haradok.info

Інфармацыйны партал

Сацыяльныя сеткі:

Навіны Гарадка Эканоміка

29.10.2019 15:35

245 праглядаў

0 каментароў

«Вылічваюць усё, што толькі можна». Як жыве і чым зарабляе рознарабочы на радзіме Машэрава

У Сяргея сэзонная праца. Летам ён пастух, зімою — качагар. Уначы ён вахтар, удзень — пячнік. Калі ёсьць магчымасьць, Сяргей звальняецца з працы, і едзе на заробкі ў Расею. Там ён муляр. Колькі працуе і што з гэтага мае, мужчына расказаў Свабодзе.

«Мы сталі вахтарамі другога разраду, і заробак упаў на 100 рублёў»

Сяргею 45. Ён жыве ў вёсцы Масоры Сеньненскага раёну на Віцебшчыне. Да Менску — 250 кілямэтраў, да расейскай мяжы — 90. Гэта адзін з найбяднейшых рэгіёнаў Беларусі.

/**/ /**/
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Найбяднейшы рэгіён, адкуль паходзіць самы папулярны палітык Беларусі ХХ стагодзьдзя

Масоры — найбліжэйшая вёска да знакамітых Машканоў, дзе калісьці вучыўся лідэр Савецкай Беларусі Пётра Машэраў і куды Сяргей прыехаў 11 гадоў таму ў пошуках працы.

Саўгас імя Машэрава ў Машканах

Цяпер мужчына працуе вахтаром у саўгасе імя Машэрава. Ноч праз ноч ён пільнуе збожжа на сховішчы, якое стаіць на ўскрайку Масораў. З кастрычніка і да вясны падпрацоўвае качагарам на мясцовым даўгабудзе — новы жывёлагадоўчы комплекс будуюць у вёсцы ўжо шэсьць гадоў.

У верасьні Сяргей адпрацаваў 16 дзён. За 218 гадзін яму налічылі 473 рублі.

— З усімі вылічэньнямі я атрымаю на рукі 299 рублёў, — Сяргей паказвае разьліковы лісток. — Раней за належныя 168 гадзін мы атрымлівалі 450 рублёў. Дырэктару сказалі, што гэта зашмат. Нам зьнялі разрад. Мы сталі вахтарамі другога разраду, заробак упаў на 100 рублёў. Цяпер атрымліваем ня болей за 370 рублёў.

Разьліковы лісток за верасень

«Камунальныя паслугі трэба аплочваць да 25-га, і нікога не хвалюе, што ў цябе грошай няма»

Дом Сяргея стаіць на ўскраіне Масораў. Ён жыве разам з жонкай Натальляй. Пасьля цяжкай хваробы жанчына заўчасна выйшла на пэнсію. З паслуг ЖКГ у сялянскай хаце аплочваюць электрычнасьць, вываз сьмецьця і ваду.

— Сьвятла ў сярэднім нагарае 150-160 кіляват — да 30 рублёў, — тлумачыць Натальля. — Усе лямпачкі ў нас энэргазьберагальныя. Нават у хляве. Раней сьмецьце фактычна ўсё спальвалі. Цяпер стала больш выносіць, каб было за што плаціць.

Дом Сяргея на ўскрайку вёскі

Найбольшае абурэньне ў гаспадароў выклікае плата за ваду. У Масорах няма ніводнай студні. Глеба тут гліністая, да вады не адзін дзясятак мэтраў. Ваду бяруць з агульнай калёнкі, падведзенай да вежы на суседняй фэрме.

— Па-першае, вада брудная, — Натальля прыносіць з кухні кубак вады жоўтага колеру. — Кожны дзень вядро мыеш ад іржы. Калі Сяргей працаваў на жывёлагадоўчым комплексе, адтуль ваду вазіў для гатаваньня. Там вада чыстая, бо станцыя абезжалезваньня стаіць.

Ваду бяруць з агульнай калёнкі, яна брудная

Штомесяц гаспадарам налічваюць па тры кубы — гэта каля пяці рублёў.

