haradok.info

Інфармацыйны партал

Сацыяльныя сеткі:

Навіны Гарадка Культура

29.03.2019 19:40

624 прагляда

0 каментароў

Адысея Івана Вашчылы або жыццяпісанне нашага славутага зямляка з Вашчылаў

27 сакавіка споўнілася 120 гадоў з дня нараджэння Івана Вашчылы, які адкрыў Дарахоўскі курганны комплекс. М.В. Півавар, кандыдат гістарычных навук, выкладчык Віцебскага дзяржуніверсітэта даследаваў жыццё Івана Вашчылы — нашага славутага зямляка і вынікі сваёй працы апублікаваў у часопісу «Беларуская Думка» № 4, 2016 года. Прапануем гэтую працу вашай увазе.

«Жыццё гэтага чалавека варта стварэння тэлевізійнага серыяла. «Сын палка» ў гады Першай сусветнай вайны, палкавы разведчык, поўны Георгіеўскі кавалер, адзін з першых лётчыкаў Расіі, удзельнік Белага руху, падпалкоўнік кітайскай арміі, вязень ГУЛАГа, краязнавец, які адкрыў самы вялікі курганны могільнік у Беларусі... Усё гэта этапы біяграфіі Івана Вашчылы — ураджэнца Гарадоцкага раёна Віцебскай вобласці.

Нарадзіўся Іван Арэф’евіч Вашчыла 27 сакавіка 1899 года на хутары Вашчылы каля вёскі Дарахі Гарадоцкага раёна.

Хутара даўно няма, а ў Дарахах, якія месцяцца на беразе возера Сенніца на самай мяжы з Расіяй, цяпер пражывае толькі некалькі чалавек.

У Арэфія Калістратавіча і Марыі Данілаўны Вашчылаў, акрамя Івана, былі яшчэ дзве дачкі — Наталля і Кацярына, сын Міхаіл. У метрыцы Вашчылы запісаны мяшчанамі, але паходзіў іх род, хутчэй за ўсё, з дробнай шляхты, так званых панцырных баяр. Да 1914 года І. Вашчыла скончыў Невельскае павятовае двухкласнае вучылішча, а потым вучыўся ў Обаль­Ануфрыеўскай двухкласнай настаўніцкай школе, якую, праўда, скончыць не паспеў — пачалася Першая сусветная вайна.

У час Першай сусветнай

Тры разы пятнаццацігадовы хлопец збягаў на фронт, аднак паліцыя яго знаходзіла і вяртала ў сям’ю. На чацвёрты раз яму з уцёкамі пашанцавала. Іван стаў «сынам палка» адной з воінскіх часцей — 50­га Сібірскага стралковага палка 13­й Сібірскай стралковай дывізіі. 27 кастрычніка 1914 года ён быў залічаны ў 1­ю роту на правах добраахвотніка («охотника») і прымацаваны да каманды разведчыкаў [1, арк. 10 адв.; 2, арк. 2 адв.; 3, арк. 1 адв.; 4, арк. 1 адв.]. У складзе гэтай часці ён правёў амаль усю вайну, спачатку ваяваў на тэрыторыі Польшчы, затым — з верасня 1915 года — у Рыжскім умацаваным раёне і са жніўня 1916 года — у Галіцыі.

Іван Вашчыла вызначаўся выключнай храбрасцю. Ужо 7 лістапада 1914 года яму быў нададзены чын малодшага унтэр­афіцэра. За праяўлены гераізм у баях пад Варшавай юнака ўзнагародзілі двума Георгіеўскімі крыжамі 4­й (№ 105626) і 3­й (№ 11420) ступеняў. У студзені 1915 года ў бітве каля польскага горада Балімаў Іван Вашчыла быў паранены ў галаву, і яго эвакуіравалі ў тыл для лячэння.

13 красавіка 1915 года наш зямляк вярнуўся ў сваю часць, дзе яго чакала павышэнне ў званні — у чыне старшага унтэр­афіцэра ён стаў выконваць абавязкі фельдфебеля групы разведчыкаў. Такую пасаду звычайна займалі самыя дасведчаныя і аўтарытэтныя унтэр­афіцэры. І. Вашчылу было тады 16 гадоў.

