haradok.info

Інфармацыйны партал

Сацыяльныя сеткі:

Навіны Гарадка Палітыка

25.10.2020 17:45

299 праглядаў

0 каментароў

Маршы ў падтрымку «Народнага ўльтыматуму». Што адбываецца ў Менску і іншых гарадах Беларусі

Сьвятлана Ціханоўская выставіла ўльтыматум уладам: адстаўка Аляксандра Лукашэнкі, вызваленьне палітычных вязьняў, спыненьне гвалту на вуліцах. Нязгодныя з абвешчанымі вынікамі выбараў і масавымі рэпрэсіямі, якія выліліся ў сьмерць, раненьні і арышты дэманстрантаў, заклікалі 25 кастрычніка правесьці ў цэнтры Менску і іншых гарадоў Беларусі масавыя дэманстрацыі ў падтрымку «Народнага ўльтыматуму».

17:13

У Віцебску затрымалі журналіста «Белсату»

У Віцебску затрымалі журналіста «Белсату» Зьмітра Казакевіча.

17:06

Акцыя ў Наваградку


17:04

Менск: людзі разыходзяцца ў розныя бакі вялікімі групамі

Пратэстоўцы з калёны на вуліцы Сурганава разыходзяцца вялікімі групамі ў розныя бакі.

Большая частка людзей рушыла па вуліцы Арлоўскай, яшчэ некалькі тысяч пайшлі па Багдановіча ў бок Зялёнага Лугу.

17:03

Колькасьць дэманстрантаў у Менску ацэньваюць ад «дзясяткаў тысяч» да «100 тысяч»

  • Інтэрфакс, спасылаючыся на апазыцыю, называе лічбу ў 100 тысяч: «Колькасьць удзельнікаў несанкцыянаванага пратэсту ў Менску ў апошні дзень „народнага ўльтыматуму“ перавысіла 100 тыс. чалавек».
  • ТАСС: «Дзясяткі тысяч дэманстрантаў ідуць у Менску па вуліцы Сурганава».
  • БелаПАН: «Вызначыць колькасьць удзельнікаў маршу складана, бо калёна расьцягнулася на кілямэтры, але, паводле ацэнак журналістаў, якія працуюць увесь час на нядзельных акцыях, можна казаць пра як мінімум 100 тысяч».
  • РИА Новости: «У Менску апазыцыя арганізавала шматтысячнае шэсьце».
  • Карэспандэнты Свабоды ацэньваюць колькасьць удзельнікаў маршу ў «100 тысяч і больш».
16:54

Менск: калёна разьвярнулася і пайшла назад па Сурганава

Пратэстоўцы разьвярнуліся і пайшлі назад па вуліцы Сурганава. Галава калёны стала яе хвастом.

АМАП перакрыў таксама вуліцу Куйбышава, якая прымыкае да Сурганава, а таксама вуліцу Багдана Хмяльніцкага.

16:50

Віцебск: сілавікі заблякавалі машыну, якая сыгналіла пратэстоўцам

16:47

Менск: пратэстоўцы паспрабавалі абысьці АМАП

Вуліца Якуба Коласа перагароджаная шчыльным шэрагам АМАПу, калючым дротам, тут стаіць вадамёт. Людзі спрабуюць абысьці АМАП і павярнуць з вуліцы Сурганава налева, у бок вуліцы Калініна.

З боку плошчы Якуба Коласа па аднайменнай вуліцы ў кірунку вуліцы Сурганава паехалі дзясяткі транспартных сродкаў сілавікоў: аўтобусы з АМАПам, міні-аўтобусы, а таксама машыны хуткай дапамогі.

16:42

У Наваполацку спрабавалі затрымаць пэнсіянэраў

16:41

Гомель: сілавікі не даюць людзям сабрацца

У Гомлі сілавікі не даюць людзям зьбірацца нават невялікімі групамі. На пляцоўцы каля цырку затрымалі 6 чалавек, у тым ліку жанчыну 1946 году нараджэньня.

16:36

Менск: пратэстоўцы дайшлі да «Рыгі»

Галава калёны ўжо дайшла да ўнівэрсаму «Рыга». Пакуль не зразумела, куды людзі будуць рушыць далей.

Тым часам сілавікі перакрылі вуліцу Сурганава каля скрыжаваньня з вуліцай Якуба Коласа і расьцягваюць там калючы дрот.

