haradok.info

Інфармацыйны партал

Сацыяльныя сеткі:

Навіны Гарадка Культура

10.06.2020 18:12

434 прагляда

0 каментароў

У Гарадку адбылася першая арт-сустрэча «На крылах натхнення» з шанаваннем паэмы «Тарас на Парнасе»

Арт-сустрэча пад такой мілагучнай назвай «На крылах натхнення» адбылася 5 чэрвеня ў Гарадку ў дзіцячым парку за Домам культуры.

Сённяшняя эпідэміялагічная сітуацыя, безумоўна, паўплывала на штодзённы ўклад нашага жыцця, у тым ліку і сацыяльнага. Аднак мерапрыемства, якое адбылося ў мінулую пятніцу, дапамагло жыхарам нашага горада і раёна выйсці са стану, так бы мовіць, анабіёзу і атрымаць асалоду ад нумароў таленавітых артыстаў, назапасіць шмат новых уражанняў.
Святочных дзён у календары даволі многа, аднак падчас сустрэчы ўсе прысутныя пераканаліся, што, каб просты дзень стаў асаблівым, дастаткова толькі шчыра пасміхнуцца. Да таго ж, калі разабрацца ў тым, што сабой па сутнасці ўяўляе свята, то, перш за ўсё, гэта, калі ў вас добры настрой, калі вашы родныя і блізкія шчаслівыя, здаровыя і дораць свету шчырыя ўсмешкі. Менавіта таму, каб задаць самы што ні на ёсць святочны настрой, перад гледачамі і выступілі госці з Даўгапольскага клуба — прыгажуні народнага ансамбля песні «Суседзі». Нягледзячы на тое, што прысутных сабралася не так шмат, яны былі вельмі актыўнай і ўдзячнай аўдыторыяй: шчыра падпявалі радкі, якія ўжо паспелі стаць добрай класікай кожнага свята, а нехта нават і танчыў.
У самых лепшых традыцыях пасля таго, як публіка зарадзілася пазітывам і кантэнт быў наладжаны, прыйшоў час даць ёй прастору для разважанняў. Вядучая трапна заўважыла, што, будуючы новыя рэаліі, так ці інакш мы зноў і зноў вяртаемся да нашых вытокаў, звяртаемся да святыняў, натхняемся славутым мінулым нашага народа, ганарымся гісторыка-культурнай спадчынай нашага краю. З 1998 г., дзесьці ў першыя дні чэрвеня, у раёне праводзіцца свята народнай творчасці, беларускай паэзіі і фальклору «Гарадоцкі Парнас», прысвечанае знакамітаму паэту-земляку Канстанціну Васільевічу Вераніцыну, аўтару паэмы «Тарас на Парнасе». І менавіта ў гэтым годзе Гарадоччына святкуе аж 165 год са дня напісання гэтай па-сапраўднаму неўміручай паэмы, якая трывала ўвайшла ў культурную скарбніцу беларускага народа і стала візітнай карткай краіны і нашага раёна ў прыватнасці. У гэтым годзе няма магчымасці разгарнуць маштабнае масавае святкаванне па прычыне пандэміі, аднак не ўзгадаць такую знакавую падзею ўвогуле было б злачынствам.
Унікальны сюжэт «Тараса на Парнасе» інтрыгуе і прыцягвае ўвагу сваімі яркімі, каларытнымі вобразамі, жывой, меладычнай мовай, тонкім гумарам і сёння. А ўявіце, што яна была ўпершыню надрукавана ў далёкім 1889 г. у газеце «Минский листок» пад назвай «Тарас». Пасля выходзіла ў свет брашуркамі і раскуплівалася тысячамі асобнікаў! Доўгі час паэма бытавала як ананімная, таму сяляне пераказвалі яе змест у розных варыяцыях. Аўтарства гэтай перліны айчыннай літаратуры атрымалася ўсталяваць больш чым праз сто гадоў пасля яе напісання, у 1973 г., дзякуючы намаганням беларускага навукоўца Генадзя Кісялёва. Аднак, нягледзячы на ўсе цяжкасці, яна дайшла да нас з вамі і працягвае здзіўляць сваімі неверагоднымі мастацкімі вартасцямі.
Дадзеная сатырычна-гумарыстычная паэма апісвае прыгоды звычайнага беларускага селяніна-палясоўшчыка, які па волі лёсу трапіў аж на Парнас, да Багоў. Менавіта Вераніцын быў першым сярод беларускіх пісьменнікаў, хто зрабіў простага селяніна галоўным героем. Прытым, нягледзячы на паходжанне героя, тэкст не стаў прыземленым, наадварот, яго сэнсавая насычанасць нават сёння не можа быць да канца вытлумачанай. Вельмі часта, відавочны, або так званы паверхневы, сэнс у творы пераплятаецца з падтэкставым, і разам яны ствараюць настолькі яркую і багатую карціну, што знаўцы літаратуры нават да сённяшняга дня нястомна іх вывучаюць! Вось ён — талент Вераніцына! Мастакі, кампазітары і тэатральныя дзеячы неаднаразова звярталіся да паэмы, якая перакладзена на восем моў свету, яны натхняліся гэтымі неўміручымі радкамі. Думаецца, усё ж такі нездарма Васіль Вітка ставіў «Тараса на Парнасе» па значнасці адразу пасля «Слова аб палку Ігаравым».
Каб больш дэталёва расказаць гасцям мерапрыемства гісторыю жыцця знакамітага аўтара і яго не меней знакамітага твора, супрацоўнікі Гарадоцкага раённага краязнаўчага музея падрыхтавалі тэматычную выставу, дзе былі прадстаўлены не толькі копіі выданняў паэмы розных гадоў, якія былі перададзеныя нашаму музею Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва, але і матэрыялы даследванняў і «Вераніцынскіх чытанняў» розных гадоў.