2 мая 1915 года аўстра­германская армія ажыццявіла так званы «Горліцкі прарыў», у выніку чаго рускія войскі вымушаны былі адступаць на шырокім фронце. Тым неменш 14 мая на рацэ Сан рускія войскі перайшлі ў контрнаступленне і змаглі захапіць форт «Слава» і горад Сянява. У гэтых баях зноў вызначыўся І. Вашчыла, але быў паранены ў нагу. За храбрасць пры ўзяцці форта «Слава» Іван Арэф’евіч быў прадстаўлены да ўзнагароджання Георгіеўскім крыжам 2­й ступені. Аднак 26 жніўня 1915 года, паводле Высачайшага загаду імператара, яму, мінуючы гэтую ўзнагароду, уручылі адразу Георгіеўскі крыж 1­й ступені (№ 6075).

Пасля лячэння ў шпіталі Іван Вашчыла зноў у страі. Яго часць ваявала ўжо ў Рыжскім умацаваным раёне. 9 верасня 1915 года ў баях пад вёскай Нейгут ён быў зноў паранены, на гэты раз у левую руку. 30 верасня 1915 года на аснове арт. 95 Статута Георгіеўскага крыжа наш зямляк стаў поўным кавалерам гэтай высокай узнагароды Расійскай імперыі. Тады ж яго чарговы раз павысілі ў званні — ён атрымаў вышэйшы чын малодшага начальніцкага складу — падпрапаршчыка і права стаць афіцэрам.

Для таго каб стаць афіцэрам, трэба было вучыцца, але ў школу прапаршчыкаў бралі толькі тых, хто меў сярэднюю адукацыю. І зноў Высачайшым загадам імператара Мікалая ІІ Іван Вашчыла быў накіраваны ў 1­ю Пецяргофскую школу прапаршчыкаў, дзе вучыўся з 24 лютага па 24 мая 1916 года і атрымаў першае афіцэрскае званне — прапаршчыка [1, арк. 10 адв., 11 адв.; 2, арк. 2 адв., 4 адв.]. Пасля ён вярнуўся ў свой полк, дзе зноў служыў у палкавой разведцы на пасадзе малодшага афіцэра.

Іван Арэфевіч Вашчыла, 1916 год.

У 1916 годзе Іван Арэф’евіч стаў падпаручнікам, у 1917 годзе — паручнікам, а пасля Лютаўскай рэвалюцыі быў прадстаўлены да звання штабс­капітана. З верасня 1917 года І. Вашчыла быў прызначаны начальнікам каманды конных разведчыкаў, а потым — камендантам палка.

У час Першай сусветнай вайны наш зямляк, акрамя Георгіеўскіх крыжоў, быў узнагароджаны «афіцэрскімі» ордэнамі Святога Станіслава 3­й ступені з мячамі і бантам, Святой Ганны 4­й ступені з надпісам «За храбрасць», 3­й ступені з мячамі і бантам і 2­й ступені з мячамі, а таксама Святога Уладзіміра 4­й ступені з мячамі і бантам. Такім чынам, ён заслужыў амаль усе магчымыя для ягонага чыну ўзнагароды, акрамя ордэна Святога Георгія (да якога таксама быў прадстаўлены) і Георгіеўскай зброі [3, арк. 1 адв., 2 — 2 адв., 4 — 4 адв.]. Меў Вашчыла і замежныя адзнакі: французскі бронзавы медаль, англійскі медаль D.С.М. (For distinguished conduct in the field, прыблізны пераклад — «За выдатныя паводзіны на полі бою»), французскі Ваенны крыж 1­й ступені з двума пальмамі. Акрамя ўрадавых узнагарод, у жніўні 1915 года І. Вашчыла быў адзначаны вельмі незвычайным і ганаровым на той час падарункам — атрымаў сярэбраны гадзіннік з надпісам «Храбрейшему воину» ад чыноў пошты, тэлеграфа і тэлефона [1, арк. 11; 2, арк. 2 адв.].

