haradok.info

Інфармацыйны партал

Сацыяльныя сеткі:

Навіны Гарадка Эканоміка

16.01.2020 19:14

360 праглядаў

0 каментароў

Дарогі каля вуліцы Чкалава, як і яна, знаходзяцца ў занядбаным стане. Калі іх заасфальтуюць?

Адсутнасць майстра «Мароз» выставіла на паказ рэальнае становішча дарог каля вуліцы Чкалава і паказала безгаспадарчасць камунальнікаў. Для змянення сітуацыі грамадзяне павінны аб’ядноўвацца для вырашэння праблемы дарог у прыватным сектары.

Зіма 2020 года б’е усе рэкорды па адсутнасці марозаў, што ператварае яе ў працяглую восень з усімі праблемамі для дарог у прыватным сектары правінцыйных гарадоў,мястэчак і вёсак Беларусі.

Мне даводзіцца амаль кожны дзень хадзіць або ездзіць па вуліцы Чкалава да маці і назіраць, як з кожным тыднем пагаршаецца яе становішча. Ямін на ёй становіцца больш, а глыбіна іх павялічваецца. Гэтую дарогу па вуліцы Чкалова даўна пара бы прагрэйдзіраваць, але ж у нас гравійнае пакрыццё грэйдзіруюць мо калі «выбары» або людзі пачынаюць скардзіцца. Вось такое становішча на маёй вуліцы з майго дзяцінства.


З вуліцы Чкалава дарогі вядуць і на суседнія вуліцы названыя ў гонар вызваліцеляў Малышава, Бумагіна. Гэтыя вуліцы таксама ў занядбаным стане. І нікому з адказных чыноўнікаў за гэтыя дарогі не сорамна перад вызваліцелямі, што і праз 75 гадоў вуліцы ў вызваленым Гарадку ў прыватным сектары не на шмат лепш, чым у час вайны.

Праўда на Бумагіна стан дарогі крыху лепш, бо хтосьці арганізаваў тут грэдзіраванне і пасля «выбараў».


Але ў самым занядбаным становішчы вуліца Меліяратыўная: такое адчуванне, што там меліярацыя не завяршылася і зараз. З самага пачатку яе для аўтамабілістаў створана сапраўдная паласа перашкодаў: утвораны глыбы льду, вялікія ямы з вадой. І такое становішча — амаль кожную восень і вясну.


І падумалася, як ацэньваюць існуючага кіраўніка краіны жыхары з гэтых вуліц, калі пасля 25 гадоў яго кіравання такія занядбаныя вуліцы ў прыватным сектары Гарадка. Але бываючы ў розных райцэнтрах Віцебшчыны магу засведчыць, што падобнае становішча і там. Наогул, праблеме вуліц ў прыватным сектары існуючая ўлада не надае істотнай увагі. За 25 гадоў кіравання аднаго палітыка, так і не распрацавана праграмма «Асфальтаванне дарог у прыватным сектары райцэнтраў, у вёсках і паміж імі».

Між тым з аўтамабілістаў бяруць кожны год немалы падатак на ўтрыманне дарог. Вось толькі амаль ніхто ў правінцыі не ведае, калі ж у райцэнтрах і вёсках заасфальтуюць дарогі, па якіх ездзіць усё больш аўтамабілістаў.

На «загніваючым Захадзе» гэтая праблема была вырашана ў першае дзесяцігоддзе агульнай аўтамабілізацыі. Для постсавецкай Беларусі гэтая праблема актуальна і ў ХХІ стагоддзі.

Каб дадзеная праблема была вырашана яна павінна быць у цэнтры агульнанацыянальнай увагі. Жыхары прыватнага сектара мусяць стаць грамадзянамі і патрабаваць асфальтавання дарог, дзе яны жывуць.

Леанід Гаравы

Ад рэдакцыі: Мы пачынаем кампанію «Нашы дарогі», дзеля вырашэння пытання з іх дабраўпарадкаваннем. Калі вы зацікаўлены ў вырашэнні праблемы з дарогай на вашай вуліцы, звяртайцеся на адрас рэдакцыі «Гасцінца» або ў нашы групы ў сацсетках.

Апошнія навіны