haradok.info

Інфармацыйны партал

Сацыяльныя сеткі:

Навіны Гарадка Палітыка

09.10.2019 09:53

130 праглядаў

0 каментароў

Як малявалі межы Беларусі. Частка ІІІ. У 1940-м БССР прымусілі аддаць Друскенікі, Сьвянцяны і Салечнікі

Трэцяга лістапада 1940 году да Літвы адышла «другая партыя» беларускіх земляў плошчай 2,6 тысячы квадратных кілямэтраў, што сувымерна двум сярэднім раёнам. Перадаць іх прапанаваў сам кіраўнік БССР Панамарэнка, за што атрымаў рог віна ад Сталіна. На падставе ўспамінаў і архіўных зьвестак, а таксама свайго інтэрвію 30-гадовай даўнасьці з савецкім функцыянэрам, дырэктар Менскага бюро Свабоды Валянцін Жданко аднаўляе падзеі, пры якіх праводзілася мяжа паміж Беларусьсю і Літвой.

Архіўнае інтэрвію з чыноўнікам, які перадаваў беларускія вёскі Літве

Позьняй восеньню 1940 году чорную «Эмку» кіраўніка Вілейскай вобласьці Івана Клімава часта можна было бачыць у памежных зь Літвой раёнах — то ў Сьвянцянах, то ля Адуцішкаў, то пад Ашмянамі. Езьдзіў ён не адзін — побач заўсёды быў нехта зь літоўскіх таварышаў — кіраўнікоў Літвы, якая два месяцы таму была далучана да СССР. Некалькі разоў у такіх паездках кампанію Клімаву складаў першы сакратар ЦК КП(б) Літвы Антанас Сьнечкус.

Мясцовыя жыхары, назіраючы за гэтымі рэдкімі на той час картэжамі бальшавіцкіх бонзаў, здагадваліся: вырашаўся лёс іхных вёсак і мястэчак. Савецкія газэты яшчэ ў жніўні 1940 году паведамілі: адначасова з далучэньнем Літвы да СССР ёй будзе перададзены шэраг беларускіх тэрыторый на поўначы Вілейскай і Баранавіцкай абласьцей. Якіх? Застанецца твая вёска ў Беларусі ці апынецца раптам у Літве — гэта ў тыя дні залежала выключна ад таварышаў Клімава і Сьнечкуса

Даведка:

Іван Клімаў (1901–1991) нарадзіўся ў вёсцы Касьцюкоўка на Магілёўшчыне. З 1931-га — у апараце ЦК КП(б) Беларусі. У верасьні 1939-га быў накіраваны ў Вільню — галоўным упаўнаважаным у справе стварэньня дзяржаўнай адміністрацыі на акупаванай Чырвонай арміяй тэрыторыі Заходняй Беларусі. Спрычыніўся да палітычных рэпрэсій у Вільні. Рыхтаваўся ствараць і ўзначаліць Віленскі абкам партыі. Пасьля таго як Віленшчыну СССР перадаў Літве, быў прызначаны першым сакратаром Вілейскага абкаму КП(б)Б. Пасьля вайны доўгі час быў намесьнікам кіраўніка ўраду БССР, у 1968–1974 — намесьнікам старшыні Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету БССР.

Амаль праз сорак год пасьля гэтага, у верасьні 1989-га, я, малады журналіст «Звязды», гутарыў з Іванам Клімавым пра тыя далёкія падзеі ў ягонай шыкоўнай (як на той час) кватэры на вуліцы Захарава, недалёка ад плошчы Перамогі. Клімаву было ўжо пад дзевяноста, але памяць ён захаваў выдатную. Пры гэтым у яго была своеасаблівая манера размаўляць нават з малазнаёмымі людзьмі, па якой няцяжка было пазнаць былога высокапастаўленага функцыянэра сталінскага гарту, які не прывык да пярэчаньняў і непрыемных пытаньняў. Хамаваты, самаўпэўнены, «тыкаў» усім, незалежна ад узросту і ступені знаёмства.

З інтэрвію Клімава. Звязда, 18 кастрычніка 1989 г.

«Недзе ў канцы 1940-га — пачатку 1941 году мне і першаму сакратару ЦК КП(б) Літвы Антанасу Сьнечкусу было даручана ўдакладніць граніцу паміж дзьвюма рэспублікамі па тэрыторыі Вілейскай вобласьці. Пагранічныя пытаньні з разраду надзвычай далікатных. Але нам удалося пазьбегнуць непаразуменьняў і канфліктаў. Па ўзаемнай згодзе да Літоўскай ССР тады адышлі Швянчонскі і Адуцішкаўскі раёны, частка тэрыторыі Ашмянскага, Астравецкага, Сьвірскага і Пастаўскага раёнаў. Дарэчы, з А. Сьнечкусам з таго часу мы сталі вельмі блізкімі сябрамі».

