haradok.info

Інфармацыйны партал

Сацыяльныя сеткі:

Навіны Гарадка Палітыка

17.01.2020 07:39

243 прагляда

0 каментароў

Каб застацца пры ўладзе, аб’яднаньне зь Беларусьсю Пуціну больш не патрэбна

Праект «саюзнай дзяржавы», з дапамогай якога меркавалася працягнуць паўнамоцтвы Пуціна, адкінуты.

Сьцісла

  • У Расеі чакаюцца зьмены ў Канстытуцыі.
  • Ідэя «паглыбленьня інтэграцыі» зь Беларусьсю патрэбная Маскве толькі дзеля таго, каб знайсьці зручную падставу для рэзкага зьмяншэньня эканамічнай дапамогі Беларусі.
  • Крызіс у беларуска-расейскіх адносінах з прычыны цэнаў на газ і нафту ня скончаны, чакаецца яго абвастрэньне.
  • Менск спрабуе рабіць свае выпады і ўколы, выкарыстоўваючы статус транзытнай дзяржавы.
  • Лукашэнка ня важыцца перакрыць транзыт расейскай нафты ў Эўропу.
  • Стратэгія афіцыйнага Менску на расейскім кірунку правалілася.

Пасланьне Пуціна і Беларусь

Галоўная палітычная навіна, якую агучыў Уладзімер Пуцін у сваім чарговым пасланьні Фэдэральнаму сходу, палягае ў тым, што ў Расеі будзе мяняцца Канстытуцыя. У новым варыянце паўнамоцтвы прэзыдэнта зьмяншаюцца, а ўзрасьце палітычная вага Дзяржаўнай Рады і Фэдэральнага Сходу.

Такім чынам, мяркуючы па ўсім, прыняты варыянт, з дапамогай якога Пуцін застанецца пры ўладзе пасьля 2024 году. Ён вельмі падобны да казахстанскага сцэнару. То бок Пуцін узначаліць Дзяржраду, да якой пяройдуць важныя паўнамоцтвы, якія цяпер замацаваныя за прэзыдэнтам. Не выключаецца (хоць і менш верагодна), што ён можа стаць і прэм’ер-міністрам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Якія беларускія законы парушае «паглыбленая інтэграцыя» паводле сцэнара Мядзьведзева

Што гэта азначае для Беларусі? Прапанова Пуціна значыць, што праект «саюзнай дзяржавы», з дапамогай якога меркавалася працягнуць ягоныя паўнамоцтвы, адкінуты. Магчыма, па інэрцыі Масква будзе праштурхоўваць і далей ідэю «паглыбленьня інтэграцыі» зь Беларусьсю. Але хіба толькі дзеля зручнай падставы, каб рэзка зьменшыць эканамічную дапамогу Беларусі. Бо відавочна, што на аб’яднаньне Лукашэнка не пагодзіцца. У такім разе са спакойным сумленьнем можна адмовіцца ад большасьці прэфэрэнцый саюзьніку.

Уласна пра Беларусь у сваім пасланьні Пуцін нават не ўзгадаў.

Крызіс у беларуска-расейскіх адносінах з прычыны цэнаў на газ і нафту ня скончаны

Фактычна працэс рэалізацыі гэтай стратэгіі Крамля мы цяпер і назіраем у беларуска-расейскіх адносінах. На першы погляд, здавалася, што самая вострая фаза крызісу, якая здарылася на Новы год, прайшла, газ і нафта паступаюць у Беларусь. Але такое ўражаньне аказалася падманлівым. Пытаньне пра газ вырашана толькі на два месяцы (студзень — люты), а там зноў пачнецца пакутлівы торг аб цане.

Яшчэ горшая сытуацыя з нафтай. Хоць з 4 студзеня яе пастаўкі ў Беларусь пачалі ажыцьцяўляць кампаніі, падкантрольныя расейскаму алігарху Міхаілу Гуцэрыеву, але гэтага зусім недастаткова. Колькасьць нафты, якая пастаўляецца, вагаецца, па розных зьвестках, ад 600 да 750 тысяч тон. Гэты аб’ём забясьпечвае толькі палову загрузкі Наваполацкага і Мазырскага НПЗ, якія ў 2019 годзе штомесяц спажывалі 1,5 млн тон расейскай нафты. Таму Беларусь мусіла прыпыніць экспартныя пастаўкі нафты і абмежаваць экспарт нафтапрадуктаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Крэмль «рэкамэндаваў» расейскім нафтавым кампаніям адмовіцца ад паставак у Беларусь, — СМІ

Перамовы па нафце, як і па газе, упіраюцца ў пытаньне цаны. З прычыны падатковага манэўру ў Расеі сёлетняя цана паднялася на 20 даляраў за тону. Але расейскія кампаніі дадаюць яшчэ прэмію ў 10 даляраў. Якраз наконт гэтай прэміі і не ўдаецца дамовіцца. Менск патрабуе яе скасаваць. А паводле добра інфармаванай маскоўскай газэты «Коммерсантъ», менавіта Крэмль выступае супраць скасаваньня прэміі. То бок гэта ўжо пытаньне палітычнае.

