haradok.info

Інфармацыйны партал

Сацыяльныя сеткі:

Навіны Гарадка Культура

07.01.2014 15:56

3871 прагляд

0 каментароў

Старажытны помнік архітэктуры працягвае разбурацца

Другое дзесяцігоддзе, як разбураецца помнік архітэктуры — касцёл у в. Рамні Межанскага сельсавета. За гэты час Гарадоцкі райвыканкам не знайшоў магчымасцей і шляхоў ратавання гістарычнага касцёла.

Драўляны касцёл у тутэйшай вёсцы Рамні быў пабудаваны ў 1886 годзе ў характэрным для гэтага часу стылі класіцызму ў спалучэнні з элементамі мадэрна і псеўдарускага стылю. Старажылы кажуць пра тое, што культавы будынак узводзілі майстры з Польшчы, якіх наймалі на работу мясцовыя жыхары. Да рэвалюцыі ў ваколіцах Рамнёў пражывала шмат латышоў. Хоць яны па веравызнанні былі лютэранамі, але хадзілі маліцца ў касцёл.

На сёняшні час каталіцкі храм Святых апосталаў Пятра і Паўла ў вёсцы Рамяні — самы яркі след прыбалтаў ў Гарадоцкім раёне. Пра яго «радавод» магчыма прачытаць у прысвечаным Віцебскай вобласці " Зборы помнiкаў гiсторыi i культуры Беларусi«, выдадзеным у 1985 годзе. Малазнаёмыя для рускіх словы лашчаць слых і інтрыгуюць: «адназрубнае культавае збудаванне» , да якога «з захаду прымыкае бабiнец, другi ярус якога аздоблены званнiцай , а з ўсхода — апсiда з двума рызнiцамi» . «Крыжовы ў плане дах абмежаваны на тарцах франтонамi, увянчанымi шлемападобнымi галоўкамi. Магутны карнiз па усiм перыметры будынка падтрымлiвае вялiкую навесь даху.

Тымпаны франтонаў прарэзаны круглымi люкарнамi, сцены цэнтральнай часткi — спаранымi паўкруглымi вокнамi з разнымi лiштвамi ». І амаль энцыклапедычнае рэзюмэ : " Пластыка i кампазiцыя касцёла — характэрная для канца XIX стагоддзя . Спалучэнне элементаў класiцызму з рысамi стыляў мадэрна і псеўдарускага.«

Але зараз па вялікаму рахунку ад касцёла засталася толькі назва і сілуэт. Некалькі дзесяцігоддзяў назад злачынцы з Санкт-Пецярбурга скралі са сцен храма ўнікальныя фрэскі, якія з’яўляюцца вялікай гістарычнай каштоўнасцю. Потым мясцовыя праваслаўныя дзеячы, атрымаўшы ва ўладаранне храм, распачалі яго «рамонт» без усякага ўліку архітэктурнага стылю.

фота: «Советская Беларусь»

Каля дзесяці гадоў назад вялікі ўдзел у лёсе касцёла прымаў наш зямляк Анатоль Дарафеяў, прарэктар Віцебскага ўніверсітэта. Рупліўца беларускай культуры Дарафеяў знайшоў зацікаўленых фундатараў у стварэнні музея беларускай культуры у касцёле. Менавіта музея, таму што гэта ва ўсіх сэнсах будзе больш карысна, чым аднаўляць культавы будынак. Бо на сёння ў ваколіцах Рамнёў няма ніякай каталіцкай супольнасці, а праваслаўныя дзеячы не пагаджаюцца на захаванне каталіцкага храма.

Але гэтыя імкненні дзесяцігадовай даўніны так і засталіся памкненнямі, калі сутыкнуліся з бюракратычнымі перашкодамі ды і часам непавагай да фундатараў. Вось і памірае помнік архітэктуры пры маўклівай згодзе гарадоцкіх вертыкальшчыкаў.

У верасні 2012 года ў газеце «Рэспубліка» з’явілася нататка Інны Гарбаценка «Свята месца пуста не бывае ?», дзе апісвалася сітуацыя з касцёлам. Але нягледзячы на публікацыю ў дзяржаўнай газеце Савета Міністраў ніякіх зрухаў у лёсе касцёла не адбылося. Улады па-ранейшаму абыякавы да лёсу касцёла, а Анатоль Дарафеяў ўжо адыйшоў у лепшы свет.

Л. Антонаў

Апошнія навіны