Апавядаў ён шмат цікавага, але часта зазначаў: «Гэта не для друку». У канцы размовы строга папярэдзіў: безь ягонай візы інтэрвію зьявіцца ў газэце не павінна.

Пасьля яшчэ адной сустрэчы з Клімавым у той жа кватэры, назіраючы, як чырвоны аловак асьцярожнага Івана Фролавіча бязьлітасна выкрэсьлівае цэлыя кавалкі самых цікавых фрагмэнтаў, я быў моцна расчараваны. Ніжэй пакажам, як інтэрвію выглядала ў апублікаваным выглядзе ў «Зьвязьдзе», а якія часткі былі выкрасьленыя і ня трапілі ў друк.

Інтэрвію з Іванам Клімавым у «Звяздзе»

Паводле Клімава, яшчэ да пачатку перамоваў ён атрымаў ад кіраўніцтва ЦК КП(б)Б інструкцыю: літоўскіх таварышаў не дражніць і ня крыўдзіць, за вёскі, на якія яны прэтэндуюць, асабліва не трымацца. Літва толькі што ўступіла ў склад СССР, і яе новаму камуністычнаму кіраўніцтву трэба паказаць свайму насельніцтву, наколькі яно карыстаецца аўтарытэтам у Маскве. Тым больш што мяжа гэтая толькі адміністрацыйная: ня мае вялікага значэньня, у які савецкі рэгіён уваходзіць тая ці іншая вёска.

Зь мясцовым насельніцтвам ніхто ня раіўся і іхнай думкі не пытаўся. Не было і дакладных зьвестак пра тое, які нацыянальны склад паселішчаў, што перадаваліся Літоўскай ССР, колькі там літоўцаў, а колькі беларусаў. На гэта не было часу. Дый асаблівай патрэбы ў тым не было: партыйныя дырэктывы не абмяркоўваліся.

Клімаў успамінаў, што тыя сумесныя памежныя паездкі па засьнежаных беларускіх вёсках заканчваліся, як правіла, шчодрымі сяброўскімі застольлямі, падчас якіх «мацавалася беларуска-літоўская дружба». За чый кошт былі тыя банкеты — Іван Клімаў у 1989 годзе ўжо ня памятаў. Ці не хацеў казаць.

Антанас Сьнечкус (1902–1974)

Нарадзіўся ў Ковенскай губэрні. Адукацыю атрымаў у Расеі, у Варонескай гімназіі. У незалежнай Літве як актывіст кампартыі доўгі час вёў падпольную дзейнасьць, неаднаразова сядзеў у турмах. З 1940 году і да самай сьмерці, на працягу 34 гадоў, узначальваў Літоўскую ССР. Спрычыніўся да масавых рэпрэсій. Нават уласнага брата зь сям’ёй выслаў у Сібір, дзе той і памёр.

Памёр у Друскеніках. У савецкай Літве ягоным імем быў названы горад, якому пасьля падзеньня камуністычнага рэжыму вярнулі назву Вісагінас.


Панамарэнка сам агучыў прапанову, каб перадаць Літве кавалак БССР

Вядома, Клімаў і Сьнечкус вызначалі толькі дэталі: апынуцца тыя ці іншыя беларускія вёскі, хутары, лясы на літоўскім баку — ці ўсё ж застануцца на беларускім. Прынцыповае рашэньне пра шчодры падарунак новай савецкай рэспубліцы за кошт беларускіх земляў прымалася, канечне ж, у Крамлі. І адбывалася гэта ўлетку 1940 году, калі ўжо было вядома, што Літва страціць сваю незалежнасьць.

Імкнучыся крыху падсаладзіць гэтую горкую мікстуру, Масква распрацавала такі сцэнар: адначасова з пазбаўленьнем Літвы незалежнасьці перадаць ёй у якасьці падарунка частку паўночных тэрыторый БССР. Тым больш што літоўскія таварышы ў гэтым пытаньні былі вельмі настойлівыя і пры кожным зручным выпадку нагадвалі пра Маскоўскую дамову 1920 году, паводле якой паўднёвая мяжа Літвы ўвогуле павінна была праходзіць па Нёмане.

