haradok.info

Інфармацыйны партал

Сацыяльныя сеткі:

Навіны Гарадка Палітыка

13.01.2020 07:26

306 праглядаў

0 каментароў

Лукашэнка і культ Галоўнага Незалежніка: адным --- прэміі, іншым за тое самае — штрафы ды арышты

Улада ў Беларусі няроўна дзеліць у калядны перыяд: адным беларусам за праявы патрыятызму — прэміі, іншым за тое самае — штрафы ды арышты. А таму што ёсць патрыёты, якія няправільна любяць Радзіму і абараняюць незалежнасць, даў зразумець кіраўнік краіны, а што за гэта будзе — паказалі суды.

Аляксандр Лукашэнка вельмі шмат разважаў днямі пра незалежнасць і незалежнікаў падчас цырымоніі ўручэння прэміяў «За духоўнае адраджэнне».


Прыклад намінантаў на яе, па словах Лукашэнкі, «выклікае пачуццё гонару за наш народ, які захаваў лепшыя нацыянальныя рысы: спагадлівасць і велікадушнасць, працавітасць і мэтанакіраванасць, сапраўдны патрыятызм». Сказаў ён і пра шанаванне «дзеячаў культуры, прафесійных артыстаў і мастакоў — стваральнікаў сапраўднага мастацтва, якое ўзвышае душу».

І гэтымі ж днямі ў Мінску судзілі за ўдзел у серыі мітынгаў, якія прайшлі пад лозунгам «За незалежнасць!», адных самых вядомых на сёння беларускіх пісьменнікаў — Уладзіміра Някляева ды Уладзіміра Арлова, а таксама дзясяткі іншых беларусаў, якія выявілі самы што ні на ёсць сапраўдны патрыятызм.

Адной рукой улады раздалі прэміі, другой — спагналі немалыя грошы з патрыётаў. А некаторых — закратавалі. Асабліва дасталося лідару хрысціянскіх дэмакратаў Паўлу Севярынцу, які пасля адбыцця 15-суткавага арышту адразу атрымаў новае арыштнае пакаранне — удвая даўжэйшае.

Тых, хто слухаў выступ Аляксандра Лукашэнкі падчас уручэння «духоўных» прэміяў, жорстскасць судовага канвееру не павінна была здзівіць. Хоць частка яго прамовы была беларускамоўнай і ён шмат казаў пра незалежнасць ды божую дапамогу ў яе здабыцці. Амаль як «хадэк» (сумна паіранізуем, згадаўшы прысуды Севярынцу).

«Напэўна, Ён нам дапамог, калі сапраўды існуе. Без яго не абышлося. І мы не маем права не скарыстацца гэтай унікальнай магчымасцю»,
— пранікнёна заявіў Лукашэнка.

І дадаў:
«Мне пашанцавала (напэўна, Ён таксама дапамог) быць першым прэзідэнтам гэтай суверэннай і незалежнай дзяржавы і, выбачайце за нясціпласць, сыграць галоўную ролю ў будаўніцтве гэтай дзяржавы. Але хіба знойдзецца чалавек, прэзідэнт (якому так пашанцавала, які наеўся гэтай улады напоўніцу — кажу вам шчыра), які ўласнымі рукамі знішчыць тое, што сам ствараў?»

У шчырасць таго, што для Лукашэнкі страта незалежнасці была б і асабістай паразай, я веру. Тым болей, што цяпер стаць гаспадаром у Крамлі яму не свеціць, як магло мроіцца раней. І нездарма ён зазначыў, што дзяржаву «будуем не толькі для сябе — мы будуем для самага каштоўнага і дарагога, што ў нас у кожнага ёсць, — сваіх дзяцей. Для маіх, для вашых, для ўсіх тых, хто яшчэ не нарадзіўся, але народзіцца». Думаецца, Аляксандр Лукашэнка хацеў бы, каб праз нейкі час яго сын Мікалай шпацыраваў у Мінску па вуліцы ці праспекце, названым ягоным імем як першага прэзідэнта Беларусі, а не баяўся з’явіцца на публіцы, бо бацька стаў магільшчыкам незалежнасці.

Што да нясціпласці і сваёй галоўнай ролі, пра якую сказаў Лукашэнка, то гэта звычайны культ асобы. Нездарма ж афіцыйная прапаганда незалежнасць Беларусі адлічвае не з 1990 ці 1991 года, а з 1994-га, калі быў уведзены інстытут прэзідэнцтва і Лукашэнка выйграў першыя прэзідэнцкія выбары.

Таму і абазначыў-прызначыў Лукашэнка сябе галоўным незалежнікам. І не быў бы ён аўтарытарным кіраўніком, каб не пачахвосціў і адраджэнцаў-незалежнікаў пачатку 90-х гадоў, і сучасных. Разам з тым сваёй незалежніцкай рыторыкай Лукашэнка нібыта апраўдваецца за тое, што менавіта ягонае інтэгратарства прывяло да моцнай прывязкі Беларусі да Расіі з усімі вытворнымі пагрозамі.

Вось і кажа:
«Я не апраўдваюся, тым больш нікога не баюся. Я проста хачу папярэдзіць вас усіх: цяпер вельмі востры перыяд у існаванні нашай дзяржавы. Мы ідзём не проста па тонкім лёдзе або па лязе. Мы ідзём і хістаемся ўлева і ўправа. Не дай бог, недакладны, няправільны крок — мы страцім усё.

Трэба спыніць усялякія бадзянні па мірных, спакойных, чыстых вуліцах (нехта іх прыбірае, нехта забяспечвае гэты мір). Трэба проста спыніць усялякія размовы аб суверэнітэце і незалежнасці. Трэба спыніць размовы аб тым, што нехта хоча "здрадзiць" і здаць Беларусь. Можа, нехта і хоча... Але не першы прэзідэнт, які гэту краіну будаваў».
Мы назіраем трансфармацыю рэпутацыі кіраўніка краіны з прарасійскага інтэгратара ў зацятага незалежніка. У тым ліку з перадвыбарчымі мэтамі. Іншага такога моцнага палітычна-ідэалагічнага паслання народу ў кандыдата Лукашэнкі цяпер папросту няма. Для стварэння культу Галоўнага Незалежніка будзе выкарыстоўвацца ўсё, у тым ліку іншыя культы, як бачым па згаданай прамове Лукашэнкі: чысціні, божай волі і так далей...

З аднаго боку, у мітынгоўцаў за незалежнасць супадаюць з афіцыйнай прапагандай патрыятычныя і антыімперскія лозунгі, а з другога, абвінавачванні Лукашэнкі ў тым, што залежнасць ад Масквы — гэта якраз-такі справа ягоных рук і менталітэту, падточваюць пастамент бацькі нацыі і галоўнага абаронцы гэтай самай незалежнасці. Таму Севярынец ды іншыя апазіцыянеры будуць сядзець! Або рэгулярна ў вязніцы, або ціха ў сваіх кабінетах (ну, «каб Масква не скарысталася пратэстамі»).

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Павел Кірылаў

https://novychas.by/palityka/lukaszenka-i-kult-halounaha-nezaleznika

Апошнія навіны