haradok.info

Інфармацыйны партал

Сацыяльныя сеткі:

Навіны Гарадка Палітыка

31.03.2020 14:03

239 праглядаў

0 каментароў

Першая сьмерць чалавека з каранавірусам у Беларусі: памёр віцебскі актор Віктар Дашкевіч

У Беларусі памер першы пацыент, у якога тэст на COVID-19 даў станоўчы вынік — Віктар Дашкевіч, актор віцебскага Нацыянальнага драматычнага тэатру імя Якуба Коласа. Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведамілі сваякі актора.​

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лукашэнка пракамэнтаваў першую ў Беларусі сьмерць інфікаванага каранавірусам

У прэсавай службе Мінздароўя Беларусі пакуль не ўдалося атрымаць камэнтар аб прычынах сьмерці Дашкевіча, прэсавая сакратарка Юлія Барадун не здымае слухаўку.

У студзені актору споўнілася 75 гадоў. Віктар Дашкевіч ад 1973-га працаваў у Коласаўскім тэатры, з 1981-га па 1990-ы і з 1991-га па 2007 год выконваў абавязкі загадчыка трупы. На сцэне выканаў дзясяткі роляў. Заслужаны артыст Беларусі (2016), быў узнагароджаны мэдалём Францішка Скарыны (2010), ганаровымі граматамі Кабінэту міністраў (1996) і Нацыянальнага сходу Беларусі (2006) ды іншымі ўзнагародамі.

Да шпіталізацыі ён ужо меў хранічную абструктыўную хваробу лёгкіх.

Днём раней ягоная жонка расказвала Свабодзе, што мужчына 6 дзён знаходзіўся ў рэанімацыі ў Віцебску на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх — у яго выявілі COVID-19.

«Мужу на пяты дзень лячэньня стала горш, яго перавялі ў рэанімацыю, і ён ужо 6 дзён знаходзіцца на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. Другі тэст на каранавірус паказаў станоўчы вынік».

Сама яна таксама 5 дзён праляжала ў чыгуначным шпіталі Віцебску з пнэўманіяй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Каранавірус у сям’і актораў Коласаўскага тэатра: жонку выпісалі пасьля пнэўманіі, муж у рэанімацыі

Актор 10 і 11 сакавіка працаваў у спэктаклі «Кот у ботах», 18 сакавіка таксама кантактаваў з калектывам тэатру. У самім тэатры пацьвердзілі, што адзін з актораў шпіталізаваны з дыягназам COVID-19, але паведамілі, што працягваюць рэпэтыцыі, хоць найбліжэйшыя спэктаклі скасавалі з прычыны «практычна пустой залі».

20 сакавіка сужэнцы, якія служаць у Коласаўскім тэатры ў Віцебску, адчулі сябе дрэнна, у іх была тэмпэратура. 21 сакавіка іх паклалі ў чыгуначны шпіталь.

Там узялі тэсты на каранавірус, у абаіх аналізы былі адмоўныя. Лячылі антыбіётыкамі. Жонка 5 дзён праляжала ў шпіталі, стан яе палепшыўся, жанчыну выпісалі.

Папрасілі да 10 красавіка пасядзець дома на карантыне, нікуды не выходзіць з кватэры. Дарослай дачцэ, якая наўпрост кантактавала з бацькамі за дзень да іхнай шпіталізацыі, наагул нічога не сказалі. Нават дазволілі прыносіць маці харчы — пакідаць перад дзьвярыма кватэры.

Рэпэтыцыі ў тэатры не адмяняюць. Прынамсі, пакуль

Заслужаны артыст Беларусі Рыгор Шацько паўтара дзясятка гадоў адпрацаваў дырэктарам Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатру імя Якуба Коласа ў Віцебску. Увесь гэты час ён быў поруч зь Віктарам Дашкевічам, першай ахвярай пандэміі каранавірусу ў Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Былы дырэктар віцебскага тэатру: і пасьля сьмерці калегі артыстаў гоняць на рэпэтыцыі

Рыгор Іванавіч з сумам кажа, што цяпер на чарзе ўсе астатнія: зь Міністэрства культуры прыйшоў загад працэсу не спыняць, рэпэтыцыі працягваць.

Намесьніца начальніка аддзелу арганізацыйнай працы і дакумэнтазвароту Міністэства культуры Ілона Немана паведаміла Свабодзе, што Мінкульт разумее сур’ёзнасьць сытуацыі, сёньня цягам дня будзе прынятае рашэньне, што рабіць далей — ці скасоўваць рэпэтыцыі ў Віцебскім тэатры.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Пнэўманій мінімум у 2-3 разы больш», — каранавірус у Віцебску вачыма доктаркі

У Беларусі на 30 сакавіка пацьвердзілі 152 выпадкі інфікаваньня новым каранавірусам: 47 «выпісаныя або рыхтуюцца да выпіскі», яшчэ 105 «знаходзяцца пад мэдычным кантролем і на лячэньні». Да сёньняшняга дня пра сьмерці людзей з пацьверджаным дыягназам COVID-19 не паведамлялася.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Сталі сьведкам падзеі? Зьнялі эксклюзіўнае фота ці відэа? Дасылайце ў Тэлеграм нашаму рэдактару

@SvabodaBelarus Ананімнасьць гарантуем

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
  • https://www.svaboda.org/a/30519323.html

Пашырэньне каранавірусу ў сьвеце. Гадзіна за гадзінай

Націсьніце, каб пабачыць:

Апошнія навіны