haradok.info

Інфармацыйны партал

Сацыяльныя сеткі:

Навіны Гарадка Палітыка

08.11.2011 10:24

2429 праглядаў

0 каментароў

Прапагандыскі залп па Бяляцкаму

Гарадоцкая раёнка далучылася да прапагандыскай кампаніі супраць праваабаронца, прэтэндэнта на Нобелеўскую прэмію міра Алеся Бяляцкага. Зараз дакладна вядома, што ініцыятарам кампаніі па крымінальнаму пераследу лідэра Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага і яго аднадумцаў з’яўляецца камітэт дзяржбяспекі.

5 лістапада ў традыцыях камуністычных кампаній па пераследу іншадумцаў на старонках «Гарадоцкага весніка» з’явілася нататка «Как „правозащитник“ Беляцкий устроил себе красивую жизнь», падпісаная хутчэй за ўсё псеўданімам — Дзяніс Палеванаў. Гэтая зняважлівая нататка ўпершыню з’явілася ў інфармацыйнай прасторы Беларусі на сайце дзяржаўнага інфармагенцтва БЕЛТА 2 лістапада, калі ўжо распачаўся судовы працэс супраць сусветнавядомага праваабаронца, віцэ-прэзідэнта Міжнароднай Федэрацыі правоў чалавека Алеся Бяляцкага. Ужо тады стала зразумела, што гэта чарговая хлусня выдадзена для ўжывання беларускага электарату. Так і адбылося — цягам наступных дзён гэты пасквіль перадрукавалі нацыянальныя і рэгіянальныя выданні, у тым ліку і гарадоцкая раёнка.

Для ініцыятараў пасквіля не існуе прынцыпа прэзумпцыі невінаватасці — чалавека нельга лічыць віноўным пакуль адпаведнага рашэння не прыняў суд. Але арганізатараў траўлі праваабаронцаў прынцыпы законнасці і маральнасці асабліва не турбуюць. Для іх галоўнае прапагандыская апрацоўка мазгоў недасведчаных беларусаў, якія сілкуюцца байкамі дзяржаўных СМІ. Дробнай і буйнай хлуснёў напоўнены амаль кожны абзац пасквіля «Дзяніса Палеванава».

Праваабаронцу Алеся Бяляцкага, якога ведаюць ва ўсім свеце, які ўваходзіць у кіраўніцтва сусветнай праваабарончай арганізацыі FIDH, якога лаўрэаты Нобелеўскай прэміі міру, вядомыя міжнародныя дзеячы вылучаюць намінатам на атрыманне Нобелеўскай прэміі міру ў 2012 годзе, вызвалення якого патрабуюць Еўрапейскі Саюз, США і г.д. нашы мясцовыя пісакі з самага пачатку нататкі паблажліва называюць вядомым «лишь в узких кругах».

А далей — усё болей хлусні і інсінуацый. Памылковае рашэнне Літвы і Польшчы пра выдачу рахункаў Беляцкага, якое адбылося дзякуючы карумпаванасці і некампетэнтнасці пэўных службовых асоб гэтых краін, а таксама падману з беларускага боку, за якое ўжо прасілі прабачэння ўлады гэтых краін перад сям’ёй Бяляцкага аўтары нататкі выдаюць за амаль дабраахвотную перадачу фінансавай інфармацыі. Але ўжо ў судзе высветляецца, што перададзеная інфармацыя па нормах міжнароднага права не можа лічыцца доказам, бо яе праўдзівасць ніякім чынам не заверана — ні пячаткай, ні натарыяльна.Пра такія паперы кажуць — фількіна грамата.

Самае складанае пытанне якое павінен высветліць суд — які прыбытак меў асабіста Бяляцкі ад праваабарончай дзейнасці. Мяркую, што нашы асаблівы і не будуць напружвацца з доказамі наконт асабістых прыбыткаў Бяляцкага. Сродкі ад замежных праваабарончых фондаў і міжнародных структур, якія атрымлівала «Вясна» для аплаты працы адвакатаў, падтрымкі ахвяр рэжыму, назірання за выбарчымі кампаніямі, правядзення навучання і г.д. наша самае гуманнае следства лічыць асабістым прыбыткам Алеся Бяляцкага. А пасля такіх нататак у афіцыйнай прэсе, якая у нас павінна быць самай праўдзівай, суд проста абавязаны асудзіць праваабаронцу, каб «падцвердзіць» міф аб праўдзівасці дзяржаўных СМІ.

Бо праўды ў пасквілі «Дзяніса Палеванава» няма і на ломаны грош. Акрамя мусіць таго, што ў жонкі Бяляцкага іншае прозвішча ды ёсць пэўная маёмасць. Але такую маёмасць: дачы, кватэры, машыны зараз маюць і шматлікія нашы чыноўнікі — ад дырэктароў прадпрымстваў да службоўцаў вертыкалі. І дарэчы, яны гэтую маёмасць афармляюць таксама на сваіх жонак ці родзічаў. І выдатна было б каб гэтай маёмасцю зацікавіліся адпаведныя органы, якія зараз больш змагаюцца з праваабаронцамі, чым з чыноўнікамі, якія тлусцеюць за народныя грошы. За народныя грошы, а не грошы хельсінскіх камітэтаў Нарвегіі, Швецыі, міністэрства замежных спраў Галандыі, як вядома з судовай справы адносна рахункаў «Вясны», якія былі адкрыты яе кіраўніком Алесем Бяляцкім. Дарэчы, гэта таксама праўда пра падтрымку «Вясны» гэтымі міжнароднымі структурамі, а не «Брюселем», як вешаў лакшыну на вушы чытачам аўтар пасквіля.

Л. Гаравы

Апошнія навіны