haradok.info

Інфармацыйны партал

Сацыяльныя сеткі:

Навіны Гарадка Культура

31.08.2019 17:27

444 прагляда

0 каментароў

Моладзь Гарадоччыны, з якой яна працуе, вельмі добра ставіцца да беларускай мовы...

Ірына Міхайлаўна Салевіч — настаўнік беларускай мовы і літаратуры вышэйшай катэгорыі сярэдняй школы № 1 г. Гарадка (на здымку). За выдатныя вынікі ў настаўніцкай працы жанчына заняла ў гэтым годзе сваё заслужанае месца на раённай Дошцы гонару.

Правільнае і мілагучнае, роднае слова гучыць з вуснаў Ірыны Міхайлаўны кожны дзень. Жанчына прызнаецца, што заўжды любіла беларускую мову, а першым чалавекам, які адкрыў прыгажосць роднага слова, стала яе школьная настаўніца Марыя Іванаўна Верціхоўская. Менавіта дзякуючы ўплыву і добраму прыкладу свайго педагога Ірына Салевіч таксама вырашыла звязаць сваё жыццё з гэтай сферай. Будучая настаўніца паступіла ў ВДУ імя П.М. Машэрава і скончыла яго ў 2003 г. па спецыяльнасці «Беларуская мова і літаратура. Сусветная і айчынная культура».
Ірына Міхайлаўна ўпэўненая, што беларуская мова жыве і будзе жыць да таго часу, пакуль на ёй будзе размаўляць хаця б адзін носьбіт. Як бы там ні было, а да гэтага, на шчасце, яшчэ далёка. Настаўніца адзначае, што моладзь Гарадоччыны, з якой яна працуе, вельмі добра ставіцца да беларускай мовы, імкнецца вывучаць яе і ўдасканальваць свае веды. Вучні Ірыны Салевіч займаюць прызавыя месцы на алімпіядах і спаборніцтвах рознага кшталту. А ў гэтым годзе СШ № 1 зноў ажыццявіла набор вучняў у групу павышанага ўзроўню вывучэння беларускай мовы.
Ужо 16 год І.М. Салевіч працуе ў школе, аднак першы праведзены ўрок так і застаўся незабыўным успамінам.
— Як толькі я прыйшла працаваць у школу, мне адразу далі адзінаццаты клас. На перапынку вучні абмяркоўвалі мяне як новую вучаніцу. Толькі калі празвінеў званок, яны даведаліся, што я настаўніца, — узгадвае Ірына Міхайлаўна. — Першы ўрок быў вельмі хвалюючым. Мне здавалася, што ўсё прайшло добра. А сёння я магу сказаць, што там былі свае вартасці і недахопы, але гэта натуральна. Праца настаўніка — бесперапынны рух, пошук і вучоба. Дзеці хутка развіваюцца, а таму і мы не можам стаяць на месцы. Напачатку ў кожнага бываюць складанасці, але трэба ўмець прыслухоўвацца да заўваг, мяняцца і ўмець прымаць крытыку на свой адрас. Толькі так можна самаўдасканальвацца.
Настаўніца прызнаецца, што напярэдадні 1 верасня кожны год адчувае хваляванне. Першы ўрок — гэта своеасаблівая традыцыя, рытуал, які задае працоўны тэмп на будучы вучэбны год, усталёўвае кантакт паміж настаўнікам і вучнямі.
Сярод нязменных прынцыпаў працы Ірына Салевіч вылучае адказнасць, непарушнасць уласнага слова і ўпэўненасць у сваіх сілах. Не трэба баяцца зрабіць памылку, трэба толькі ўмець яе прызнаць і выправіць.
— Калі паставіць сабе гэта за мэту, то наладзіць добрыя адносіны можна абсалютна з любым вучнем. Безумоўна, усе дзеці розныя, а таму варта шукаць нейкі індывідуальны падыход да кожнага. З малодшымі класамі трэба быць больш мяккай, як маці, — усміхаецца размоўца. — А са старэйшымі важна ўмець своечасова пажартаваць і наадварот, стварыць працоўны настрой. Калі вучань схільны да тэхнічных навук, то варта даць такое заданне, якое ён будзе з задавальненнем выконваць. Напрыклад, прапанаваць яму зрабіць цікавы відэаролік пра знакавую асобу.
— Любая вучнёўская ініцыятыва павінна быць падтрымана. Мне здаецца, што працэс навучання грунтуецца на рэакцыі вучняў, а роля настаўніка — накіраваць свайго вучня ў правільны бок. На ўроках трэба вучыць разважаць, не баяцца выказваць свае думкі, а не проста прымаць на веру чыёсьці меркаванне. Напрыклад, урок літаратуры ніколі не можа поўнасцю супадаць са складзеным планам, бо думкі вучняў часам бываюць настолькі незвычайныя і цікавыя, што хочацца прасачыць за іх развіццём. Таму змяняецца і напоўненасць урока. Дзеці самі расстаўляюць акцэнты, — сцвярджае наша гераіня.
Апісваючы ідэальны ўрок, настаўніца адзначае, што ён павінен падабацца дзецям і быць карысным для іх, бо вучням неабходна вынесці з яго нешта новае. Ідэальны ўрок павінен вучыць дзяцей быць камунікатыўнымі, шчырымі, прымяняць атрыманыя веды ў жыцці. Увогуле ўрок, асабліва беларускай літаратуры, як лічыць Ірына Міхайлаўна, вучыць дзяцей жыць, бо разам з персанажамі яны могуць апынуцца ў розных сітуацыях і выбраць уласную мадэль паводзін.
— Мне вельмі прыемна, калі вучні гавораць «дзякуй» за тое, што даведваюцца нешта новае, вітаюцца па-беларуску, калі мае выпускнікі атрымліваюць «аўтаматы» па беларускай мове і літаратуры. А адзін хлопец, які вывучаў беларускую мову на павышаным узроўні, нават прысягу прымаў на роднай мове.
Нягледзячы на насычаны тэмп жыцця, Ірына Міхайлаўна адзначае, што вельмі любіць чытаць і падарожнічаць. Да таго ж часта атрымліваецца сумяшчаць карыснае і прыемнае — выязджаць у падарожжы ці турыстычныя паходы разам з вучнямі.
Галоўная парада ўсім настаўнікам, на думку Ірыны Салевіч, быць для вучняў сябрам пры любых абставінах. Нездарма кажуць, што ў настаўніка ёсць не толькі родныя дзеці, але і тыя, каго ён вучыць. Любы вучань пойдзе на кантакт, калі адчуе, што аб ім клапоцяцца.
— Мне здаецца, што я зараз на сваім месцы. І нават калі была б магчымасць, то не хацела б мяняць прафесію, — дзеліцца Ірына Міхайлаўна. — Думаю, што прафесія настаўніка, як і ўрача, — гэта тое, што даецца, як кажуць, ад Бога. Калі табе падабаецца працаваць з дзецьмі, калі ты іх адчуваеш, тады варта быць настаўнікам.
Юлія РУДЗЯКОВА.


http://www.garadvest.by

Апошнія навіны