haradok.info

Інфармацыйны партал

Сацыяльныя сеткі:

Навіны Гарадка Спорт

13.07.2017 09:07

1010 праглядаў

0 каментароў

Гарадоцкае аб’яднанне прафсаюзаў адзначыла святы велапаходам у Даўгапольскі сельсавет

Заклік Гарадоцкага раённага аб’яднання прафсаюзаў адзначыць Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і 240-годдзе прысваення статуса горада Гарадку чарговым раённым прафсаюзным краязнаўчым велапаходам падтрымалі прадстаўнікі практычна ўсіх «пярвічак» горада. 3 ліпеня апоўдні яны рушылі ў вёскі Даўгапольскага сельсавета ў падарожжа, якое праходзіла пад дэвізам «Гэта трэба не мёртвым, гэта трэба жывым» піша «Гарадоцкі веснік»

Агульнае кіраўніцтва велапаходам ажыццяўляла старшыня райаб’ядняння прафсаюзаў Ірына Дарошчанка. Яна з радасцю адзначыла:

— На ўдзел у велапаходзе папярэдне запісалася 23 чалавекі, на самой жа справе на цэнтральнай плошчы сабралося 60 чалавек. Сярод іх я бачу знаёмых, тых, хто ўдзельнічаў і ў нашых ранейшых падарожжах, і навічкоў. Прыемна, што да здаровага ладу жыцця, краязнаўства далучаюцца цэлымі сем’ямі. Гэта ўмацоўвае патрыятычныя і сямейныя каштоўнасці, згуртоўвае нашу самую масавую грамадскую арганізацыю.

Перш, чым адправіцца ў шлях, да Вечнага агню на мемарыяльным комплексе «Неўміручасць» удзельнікі велапаходу ўсклалі кветкі. Схіліўшы галовы, паслухалі паведамленне аб гісторыі ўзнікнення і ўдасканальвання мемарыялу ў сэрцы нашага горада.

У суправаджэнні машыны ДАІ калона веласіпедыстаў (на здымку) рушыла да наступнага знакавага месца свайго маршруту: помніка воінам-танкістам, якія вызвалялі Гарадок ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Танк ІС-2М, устаноўлены на вул. Невельская шаша, нагадвае: наш горад у ліку іншых вызваліцеляў адбівалі ў ворагаў танкісты 10-й танкавай брыгады пад камандаваннем А.Р. Бурлыгі.
На павароце на Малое Кашо велакалона падзялілася: тыя, хто не адчуваў у сабе дастаткова сіл пераадолець усе 45 км маршруту асноўнага паходу, спыніліся на беразе маляўнічага возера на прафсаюзны пікнік. Астатнія, і іх была большасць, працягнулі круціць педалі. Наступны прыпынак адбыўся на воінскім пахаванні ў в. Маскаляняты.

— Тэрыторыя Даўгапольскага сельсавета складае 22 тыс. 827 га, — распавёў старшыня мясцовага сельвыканкама Віктар Няхаеў. — Вызваляючы яе ў гады вайны, загінула не меней як паўтары тысячы салдат і афіцэраў. Цяпер у нашай мясцовасці пастаянна пражываюць 732 жыхары. Уявіце, у чатырох брацкіх магілах (удзельнікі велапрабегу пабывалі на трох з іх — акрамя як у Маскалянятах, у Даўгаполлі і Селішчы — аўт.) спачывае вечным сном удвая больш чырвонаармейцаў, чым у нас ёсць жыхароў...

Візіт пашаны быў нанесены ветэрану Вялікай Айчыннай вайны Любові Іванаўне Лявонавай (на здымку), што жыве ў в. Зарэчча. Не дамаўляючыся, моладзь сустрэла яе з’яўленне ля веснічкаў громкімі апладысментамі. І.А. Дарошчанка павіншавала яе са святам і са шчырай падзякай за ратны подзвіг уручыла падарунак, а сакратар раённай арганізацыі ветэранаў А.П. Казакова прыпаднесла букет.

Надзвычай зацікаўлена прайшла сустрэча веласіпедыстаў з кіраўніком філіяла «Віраўлянскі» СП «Дзецкасельскі-Гарадок» Леанідам Гардзецкім (на здымку). Многія нават не здагадваліся, якія сучасныя тэхналогіі сёння прымяняюцца ў сельскай гаспадарцы, як навука і тэхнічны прагрэс аблягчаюць працу даярак і жывёлаводаў. Нягледзячы на тое, што дагэтуль прамоклі і ззяблі, удзельнікі велапаходу задавалі субяседніку новыя і новыя пытанні, здзіўляліся і захапляліся.
Пасля сумеснага абеду, «прафсаюзнай кашы», Ірына Аркадзьеўна правяла віктарыну на веданне гісторыі свайго краю. Самыя дасведчаныя атрымалі памятныя падарункі. Па дарозе дадому стомленыя, але вельмі задаволеныя сабою і дружнай кампаніяй турысты-краязнаўцы ўжо пыталіся, калі будзе наступная вандроўка, і дзе лягуць веласіпедныя сляды ў наступны раз.


Святлана ЯКАЎЛЕВА.

Фота аўтара.

http://www.garadvest.by

Апошнія навіны