Грамадзянская вайна

Кастрычніцкую рэвалюцыю І. Вашчыла не прыняў. Калі пачаліся сепаратныя перамовы аб міры з Германіяй, ён вырашыў вярнуцца дадому — 24 снежня 1917 года малады афіцэр пакінуў свой полк. Аднак на радзіме яго чакаў негасцінны прыём. Калі ён прыйшоў на вечарынку ў афіцэрскім мундзіры, з узнагародамі, яго пабілі мясцовыя хлопцы. Усю ноч праседзеў тады Іван, думаючы, што рабіць, і вырашыў ехаць праз Сібір у ЗША, а адтуль накіравацца ў Францыю, каб працягваць ваяваць супраць немцаў. У сакавіку 1918 года Вашчыла адправіўся ва Уладзівасток. Аднак адсутнасць сродкаў вымусіла яго памяняць планы. У красавіку ў пошуках заробку ўладкаваўся рабочым на штольню «Мікалаеўская» Верхняй Усьвінскай вугальнай капальні. У гэты час Сібір якраз становіцца арэнай грамадзянскай вайны.

У жніўні 1918 года І. Вашчыла выехаў у г. Хайлар у Маньчжурыю, дзе ўступіў у Асобны Маньчжурскі атрад атамана Г. Сямёнава Асобнай Усходне­Сібірскай арміі. Атрымаўшы чын штабс­капітана, стаў служыць у аўтамабільнай роце малодшым афіцэрам і загадчыкам гаража.

Затым, верагодна, у сілу свайго характару і перакананняў, абраў новы даволі небяспечны від войскаў — авіяцыю. З мая па жнівень 1919 года ён вучыўся ў тэарэтычным класе Курганскай авіяцыйнай школы і, атрымаўшы спецыяльнасць лётчыка­назіральніка, быў накіраваны на фронт, у 10­ы авіяцыйны атрад [5]. Са жніўня па кастрычнік 1919 года Іван Арэф’евіч браў удзел у баявых дзеяннях. 9 кастрычніка 1919 года пры бамбёжцы аэрастата чырвоных на станцыі Зыранка каля горада Кургана І. Вашчыла быў цяжка паранены [5]. Пасля выздараўлення ён выехаў у Чыту: туды пасля Сібірскага Ледзянога паходу адышлі рэшткі разгромленай арміі Калчака. Там наш зямляк зноў служыў «ваенлётам» у белай арміі [3, арк. 7].

У Кітаі

Пад канец 1922 года Грамадзянская вайна ў Сібіры блізілася да завяршэння. Ратуючы сваё жыццё, І. Вашчыла разам з часткай атрада А. Кайгародава перайшоў пустыню Гобі, горныя перавалы і трапіў у Кітай (сам Кайгародаў застаўся на Алтаі і быў забіты). У правінцыі Сіньцзян атрад быў інтэрніраваны мясцовымі ўладамі [6, с. 162].

У 1920­я гады ў Кітаі разгараецца грамадзянская вайна, якая ўспрымалася большасцю былых белагвардзейцаў як працяг грамадзянскай вайны ў Расіі. Шмат хто вырашыў удзельнічаць у ёй, каб працягваць барацьбу з бальшавізмам. У маі 1925 года Вашчыла пакінуў сваю добра аплатную працу і паехаў у правінцыю Шаньдун, дзе паступіў на службу добраахвотнікам у Рускую групу генерала К. Нячаева, сфарміраваную з белаэмігрантаў пры Шаньдунскай арміі генерала Чжан Цзунчана.

Што стала прычынай такога ўчынку? Відавочна, маладосць, характар, што патрабаваў актыўнай дзейнасці, палітычныя перакананні, асновай якіх з’яўляліся антыкамунізм, манархізм. І. Вашчыла пачаў службу радавым у кулямётнай роце [3, арк. 4 адв]. Аднак у снежні 1925 года ён прызначаецца лётчыкам­назіральнікам у сфарміраваны авіяцыйны атрад на пасаду капітана кітайскай арміі. Праз некаторы час ён ужо маёр, а ў 1927 годзе — падпалкоўнік. У далейшым наш зямляк меў магчымасць стаць палкоўнікам, аднак не пагадзіўся, бо ўмовай для гэтага было прыняцце кітайскага падданства.

