haradok.info

Інфармацыйны партал

Сацыяльныя сеткі:

Навіны Гарадка Культура

15.01.2014 09:50

4029 праглядаў

0 каментароў

Абрадавая гульня «Пахаванне дзеда» чакае занясення ў Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі

Масленічная абрадавая гульня «Пахаванне дзеда» з Даўгапольскага сельсавета ўжо занесена ў Нацыянальны інвентар нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі, які створаны пры фінансавай і кансультатыўнай падтрымцы ЮНЕСКА.

 Пра гэта магчыма даведацца, наведаўшы сайт "Жывая спадчына Беларусі" ( livingheritage.by/ ) – гэта спецыялізаваны рэсурс Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, які ўтрымлівае інфармацыю пра здабыткі нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі.

Нацыянальны інвентар нематэрыяльнай культурнай спадчыны ( далей – НКС) Беларусі з’яўляецца важным складнікам дзейнасці па імплементацыі Канвенцыі ЮНЕСКА аб захаванні нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Яго асноўная мэта – забеспячэнне аховы НКС і яе ўстойлівага развіцця, падтрымка носьбітаў НКС; уключэнне НКС ў сферу рэгіянальнай палітыкі.

Інвентар НКС Беларусі падкрэслівае неабходнасць захавання раўнавагі паміж сацыяльна-эканамічным развіццём рэгіёнаў, аховай культурнага ландшафта, дасягненнямі народнай культуры, традыцыйным ладам жыцця, экасістэмай увогуле. Захаванне і папулярызацыя нематэрыяльнай культурнай спадчыны, традыцыйных ведаў і практык можа стаць пазітыўным імпульсам для развіцця рэгіёнаў, іх самаідэнтыфікацыі і культурнай самарэалізацыі.

З Віцебскай вобласці ў Нацыянальны інветар занесена толькі пяць каштоўнасцей з Гарадоцкага, Глыбоцкага і Лепельскага раёнаў. Ад нашага рэгіёну там дзве каштоўнасці: “Традыцыя ажурнага ткацтва” і “Масленічная абрадавая гульня «Пахаванне дзеда»”. Пра першую каштоўнасць мы распавядалі на сайце раней у нататцы "Палічыць кожную нітачку"  ( haradok.info/bel/%D0%BD%D0%B0%D0%B2%D1%96%D0%BD%D1%8B/%D0%BA%D1%83%D0%BB%D1%8C%D1%82%D1%83%D1%80%D0%B0/740/  ).

Пра другую каштоўнасць на сайце "Жывая спадчына Беларусі" распавядаецца так: “Абрадавая гульня «Пахаванне дзеда» прымеркавана да масленічнага тыдня і ўяўляе сабой своеасаблівую кульмінацыйную кропку гэтага часу. «Пахаванне дзеда» – адметнае праяўленне лакальнай культурнай традыцыі вёсак Маскаляняты і Даўгаполле Гарадоцкага раёна. Носьбіты традыцыі і ўдзельнікі абрадавай гульні выразна ўсведамляюць яе дакладную прымеркаванасць да Масленкі. У вобразе дзеда персаніфікуюцца і матэрыяльна ўвасабляюцца «мясныя запусты» — як кажуць: «Дзед падавіўся косткай». Бытаванне абраду ў межах супольнасці з’яўляецца неперарыўным. У дзеі, якая праводзіцца кожны год у першы панядзелак Масленіцы, удзельнічаюць, у асноўным, жанчыны, прычым сталага ўзросту. Незамужнія маладыя дзяўчаты да ўдзелу ў абрадзе не дапускаюцца. Пасля памінання продкаў у «Таўстую суботу» жыхары вёсак Маскаляняты і Даўгаполле хаваюць міфалагічнага дзеда-продка (Сідорку і Цімку адпаведна), увасобленага ў спецыяльна падрыхтаванай антрапаморфнай ляльцы, якое мае палярныя характарыстыкі – абжора, п’яніца, гуляка, працавіты чалавек, жыццялюб, моцны. На працягу дня жыхары вёскі ўключаюцца ў гульню і кожны, хто прыходзіць развітацца з дзедам перад пахаваннем, атрымлівае сваю ролю, творча яе развівае. Жанчыны галосяць, а мужчыны, як правіла, падкрэсліваюць рысы характару і факты з жыцця міфалагічнага памерлага. Дыялогі і галашэнні характарызуюцца варыятыўнасцю. Такім чынам, абрад прымае гульнёвую форму і набывае імправізацыйны характар у межах традыцыі. Абрад адзначаецца таксама і ярка выражаным эратычным зместам. Абрад «Пахаванне дзеда» перадаецца з пакалення ў пакаленне і прызнаецца супольнасцямі сваёй каштоўнасцю.”

Фота з сайта "Жывая спадчына Беларусі"

Па спасылцы http://livingheritage.by/nks/1836/ магчыма азнаёміцца і з іншай інфармацыяй аб гэтым унікальным абрадзе, у тым ліку пабачыць фота- і відэадакументы. Адзначым, што першую спробу паведаміць грамадскасці аб гэтым абрадзе ў 2001 годзе зрабіла Т.І. Кухаронак ( livingheritage.by/upload/intranet/49/doc/%D0%9F%D0%B0%D1%85%D0%B0%D0%B2%D0%B0%D0%BD%D0%BD%D0%B5_%D0%B4%D0%B7%D0%B5%D0%B4%D0%B0%E2%80%93%D0%93%D0%B0%D1%80%D0%B0%D0%B4%D0%BE%D1%86%D0%BA%D1%96_%D1%80%D0%B0%D1%91%D0%BD_%D0%92%D1%96%D1%86%D0%B5%D0%B1%D1%81%D0%BA%D0%B0%D1%8F_%D0%B2%D0%BE%D0%B1%D0%BB%E2%80%93%D0%A2.%D0%86._%D0%9A%D1%83%D1%85%D0%B0%D1%80%D0%BE%D0%BD%D0%B0%D0%BA_%D0%9C%D0%B0%D1%81%D0%BA%D1%96_%D1%9E_%D0%BA%D0%B0%D0%BB%D1%8F%D0%B4%D0%BD%D0%B0%D0%B9_%D0%B0%D0%B1%D1%80%D0%B0%D0%B4%D0%BD%D0%B0%D1%81%D1%86%D1%96_%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%B0%D1%80%D1%83%D1%81%D0%B0%D1%9E_%D0%9C%D1%96%D0%BD%D1%81%D0%BA_%D0%A3%D1%80%D0%B0%D0%B4%D0%B6%D0%B0%D0%B9_2001.pdf  ), а галоўную працу ў нашы дні выканалі супрацоўнікі аддзела культуры Гарадоцкага райвыканкама пры непасрэдным удзеле жыхароў в. Даўгаполле і в. Маскаляняты.

Л. Антонаў

Апошнія навіны