haradok.info

Інфармацыйны партал

Сацыяльныя сеткі:

Навіны Гарадка Палітыка

14.11.2019 15:03

299 праглядаў

0 каментароў

«Прыйшлі 13 выбарнікаў, а ў пратаколе 138», — назіральнікі абураюцца фальсыфікацыямі

Чарговы эпізод зафіксаваны на выбарчым участку № 565 у 107-й акрузе. Назіральніца Натальля Ільлініч напісала скаргу на дзеяньні выбарчай камісіі.

«Паводле маіх падлікаў, прагаласавалі 13 чалавек. А ў пратаколе напісалі 138. Я сёньня напісала скаргу. Нават не хацелі мне паказваць пратакол, БРСМавец яго закрыў ад мяне сьпінай. Але давялося паказаць», — расказала Натальля Ільлініч.

Натальля Ільлініч

Натальля Ільлініч пераказвае сваю размову са старшынём выбарчай камісіі на ўчастку. Ён запэўніваў, што, пакуль яна непрацяглы пэрыяд адсутнічала зранку, пасьпелі прагаласаваць ажно 130 чалавек. Ільлініч перакананая, што гэта ня так.

Старшыня камісіі Павал Баброўскі паведаміў карэспандэнту Радыё Свабода, што лічбы ў пратаколе правільныя, а назіральнікам усё «магчыма, падалося».

Паводле пратаколу аб датэрміновым галасаваньні, прагаласавалі ўжо 138 чалавек

Старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч выклікаў міліцыю на ўчастак, каб зафіксаваць парушэньні. Такую ж заяву ён пакінуў на 571-м участку той жа акругі, дзе назіральнік зафіксаваў 11 выбарнікаў, а ў пратакол занесьлі 109 чалавек.

Лейтэнант міліцыі, які назваўся прозьвішчам Саўчанка, прыбыў на ўчастак на выклік Губарэвіча ў суправаджэньні «чалавека ў цывільным» (той назваўся ўчастковым інспэктарам, але адмовіўся паказаць пасьведчаньне). Лейтэнант адмовіўся заводзіць крымінальную справу і праводзіць адпаведную праверку — толькі адміністрацыйную. Губарэвіч вёў жывую трансьляцыю на Facebook.

/**/ /**/
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Міліцыя адмовілася пачынаць крымінальныя справы па заявах аб завышэньні яўкі на датэрміновым галасаваньні

Палітык настойваў, што зафіксаваныя злачынствы падпадаюць пад артыкулы 192 (парушэньне заканадаўства аб выбарах) і 427 КК Рэспублікі Беларусь (службовы падлог). «Чалавек у цывільным» запярэчыў яму: «Крымінальнай справы ня будзе». Але скаргу кіраўніку аддзяленьня міліцыі ад Губарэвіча прынялі.

Губарэвіч лічыць, што нават калі яму адмовяць у завядзеньні крымінальнай справы цяпер, то для старшыняў выбарчых камісій такія дзеяньні не застануцца без увагі.

Кандыдаты ў дэпутаты па 107-й выбарчай акрузе

«Нават калі сёньня гэтую справу адкладуць на паліцу, то ня факт, што яе заўтра не завядуць, і тады давядзецца рэальна сесьці. Бо гэта ня проста нейкія спрэчкі, а хто там нейкія лічбы напісаў у пратакол. У выпадку зь фіксацыяй выбарнікаў усё вельмі лёгка даказаць. Гэта крымінальная адказнасьць», — кажа старшыня руху «За свабоду».

/**/ /**/
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Не пускалі ў інтэрнат, накіроўвалі галасаваць». Што адбывалася на выбарах у першы дзень датэрміновага галасаваньня

Сталі сьведкам падзеі? Зьнялі эксклюзіўнае фота ці відэа? Дасылайце ў Тэлеграм нашаму рэдактару

@SvabodaBelarus Ананімнасьць гарантуем

Парлямэнцкія выбары-2019 у Беларусі. Што варта ведаць

Выбары ў Палату прадстаўнікоў сёмага скліканьня — ніжнюю палату Нацыянальнага сходу — пройдуць 17 лістапада. Датэрміновае галасаваньне ідзе ад 12 да 16 лістапада.