Як паведамляе БелаПАН, вызначыць колькасьць удзельнікаў сёньняшняга маршу складана, бо калёна расьцягнулася на кілямэтры, але, паводле ацэнак журналістаў, якія ўвесь час працуюць на нядзельных акцыях, можна казаць пра як мінімум 100 тысяч чалавек.

16:30

Улады прызналі ўжываньне сьлезацечнага газу ў Лідзе

«Пры спыненьні несанкцыянаванай акцыі пратэсту ў Лідзе быў ужыты сьлезацечны газ», пацьвердзілі агенцтву «Інтэрфакс-Захад» у прэс-службе УУС Горадзенскага аблвыканкаму. Таксама паведамілі, што па адміністрацыйных справах затрымалі «некалькі дзясяткаў чалавек».

16:20

Менск: шмат сілавікоў на Якуба Коласа і Акадэміі навук

А вось так выглядае калёна пратэстоўцаў на вуліцы Максіма Багдановіча.

16:12

Менск: пратэстоўцы дайшлі да плошчы Бангалор

Галава калёны дайшла да плошчы Бангалор. На доме № 78 па вуліцы Багдановіча, які прымыкае да плошчы, вісіць вялізны бел-чырвоны-белы сьцяг з надпісам «Шчучыншчына». Гэта вельмі весяліць людзей у калёне.

16:08

Гомель: пэнсіянэркі спрачаюцца з амапаўцамі

У Гомлі людзі сабраліся ў сквэры Кірылы Тураўскага, туды ж прыйшоў АМАП. Пэнсіянэркі разгарнулі сьцяг футбольнага клюбу «Лівэрпуль» і пачалі спрачацца з амапаўцамі, якія заклікалі іх разыходзіцца.

16:07

Менск: калёна сілавікоў выехала на сустрэчную паласу

16:05

Горадня: новая хваля затрыманьняў

16:04

Праваабаронцам вядомыя імёны першых затрыманых

Праваабаронцам «Вясны», якія зьбіраюць сьпісы затрыманых 25 кастрычніка па ўсёй Беларусі, пакуль вядомыя прозьвішчы 18 затрыманых у Менску, Берасьці, Гомлі, Горадні, Лідзе, Рэчыцы, Пінску. Сьпіс дапаўняецца.

15:59

Затрыманьні ў Берасьці

Сярод затрыманых сёньня ў Берасьці — 63-гадовая Алена Гнаўк, якая на мінулым тыдні выйшла на волю пасьля 18 дзён арышту, піша Tut.by.

15:58

Менск: каб не затрымалі, мужчына пераплыў раку

На скрыжаваньні вуліц Карла Маркса і Янкі Купалы мужчына, каб пазьбегнуць затрыманьня, кінуўся ў раку і пераплыў яе, паведамляе Tut.by.

15:55

У Гомлі затрымалі сына журналісткі, які проста ішоў па горадзе

У Гомлі затрымалі сына журналісткі Алены Германовіч Алега. Малады чалавек ня ўдзельнічаў ні ў якіх акцыях, проста ішоў па цэнтры гораду. Непадалёк ад цырку да яго падышлі міліцыянты. Цяпер Алег у Цэнтральным РАУС Гомля.

15:51

Затрыманьні ў Магілёве

У Магілёве на пешаходнай вуліцы Ленінскай затрымліваюць людзей. Як паведамляюць відавочцы, каля трох дзясяткаў мінакоў паспрабавалі арганізаваць калёну. Да яе хутка накіраваліся сілавікі, пад’ехалі аўтазакі. Колькасьць затрыманых пакуль не вядомая. Кажуць, што зь людзьмі абыходзіліся жорстка.

Міліцыянты рыхтуюцца ўварвацца на Ленінскую

Паводле «Белсату», у цэнтры таксама затрымалі некалькі жанчын. Людзі гуляюць па пешаходнай вуліцы Ленінскай, там жа дзяжураць сілавікі.

15:45

Горадня: на Савецкай застаюцца каля сотні пратэстоўцаў

Каля сотні чалавек працягваюць стаяць на Савецкай вуліцы ў Горадні. Скандуюць «Жыве Беларусь», «Верым, можам, пераможам».

