haradok.info

Інфармацыйны партал

Сацыяльныя сеткі:

Навіны Гарадка Палітыка

23.07.2020 08:53

281 прагляд

0 каментароў

У жніўні — каранацыя Лукашэнкі?

«Лукашэнка стаміўся быць прэзідэнтам. Каранацыя прызначаная на чацвер», — гэты анекдот як ніколі падыходзіць да беларускай сітуацыі пасля рашэння ЦВК абмежаваць колькасць назіральнікаў на ўчастках для галасавання.

Згодна з гэтым рашэннем, колькасць назіральнікаў на ўчастку будзе абмежаваная да 5 чалавек адначасова, а ў дні датэрміновага галасавання — да трох. Прычым, вызначаць, хто будзе назіральнікам, прапануецца «ў парадку чаргі». Прыярытэт будуць мець назіральнікі, якія акрэдытаваліся раней, то-бок чальцы «Белай Русі», БРСМ, Саюза жанчын, а таксама праўладных прафсаюзаў.

Абгрунтавала такую прапанову Ярмошына эпідэміялагічнай абстаноўкай, а таксама «ціскам на членаў выбаркамаў», які, па словах кіраўніцы ЦВК, цяпер ёсць.

Эпідэміялагічная абстаноўка, вядома, проста прыкрыццё. Яшчэ ў сакавіку, калі эпідэмія COVID-19 набірала моц, апазіцыя прапаноўвала перанесці выбары на больш позні і спрыяльны ў плане эпідэміялагічнай абстаноўкі тэрмін. Тады Ярмошына сказала: «Толькі калі будзе абвешчана надзвычайнае становішча, гэта дае падставу для пераносу выбараў, так сказана ў Канстытуцыі. Але калі будзе абстаноўка (у краіне з каронавірусам) такая ж, як цяпер, то ніякіх падстаў для пераносу няма».

Цяпер у нас ідзе зніжэнне колькасці выяўленых выпадкаў хваробы, аднак Ярмошына вырашыла адмяніць назіральнікаў.

Што да «ціску» — то варта зрабіць падлік галасоў сумленным, і ніякага ціску не будзе. Больш шчырым за сваю кіраўніцу быў адзін з чальцоў ЦВК, які сказаў, што «калі хтосьці будзе дыхаць у спіну (членам выбарчай камісіі), яны могуць прыняць рашэнне, якое нам непрымальнае».

Такім чынам на сёлетніх выбарах:

1. Не будзе папулярных альтэрнатыўных кандыдатаў: Віктар Бабарыка і Сяргей Ціханоўскі знаходзяцца ў вязніцах, Валерый Цапкала не зарэгістраваны (пры гэтым у яго зніклі больш за палову подпісаў, сабраных у яго падтрымку).

2. Няма альтэрнатыўных членаў выбарчых камісій: агульная колькасць прадстаўнікоў апазіцыйных партый ва ўчастковых выбарчых камісіях склала 6 чалавек з 63 347 чалавек, альбо 0,009%.

3. Не будзе міжнародных назіральнікаў Парламенцкай асамблеі АБСЕ, Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ і Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ). Гэта звязана не толькі з эпідэміяй COVID-19, але і з тым, што не было своечасова даслана афіцыйнае запрашэнне.

4. Не будзе і ўнутраных незалежных назіральнікаў.

Пагадзіцеся, што гэта — ні ў якім разе не выбары.

З аднаго боку, зразумела, што ўлада любым чынам і коштам спрабуе забяспечыць «перамогу» аднаму кандыдату ў прэзідэнты. З іншага боку, не менш відавочна і тое, што ўлада разумее: сумленна перамагчы яна не можа. А таму, колькі б працэнтаў Лукашэнку не намалявала кіраўнічка ЦВК, усе будуць ведаць — гэтыя вынікі ўзятыя са столі.

Таму абвяшчэнне Лукашэнкі кіраўніком краіны (не пішам «прэзідэнтам», бо прэзідэнта абіраюць — сумленна і адкрыта) у чарговы раз будзе падобнае на «каранацыю». І ў Беларусі ўзнікне своеасаблівае «самадзяржаўе».

Але «самадзяржаўе» будзе азначаць максімальную дэлегітымізацыю ўлады Лукашэнкі. Ён не будзе законна абраным кіраўніком у вачах, найперш, свайго народа.

Можна на штыхах прыйсці да ўлады, захавацца ва ўладзе на штыхах немагчыма. А чым заканчваецца «самадзяржаўе» мы ведаем на прыкладзе 1917 года. Пытанне толькі ў тым, будзе гэта «лютаўская рэвалюцыя» альбо «кастрычніцкая». Не па тэрмінах, канешне, а па змесце.

Сяргей Пульша

https://novychas.by/palityka/u-zniuni-karanacyja-lukaszenki

Апошнія навіны