Цікава было ўбачыць і працы пераможцаў конкурсу малюнкаў, які праводзіўся сярод вучняў школ нашага горада і раёна, а таксама фотаздымкі розных гадоў, якія расказваюць гісторыю зараджэння і развіцця гэтага свята на нашай зямлі. Ярка, калярова і арыгінальна — менавіта так кожны год праходзяць у горадзе святы ў гонар нашага таленавітага земляка і створанага ім вобраза — Тараса, які на думку шматлікіх літаратуразнаўцаў стаў зборным вобразам селяніна.
Тэматыцы ўшанавання асобы аўтара і яго неўміручай паэмы былі прысвечаны таксама тэматычныя выставы «Тарас» і «Ці знаў хто з вас, браткі, Тараса?», фотазона «Разам з Тарасам». Самыя праўдзівыя і аптымістычныя «прагнозы» ўсім шчыра прапаноўваў куфар прадказанняў, а добрыя жартачкі гледачам дарыла «Скарбонка гумару ад Тараса». Арт-лакацыя «Упрыгож сябе яркімі малюнкамі» адразу прыцягнула ўвагу дзяцей. Займальны майстар-клас па набойцы, які падрыхтавалі спецыялісты Гарадоцкага філіяла «Дом рамёстваў і фальклору» Цэнтра традыцыйнай культуры, таксама не застаўся па-за ўвагай і сабраў вакол сябе ўсіх зацікаўленых. Акрамя таго, на памяць аб сустрэчы госці маглі набыць сувеніры.
Вельмі слушна, што нават праз дзясяткі год мы памятаем выдатных людзей, якія прынеслі славу нашай Радзіме. Мы па праве ганарымся тым, што на гарадоцкай зямлі ўспыхнуў яркі і самабытны талент Канстанціна Вераніцына. Каб яшчэ глыбей зазірнуць у нашу культурную гісторыю і нагадаць усім, што спадчынная творчасць жыве і будзе жыць, перад гледачамі выступілі Уладзімір Шакуцёў і Аляксандр Шандаеўскі.
Насамрэч, музыка і песні роднага краю — гэтыя матывы і знаёмыя з дзяцінства радкі мы ніколі ні з чым не зблытаем... У іх столькі глыбокай мудрасці і высокай паэзіі, светлай душы і жыццёвай сілы. І Таццяна Раева з дапамогай свайго мілагучнага голасу ў чарговы раз гэта даказала. Добры настрой і весялосць усім прысутным увесь час дапамагалі падтрымліваць нашы таленавітыя артысты: звонкагалосая Алена Пагіба, харызматычныя У. Шакуцёў, А. Шандаеўскі і інш.
Не забыліся арганізатары і на самую непаседлівую частку аўдыторыі — нашых дзетак. Так, акрамя таго, што для іх быў арганізаваны продаж ласункаў і друкаванай прадукцыі «Размалёўкі», усталяваны батут, добры настрой і мора пазітыўных эмоцый ім падарылі таксама «прафесійныя сяброўкі» Крутышка і Мілашка. Разам з дзецьмі яны спявалі, танчылі з рознакаляровымі пампушкамі, гулялі і нават чыталі рэп. Мяркуючы па светлых ад шчырых усмешак тварах дзяцей, заказчык застаўся вельмі задаволены, як кажуць.
Жыццё заўжды змяняецца, і гэтага не перайначыш. Аднак, калі ўмець правільна прыладзіцца пад гэтыя змены і не губляць добры настрой, шчырасць і быць адкрытым свету, то ўсё навокал абавязкова заззяе ўсімі колерамі вясёлкі і нават яшчэ ярчэй! Не верыце? Запытайце тых, хто завітаў у мінулую пятніцу ў гарадскі парк, яны абавязкова пагадзяцца з гэтымі словамі.
Фота аўтара.

Вікторыя ПАЎЛАВА.

Паводле: http://www.garadvest.by/2020/06/na-krylah-nathnennya/

Апошнія навіны