23 студзеня міліцыянты ў Міхайлаўскім сквэры, дзе традыцыйна па суботах раздаюць ежу бяздомным, затрымалі двух валянтэрак «Вулічнай мэдыцыны», 5 валянтэраў «Ежы замест бомбаў», і ,паводле валянтэркі Карыны Радчанка, некалькі бяздомных.

Валянтэры «Вулічнай мэдыцыны». Фота сакавіка 2020 году.
Яны ўдзельнічалі ў несанкцыянаваным мітынгу супраць дзейнай ўлады, даводзілі ў судзе сьведкі-міліцыянты Аляксандр Паўлаў і Аляксей Собалеў. Пры гэтым сьведкі прызналі, што ня чулі ад затрыманых палітычных лёзунгаў і ня бачылі ў іх незарэгістраванай сымболікі, а зьвесткі пра несанкцыянаваны мітынг атрымалі ад кіраўніцтва.
"Падтрымалі пратэсты ў выглядзе кармленьня бамжоў«,- гэтак адзін са сьведкаў-міліцыянтаў вызначыў віну затрыманых. Пры гэтым сьведкі блыталіся ў паказаньнях адносна часу і месца затрыманьня валянтэраў. Сьведка Паўлаў патлумачыў тое, чаму забыўся пра падзеі двухдзённай даўніны тым, што «гэтак працуюць нэўроны ягонага мозгу».
Валянтэры «Вулічнай мэдыцыны» Карына Радчанка і Тацяна Лабаза не прызналі сябе вінаватымі і патлумачылі, што прыйшлі 23 студзеня ў Міхайлаўскі сквэр адмыслова ў час, калі там раздаюць ежу бяздомным, каб аказаць мэдычную дапамогу тым, хто мае ў гэтым патрэбу. «Замяралі ціск, аглядалі траўмы, кансультавалі, раздавалі лекі і вітаміны, — згадала Тацяна Лабаза, якая выконвала працу асыстэнта і занатоўвала прозьвішчы людзей, якім была аказаная мэдычная дапамога.
Колькім людзям яны дапамаглі ў той дзень?
Паводле валянтэркі Карыны Радчанкі, якая стала працуе мэдсястрой у
«Але ў момант, калі нас затрымлівалі, ў сквэры акрамя мяне з асыстэнткай і аднаго бяздомнага я ўвогуле нікога ня бачыла. Затое нас прыйшлі затрымліваць недзе 30 міліцыянтаў», — згадала Карына Радчанка. Паводле яе, у Міхайлаўскім сквэры не было ніякага мітынгу і побач таксама ніхто не праводзіў палітычных акцый.
«Наша ініцыятыва па-за палітыкай і рэлігіяй. Гэтым яна мяне і прывабіла», — казала суду валянтэрка Тацяна Лабаза. Жанчына згадала, як яшчэ за некалькі дзён да затрыманьня спрачалася са сваякамі наконт таго, ці могуць ў Менску нізавошта затрымаць на вуліцы. «Мне ня верылася. І вось цяпер я бачу, што гэта так. А я ж была зусім апалітычным чалавекам, не падтрымлівала пратэстаў», — зазначыла валянтэрка сумным голасам.
Працэсы над затрыманымі ў Міхайлаўскім сквэры адбываліся праз скайп, затрыманыя ў гэтым часе былі ў ізалятары на Акрэсьціна. Адтуль было чуваць, як грымяць на калідоры нейкія вазкі ды як супрацоўнік кліча на допыт сьведку, які недзе затрымаўся.
Гэтак жа судзілі і актывіста ініцыятывы «Ежа замест бомбаў» Арцемія Капітулу. Маладога чалавека затрымалі на выхадзе зь Міхайлаўскага сквэру каля 14.00, зусім ня ў той час, як пазначана ў міліцэйскім пратаколе, казаў валянтэр.
"Мы ўжо закончылі, бабулі і дзядулі наеліся, мы сабралі посуд і сыходзілі. Як каля аркі да нас падскочылі міліцыянты і затрымалі. Але ніякага мітынгу мы не праводзілі. Вы што? Гэта ж перашкаджае нашым мэтам«,- запэўніваў суд Арцемій Капітула.
Малады чалавек больш за 5 гадоў займаецца дапамогай бяздомным у ініцыятыве «Ежа замест бомбаў». На свае грошы актывісты купляюць і гатуюць ежу і потым раздаюць яе «тым хто ня мае свайго жытла і галодны». Калі суд пацікавіўся ў Арцемія Капітулы, ці ёсьць у яго хадайніцтвы, валянтэр спытаў толькі пра посуд, які застаўся ў сквэры ў выніку затрыманьня Але адказаць на пытаньне, што стала з талеркамі і рондалямі для бяздомных, суд ня змог — «не ўваходзіць у кампэтэнцыю».
https://svabod1.azureedge.net/a/31068442.html