— Мы ўдваіх столькі не выкарыстоўваем, — кажа Натальля. — Раз на тыдзень нацяплілі лазьню, памыліся, папралі бялізну. На дзень нам вядра вады хапае. На гаспадарку бяром дажджавую, з бочкі.

Узімку калёнка замярзае — прапускае кляпан.

— З чайнікам бегаем, каб яе адагрэць, — горка ўсьміхаецца Сяргей.

Газавы балён каштуе 16 рублёў. Яго хапае на два месяцы. У сэзон нарыхтовак — на паўтара.

— Газ прывозяць толькі па панядзелках, — скардзіцца Сяргей. — У нас тройчы газ у гэты дзень канчаўся, даводзілася цэлы тыдзень чакаць.

Жонка Натальля заўчасна выйшла на пэнсію пасьля цяжкай хваробы

Зарплату ў саўгасе штораз затрымліваюць.

— За верасень я атрымаю альбо 31 кастрычніка, альбо ў першых лічбах лістапада. А камунальныя паслугі трэба аплочваць да 25-га. І нікога не хвалюе, што ў цябе грошай няма.

«На год нам патрэбна 10 кубоў дроваў»

Плошча Сяргеевага дому — 62 квадратныя мэтры. Адзіны жылы пакой ацяпляецца печчу, якую Сяргей складаў сам.

— На год нам патрэбна каля 10 кубоў дроваў, — падлічвае Сяргей. — Адна машына каштуе 170 рублёў. А нам патрэбна дзьве. Дровы прывозяць у цурках. Я іх сам пакалю і складу.

Хата стаіць на балоце. Колькі не палі, надта цёпла ня будзе

Колькі не палі, у хаце не бывае дастаткова цёпла. Стары дом стаіць на балоце, падлога гніе, ад яе ўвесь час ідзе холад. Некалькі гадоў таму ў хаце трэснуў падмурак. А грошай на рамонт у Сяргея няма.

— Фактычна хата стаіць на чатырох камянях. Трэба яе падымаць, заліваць новы фундамэнт. А дзе ўзяць сродкі? Мяшок цэмэнту каштуе 6 рублёў. А мне патрэбна каля 50 — гэта 300 рублёў. 10 тонаў шчэбеню прывезьці — яшчэ 600. Плюс пясок, арматура і работа. Аднаму доўга вазіцца. Мінімум тысяча патрэбная толькі на фундамэнт, — Сяргей падлічвае выдаткі, і кажа, што ў найбліжэйшы час рамонтам ня зоймецца.

«Мы нават дамову падпісвалі, што зарплату будзем прадуктамі выбіраць»

На 25 сотках вакол хаты — сад, агарод, цяпліца. У гаспадарцы засталіся 30 курэй, 4 гусі і два сабакі.

Сьвіней тут трымаць нельга — Масоры ўваходзяць у пяцікілямэтровую буфэрную зону вакол машканскага сьвінакомплексу. Пасьля адыходу яго да віцебскага хлебакамбінату работнікі саўгаса набываюць сьвініну па поўнай цане. І, хоць гародніна свая, большая частка заробку ідзе на мяса, хлеб і малако. Ежа самая простая. Масла — толькі на сьняданак. Для Сяргея — маргарын. Белы хлеб на стале бывае не заўсёды.

Часткова зарплату Сяргей атрымлівае прадуктамі. Акрамя падаткаў, зь верасьнёўскага заробку ўтрымалі больш за сто рублёў на малочныя вырабы і мяса.

— Мы нават дамову падпісвалі, што зарплату будзем прадуктамі выбіраць. Да 30% ад заробку можна. Акрамя цыгарэт і гарэлкі.

У цыгарэтах сабе Сяргей адмовіць ня можа. Пачак «Прэм’ера» каштуе 1 рубель 14 капеек.

— На дзень ідзе пачак цыгарэт мінімум. Сёньня падчас зьмены зуб пачаў балець. Глушыў боль — з вечара да раньня 17 цыгарэт выкурыў. Трэба лячыць, а ў Машканах толькі рвуць. Ды і лячыць няма на што.

Крэдыт на дом адпрацаваў за тры месяцы ў Расеі

Дом і сям’ю на афіцыйны заробак не ўтрымаеш. Калі ёсьць магчымасьць паехаць у Расею, Сяргей звальняецца з працы.

