haradok.info

Інфармацыйны партал

Сацыяльныя сеткі:

Навіны Гарадка Палітыка

12.08.2020 10:17

845 праглядаў

0 каментароў

У Гарадоцкім раёне толькі на Гагарынскім участку Гарадка лічылі галасы?

Упершыню за ўсе папярэднія кампаніі «Гарадоцкі веснік» не апублікаваў інфармацыі пра вынікі галасавання ў Гарадоцкім раёне ў сваім аўторкавым нумары. Праблема палягае у тым, што карэспандэнт газеты Майя Салдаценка атрымала праўдзівыя вынікі падліку галасоў на Гагарынскім участку. І куратары выдання з Гарадоцкага райвыканкаму і вышэй не здолелі расказаць праўду пра такі рэальны выбар.

Гэты выбар маіх землякоў засведчыў, што ў нашым правінцыйным райцэнтры кандыдат Аляксандр Лукашэнка, на участку дзе я жыву з дзяцінства, не атрымаў перамогу. Не атрымаў перамогу, бо члены камісіі чэсна палічылі галасы. З 1132 выбаршчыкаў, якія прынялі ўдзел у галасаванні аддалі свае галасы: за Святлану Ціханоўскую — 420 (37,1%) , Андрэя Дзмітрыева — 41, Сяргея Чэрэчня — 25, Ганну Канапацкую — 16, а таксама 63 галасы былі супраць усіх кандыдатаў. За Аляксандра Лукашэнку прагаласавала толькі 560 выбаршчыкаў, з якіх большая частка была сабрана на датэрміновым галасаванні і гэта толькі 49,4%..

Вельмі паказальна, што ў асноўны дзень галасавання 9 жніўня, калі на участак упершыню вярнуліся сыны і дочкі са сталіцы і буйных гарадоў, а таксама працаўнікі з Расіі, то аказалася, што з 669 прагаласаваўшых на участку ў асноўны дзень за Святлану Ціханоўскую свае галасы аддалі 362 выбаршчыкі — 54,1%. А гэта перамога!

А што намалявалі у сваіх пратаколах іншыя камісіі раёна? Лічу, што участковыя камісіі Гарадоцкага раёна ў сваёй большасці не лічылі галасы, а фальсіфікавалі вынікі галасавання, займаліся крымінальным парушэннем волевыяўлення выбаршчыкаў раёна. Гэтыя пратаколы не выклікалі сумнення ў Гарадоцкай раённай камісіі, якая 10 жніўня ў сваім пратаколе запісала наступныя вынікі працы з дасланымі пратаколамі. Пры гэтым сакратар камісіі Ірына Брач адмовілася паказаць выніковую табліцу, дзе ёсць даныя па Гагарынскаму участку.

А лічбы такія па Гарадоцкаму раёну. У галасаванні прыняла ўдзел 14526 выбаршчыкаў, з іх на датэрміновым — 6136 (42,2), па месцы знаходжання — 3191(22,0%), у дзень галасавання — 5199 (35,8%). Прагаласавалі за Дзмітрыева — 90, Канапацкую — 82, Лукашэнка — 12 906, Ціханоўскую — 1008, Чэрачня — 69.

Па гэтых лічбах аказваецца, што Гагарынскі участак самы «рэвалюцыйны» на Гарадоччыне. Падумайце самі. З усіх галасоў за альтэрнатыўных кандыдатаў бязменнаму кіраўніку Беларусі па Гарадоцкаму раёну толькі на Гагарынскім участку яны атрымалі ад усіх сваіх «гарадоцкіх» галасоў такія адсоткі: Дзмітрыеў — 45,6%, Канапацкая — 19,5%, Ціханоўская — 41,7%, Чэрачэнь — 36,2. Вось такі «анамальны» Гагарынскі участкам на электаральным полі Гарадоцкага раёна!

Магчыма і на іншых участках Гарадоцкага раёна чэсна лічылі галасы, то калі ласка, дасылайце фота на мой мэйл leo592202@gmail.com . Мы мусім ведаць сваіх аднадумцаў, якія падтрымліваюць перамены і яднацца.

А дзе чэсны падлік на яшчэ 6 участках Гарадка і участках Езярышча, Бычыхі, Пальмінкі і г..д.? Гэтага падліку мяркую ў большасці ўчасткаў і не было, як і на большасці участках Беларусі. Таму рэжым Аляксандра Лукашэнкі і адключыў інтэрнэт і рыхтуецца адключыць мабільную сувязь. Таму і прызналі яго піраву «перамогу» толькі аўтарытарныя кіраўнікі Расіі, Кітая, Казахстана, Азербайджана і г.д..

Але гэта фальсіфікацыя выклікала масавы пратэст у Мінску, Брэсце, Гародні і іншых гарадах Беларусі. Грамадзян, якія патрабуюць пераліку галасоў, збівае АМАП, іх закідваюць гукавымі гранатамі і г.д. З’явіліся першыя ахвяры і сотні параненых мірных грамадзян Беларусі.

Кіраўніцтву Беларусі трэба спыніцца ў гвалце над грамадзянамі, краінай. Трэба чэсна палічыць галасы. Іншага выйсці няма. Як чэсна лічылі ў 1994 годзе, так трэба зрабіць і ў 2020.

Грамадзянін Лукашэнка А.Р., калі любіце Беларусь, а не сябе над Беларуссю, то адпусціце. Краіне не патрэбны хворы і слабы кіраўнік, за якога не прагаласаваў народ.

Леанід Гаравы, БСДП(Грамада). Фота: Леанід Гаравы

Апошнія навіны