haradok.info

Інфармацыйны партал

Сацыяльныя сеткі:

Навіны Гарадка Культура

17.05.2022 16:54

1503 прагляда

0 каментароў

Першая экскурсія «Па лясных сцежках і пяці азёрах урочышча Вараб’ёвы горы» прайшла ў Гарадку

Турысцка-інфармацыйны цэнтр ДУ «РФСК «Гарадок» арганізаваў бясплатную экскурсію «Па лясных сцежках і пяці азёрах урочышча Вараб’ёвы горы» ў межах Фэста экскурсаводаў, які праходзіў на Віцебшчыне 13-15 траўня.

Экскурсію правёў Леанід Гаравы, інструктар-метадыст па турызму ТІЦ ДУ «РФСК «Гарадок».

Дэманстрацыя мапы турслета моладзі Саюзнай дзяржавы 2008 году ў Вараб'ёвых гарах

Гэта экскурсія пачалася з лыжаролернай трасы і апавядання пра асобаў з якімі звязаны поспехі гарадоцкіх лыжнікаў. Была рассказана пра першага дырэктара Гарадоцкай ДЮСШ Б.Ф. Вараб’ёва, заслужанага трэнера Беларусі У.А. Кухарэнку, лыжніка Віктара Камоцкага, біятланістку Настассю Кінунен (Дубарэзава), а таксама сучасных паспяховых трэнераў А. А. Трафімава, А. М. Сцяпанава і іншых. Менавіта з імі звязана гісторыя поспехаў гарадоцкіх лыжнікаў і вядомасць Гарадка, як цэнтра лыжнага спорту Беларусі.

Потым экскурсанты пайшлі ўздоўж берагавой лініі возера Арэхавае, назіраючы непаўторную прыроду нашых азёр. Пабачылі сляды дзейнасці баброў каля возера і іхнюю хатку ў заліве «Цёма».

Экскурсавод распавёў пра месца і паказаў, дзе ў 30-я гады ХХ стагоддзя была вёска Вараб’і з якой і пайшла назва ляснога урочышча. Пра яе жыхароў з роду Вараб’ёвых, нашчадкі якіх і зараз жывуць у Гарадку, а таксама пра быт сялян на рэчке Шорнай, каля якой была арцель шорнікаў. Была прадэманстравана мапа ваколіц каля Гарадка з 1910 году з вёскамі Водвіна, Свіналупы, Шчарбакі, Трэццякі, Хабенкі і г. д.

На беразе Шчарбакоўскага возера, якое на пачатку ХХ ст. мела назву Глыбокае, была паказана крыніца, якая патрабуе добраўпарадкавання. Таксама расказана пра сучаснае становішча возера і яго ваколіц.

Далей турысты дайшлі да возера Святога і пачулі паданні пра гэта возера і тых русалак, якія могуць у ім быць у летні час і паданне пра абрушаную Люцэферам ў возера царкву. Таксама было расказана пра ўладальніка млына на левабярэжжы Усысы за былой вёскай Траццякі Волкаве Цімафее, які удзельнічаў ў руска-японскай вайне і атрымаў зямельны надзел для млына, а яго нашчадкі зараз жывуць у Гарадку.

Пятым возерам стала лясное возера Жабанкі, да якога ёсьць брама ў агароджы лыжаролернай трасы. Турысты пачулі пра яго мясцовую назву Чортава возера і адзіным відзе рыбы — ратаны, якія з Дальняга ўсхода апынуліся ў гарадоцкім возеры.

Чарговым аб’ектам наведвання стала месца снегасховішча — адзінае ў Беларусі. Гэта ноў-хаў ВАЦАР па ЗВС з ініцыятывы Паўла Мяжуева, намесніка дырэктара ВАЦАР, дазволіла падоўжыць лыжны сезон на два месяцы — лістапад і сакавік.

Апошні аб’ект экскурсіі — Рэзідэнцыя Снягуркі на бас-востраве. Рэзідэнцыя стала месцам не толькі сустрэчы Новага года для дзяцей, але і месцам правядзення свята «Гарадоцкі парнас» і гастранамічнага фэста «Мара гурмана» ад Гарадоцкай птушкафабрыкі і іншых мерапремстваў.

Пад час экскурсіі турысты займаліся яшчэ плогінгам — зборам смецця на прагулцы, якое засталося ад недабрасумленных наведвальнікаў азёр урочышча Вараб’ёвы горы. Было сабрана некалькі пакетаў з пластыкавымі і шклянымі бутэлькамі і г.д..

Удзельнікі экскурсіі атрымалі новыя веды пра родны край, яго гісторыю, пабачылі усе пяць азёр і атрымалі зарад бадзёрасці ад наведвання ваколіц урочыша Вараб’ёвы горы.

Гэтую экскурсію працягласцю каля трох гадзін група грамадзян ад 5 чалавек можа замовіць у ТІЦ ДУ «РФСК «Гарадок» па тэл. +3752139 — 56219 або на мэйл: tour_gorodok@vitebsk.by

Л. Антонаў

Паводле: http://haradoktour.by

Апошнія навіны