Падчас маршу на Савецкай вуліцы зьнік доктар гістарычных навук, прафэсар Алесь Краўцэвіч. Ён не выходзіць на сувязь. Імаверна, яго затрымалі.

15:44

Менск: калёна з Багдановіча ідзе на Нямігу

Калёна пратэстоўцаў дайшла да вуліцы Багдановіча і павярнула ў бок Нямігі. У пратэстоўцаў зьявілася новая крычалка: «Лучшая поправка — Сашина отставка».

Празь нейкі час пратэстоўцы зноў вырашылі разьвярнуцца і пайсьці на плошчу Бангалор.

15:38

Менск: у бок Машэрава едуць вадамёты і спэцтэхніка

Па вуліцы Казлова ў бок праспэкту Машэрава едзе спэцтэхніка і вадамёты.

Тым часам у раёне стэлы міліцыя праз мэгафон папярэджвае ўдзельнікаў шэсьця пра адказнасьць за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі.

15:37

Менск: калёна на праспэкце Незалежнасьці

15:34

Горадня: пасьля затрыманьняў на Савецкай гарадзенцы гуляюць у цэнтры

Гарадзенцы пайшлі гуляць па цэнтры гораду.

Тым часам каля вуліцы і плошчы Савецкай і каля моладзевага цэнтру зноў пачаліся затрыманьні.

15:27

Менск: частка пратэстоўцаў ідзе па Зыбіцкай

З бубначамі, пад воклічы «Забастоўка» яшчэ адна калёна крочыць па вуліцы Зыбіцкай у Менску.

15:19

У Магілёве сілавікі зноў блякавалі цэнтар гораду

Ля пляцовак, на якіх заклікалі сабрацца прыхільнікаў перамен, стаяць мікрааўтобусы з амапаўцамі.

Свабодзе паведамілі пра двух затрыманых у сквэры на праспэкце Міру, каля філярмоніі — у адным зь месцаў збору. Па затрыманьні група зь дзясятка чалавек разышлася. Як і ў мінулыя нядзелі, транспарт не спыняецца на прыпынку насупраць гарвыканкаму. Там паставілі пост ДАІ і эвакуатар.

Прыпынак ля магілёўскага гарвыканкаму

Патрулі на пешаходнай вуліцы Ленінскай асаблівую ўвагу зьвяртаюць на бел-чырвона-белыя колеры ў мінакоў. Тым, хто ідзе зь бел-чырвона-белымі парасонамі, прапануюць іх згарнуць. Падобная абстаноўка — у Кастрычніцкім раёне гораду. Пляцоўка каля Лядовага палаца, дзе праводзілі агітацыйныя мітынгі прэтэндэнты на пасаду прэзыдэнта, цяпер пад «аховаю» амапаўцаў. Зь імі стаіць мікраааўтобус.

15:18

Менск: пратэстоўцы павярнулі на Машэрава

Перад стэлай Марш павярнуў на праспэкт Машэрава. У калёне дзясяткі тысяч чалавек.

15:10

У Лідзе сілавікі ўжылі сьлезацечны газ

15:07

У Горадні — адзінкавыя затрыманьні

У Горадні сілавікі ў чорным і ў вайсковай форме расчысьцілі Савецкую вуліцу ад людзей: адбыліся адзінкавыя затрыманьні, некаторых зьбівалі. Большасьць людзей схавалася ў дварах, сышлі і сілавікі.

Хутка каля сотні чалавек вярнуліся на Савецкую вуліцу, яны стаяць на плошчы пляскаюць у ладкі і скандуюць «Жыве Беларусь».

Аднаго гарадзенца з Савецкай забрала «хуткая дапамога». Што зь ім дакладна здарылася, пакуль не вядома.

15:04

Менск. Дзясяткі тысяч чалавек каля стэлы

На праспэкце Пераможцаў ужо каля 50 тысяч удзельнікаў. Падыходзіць усё больш людзей. Часьцей за ўсё выгукваюць «Трыбунал», «Забастоўка».

Тым часам людзі ідуць па праспэкце Незалежнасьці.

14:59

У Лідзе, Горадні, Ваўкавыску разганяюць пратэсты

У Лідзе сілавікі жорстка разагналі людзей у горадзе. Мужчын білі дубінкамі, ёсьць затрыманыя.

