haradok.info

Інфармацыйны партал

Сацыяльныя сеткі:

Навіны Гарадка Здарэнні

13.02.2020 21:14

123 прагляда

0 каментароў

«У яго брат у пракуратуры». За дэманстрацыю муляжа гранаты і няспраўнага пісталета ў Гомлі прысудзілі 8 гадоў «зоны»

Летась 21 красавіка паміж жыхарамі аднаго двара ў Гомлі адбыўся канфлікт. Адзін зь яго ўдзельнікаў, жыхар Янава (Берасьцейская вобласьць), прадэманстраваў для пагрозы няспраўны пісталет і муляж гранаты. 11 лютага суд пакараў абвінавачанага 8 гадамі калёніі строгага рэжыму.

«Усё таму, што ў пацярпелага брат у пракуратуры служыць. За што такі тэрмін мне? Хто будзе гадаваць майго сына? Як такое можа быць, што ад самалюбства, фанабэрыстасьці і блату ў пракуратуры нявінна цярпяць людзі?» — зазначыў у камэнтары журналістам абвінавачаны Уладзімер Мельнікаў.

Ён прасіў судзьдзю Алену Шайн зачытаць прысуд цалкам, разам з матывавальнай часткай. Яна, аднак, зачытала толькі выніковую частку.

Пасьля абвяшчэньня прысуду абвінавачанаму зрабілася блага. Ён мае шэраг захворваньняў: дыябэт, гіпэртэнзію, ішэмічную хваробу сэрца, панкрэатыт і гепатыт. Выклікалі «хуткую».

«Баяўся „марозаўцаў“, таму схапіў няспраўны пісталет і муляж гранаты»

21 красавіка жыхар Янава, зваршчык Уладзімер Мельнікаў быў у сваіх сваякоў у Гомлі. На вуліцы ў яго ўзьнік канфлікт зь мясцовым жыхаром Валерам Сталовічам і яго прыяцелем.

«Я не падаў ім рукі. Сталовіч, які працуе адвакатам, пачаў пагражаць, што я яшчэ ня ведаю, хто ён такі, і ён патэлефануе „марозаўцам“ (гомельская банда, вядомая шматлікімі забойствамі і іншымі злачынствамі. — РС) і са мной разьбяруцца. Я спалохаўся, пабег у свой аўтамабіль і ўзяў пнэўматычны, прычым няспраўны, пісталет і муляж гранаты — каб неяк абараніць сябе ад магчымай сустрэчы з бандытамі», — тлумачыў на судзе абвінавачаны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

100 злачынстваў, 20 забойстваў. Распавядаем пра банду Марозава, самых жорсткіх крымінальнікаў Беларусі

Тым часам, паводле пацярпелага Раманчыкава, ён патэлефанаваў адвакату Сталовічу і папярэдзіў, што Мельнікаў шукае яго зь пісталетам і гранатай у руках. Сталовіч выклікаў міліцыю. Пісталет і гранату забралі, пачалі праверку.

У судзе 11 лютага

Міліцыя адмовілася заводзіць справу, пакуль не ўмяшаўся брат пацярпелага, намесьнік пракурора Гомля

Далей падзеі разьвіваліся наступным чынам.

Красавік 2019-га

Міліцыя праводзіла праверку і не знайшла падстаў для таго, каб распачаць крымінальную справу.

Чэрвень 2019-га

Уладзімер Мельнікаў атрымаў адказ зь міліцыі, што ў ягоных дзеяньнях няма складу злачынства. У крымінальнай справе адмовілі.

Ліпень 2019-га

Намесьнік пракурора Гомля Вячаслаў Сталовіч (родны брат пацярпелага адваката. — РС) вынес пастанову адмяніць папярэднюю пастанову, дзе адмаўлялі ў завядзеньні крымінальнай справы, і накіраваў дакумэнты на новую праверку. Ён палічыў, што праверку правялі ня ў поўным аб’ёме.

