haradok.info

Інфармацыйны партал

Сацыяльныя сеткі:

Навіны Гарадка Культура

02.01.2019 07:09

2823 прагляда

0 каментароў

Лес, вогнішча, Дзед Мароз. Як амаль апусьцелая вёска зьбірае на Новы год гараджанаў

Сярод лесу за 80 кілямэтраў ад Гомля штогод зьбіраецца сотня чалавек, каб адсьвяткаваць Новы год. Свабода пабывала на незвычайным сьвяце ў лесе, пра якое «ведаюць толькі свае»..

Міхалёўка — «непэрспэктыўная» вёска ў Лоеўскім раёне. Тут стала жывуць 17 чалавек, пераважна пэнсіянэры.

На Новы год празь вёску адзін за адным імчаць аўтамабілі — у лес. Дарога на «паляну казак» пазначаная паходнямі ўздоўж лясной дарогі. Там сёньня сьвята. Дзед Мароз і Сьнягурка, конкурсы, лятарэі, карагоды, падарункі, гарбата з зёлак, вогнішча «да неба» сярод засьнежаных ялінаў. Усё міхалёўцы прыдумалі, арганізавалі і робяць самі.

Традыцыю сьвяткаваньня Новага году ў лесе міхалёўцы запачаткавалі гадоў 16 таму.

«Мы зь сябрам — галоўным натхняльнікам і арганізатарам гэтага сьвята Мікалаем Шульгой — першы Новы год у лесе ладзілі дзеля маёй унучкі Лізы. Хацелі нешта цікавае прыдумаць. Ёй было тады гады чатыры. А цяпер ёй 20. У Гомлі вучыцца. Сёньня яна таксама тут — у ролі Бабы Ягі», — расказвае Анатоль Седзька.

Анатоль Седзька

На першых сьвяткаваньнях былі толькі свае, міхалёўцы, чалавек пятнаццаць. Сёньня на лясной паляне ня менш за сотню чалавек. Ліза Седзька памятае, як 16 гадоў таму ў цэнтры ўвагі была толькі ўнучка — усе падарункі, конкурсы былі дзеля яе. Цяпер Ліза забаўляе іншых дзяцей.

Штогод на сьвяце ўсё больш людзей. Адкуль толькі ведаюць? Едуць і едуць — з Брагіна, Лоева, Гомля, Менску, Сьветлагорску, навакольных вёсак — Каўпені, Пярэдзелкі, Уборак, Баршчоўкі.

«Значыць, падабаецца людзям», — задаволена ўсьміхаецца Анатоль.

Мікалай Шульга — нязьменны арганізатар і Дзед Мароз (толькі не кажыце дзецям). Ён сёньня з асаблівым хваляваньнем вядзе сьвята, бо сярод гасьцей чатырохгадовая ўнучка з Гомля. Дзядуля хвалюецца — хоць бы не пазнала яго. Мікалай сам жыве ў Гомлі, родам зь Міхалёўкі.

«Як можна сядзець на канапе ля тэлевізару і чакаць таго Новага году? Надакучыла. А сюды едзем з аднае прычыны — гэта радзіма. Разумееце? Цягне. І дзяцей цягнем, і ўнукаў», — кажа Мікалай.

Ягоная прыяцелька Сьнягурка прыехала на сьвята са Сьветлагорску. Іна Давыдоўская нарадзілася ў Міхалёўцы. Дзеля сьвята ў лесе пакінула дома мужа зь дзецьмі, бо меншай толькі 2 гады.

«Налета яе прывязём сюды. А я не магла не прыехаць. Як жа: зьбяруцца дзеці, будуць чакаць цудаў», — кажа Іна.

Ля вогнішча грэюцца Ганна і Аляксандр з двума малымі дзецьмі. Яны жывуць у Пярэдзелцы.

«Прыехалі ўпершыню, пачулі, што тут весела. Праўда, весела!», — дзівяцца маладыя людзі.

Уладзімер з Лоева прывёз на сьвята сваякоў і бацьку-пэнсіянэра.

«Раней дзяцей вазіў, ды вырасьлі, сын у войску, а дачка ў вучэльні. А нам на прыродзе весялей, чым дома», — сьмяецца Ўладзімер.

На зэдліках прыселі ля вогнішча пэнсіянэркі з Каўпені.

«Дзеці прывезьлі нас. Цікава! Во прадказаньні нам раздалі на Новы год. Мо жаніха тут знайду!» — усьміхаецца вясковая жанчына.

Разгарнула паперку — а там абяцаньне знайсьці новых сяброў.

«Ну і сябры трэба», — згадзілася пэнсіянэрка.

Мянчук Андрэй кажа, што сьвята ў міхалёўскім лесе нічым ня горшае за «мерапрыемствы» ў Белавескай пушчы. Ягоныя бацькі адсюль, зь Міхалёўкі. Пажылі ў Менску дый зʼехалі.

«Пацягнула на радзіму. Ужо тры гады жывуць. І я прыяжджаю», — кажа Андрэй.

З Лоева прыехаў у міхалёўскі лес Пятро Кузьміч Крот.

«Ёлкі-палкі... Ну як не прыехаць у Міхалёўку на Новы год? Тут жа ўсе свае — Краты, Башмакі, Седзькі! У гэтым лесе прайшло маё дзяцінства, тут арэлі такія былі на дубах! На ланцугах! Па восем чалавек адразу гойдаліся! Дубы і цяпер стаяць. Гойдацца няма каму», — кажа Пятро Кузьміч.

Ягоны зямляк Руслан прывёз на сьвята ў лес немцаў з Магдэбургу — Увэ і Дорыс. Тыя, хоць і ведаюць толькі нямецкую мову, але шырокімі ўсьмешкамі, мімікай і ўзьнятымі ўгору пальцамі дэманструюць, што ў беларускім лесе ім — «фантастыш». Расплываюцца ў шырокіх усьмешках, уздымаюць келіхі — і за Новы год, і за свайго сябра Руслана: у яго сёньня дзень нараджэньня.

Увэ і Дорыс з Магдэбургу

«Піце, піце, гэта нямецкая гарбата!», — сьмяюцца беларусы і падліваюць немцам.

Тыя праменяцца і спрабуюць сказаць, як ім падабаецца Беларусь.

«Я жыву ў Лоеве», — з гонарам прамаўляе Увэ.

Ён ужо дваццаты год прыяжджае сюды. У міхалёўскім лесе ўпершыню. Але здаецца, прыедзе зноў.

ДЗ

https://www.svaboda.org

Апошнія навіны