14:55

Менск. Галава калёны дайшла да стэлы

Звыклага па іншых акцыях ачапленьня з вайскоўцаў сёньня там няма. Але вайскоўцы стаяць вакол лесьвіцы, якая вядзе да помніка. Праз гукаўзмацняльнікі людзей папярэджваюць, што акцыя несанкцыянаваная.

14:53

Гомель. Новыя затрыманьні і дагляд людзей

Каля цырку затрымалі былога ўдзельніка прэзыдэнцкай кампаніі актывіста Ўладзімера Няпомняшчых. Таксама затрымалі маладога хлопца Алега Германовіча, які проста ішоў па вуліцы.

На пляцоўцы каля плошчы Леніна міліцыя перапісвае дадзеныя пэнсіянэрак. На пляцоўцы ля цырку ля сямі пенсіянерак стаіць сем супрацоўнікаў МУС.

14:47

Менск. Марш рушыць па праспэкце Пераможцаў

14:40

Менск. Тысячы людзей ідуць у бок стэлы

Дзесяцітысячная калёна рушыць па праспэкце Пераможцаў у бок стэлы. Галава калёны ўжо на скрыжаваньні з вуліцай Мельнікайтэ.

14:37

Каля тысячы чалавек сабраліся ў цэнтры Горадні

На Савецкай вуліцы каля тысячы чалавек. Каля сотні байцоў АМАП стаіць шчыльным шэрагам пасярод вуліцы. Людзі скандуюць «Гэта наш горад», «Выпускай». Перакрываюць рух каля драмтэатру.

14:29

Менск. Людзей не прапускаюць на праспэкт Незалежнасьці

На вуліцы Леніна паміж гатэлем «Эўропа» і «Гранд кафэ» ўсталёўваюць сыстэмы «Рубеж», ёсьць 2 вадамёты. 1 вадамёт на вуліцы Інтэрнацыянальнай. З цэнтра можна прайсьці да плошчы Свабоды. Каля будынку Кансэрваторыі стаяць ланцугі вайскоўцаў.

Удзельнікі Маршу ўжо рухаюцца ад плошчы Свабоды ў бок Нямігі.

14:27

Гомель. Пачаліся затрыманьні

Ля цырку затрымалі дзьвюх жанчын з кветкамі і актывіста Ўладзімера Няпомняшчых, правяраюць дакумэнты ў пэнсіянэрак на лаўках.

На кожным скрыжаваньні вуліцы Савецкай стаяць міліцыянты і ДАІ, у дварах — «сінія бусы», на лошчы Леніна — аўтобус зь сілавікамі і міліцэйскія «Газэлі» і аўтобус зь сілавікамі, за ўнівэрмагам «Гомель» — аўтазак і вайсковы грузавік, на скрыжаваньні з вуліцай Пушкіна — аўтазак.

14:17

Ніна Багінская ўжо выйшла на шпацыр па Менску

Тым часам на скрыжаваньні Гарадзкога валу і Нямігі сотні людзей вялікімі групамі ідуць са сьцягамі ў бок праспэкта Пераможцаў, гукаюць «Жыве Беларусь». Сілавікоў там не відаць. ДАІ перакрыла праезд у бок цэнтру па Гарадзкім вале.

Людзі пачалі зьбірацца і на плошчы Свабоды, дзе і быў анансаваны пачатак маршу.

14:15

Сілавікі ў цэнтры Менску. Фота

14:13

У Горадні ўжо пачалася акцыя

Улады перакрылі пешаходную Савецкую вуліцу. На Савецкую ў Горадні можна зайсьці, але міліцыянты паставілі турнікеты на выхадзе на плошчу Леніна і Віленскі завулак. Побач з ЗАГСам стаяць аўтазакі, каля помніка Сакалоўскаму — машына міліцыі і аўтобус без азнакаў, за гарвыканкамам — вадамёт. Па Савецкай вуліцы проста шпацыруюць людзі, ёсьць «людзі ў цывільным».

Людзі скандуюць «Жыве Беларусь», «Верым, можам, пераможам». Міліцыянты папярэджваюць, што мітынг недазволены. Людзі крычаць «Ганьба». Марш пайшоў у канец вуліцы Савецкай. Усяго 100–200 чалавек.

