haradok.info

Інфармацыйны партал

Сацыяльныя сеткі:

Навіны Гарадка Культура

26.01.2020 19:17

429 праглядаў

0 каментароў

Гарадоцкая тэхналогія спіральнага пляцення занесена ў Дзяржаўны спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі

Гэты год у Гарадоцкім доме рамёстваў і фальклору пачаўся з добрых падзей: не толькі тэхніка ажурнага ткацтва занесена ў Дзяржаўны спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь, але і традыцыйная тэхналогія спіральнага пляцення.

У Мінску 15 студзеня адбылося пасяджэнне Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны. Удзел у ім прыняла загадчык Гарадоцкага Дома рамёстваў і фальклору Марына Гушча. На мерапрыемстве народны майстар Беларусі Васіль Сіманковіч прадставіў традыцыйную тэхналогію спіральнага пляцення Віцебскай вобласці.

Спіральнае пляценне Гарадоцкага раёна — традыцыйнае беларускае рамяство, якое дасягае

высокага мастацкага ўзроўню, займае пачэснае месца сярод аналагічных тэхналогій, якія распаўсюджаны на тэрыторыі Беларусі. Рамяство даволі старажытнае, кардынальных змяненняў у сваіх вырабах амаль не зазнала, але дапоўнілася лінейкай сувенірных вырабаў, якія даволі папулярныя сярод замежных турыстаў і гасцей.


На сённяшні момант у філіяле «Дом рамёстваў і фальклору» ДУК «Цэнтр традыцыйнай культуры і народнай творчасці» Гарадоцкага раёна праходзяць заняткі, на якіх навучаць тэхніцы спіральнага пляцення. Добрай традыцыяй стала правядзенне раённага конкурсу па традыцыйнаму рамяству, які называецца «Саламяны сусвет».
Майстры Васіль Сіманковіч і Людміла Гаравая на працягу многіх гадоў займаюцца вывучэннем традыцыйнай тэхналогіі спіральнага пляцення нашага рэгіёна. І пераймаюць традыцыі, якія звязаны з народным побытам і паўсядзённым жыццём у вёсцы.
— Гарадоцкія майстры з’яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі ўсіх раённых, гарадскіх, абласных, рэспубліканскіх і некаторых міжнародных праектаў, падчас якіх абменьваюцца вопытам і напрацоўкамі,- кажа Марына Гушча. — Пераемнікі рамяства будуць і далей у ім практыкавацца, спрыяць яго распаўсюджванню, прымаць актыўны ўдзел у выставах, конкурсах і майстар-класах.
Тэхналогія спіральнага пляцення яскрава характарызуе гістарычны і этнаграфічны ландшафт Гарадоцкага раёна. Уключэнне элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны «Традыцыйная тэхналогія спіральнага пляцення Віцебскай вобласці» паспрыяе яе захаванню і перадачы наступным пакаленням. А таксама дасць магчымасць папулярызаваць мясцовыя рамёствы, культуру і традыцыі.

Фота прадстаўлена Гарадоцкім Домам рамёстваў і фальклору.

Майя САЛДАЦЕНКА.

http://www.garadvest.by

Апошнія навіны