haradok.info

Інфармацыйны партал

Сацыяльныя сеткі:

Навіны Гарадка Палітыка

31.10.2019 14:03

201 прагляд

0 каментароў

Гэта стварэньне мафіі,што нікому, акрамя яго, не падпарадкоўваецца"У Генпракуратуры адказалі, што зробяць з заявай на Лукашэнку

Мінуў тыдзень, як у Генпракуратуру Беларусі была адпраўленая заява з патрабаваньнем завесьці крымінальную справу на Аляксандра Лукашэнку. Заяву накіравалі палітыкі, былыя дэпутаты Вярхоўнага Савету Зянон Пазьняк, Юрась Беленькі і Сяргей Папкоў. Іх абурылі словы кіраўніка дзяржавы пра існаваньне кадравага рэзэрву прэзыдэнта з 850 чалавек, на якіх не распаўсюджваюцца законы краіны.

«Без дазволу прэзыдэнта іх нельга затрымліваць, арыштоўваць. Гэта неабходна дзеля таго, каб яны маглі дзейнічаць самастойна», — сказаў пра свой рэзэрв Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з навучэнцамі Акадэміі кіраваньня, якая адбылася 18 кастрычніка.

З гэтай нагоды Зянон Пазьняк, Юрась Беленькі і Сяргей Папкоў запатрабавалі ад Генпракуратуры завесьці крымінальную справу па прыкмеце парушэньня Аляксандрам Лукашэнкам Канстытуцыі Беларусі і закону аб прэзыдэнце. Як у пракуратуры краіны намераныя рэагаваць на заяву апазыцыйных палітыкаў?

/**/ /**/
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Каля 850 беларусаў атрымалі ад Лукашэнкі імунітэт ад затрыманьняў

Паводле кіраўніцы аддзелу інфармацыі Генпракуратуры Анжалікі Курчак, ці будзе заведзеная крымінальная справа на Аляксандра Лукашэнку, ёй невядома, але заява будзе разгледжаная і на яе будзе дадзены адказ «у вызначаны законам тэрмін».

Супрацоўніца Генпракуратуры патлумачыла, калі гэта можа адбыцца.

«Калі не патрэбна дадатковая праверка, дык цягам двух тыдняў. Калі патрэбна такая праверка, дык зойме месяц. Прадугледжаны і такі альгарытм, што калі заява паступіла не паводле кампэтэнцыі пракуратуры, дык яе могуць адправіць у іншую ўстанову. Пачакаем, які вынік дасьць праверка», — сказала Анжаліка Курчак карэспандэнту Свабоды.

Сяргей Папкоў

Адзін з аўтараў заявы, намесьнік старшыні Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Сяргей Папкоў ня лічыць, што яны марна зьвярнуліся ў пракуратуру з патрабаваньнем завесьці крымінальную справу на кіраўніка дзяржавы.

«Як адкажа пракуратура, гэта яе справа, а мы мусілі гэта зрабіць як грамадзяне і як палітыкі, якія дамагліся незалежнасьці Беларусі ў 1991 годзе, а цяпер гэтая незалежнасьць як ніколі пад пагрозай. Што такое кадравы рэзэрв, пра які публічна заявіў Лукашэнка? Гэта стварэньне мафіі, якая нікому, акрамя яго, не падпарадкоўваецца.

Цяпер людзі з гэтага рэзэрву ў Маскве вядуць сакрэтныя перамовы пра „далейшую інтэграцыю“ з Расеяй, а грамадзтва пра гэта нічога ня ведае. Можа, яны займаюцца незаконнай дзейнасьцю, прадаюць незалежнасьць краіны, а іх за гэта немагчыма прыцягнуць да адказнасьці, бо ў іх імунітэт, які ім дараваў Лукашэнка. На якой падставе? Мы бачым, што ён парушыў закон аб прэзыдэнце, які не дае яму паўнамоцтваў выводзіць кагосьці за межы закону. Таксама па факце парушаная Канстытуцыя, якая дэкляруе роўнасьць усіх перад законам, а тут ёсьць нейкія 850 чалавек, якім могуць дараваць што заўгодна. Вось на гэтых фактах мы і грунтавалі сваю заяву ў пракуратуру», — сказаў Сяргей Папкоў.

Сяргей Папкоў дадаў, што аналягічная заява 24 кастрычніка была адпраўленая ў Сьледчы камітэт Беларусі.

Атрымаць камэнтар ад СК пакуль не ўдалося.

Сталі сьведкам падзеі? Зьнялі эксклюзіўнае фота ці відэа? Дасылайце ў Тэлеграм нашаму рэдактару

@SvabodaBelarus Ананімнасьць гарантуем
/**/ /**/
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Беларусь можа стаць на ногі за год», — нашумелае інтэрвію з Пазьняком. Поўная тэкставая вэрсія

https://www.svaboda.org

Апошнія навіны