haradok.info

Інфармацыйны партал

Сацыяльныя сеткі:

Навіны Гарадка Здарэнні

16.12.2019 18:07

1075 праглядаў

0 каментароў

Жанчыну з Гарадка прысудзілі да псыхушкі : «Замахнулася нажом на судовых выканаўцаў».

Суд Гарадоцкага раёну прысудзіў 42-гадовую Алену Емяльянаву да прымусовага лячэньня ў псыхіятрычным стацыянары. Паводле пастановы, яна «замахнулася нажом на службовых асобаў», перашкодзіўшы ім выконваць свае абавязкі (ч.1 арт. 366 КК). Жанчына ня згодная з такім рашэньнем, але да ўдзелу ў судзе яе проста не дапусьцілі...

Жыхарка Гарадку Алена Емяльянава своечасова не заплаціла за паслугі дзяржадваката, які раней браў удзел у разводным працэсе. Зараз Алена жыве ў доме маці. Менавіта туды 11 чэрвеня прыйшлі судовыя выканаўцы.

Паводле пастановы Гарадоцкага райсуду, Емяльянава «ў мэтах перашкоды законнай дзейнасьці службовым асобам аддзелу прымусовага выкананьня Гарадоцкага раёну», «выказваючы пагрозы забойствам, замахвалася і дэманстратыўна накіроўвала нож у бок выканаўцаў».

Зрабілі непрытомнай і да працэсу не дапусьцілі

Судовая выканаўца Болдырава, расказала на судзе ў Гарадку, што падчас яе размовы па тэлефоне з маці Емяльянавай, Алена «ўзяла са стала кухонны нож у левую руку, узьняла яго над галавой і пачала рухацца ў іх бок».

Аспрэчыць паказаньні пацярпелых Алена Емяльянава магчымасьці ня мела, бо суд, спаслаўшыся на вынікі псыхіятрычнай экспэртызы, адмовіў ёй ва ўдзеле ў працэсе. Дарэчы, экспэртыза праводзілася амбуляторна — гэта размова ў кабінэце з вывучэньнем дакумэнтаў. Ніякіх іншых стацыянарных дасьледаваньняў у дачыненьні абвінавачанай ніхто не праводзіў.

Паводле той экспэртызы, Алену прызналі непрытомнай («невменяемой»).

Маці: «Маю дачку абылгалі»

Ня дала выніку і прыватная скарга ў абласны суд, якую ў якасьці законнай прадстаўніцы падавала маці Алены. У скарзе падкрэсьлівалася, што судовы разбор у Гарадку праходзіў з абвінаваўчым ухілам і што ў суду меліся ўсе падставы прызначыць дачцэ амбуляторнае лячэньне па месцы жыхарства, а не ў псыхіятрычным стацыянары.

Маці сьцьвярджала, што яе дачку проста абылгалі: «Магчыма, крыўда, што выгналі і сумку выкінулі, і стала падставай, каб яе абылгаць».

Скаргу ў аблсудзе не задаволілі, а саму Алену папрасілі пакінуць судовую залю — непрытомная ж...

Літаральна на днях пастанова Гарадоцкага суду аб прымусовым псыхіятрычным лячэньні Емяльянавай набыла законную моц. У любы момант за ёй могуць прыехаць праваахоўнікі з санітарамі.

Емяльянава: Яны кожнага могуць прызнаць псыхам

«Вось і дакажы цяпер, што я ня слон. Ведаеце, яны кожнага могуць пасьля размовы ў кабінэце псыхіятра прызнаць непрытомным псыхам. Кожнага!..» — абураецца Алена.

Мы сустрэліся ў Віцебскім абласным судзе 11 сьнежня. Алена і яе маці толькі што схадзілі на асабісты прыём да старшыні аблсуду, суправаджаў іх праваабаронца Павал Левінаў. Толькі там Алена змагла нарэшце агучыць сваю вэрсію здарэньня. Паўтарае яе і для аўтара гэтых радкоў. Расказвае спакойна і лягічна. На псыхічна хворую ніяк не выглядае.

Кажа, што, калі прыйшлі судовыя выканаўцы, яна, запарыўшы гарбату, наразала нажом апэльсін.

«Яны сварыліся некалькі хвілін па тэлефоне з маці, я тым часам даразала апэльсін, потым забрала ў іх тэлефон, пераклаўшы нож у левую руку, і сказала, каб яны сыходзілі прэч, бо ў гэтым доме няма маёмасьці, якая б належала мне. Так, нож быў. Магчыма, я яго прыпадняла да ўзроўню грудзей, жэстыкулюючы пры размове. На гэтым усё! Я ні за кім ня гналася, не крычала, што заб’ю ці зарэжу. Усё гэта хлусьня!» — сьцьвярджае Алена Емяльянава.

«Дарэчы, сьледчы экспэрымэнт на месцы не праводзіўся. Каб выехалі, то пабачылі б, што ўсе паказаньні судовых выканаўцаў, мякка кажучы, перабольшаныя», — дадае праваабаронца Павал Левінаў.

Старшыня аблсуду абяцае разабрацца

Высьветлілася таксама, што празь некаторы час у той жа дзень да Алены прыехалі міліцыянты з кайданкамі. Каб абараніцца і пазьбегнуць гвалтоўнага затрыманьня, Алена інсцэніравала суіцыд, прыставіўшы да шыі манікюрныя нажнічкі — міліцыянты вымушаныя былі выклікаць хуткую дапамогу. Менавіта праз гэты выпадак парасуіцыду яна была зьмешчаная на 40 дзён у псыхіятрычную клініку і выпісаная адтуль у задавальняючым стане, без сур’ёзнага дыягназу (звычайны псыхічны разлад). Нягледзячы на гэта, амбуляторная судмэдэкспэртыза прызнала яе пазьней непрытомнай і небясьпечнай для грамадзтва.

Каб вярнуць сабе «нармальнасьць» і «добрае імя» Алена Емяльянава прасіла старшыню абласнога суду Мікалая Хамічонка прынесьці пратэст на рашэньне Гарадоцкага суду, прыпыніць выкананьне пастановы, а яе накіраваць на стацыянарнае абсьледаваньне ў Рэспубліканскі цэнтар псыхіятрыі ў Навінкі.

«Важна тое, што на асабістым прыёме ў старшыні аблсуду прысутнічаў сам чалавек, які нібыта мае патрэбу ў прымусовым лячэньні і небясьпечны для грамадзтва. Дык вось яна глядзела ў вочы старшыні, і, мяркую, ён зразумеў, што перад ім чалавек, які грамадзтву ніякай небясьпекі не нясе. Цалкам прытомная. Вельмі лягічна і ясна расказала ўсю гісторыю», — кажа Павал Левінаў.

Паводле праваабаронцы, Мікалай Хамічонак уважліва выслухаў, даў каманду выпатрабаваць крымінальную справу з Гарадку і паабяцаў у бліжэйшыя тэрміны разгледзець скаргу ды даць адказ.

«Віцебская Вясна» адсочвае сытуацыю.

Зьміцер Міраш

На фота: Алена Емяльянава ў аблсудзе


https://vitebskspring.org/news/karnaja-psykhijatryja/item/3443-zamakhnulasya-nazhom-na-sudovykh-vykanautsau

Апошнія навіны