haradok.info

Інфармацыйны партал

Сацыяльныя сеткі:

Навіны Гарадка Палітыка

07.08.2019 08:37

213 праглядаў

0 каментароў

Чаму Кітай пабудуе футбольны стадыён у Менску бясплатна?

Беспрэцэдэнтным прыкладам сяброўства паміж Кітаем і Беларуссю Лукашэнка назваў будоўлю двух новых аб’ектаў у Менску — нацыянальнага футбольнага стадыёну і басейну міжнароднага стандарту. Праект сёння абмеркавалі падчас адмысловай нарады ў кіраўніка краіны.

Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі:

«Я прасіў падрыхтаваць праекты ўказаў з упорам на гэта. Каб мы, атрымаўшы бясплатныя грошы, не валакіцілі кітайцаў. Гэта яны будуць будаваць гэты абʼект. Вядома, з нашых матэрыялаў, нашы людзі будуць там працаваць у асноўным. Але каб у кітайцаў не было скаргаў, што ў нас там нейкія незразумелыя стандарты, якія засталіся, напэўна, не тое што з савецкіх часоў, да рэвалюцыі яшчэ паводле некаторых з іх будавалі».

Першапачаткова чакалі, што стадыён пабудуюць кампаніі Юрыя Чыжа, які ў той час кіраваў футбольным клубам «Дынама», аднак бізнесоўца ў выніку адхілілі ад праекту, а кантракт перадалі кітайцам.

Новыя абʼекты мусяць быць пабудаваныя да 2023 года. Гэтак, футбольны абʼект агульнаю плошчаю 48 тысячаў квадратных метраў узнікне каля стадыёну «Трактар». Басейн — на месцы былой фабрыкі «Чырвоная зорка» на вуліцы Кальварыйскай. Агульны кошт праектаў — 235 мільёнаў долараў.

«Звычайна Кітай такім чынам дзейнічае ў іншых краінах. Такім чынам ён паказвае свой уплыў у іншых рэгіёнах. Так было, да прыкладу, у Афрыцы, дзе яны таксама будавалі футбольныя стадыёны. І таксама на бескаштоўнай аснове», — тлумачыць Аляксандр Заяц, эканамічны аглядальнік, намеснік рэдактара Tut.by.

Сёлета ў красавіку амбасадар Беларусі ў Кітаі Кірыл Руды паведамляў, што Паднябесная плануе перайсці ад крэдытавання нашай краіны да наўпроставых інвестыцыяў. Аднак пакуль доля кітайскіх інвестыцыяў у Беларусь невялікая: летась яна склала ўсяго крыху больш за тры адсоткі.

«Менску, канечне ж, хацелася б перайсці на прамыя інвестыцыі, але, верагодна, Кітай нечым не задаволены ў гэтых стасунках, таму да сённяшняга дня гэткая парадыгма, скажам так, адносінаў», — дадае Аляксандр Заяц, эканамічны аглядальнік, намеснік рэдактара Tut.by.

На сёння мы вінныя Кітаю больш за 3 мільярды долараў. За гэтыя пазыкі электрыфікавалі чыгунку, часткова прафінансавалі завод «Белджы», а, бадай, самае галоўнае — будоўлю індустрыйнага парку «Вялікі камень». А што б хацелі бачыць за кітайскія інвестыцыі беларусы?

«Яшчэ некалькі лядовых палацаў».

«Пляж круты».

«Аздараўляльны комплекс які-небудзь для дзетак».

«Эйфэлеву вежу. Нядрэнна было б».

«Ой... Кватэры, дамы і заробкі людзям бы добрыя».

«Бясплатны сыр бывае толькі ў мышалоўцы», — кажуць менчукі.

Не ўсе кітайскія праекты былі паспяхова зрэалізаваныя ў Беларусі. Гэтак, улады разарвалі кантракты на паслугі кітайскіх генеральных падрадчыкаў, якія будавалі заводы ў Добрушы ды Светлагорску. Апошні абʼект — завод беленай цэлюлозы — яшчэ летась на афіцыйным узроўні прызналі шкодным для здароўя мясцовых жыхароў.

Віталь Бабін, belsat.eu

Апошнія навіны