haradok.info

Інфармацыйны партал

Сацыяльныя сеткі:

Навіны Гарадка Спорт

29.05.2016 11:11

1507 праглядаў

0 каментароў

У Гарадку ФК «Прамень — Кроў СК» стартаваў з перамогі з буйным лікам. Фотасесія

У першым матчы чэмпіянату Віцебскай вобласці па футболу футбалісты ФК «Прамень — Кроў СК» перамаглі ФК «Барань» (Аршанскі раён) з буйным лікам 4:0, дзякуючы найперш хэт-трыку Яўгена Самарына.

Стартавы матч чарговага чэмпіянату вобласці па футболу прынёс аматарам футболу з Гарадка самыя найлепшыя эмоцыі. Гарадоцкая каманда перамагла з буйным лікам 4:0 з большага былых гульцоў «Экамола», якія ў гэтым сезоне выступаюць пад шыльдай ФК «Барань».

Ды і сама гарадоцкая каманда выступала не толькі ў новай форме — чырвоныя саколкі і чорныя трусы — з лагатыпамі «Птушкафабрыка-Гарадок», «Прамень Кров СК», але і з чатырма новымі ігракамі, якія павінны павялічыць шанцы клуба на выхад у фінальную частку чэмпіянату. Трэба дадаць, што ўпершыню на гарадоцкім стадыёне абвяшчаліся склады каманд, а за брамамі былі маладыя футбалісты, якія падавалі мячы галкіперам.

З першых хвілінаў матча нашы футбалісты трымалі ў напрузе абарону гасцей. І калі на каманду брамніка аддаць яму мяч, абаронца нясільна паслаў мяч галкіперу, то гэты мяч на высокай хуткасці дагнаў Яўген Самарын і накіраваў у браму:1-0. А ішла толькі пятая хвіліна гульні.

Далей гульня ішла з пераменным поспехам, але вастрэй атакавалі гаспадары, у якіх наперадзе былі Самарын і Жарнасек. А калі на 30-й хвіліне быў прызначаны штрафной у непасрэднай блізкасці ад штрафной пляцоўкі, то Самарын класным ударам у левы ніжні вугал брамы зрабіў лік 2-0.

Пасля перапынку характар гульні змяніўся, бо гаспадары маючы перавагу ў два мячы, аддалі ініцыятыву гасцям і адыйшлі на сваю палавіну поля. Але ў гасцей нічога не атрымлівалася, бо на апошнім рубяжы надзейна гуляў галкіпер Павал Хацько, які амаль не дапускаў памылак.

Такая гульня працягвалася амаль паўгадзіны другога тайма пакуль ініцыятыву на сябе не ўзяў дэбютант каманды Антон Вялічка і дальнім ударам зрабіў лік 3-0. Добры падарунак у дзень свайго 30-годдзя!..

А канчатковую кропку ў матчы за 6 хвілін да завяршэння гульні паставіў зноў Яўген Самарын. Наш лідар зноў класным ударам са штрафнога накіраваў мяч у правую дзевятку брамы гасцей: 4-0!!!



Выдатны пачатак чэмпіяната ў выкананні нашых футбалістаў быў да спадобы шматлікім гледачам, якія сабраліся на трыбуне гарадскога стадыёна.

Трэнер каманды Сяргей Куракоў так пракаментаваў гульню: «Результат игры впечатляет! Соперник всегда владел инициативой, имел преимущество в движении. Играя от обороны, мы ждали своего шанса, рассчитывали на быстрые контратаки и исполнительское мастерство наших игроков. Все наши тактические задумки воплотились в жизнь. Победить Оршу дорого стоит, это сильная команда, они ещё всех накажут.
Спасибо ребята за игру и желаем скорейшего выздоровления Малофееву Роману!!!
» — https://vk.com/luch_gorogok

Іншыя гульні першага круга прынеслі такія вынікі: «Ніва» (Талачын) — «Газавік» (Віцебск): 0-4, ФК «камунальнік» (Сянно) — ФК «Бешанковічы»: 6-2.

Наступны матч наша каманда правядзе ў гасцях у Бешанковічах 5 чэрвеня.

Леанід Гаравы

Апошнія навіны