13:57

У Менску затрыманьні пачаліся з журналістаў

Затрыманыя фатографы Дзьмітры Дзьмітрыеў (газэта «Новы час» і Сьвятаслаў Зоркі («„Комсомольская правда“ в Беларуси»), паведамляе БАЖ.

13:53

Кардоны АМАПу каля цырку паабапал праспэкту Незалежнасьці

Людзей не пускаюць у цэнтар Менску.

13:48

Сьвятлана Ціханоўская падтрымала тых, хто сёньня зьбіраецца на маршы

13:16

Блогер Максім Кац зрабіў «трыб’ют рэвалюцыі» ў Беларусі

«Усяго за некалькі месяцаў беларусы загналі Лукашэнку ў патавае становішча, зь якога яму ня выбрацца пераможцам. Сёньня ўспомнім, як народ Беларусі хістаў дыктатара ўвесь гэты час і працягвае пракладаць шлях да свабоды», — адзначыў ён у анатацыі да відэа. ​

12:52

Невядомыя граюць на бубнах у розных раёнах Менску

12:39

Акцыі пратэсту пачаліся ў рэгіёнах

12:37

У Менску закрылі 12 станцый мэтро

У менскім мэтро паведамілі, што з 12.30 закрываюць 13 станцый «у мэтах бясьпекі»:

«Плошчу Леніна», «Кастрычніцкую/Купалаўскую», «Плошчу Перамогі», «Плошчу Якуба Коласа», «Акадэмію навук», «Парк Чалюскінцаў», «Першамайскую», «Нямігу», «Фрунзэнскую», «Маладзёжную» і «Пушкінскую».

12:34

Бел-чырвона-белыя сьцягі зьявіліся на высокіх будынках у розных гарадах Беларусі

У розных гарадах Беларусі перад абвешчаным нядзельным маршам пратэсту людзі вывесілі бел-чырвона-белыя сьцягі. У жылым комплексе «Менск-Сьвет» на фасадах шматпавярховікаў зьявіліся гіганцкія палотнішчы і вялізная расьцяжка з заклікам страйкаваць.

Акрамя Менску, гістарычнай сымболікай выказваюць салідарнасьць з пратэстоўцамі ў Ваўкавыску, Лагойску, Наваградку, Маладэчне ды іншых гарадах краіны.

12:32

Ад раніцы 25 кастрычніка ў розных частках Менска заўважаная вайсковая тэхніка

Жыхары Менску кажуць пра канцэнтрацыю сілавікоў ля стэлы «Менск — горад-герой», на Партызанскім праспэкце, у раёне плошчы Незалежнасьці і ў іншых месцах.

У бок цэнтру рушаць вялікія калёны спэцтэхнікі і аўтобусаў з байцамі АМАП і невядомымі ў балаклавах.

12:29

У Менску зноў пачаліся праблемы з мабільным інтэрнэтам — на загад дзяржаўных органаў

У кампаніі МТС з гэтай нагоды заявілі: «Сёньня ў Менску ў рамках мерапрыемстваў, якія праводзяцца ўпаўнаважанымі дзяржаўнымі органамі па забесьпячэньню нацыянальнай бясьпекі, быў абмежаваны доступ да сеткі інтэрнэт, што прывяло да зьніжэньня якасьці працы сэрвісаў у абанэнтаў. Шкадуем аб сытуацыі, якая склалася».

У кампаніі А1 паведамілі: «Паважаныя абанэнты! У адпаведнасьці з распараджэньнем упаўнаважаных дзяржаўных органаў 25 кастрычніка на тэрыторыі Менска зьніжаная прапускная здольнасьць мабільнага інтэрнэту. Выкананьне гэтага патрабаваньня вядзе да істотнага пагаршэньня якасьці сэрвісу перадачы дадзеных або часовай недаступнасьці паслугі. Аб аднаўленьні карэктнага доступу будзе паведамлена, як толькі гэта стане магчымым. Спадзяемся на хуткае аднаўленьне абслугоўваньня».

Падобныя праблемы з мабільным інтэрнэтам у Менску ня новыя. Падчас пратэстных акцый па нядзелях у жніўні, верасьні і першай палове кастрычніка абанэнты распавядалі пра такія ж цяжкасьці.

Больш інфо ТУТ : https://www.svaboda.org/a/30911375.html

Апошнія навіны