— Я за месца не трымаюся. Мне 20 гадоў да пэнсіі. Я цяпер есьці хачу. У Расеі я магу два месяцы папрацаваць мулярам, атрымаць 100-150 тысяч, а пасьля дома год нічога не рабіць. Так мы дом змаглі сабе купіць. Узялі крэдыт на 15 ранейшых мільёнаў. Я зьезьдзіў у Расею, за тры месяцы яго адпрацаваў, і яшчэ засталося.

Тым не менш праца з каменем адбіваецца на здароўі. У Сяргея моцна баліць сьпіна. Трэба ехаць у Віцебск рабіць здымак хрыбетніка. Сёлетні будаўнічы сэзон у Расеі Сяргей прапусьціў. Зарабляў на радзіме.

— Я пасьвіў кароў у полі. Мяне папрасілі, бо пастухоў не было. Звычайна пасьвілі цыганы. Ім плоцяць па тысячы рублёў кожнаму. І яны працуюць з траўня да канца сэзону. У чэрвені я адпрацаваў 408 гадзін. На рукі атрымаў 550 рублёў. Павылічвалі ўсё, што можна — падаткі, абеды, двое сутак не дадалі. А абяцалі паўтары тысячы заплаціць.

«Печку абклаў, 50 рублёў атрымаў — заплаціў за лекі»

Начны графік у ахове пакідае магчымасьць для падзаробку ўдзень. У ваколіцах Сяргея ведаюць як печніка. Складаць печы яго навучыў бацька. Машканы збольшага газыфікаваныя, Старыя Машканы і навакольныя вёскі — на дровах. Там паслугі печніка яшчэ запатрабаваныя.

— Зараз сэзон ідзе, заказаў трошкі ёсьць. Але ці шмат гэтым заробіш? — працягвае Сяргей. — Цагліну я кладу за рубель. Калі іх больш за 600, адпаведна мушу ўзяць 650 рублёў за печ. Але для нашых заробкаў гэта дорага. Максымум 500 бяру. Калі гаспадар дапамагае, яшчэ сто скідваю. У лазьні печку абклаў, 50 рублёў атрымаў — заплаціў за лекі. Вось такі дадатковы заробак.

«Тут дом, сваякі ў Задарожжы, рыбалка»

У Масорах усё блізка. На працу — дзьве хвіліны пешшу. У машканскую краму і фэльчарска-акушэрскі пункт — 10 хвілін на ровары. У вёсцы гэта асноўны транспарт. Ровару Сяргея 16 гадоў. Роднага ў ім — пярэдняе кола і рама.

— Астатнія дэталі не адзін раз мяняў, — суразмоўца памятае ўсе выдаткі. — Задняя зорачка каштуе тры рублі, ланцуг — 12, задняе кола з утулкамі — 65. Два катафоты і люстэрка — 6 рублёў. Раз на тры гады ляцяць шчыткі ад солі. Дарогі чысьцяць кепска, дарожак для раварыстаў няма. Даішнікі прыпыняюць. Едзеш без люстэрка, без званка, без катафотаў — штраф даюць. Камізэльку не апрануў — зноў базавую выпісваюць.

Жыць цяжка, але зьяжджаць Сяргей не зьбіраецца.

— Тут дом, сваякі ў Задарожжы, рыбалка. Гэта мая аддушына. Пасьля зьмены паехаў, дзьве гадзіны пасядзеў, задавальненьне атрымаў — і ўсё, я спакойны.

/**/ /**/
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Паштальёнка — 270 BYN. Дзе працуюць і колькі зарабляюць за 50 км ад Менску. ВІДЭА

/**/ /**/
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Зайздросьцяць, думаю, людзі». Як чыноўнік на пэнсіі стварыў фэрму і прадае «малочку» на 1000 рублёў у дзень

/**/ /**/
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Ты нічога не даб’есься». Пастух у IT-краіне працуе 360 гадзін у месяц за 445 рублёў. ФОТА

ЯШ

АТ

https://www.svaboda.org

Апошнія навіны