецвярозым стане. Сям’я сцвярджае, што АМАПаўцы жорстка збілі яго. Сам гарадзенец цяпер знаходзіцца ў рэанімацыі з дыягназам «некроз мышцаў» і заражэннем крыві. Ён перанёс ужо 6 аперацыяў і можа страціць нагу.

20 ліпеня ля вёскі Кароліна пад Горадняй адбыўся аўтамабільны фестываль «SunDay». 36-гадовы Дзяніс Лук’янаў адпачываў там з сябрамі, яны выпілі разам. Калі пачалі разыходзіцца, Дзяніс развітаўся з кампаніяй і збіраўся ўжо пайсці дадому — там яго чакала жонка з трыма маленькімі дзецьмі. Тэрыторыю фэсту патрулявалі некалькі дзясяткаў міліцыянтаў, у тым ліку байцы АМАП. Як распавядаюць сваякі Дзяніса, менавіта яны і заўважылі яго нападпітку.

На фестывалі ў дзень здарэння. Фота даслалі сваякі

«Потым я пыталася ў брата, магчыма, ён з некім пасварыўся, пабіўся, але ён казаў, не, проста хадзіў навокал. Раптам да яго падышлі двое АМАПаўцаў, узялі пад рукі і павялі ў суседні лес, далей ад паляны, дзе былі людзі», — распавядае стрыечная сястра Дзяніса Дар’я Салянік. Яна гарадзенка, але жыве ў Нарвегіі і перыядычна наведвае родных у Беларусі. Гэтым разам засталася надоўга, бо ў сям’і здарылася няшчасце.

«У лесе сілавікі пачалі адразу ж біць яго. Як ён распавядаў мне потым, на ім адпрацоўвалі прыёмы. Білі гумавымі дручкамі па ягадзіцах, сцёгнах і нагах. Потым узялі пад рукі, перавялі ў машыну ўчастковага адвезлі ў РАУС для складання пратаколу. Пасля чаго Дзяніса завезлі ў выцвярэзнік, дзе той правёў ноч, а раніцай вярнуўся дадому», — кажа Дар’я.

Дзяніс з дзецьмі. Фота даслалі сваякі

Паводле яе словаў, на трэці дзень пасля здарэння Дзяніс не здолеў выйсці на працу (ён працуе механікам у гаражы), бо зрабілася блага, моцна забалела нага. Тады ён узяў адгул і збольшага ляжаў, але стан штодня пагаршаўся — праз тыдзень мужчына ўжо кульгаў. Ні жонцы, ні маці ён не прызнаваўся ў прычыне кепскага самаадчування — «саромеўся сказаць, што мянты збілі».

Жонка Дзяніса Юлія не мела часу на доўгую гутарку, але пацвердзіла, што ўсё было менавіта так: «Магчыма, ён не прызнаваўся, бо баяўся, што я пачну сварыцца або не хацеў разгалошваць, — мы ўсё ж шматдзетная сям’я»

«Пры гэтым спачатку відавочных слядоў збіцця не было, бо яны ж білі адмыслова, каб іх не пакідаць, дручкамі. Дзяніс спачатку думаў, што пабаліць і пройдзе, цярпеў. Калі стала зусім невыносна, паднялася высокая тэмпература, выклікалі „хуткую“, але забіраць у шпіталь з такімі сімптомамі яго не хацелі. Калі „хуткая“ у чарговы раз прыехала 9 жніўня, у яго на ягадзіцы з’явілася чорная гематома з гноем», — гаворыць Дар’я.

Гэтак цяпер выглядае нага Дзяніса. Фота даслалі сваякі

Дыягназ пры шпіталізацыі — некроз (амярцвенне) мышцаў. Гэта паталагічны працэс, калі ў жывым арганізме адміраюць мяккія тканіны. Часцей за ўсё некроз узнікае ў выніку вонкавага або ўнутранага пашкоджання арганізму. Дар’я кажа, што за апошнія тыдні Дзяніс перанёс 6 хірургічных умяшальнняў: яму неаднаразова разразалі нагу і спрабавалі чысціць мёртвыя тканіны, але ж інфекцыя патрапіла ў кроў і лімфу.