З выступу П. Панамарэнкі 3 жніўня 1940 году на сэсіі Вярхоўнага Савету СССР:

«Ва ўсясьветнай гісторыі не было іншага такога прыкладу, каб вялікая магутная дзяржава па ўласнай волі аддавала малой дзяржаве такі вялікі горад (Вільню ў кастрычніку 1939 году. — РС). Тым ярчэй гэты факт дэманструе міралюбнасьць і дружбу вялікай савецкай дзяржавы». (...)

«Урад і Прэзыдыюм Вярхоўнага Савету БССР, а таксама ЦК КП(б)Б уносяць прапанову аб далучэньні да Літоўскай ССР Сьвянцянскага раёну і часткі тэрыторыі зь пераважным літоўскім насельніцтвам Відзаўскага, Гадуцішкаўскага, Астравецкага, Воранаўскага, Радунскага раёнаў, якія знаходзяцца цяпер у складзе Вілейскай і Баранавіцкай абласьцей Беларускай ССР». (Бурныя, доўга не змаўкаючыя аплядысмэнты. Усе дэпутаты ўстаюць. Воклічы на літоўскай мове ў гонар таварышаў Сталіна, Молатава, Варашылава.)

Панцеляймон Панамарэнка
У 1939-м БССР перадала Літве Віленскі край, і ўжо праз год — яшчэ частку памежных раёнаў

Панцеляймон Панамарэнка ў далейшым ня надта любіў успамінаць гэты эпізод сваёй біяграфіі, які зусім ня ўпісваўся ў вобраз «зьбіральніка беларускіх земляў», які яму яўна імпанаваў. Аднак у апублікаваных адзінаццаць год таму дзёньніках былога кіраўніка БССР ёсьць згадка пра той дзень зь цікавымі дэталямі.

Зь дзёньніка Панамарэнкі (часопіс «Нёман», 2008). Запіс ад 3 жніўня 1940 г.:

«Воклічы ўхваленьня падчас прамовы. Бурная рэакцыя, лікаваньне літоўцаў. Пасьля паседжаньня сэсіі сышоў у гатэль, па дарозе дагнаў Румянцаў (адзін з начальнікаў аховы Сталіна — РС) і сказаў, што т. Сталін просіць вярнуцца ў пакой побач з заляй паседжаньняў. Я вярнуўся. У т. Сталіна былі ўсе члены Палітбюро. Віншавалі з добрай прамовай.»

«Т. Сталін падышоў да мяне, наліў у вялікі рог вінаграднага віна (увайшла амаль бутэлька) і сказаў: „Піце штрафную за добрую прамову“ (гэта быў мой першы выступ у прысутнасьці т. Сталіна). Я надпіў і ня ведаў, куды падзець рог, пакласьці нельга, ён зь віном, паставіць ці павесіць таксама нельга. Усе, у тым ліку т. Сталін, патрабуюць: „Да дна, да дна“. Зь цяжкасьцю выпіў і закашляўся. Затым т. Сталін запрасіў усіх да сябе на бліжнюю дачу. Паехалі Молатаў, Варашылаў, Дзімітраў, Жданаў, Кагановіч, Мікаян, Берыя, Юсупаў — узяў мяне ў сваю машыну. Там вячэралі і весяліліся, пакуль былі забытыя справы...»


Адметная дэталь: у агучаным на сэсіі ВС СССР Панамарэнкам сьпісе тэрыторый, якія прапаноўвалася перадаць Літве, фігуравалі раёны толькі дзьвюх абласьцей — Вілейскай і Баранавіцкай. А ў канчатковым выніку ў складзе Літвы апынуліся і Друскенікі з прылеглымі землямі (а гэта ўжо тэрыторыя Беластоцкай вобласьці, пра якую пачаткова ўвогуле ня згадвалася). Прычым Друскенікі былі найбольш каштоўнай для Беларусі стратай з усіх перададзеных Літве земляў. Ужо тады гэта быў вядомы курорт з выдатнай інфраструктурай. На пачатку 1940-га ўрад БССР уклаў у ягонае разьвіцьцё немалыя сродкі. Вядома таксама, што Панамарэнка асабліва даражыў гэтым горадам.

Чаму ж так сталася, што той самы Панамарэнка, які паўгода таму цьвёрда адстойваў беларускія інтарэсы ў спрэчцы з Хрушчовым за Палесьсе, так лёгка аддаў, на дадатак да тэрыторый вакол Сьвянцянаў і Салечнікаў, яшчэ і Друскенікі?