У 1927 годзе ён вучыўся ў руска­кітайскай авіяцыйнай школе ў Цынаньфу, у якой асвоіў прафесію пілота. За гады грамадзянскай вайны і ў час службы ў арміі Кітая І. Вашчыла налятаў 300 гадзін. У адным з баёў быў паранены. Яго заслугі перад Кітаем адзначаны ордэнам «Поўнага коласа» 5­й і 3­й ступеняў [3, арк. 2 адв., 3 адв., 5 адв.; 4, арк. 3].

У верасні 1928 года войскі генерала Чжан Цзунчана пацярпелі паражэнне ад Нацыянальна­рэвалюцыйнай арміі Гаміньдана. Разам з іншымі лётчыкамі Іван Арэф’евіч быў звольнены з войска. У 1929 годзе ён ажаніўся з Музай Аляксандраўнай Кузняцовай. 29 лістапада 1929 года ў іх нарадзілася дачка Кацярына, а 6 красавіка 1931 года — сын Аляксандр.

У 1931 годзе непрацяглы «мірны» перыяд жыцця І. Вашчылы скончыўся. У 1931–1932 гадах Маньчжурыя была акупіравана Японіяй, якая стварыла там марыянетачную дзяржаву Маньчжоў­Го. Значная колькасць белаэмігрантаў падтрымала японцаў, спадзеючыся на працяг барацьбы з бальшавікамі. У 1932 —1933 гадах Іван Арэф’евіч служыў у японскай чыгуначнай жандармерыі, потым — у рускім паліцэйскім атрадзе на станцыі Хайлінь, затым у Харбіне на станцыі Пагранічная. Знаходзячыся ў Маньчжурыі, І. Вашчыла ўдзельнічаў у працы шэрагу эмігранцкіх ваенных і грамадскіх арганізацый.

У Савецкім Саюзе

Пра жыццяпіс І. Вашчылы ў 1940–1944 гадах нам невядома нічога. 31 жніўня 1945 года ён быў арыштаваны аддзелам контрразведкі «Смерш» «за контрвыведвальную і разведвальную дзейнасць супраць СССР» [4, арк. 6]. Нашаму земляку прад’явілі абвінавачанне ў тым, што працаваў у японскай ваеннай місіі на станцыі Пагранічнай і кіраваў работай агентаў японскай разведкі. Якім чынам былі атрыманы такія паказанні і наколькі яны адпавядаюць рэчаіснасці, невядома. 6 студзеня 1946 года ваенны трыбунал 36­й арміі прыгаварыў яго паводле арт. 58 п. 6 ч. 1 КК РСФСР да 20 гадоў пазбаўлення волі ў папраўча­працоўным лагеры. Пакаранне І. Вашчыла адбываў у Валагодскай вобласці, у раёне станцыі Шэксна, дзе працаваў на будаўніцтве Волга­Балтыйскага воднага шляху. Паводле ўспамінаў дачкі, выжыць у лагеры дапамагаў аптымізм, магчымасць бачыць у любых абставінах нешта добрае [7].

У 1955 годзе сям’я І. Вашчылы атрымала дазвол вярнуцца ў СССР. Жонка, сын, дачка з зяцем уладкаваліся ў сяле Кашырына Курганскай вобласці. Праз некаторы час да іх далучыўся і Іван Арэф’евіч, які выйшаў на свабоду па амністыі.

Іван Вашчыла ўвесь час хацеў вярнуцца на сваю малую радзіму, аднак яму было забаронена пражываць у Еўрапейскай частцы СССР. У горадзе Кургане працаваў у мясцовым краязнаўчым музеі загадчыкам гаспадаркі, а потым — загадчыкам лабараторыі музычных інструментаў у культасветвучылішчы. Працаваў да самай смерці, бо для выхаду на пенсію па савецкім заканадаўстве не хапала працоўнага стажу. Шмат чытаў, працаваў на дачы. Да канца жыцця заставаўся аптымістам, вёў актыўны лад жыцця. Заўсёды прачынаўся ў добрым настроі, што­небудзь напяваў.