  • Агулам у Палату прадстаўнікоў абіраецца 110 дэпутатаў. Дэпутаты ніжняй палаты выбіраюцца паводле выбарчых акругаў, а не партыйных сьпісаў. Праўладная «Белая Русь» прапаноўвала выбіраць прынамсі палову дэпутатаў паводле партыйных сьпісаў (як, напрыклад, ва Ўкраіне), але ўлады гэтую ідэю адхілілі.
  • Галасаваць на выбарах у Палату маюць права усе паўналетнія грамадзяне Беларусі. Галасаваньне добраахвотнае і ня можа быць прымусовым. Скардзіцца на прымус да галасаваньня можна ў пракуратуру ці ў райвыканкамы. Калі маеце доказы прымусу да галасаваньня — пішыце нам.
  • Цяперашнія выбары адбываюцца датэрмінова, хоць фармальна датэрміновымі ня лічацца. Тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў — 4 гады. Але калі паміж выбарамі 2012 і 2016 гадоў прайшло 1449 дзён (3 гады, 11 месяцаў і 19 дзён), то паміж выбарамі 2016 і 2019-га пройдзе ўсяго 1162 дні (3 гады, 2 месяцы і 6 дзён).
  • Лукашэнка першапачаткова прапаноўваў правесьці выбары ў Палату на 7 лістапада — Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына тлумачыла, што гэтак ня варта рабіць. Урэшце на гэты дзень прызначылі выбары ў Савет Рэспублікі.
  • Выбары ў Савет Рэспублікі — верхнюю палату Нацыянальнага сходу — прайшлі 7 лістапада без удзелу звычайных беларусаў. Па 8 дэпутатаў ад вобласьці і яшчэ 8 ад Менску выбралі на абласных сходах дэпутаты гарадзкіх і раённых саветаў, яшчэ 8 дэпутатаў мае права прызначаць (але звычайна прызначае ня ўсіх) асабіста Аляксандар Лукашэнка. Ніводную кандыдатуру не адхілілі.
  • Фракцый у Палаце прадстаўнікоў няма. Апазыцыя амаль не трапляе ў Нацыянальны сход. Так, у Палаце прадстаўнікоў шостага скліканьня толькі 2 са 110 дэпутатаў — не прыхільнікі Лукашэнкі: Ганна Канапацкая ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі і беспартыйная Алена Анісім, старшыня Таварыства беларускай мовы. У Савеце Рэспублікі апазыцыі няма.
Фотагалерэя:

Як выглядаюць сярэднестатыстычныя беларускія дэпутат, дэпутатка і прэзыдэнт. Фота

  • Нацыянальны сход дзейнічае з 1996 году — пасьля таго як Лукашэнка распусьціў Вярхоўны Савет XIII скліканьня. Выбары дэпутатаў Нацыянальнага сходу першага скліканьня не праводзіліся, Лукашэнка проста прызначыў туды ляяльных яму дэпутатаў Вярхоўнага Савету.
  • Нацыянальны сход амаль не распрацоўвае законапраектаў (часьцей гэта робяць міністэрствы і ведамствы) і амаль ніколі не галасуе супраць. Рэкорд шостага скліканьня Палаты прадстаўнікоў — 10 галасоў (9%) супраць звужэньня паўнамоцтваў сваёй палаты.
  • Краіны Заходняй Эўропы і ЗША не прызнавалі свабоднымі і дэмакратычнымі ніякія выбары і рэфэрэндумы ў Беларусі пасьля 1994 году. На ўсіх выбарах назіральнікі адзначалі шматлікія парушэньні, пасьля давалі рэкамэндацыі, але Лукашэнка прасіў яго «не павучаць».
  • На выбары 17 лістапада выстаўлялі кандыдатаў прынамсі 7 апазыцыйных партыяў і шэраг рухаў. На ранейшых выбарах далёка ня ўсіх апазыцыянэраў рэгістравалі кандыдатамі або чальцамі выбарчых камісій.
  • На пачатак датэрміновага галасаваньня з 560 зарэгістраваных засталося 516 кандыдатаў. 33 самі зьнялі свае кандыдатуры, яшчэ адносна 13 скасавалі рэгістрацыю за парушэньні (6 зь іх — ад апазыцыйнай «Эўрапейскай Беларусі»). Ніводнай безальтэрнатыўнай акругі няма
  • Выбары каштуюць бюджэту каля 23 млн беларускіх рублёў. Лукашэнка кажа, што выбары «павінны прайсьці як сьвята», а Нацыянальны сход мае стаць «дыскусійнай пляцоўкай для дыялёгу дэпутатаў з рознымі поглядамі». Старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну «палохала цішыня» вакол выбараў, а 99% беларусаў лічаць, што ня могуць паўплываць на органы ўлады.
  • На тыдзень выбараў праваахоўнікі перайшлі на ўзмоцнены варыянт нясеньня службы.
Алесь Дашчынскі

Апошнія навіны