Указальнік на Друскенікі ў вёсцы Парэчча, за некалькі кілямэтраў ад сучаснай мяжы Беларусі і Літвы

Ва ўспамінах самога Панамарэнкі адказу на гэтае пытаньне няма. Але верагодны адказ можна знайсьці ў стэнаграме паседжаньня бюро ЦК КП(б)Б, якое адбылося 26 верасьня 1940 году і на якім абмяркоўвалі якраз праект усталяваньня дакладнай мяжы з савецкай Літвой. У стэнаграме зафіксаваная наступная фраза Панамарэнкі: «Калі таварыш Сталін спытаў, што вы зьбіраецеся перадаць, ён казаў так: калі мы даведаемся, што там шмат літоўцаў, а вы не перадасьцё, мы вас тады пакараем»

Урэшце перадалі і тыя паселішчы, дзе было шмат літоўцаў, і тыя, дзе зусім мала. Чаго ня зробіш са страху...

Хрушчову ці Сьнечкусу Панамарэнка мог пярэчыць, Сталіну — не.


Праз 50 гадоў унутраныя межы СССР сталі дзяржаўнай мяжой паміж Беларусьсю і Літвой

Цяжка сказаць, калі было прамоўленае пагрозьлівае папярэджаньне Сталіна: ці ў той вечар 3 жніўня, калі ён паіў Панамарэнку віном з рога, ці крыху пазьней. У кожным разе, калі ў 1939 годзе дзякуючы Сталіну Беларусь захавала за сабой Берасьцейшчыну, то ў 1940-м празь яго ж Літва за кошт Беларусі пашырыла свае межы на поўдні. Сталінская прыхільнасьць была зьменлівая: ніводзін зь ягоных фаварытаў ня быў упэўнены, што ласка правадыра ня зьменіцца апалай.

У выніку «ўдакладненьня мяжы» тэрыторыя Беларускай ССР у лістападзе 1940 году стала меншай на 2646 квадратных кілямэтраў, а насельніцтва скарацілася на 76 тысяч чалавек. Гэта параўнальна з тэрыторыяй і насельніцтвам двух такіх раёнаў сёньняшняй Беларусі, як Смалявіцкі. Ад яе былі адрэзаныя значныя плошчы ўздоўж трох участкаў мяжы — у раёне Друскенікаў, Салечнікаў і Сьвянцянаў. Менавіта тады ў абрысах Беларусі недалёка ад Воранава зьявіўся літоўскі «апэндыкс». Літоўскі бок настаяў, каб вёска Дзявянішкі з ваколіцамі, з трох бакоў акружаная беларускімі паселішчамі, была ўключаная ў склад Літоўскай ССР.

Міне яшчэ паўстагодзьдзя — і тыя адміністрацыйныя межы, якія беларускія камуністычныя кіраўнікі на загад крамлёўскіх правадыроў так лёгка пераносілі на страту сваёй рэспубліцы, аддаючы тэрыторыю суседзям дзеля мітычных «інтэрнацыянальных інтарэсаў», стануць паўнавартаснай дзяржаўнай мяжой: з калючым дротам і кантрольна-сьледавой паласой, зь візавым рэжымам і памежнымі пераходамі.

Праўда, сам Іван Клімаў гэтага ўжо ня ўбачыў. Ён памёр 9 кастрычніка 1991 году, за два месяцы да распаду СССР.

Пра праект:

Быў час, калі Беларусь мела ў сваім складзе Беласток і Друскенікі, але быў і такі, калі за яе межамі апынуліся Гомель і Магілёў. Калі б кола гісторыі павярнулася крыху інакш, у межах Беларусі сёньня маглі б быць Вільня і Смаленск. Але яно магло павярнуцца і ў другі бок — і існавала зусім рэальная небясьпека, што Берасьце, Полацак і Пінск апынуцца ў складзе суседніх дзяржаў. 20-я, 30-я, 40-я гады мінулага стагодзьдзя былі вызначальнымі для сёньняшніх абрысаў Беларусі. Адны правадыры і партыйныя функцыянэры беларускую тэрыторыю пашыралі, другія, наадварот, адрэзвалі альбо спрабавалі адрэзаць цэлыя раёны і вобласьці. Як і чаму гэта адбывалася — распавядаем у праекце пра межы Беларусі.

https://www.svaboda.org


Таксама чытайце:

Частка ІІІ. У 1940-м БССР прымусілі аддаць Друскенікі, Сьвянцяны і Салечнікі
Частка ІV. У 1944-м РСФСР хацела забраць Полацкую вобласьць

Апошнія навіны