Аднойчы ў бібліятэцы ў адным з часопісаў ён прачытаў справаздачу археолага Р. Мінасяна па Паўночна­заходняй экспедыцыі дзяржаўнага Эрмітажа, якая працавала на поўдні Пскоўскай і поўначы Віцебскай абласцей — якраз на радзіме І. Вашчылы. З таго часу Іван Арэф’евіч амаль кожны дзень прыходзіў у абласную бібліятэку, дзе вывучаў кнігі і матэрыялы, што мелі дачыненне да гісторыі і археалогіі Беларусі. Штогод летам прыязджаў да сясцёр у вёску Дарахі Гарадоцкага раёна. Тут, на малой радзіме, прымяняў набытыя ім у бібліятэцы тэарэтычныя веды і дасягнуў значных вынікаў. Так, у 1968 годзе ён выявіў і ўвёў у навуковы ўжытак групу з 11 курганных могільнікаў каля вёскі Дарахі, адну з самых вялікіх на Беларусі, а таксама 4 стаянкі паўночна­беларускай культуры [8, с. 208]. У 1975 годзе Іван Арэф’евіч адшукаў неалітычную стаянку на возеры Сенніца. Важнейшым вынікам працы Вашчылы стала выяўленне археалагічных аб’ектаў — курганоў, гарадзішчаў, увядзенне іх у навуковы ўжытак і прыцягненне ўвагі навукоўцаў. Ён перапісваўся, меў стасункі і асабіста быў знаёмы з вядомымі археолагамі Э. Зайкоўскім, Ю. Зайцам, А. Лапаціным, В. Мікляевым, М. Ткачовым, Г. Штыхавым і іншымі навукоўцамі Беларусі.

І.А. Вашчыла (справа) з М.А. Ткачовым

Памёр Іван Арэф’евіч Вашчыла 11 студзеня 1980 года ў г. Кургане. Там і пахаваны. На радзіму беларускі Адысей так і не вярнуўся. Але вярнуўся іншым чынам — у кнігах. Пра яго ёсць артыкул у даведніку «Краязнаўцы Віцебшчыны другой паловы ХХ — пач. ХХІ ст.» [9, с. 57–58], у энцыкла­ педычным даведніку «Археолагі Беларусі», які рыхтуецца да друку, ёсць згадка ў «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі».

Хацелася б, каб на алеі выдатных землякоў, якая з часам абавязкова з’явіцца ў Гарадку, устанавілі помнік поўнаму Георгіеўскаму кавалеру, краязнаўцу і патрыёту сваёй Радзімы — Івану Вашчылу.

М.В. Півавар

Літаратура

  1. Расійскі дзяржаўны ваенна-гістарычны архіў (далей — РДВГА). — Воп. 1. — Спр. 184851 (пс.248—044).
  2. РДВГА. — Воп. 1. — Спр. 185688 (пс.251—484).
  3. Дзяржаўны архіў Хабараўскага края (далей — ДАХК). — Фонд 830. — Воп. 3. — Спр. 8889. 4. ДАХК. — Фонд 830. — Воп. 3. — Спр. 8890.
  4. Хайрулин, М., Кондратьев, В. Военлеты погибшей Империи: Авиация в Гражданской войне / М. Хайрулин, В. Кондратьев // Курган и Курганцы. — 18 марта 2008 г. — № 29 [Электронный ресурс]. — Режим доступа: http://aviakurgan.narod.ru/Gr_war.html. — Дата доступа: 24.02. 2016.
  5. Серебренников, И.М. Гражданская война в России: Великий отход / И.М. Серебренников. — М., 2003. — С. 130–133, 135–137, 158–162, 182–190.
  6. Кузьмин, А. Прирожденный разведчик / А. Кузьмин // Курган и курганцы. — 30 июля 2014 г. — № 84. — С. 5 [Электронный ресурс]. — Режим доступа: http://kikonline.ru/?page_ id=16916&paper_id=170072&year=2014. — Дата доступа: 09.09.2014.
  7. Сіманюкоў, С. Дарахі / С. Сіманюкоў, Г. Штыхаў // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. — т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г.П. Пашкоў [і інш.]. — Мінск: БелЭн, 1996.
  8. Півавар, М.В. Краязнаўцы Віцебшчыны 2-й пал. ХХ — пач. ХХІ ст. / М.В. Півавар. — Мінск: Кнігазбор, 2010."
  9. http://haradoktour.by

Апошнія навіны