Менск спрабуе ціснуць на Маскву, выкарыстоўваючы статус транзытнай дзяржавы

Менск спрабуе рабіць свае выпады і ўколы, выкарыстоўваючы статус транзытнай дзяржавы. 10 студзеня Лукашэнка сваім указам увёў экалягічны падатак на транзыт нафты праз тэрыторыю Беларусі. Плаціць яго мае прадпрыемства «Захад-Транснафтапрадукт», якое належыць расейскай кампаніі «Транснефтепродукт».

Таксама Беларусь вядзе ўпартыя перамовы з расейскім бокам аб падвышэньні тарыфаў на транзыт нафты.

І вось 15 студзеня прыйшло паведамленьне, што на нафтаправодзе «Дружба», прызначаным для транзыту расейскай экспартнай нафты ў Эўропу, будуць праходзіць рамонтныя працы. Дзяржаўная кампанія «Гомельтранснафта Дружба» плянуе праводзіць рамонты штомесяц, прычым іх «ажыцьцяўленьне спалучана са зьніжэньнем ціску ў трубаправодзе і частковым прыпыненьнем перапампоўваньня нафты». Такі беларускі адказ Пуціну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Беларусь пачала рамантаваць нафтаправод «Дружба», па якім расейская нафта ідзе ў Эўропу

Як ва ўсякай вайне, бакі выкарыстоўваюць інфармацыйныя атакі, элемэнты блефу і шантажу. Так, партал Tut.by 10 студзеня паведаміў, што, паводле вартых даверу крыніцаў, ёсьць праект пастановы ўраду аб прыпыненьні транспартаваньня расейскай нафты па «Дружбе» ў Эўропу.

Чыньнік ціску на Маскву — шматлікія паведамленьні пра пошукі Менскам альтэрнатыўных крыніц нафты. Але для яе транспартаваньня няма гатовай лягістыкі. Да таго ж альтэрнатыўная нафта будзе даражэйшая за расейскую. Таму, думаю, наўрад ці такая інфармацыя моцна напалохае Маскву.

Стратэгія афіцыйнага Менску на расейскім кірунку правалілася

Падчас мінулай нафтавай вайны ў студзені 2007 году Лукашэнка пайшоў на больш радыкальны крок. Ён увёў сваім указам мыта на транзыт нафты, у выніку чаго амаль на трое сутак былі спынены пастаўкі расейскай нафты на эўрапейскі рынак. Гэта выклікала шок у шэрагу эўрапейскіх краін.

Чаму цяпер Лукашэнка ня важыцца на такі крок? Бо гэта азначае абвастрэньне канфлікту ня толькі з Расеяй, але і з Эўразьвязам. Тады, у 2007 годзе, рэпутацыя Лукашэнкі на Захадзе была ніжэйшая за плінтус, беларускаму лідэру не было чаго губляць.

Цяпер сытуацыя іншая. Афіцыйны Менск ужо некалькі гадоў стварае новы вобраз Беларусі. Краіна прэтэндуе на статус фактару міру, стабільнасьці, донара бясьпекі ў рэгіёне. Спыненьне транзыту энэргарэсурсаў празь Беларусь моцна сапсуе гэты вобраз. Таму Лукашэнка і паводзіць сябе больш асьцярожна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ці сапраўды Расея хоча прадаваць Беларусі нафту па цэнах, «вышэйшых за ўсясьветныя»? Разьбіраемся з экспэртамі

Калі глядзець на сытуацыю шырэй, то можам канстатаваць, што стратэгія афіцыйнага Менску на расейскім кірунку правалілася. Яна палягала ў тым, каб у абмен на згоду весьці перамовы па «паглыбленьні інтэграцыі» і падпісаньні «дарожных мапаў», вярнуць эканамічную дапамогу з боку Расеі. Але Масква адмовілася гуляць у гэтую гульню і засталася непахіснай. Яе пазыцыя аказалася жорсткай: або інтэграцыя паводле расейскага сцэнару, або рэзкае скарачэньне, а ў пэрспэктыве наогул спыненьне эканамічных прэфэрэнцый саюзьніку.

Асобнае пытаньне, ці была наогул у Аляксандра Лукашэнкі выйгрышная стратэгія ў сытуацыі жорсткага расейскага ўльтыматуму. Але гэта ўжо іншая тэма.

У любым выпадку, гэты правал на расейскім кірунку моцна ўдарыў па рэпутацыі прэзыдэнта Беларусі. Ён страчвае імідж адзінага палітыка, здольнага дамаўляцца з Крамлём і ствараць спрыяльныя ўмовы для беларускай эканомікі.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Пуцін выказаўся пра трэці тэрмін прэзыдэнцтва

Валер Карбалевіч

https://www.svaboda.org/a/30378939.html

Апошнія навіны