haradok.info

Інфармацыйны партал

Сацыяльныя сеткі:

Навіны Гарадка Культура

06.10.2019 09:33

131 прагляд

0 каментароў

«Няўжо мы дажылі да гэтага дня?» Людзі плакалі, калі чулі беларускую мову

Жывучы ў вялікім горадзе, кожны з нас чуе беларускую мову не так часта. Аднак, як той казаў, чуткі пра смерць беларускай мовы моцна перабольшаныя.

У Магілёве жыве Вольга Мікалуцкая, настаўніца паводле адукацыі, якая апошнім часам працуе кандуктаркай у тралейбусах. Многія магілёўцы хоць раз ды бачылі спадарыню Вольгу, якая з усімі пасажырамі размаўляе па-беларуску.

«Шмат хто з пасажыраў, улічваючы і дзяцей, са мной пачынае размаўляць менавіта па-беларуску», — кажа спадарыня Вольга.

Вольга распавядае, што, навучаючыся ва ўніверсітэце, яна больш глыбока стала цікавіцца гісторыяй узнікнення беларускай мовы. Тады яна даведалася, колькі нападаў у працэсе свайго гістарычнага існавання перажыла нашая мова, гэта і абудзіла ў Вольгі моцнае патрыятычнае пачуццё.

«Кажуць, што рускімі, французамі, палякамі і гэтак далей нараджаюцца. Беларусамі ж становяцца. Гэта праўда. Я беларускай стала свядома», — адзначае Вольга.

Нягледзячы на тое, што Вольга з дзяцінства размаўляла на расейскай мове, а на беларускую перайшла ўжо ў сталым узросце, яна лічыць яе роднай. Таму падчас перапісу, нягледзячы на прыпіску ў дужках пра «першую, засвоеную ў дзяцінстве», яна адзначыць беларускую мову — роднай.

Здараліся сітуацыі, калі беларускую мову людзі ўспрымалі негатыўна, але гэта лічаныя выпадкі. Большасць вельмі прыязна ставіцца да беларускамоўнай кандуктаркі.

«Нярэдка людзі плакалі, і мужчыны, і жанчыны, я па шчырасці скажу, у іх пачыналі дрыжэць вусны, і яны гаварылі: «Няўжо мы дажылі да таго дня, калі вось такую мову нашу мы чуем свабодна, вольна, прыгожа». Звычайна сярод пасажыраў хтосьці знаходзіцца, хто кажа: «А можна, вы пастаіце каля мяне? А пагаварыце са мной», — распавядае Вольга.

4 кастрычніка ў Беларусі стартаваў перапіс насельніцтва, які працягнецца амаль да канца месяца. На жаль, апошнія перапісы насельніцтва паказваюць, што колькасць людзей, якія лічаць беларускую мову — роднай, няўмольна скарачаецца. Але ж мы можам выправіць гэтую сітуацыю. Пазначайце беларускую мову роднай падчас сёлетняга перапісу, нават калі вы ёй не карыстаецеся кожны дзень. Яшчэ Якуб Колас казаў: «Ніякае багацце людзей не бывае даражэйшым за іх родную мову». Давайце берагчы нашае багацце!

Праграма «Кожны з нас» выходзіць кожную пятніцу а 18:35. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» і на нашай старонцы.

https://belsat.eu

Апошнія навіны