«Цяпер у яго няма ўжо паловы ягадзіцы і па ўсёй назе адтуліны ад выразаных мышцаў. Ён у свядомасці, але тэмпература вельмі высокая. Яго пераводзілі ўвесь час з траўматалогіі ў рэанімацыю, але пазаўчора вырашылі пакінуць у рэанімацыі, стан агулам ацэньваюць як стабільны цяжкі».

Праблема ў тым, што прозвішчаў тых, хто яго збіваў, Дзяніс не ведае, яны не называліся. Таму ў пісьмовай скарзе сваякі апісалі ўсю сітуацыю са словаў Дзяніса і распавялі, да якіх наступстваў прывяло збіццё. Скаргу даслалі ў гарадзенскую пракуратуру, Следчы камітэт і службу ўнутранай бяспекі МУС. Адказаў з гэтых інстанцыяў сям’я пакуль не атрымала.

З дакументаў у іх на руках — толькі пастанова ад адміністратыўным правапарушэнні. Там гаворыцца, што «20 ліпеня прыкладна а 18.00 Лук’янаў з’явіўся ў грамадскім месцы — на свяце „Сан Дэй“ у стане алкагольнага ап’янення, меў неахайны выгляд, шаткую паходку, няўцямную гаворку, рэзкі пах алкаголю з роту, чым сваймі дзеяннямі абражаў чалавечую годнасць і грамадскую мараль». Паколькі раней ён на адміністратыўнай адказнасці не прыцягваўся, Дзяніса аштрафавалі на 0, 2 базавых велічыні (5 рублёў 10 капеек) паводле ч. 1 арт. 17.3 КоАП. З дакументу вынікае, што віну ён нібыта прызнаў.

Што датычыць лекараў гарадзенскага шпіталя хуткай дапамогі, яны ведаць пра збіццё, але выдаваць сваякам медычнае заключэнне не могуць, пакуль пацыент знаходзіцца ў рэанімацыі. Дар’я, якая штодня кантактуе з лекарам Дзяніса, кажа: яны могуць зрабіць гэта толькі па патрабаванні пракуратуры або СК.

Участковы, які складаў пратакол на Дзяніса і, адпаведна, мог бачыць яго збітым — лейтэнант Сяргей Карпук. Мы знайшлі ягоны службовы мабільны нумар, аднак там адказалі, што цяпер ён у адпачынку. Іншыя ж супрацоўнікі пра сітуацыю нібыта не чулі.

Падрабязнасці гісторыі таксама публікуе блогер NEXTA:

Милиционеры, которых «президент» Лукашенко недавно распекал за чрезмерное применение силы (а новый глава МВД Караев смущённо кивал), месяц назад зверски избили человека. Он сейчас в реанимации.

— Мой брат Денис с другом и его девушкой 20 июля поехали на автофестиваль SunDay под Гродно, — рассказала наша подписчица. — Чуть выпили, а потом брата ненадолго оставили одного. К нему подошли два сотрудника ОМОН, взяли под руки и утащили в лес, где, как он потом рассказал, на нём «тренировали удары» и «отрабатывали приёмы». Избили страшно, а затем наряд во главе с участковым Карпуком завёз брата в РОВД для составления протокола. Оттуда — в вытрезвитель.

Через три дня у Дениса начали сильно болеть нога и ягодица, при том, что ни одного синяка на них видно не было (били профессионально). А в течении пары недель развился некроз мышц. Сейчас он лежит в реанимации и перенёс уже 6 операций. Грозит ампутация ноги, а возможен и летальный исход. У парня — жена и трое маленьких детей.

20 жніўня падчас нарады па пытаннях якасці працы праваахоўных органаў Аляксандр Лукашэнка жорстка раскрытыкаваў сілавікоў, ужываючы спецыфічную лексіку. Тады ён заявіў, што «некаторыя ў пагонах прыбурэлі і абарзелі». Калі кіраўнік дзяржавы і не меў на ўвазе выпадкі міліцэйскага гвалту, у Беларусі яны — ня рэдкасць.

https://belsat.eu/

Апошнія навіны