Жнівень 2019-га

Пракурор Гомельскай вобласьці Віктар Марозаў вынес пастанову «аб адмене рашэньня аб адмене пастановы аб адмове ў распачынаньні крымінальнай справы і накіраваньні матэрыялаў на новую праверку».

«Працэсуальнае рашэньне пракуратуры Гомля прынята неабгрунтавана», — вырашыў абласны пракурор.

Але ў выніку крымінальную справу паводле артыкулу 339 Крымінальнага кодэксу (злоснае хуліганства) ужо распачалі і Ўладзімера Мельнікава чакаў суд.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ці можна знайсьці праўду ў беларускіх судах?

Абвінавачаньне прасіла 9 гадоў турмы

На судзе абвінавачаньне гучала такім чынам, што Мельнікаў ня проста трымаў у руках ці дэманстраваў пісталет і гранату, а накіроўваў зброю ў бок адваката і яго прыяцеля. Дзяржаўнае абвінавачаньне прасіла пазбавіць жыхара Янава волі на 9 гадоў. Паводле іх, Мельнікаў быў раней судзімы за крадзяжы і рабаўніцтва, таму гэтае злачынства — рэцыдыў.

Уладзімер Мельнікаў адзначыў у апошнім слове, што сапраўды быў раней судзімы, але адбыў тэрмін, ня меў парушэньняў, вызваліўся датэрмінова. 9 апошніх гадоў ён адзначаўся ў крымінальна-выканаўчай інспэкцыі, ня меў ніякіх заўваг ці парушэньняў.

«Хоць бы мой малодшы сын вырас пры бацьку!»

«Я заўсёды трымаўся за сваю працу, перажываю, што ня здолею забясьпечыць сям’ю, — выказаўся падсудны Ўладзімер Мельнікаў. — Я марыў пра тое, каб меншы сын, яму цяпер восем, гадаваўся пры бацьку, таму што старэйшыя дзеці вырасьлі на спатканьнях са мной у турме. Усе мае мары хочуць разбурыць людзі, якія сваімі паказаньнямі проста топяць мяне.

У мяне няма такога старэйшага брата-пракурора, як у адваката Сталовіча, каб мяне абараніць. Я ня ў сілах даказаць сваю невінаватасьць — бо пацярпелага абараняе ўся сыстэма. Я нават не магу зразумець, чым ён ад мяне так пацярпеў? Тры разы праваахоўныя органы адмаўляліся распачынаць справу! Але, відаць, знайшлі сьледчага — спэцыяліста ў арганізацыі такіх спраў. Сьледчы і мяне ўвёў у зман, прасіў зьмяніць паказаньні, пагражаючы СІЗА. Я ня мог нікому прычыніць шкоду няспраўным пнэўматычным пісталетам і муляжом гранаты».

Ён прасіў для сябе справядлівага прысуду.

Тры пацярпелыя, у тым ліку Валер Сталовіч, на першых пасяджэньнях суду адмаўляліся камэнтаваць справу. На судовых спрэчках і прысудзе яны ўвогуле не прысутнічалі. Першапачаткова ў справе яны праходзілі сьведкамі. Падчас сьледзтва іх статус зьмянілі на пацярпелых.

Адвакат: «Суд павінен быў ацаніць сваяцкую зацікаўленасьць»

Адвакатка абвінавачанага Сьвятлана Лось пракамэнтавала, што лічыць прысуд несправядлівым і занадта суровым. На яе думку, у судзе не знайшлі доказаў віны Ўладзімера Мельнікава ў інкрымінаваным злачынстве.

«Што тычыцца сваяцкіх сувязяў пацярпелага і пракурора, то фармальна гэта ня супрацьзаконна, але суд павінен быў гэта ацаніць сваяцкую зацікаўленасьць», — зазначыла адвакат.

Публікацыя падрыхтавана з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

ДЗ

https://www.svaboda.org/a/30428141.html

Апошнія навіны