haradok.info

Інфармацыйны партал

Сацыяльныя сеткі:

Навіны Гарадка Эканоміка

07.03.2020 08:41

288 праглядаў

0 каментароў

Запозьненая альтэрнатыва. Як Лукашэнка спрабуе выправіць уласныя памылкі

Аляксандар Лукашэнка правёў чарговую нараду наконт галоўнага сёньня беларускага пытаньня — нафты. Прагучалі новыя нюансы. Сьцісла Лукашэнка патрабуе за ўсякую цану вярнуць нафтаперапрацоўцы ранейшую вагу ў беларускай эканоміцы. Кіраўнік Беларусі прызнаў, што стаўка на аднаго партнэра была памылкай. Лукашэнка робіць акцэнт на доўгатэрміновую стратэгію, «комплексныя і сыстэмныя інфраструктурныя рашэньні» дзеля альтэрнатыўных паставак нафты. Адным з праектаў павінна быць дабудова нафтаправоду да Балтыкі.

Перад самай нарадаў адбылася зьмена віцэ-прэмʼера, які адказвае за нафтахімічны комплекс. Лукашэнка застаўся незадаволены працай у крызысны пэрыяд былога чыноўніка, які займаў гэтую пасаду, — Ігара Ляшэнкі. Новы віцэ-прэмʼер Юры Назараў — лясьнік паводле адукацыі і прафэсійнай дзейнасьці. Трэба думаць, цяпер нафтагазавая галіна нарэшце запрацуе як мае быць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лясьнік і «нос Лукашэнкі». Што вядома пра новага віцэ-прэмʼера Юрыя Назарава

Праводзячы нараду, Лукашэнка кінуў рэпліку, што ўраду трэба зьнізіць залежнасьць беларускай эканомікі ад нафты і дывэрсыфікаваць крыніцы эканамічнага росту. Здавалася б, вось зручны момант памяняць структуру эканомікі, зрабіць стаўку на новыя, больш сучасныя галіны. Аднак гэта было сказана мімаходзь. Галоўны акцэнт рабіўся на тое, каб за ўсякую цану вярнуць нафтаперапрацоўцы ранейшую вагу.

Лукашэнка ня быў бы сам сабою, каб не абурыўся дзеяньнямі замежных партнэраў:

«Асобныя дзяржавы зразумелі, што пры дапамозе вэнтыля на нафтавай трубе выгадныя ім пытаньні вырашаюцца значна лягчэй. Ня думайце, што я намякаю тут толькі на Расею... На жаль, нягледзячы ні на якія ўзаемныя абавязаньні, такая практыка стала стасавацца і ў дачыненьні да Беларусі, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Умовы пастаўкі нафты ва ўльтыматыўнай форме ўвязваюцца зь іншымі праблемамі, якія хоча вырашыць краіна-пастаўнік. Адбываецца гэта без аглядкі на дзейную дагаворную базу і прынцыпы пабудовы нашых адносінаў».

Здаецца, тут Лукашэнка меў на увазе («ня думайце, што намякаю тут толькі на Расею») Казахстан, таксама хаўрусьніка Беларусі ў ЭАЭС і АДКБ. 2 сакавіка намесьнік міністра гандлю гэтай краіны Кайрат Тарэбаеў заявіў, што Казахстан гатовы паставіць Беларусі нафту толькі з мытам. І вось гэта абурыла беларускага кіраўніка.

У выступе Лукашэнкі былі элемэнты таго, што можна назваць больш-менш далёкасяжнай стратэгіяй. Але гэта была не стратэгія структурных рэформаў, пра што шмат гадоў кажуць беларускія і замежныя эканамісты, а стратэгія за ўсякую цану захаваць стутус-кво. Яе сэнс у тым, каб унікнуць залежнасьці ад аднаго пастаўніка і рабіць акцэнт на дывэрсыфікацыі, на пошуку «доўгатэрміновых альтэрнатыўных крыніц сыравіны».

«Мы самі вінаватыя, што не дывэрсыфікавалі ў свой час пастаўкі нафты. Манапалізм заўсёды прыводзіць да падобных вынікаў», — заўважыў Лукашэнка. Ён вельмі рэдка прызнае ўласныя памылкі. А вось цяпер прызнаў, хоць і схаваўся за словам «мы». Стаўка на аднаго партнэра, на Расею, прычым ня толькі ў пытаньнях паставак нафты, — гэта сапраўды вялізная памылка і віна Лукашэнкі перад гісторыяй і краінай. Дарэчы, БНФ яшчэ у 1990-я гады прапаноўваў правесьці нафтавы калектар ад Балтыкі праз Украіну да Чорнага мора, каб ня быць поўнасьцю залежнымі ад Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Балта-Чарнаморскі нафтавы калектар: чаму праект БНФ мог пазбавіць залежнасьці ад Расеі

І вось цяпер Лукашэнка ставіць задачу: «Каля 40%, можа быць, 50% будзем па-ранейшаму купляць нафты ў Расеі (калі Расея захоча), калі канчаткова дывэрсыфікуем. А па 30% можам купляць з партоў Балтыкі і з Адэсы. Гэта будуць тры крыніцы».

І тут ёсьць важны нюанс. Калі пад Новы год сарваліся дамовы з расейскімі кампаніямі і Лукашэнка даручыў ураду шукаць нафту ў іншым месцы, большасьць экспэртаў прыйшлі да высновы, што гэта проста шантаж Расейскай Фэдэрацыі. Маўляў, міне час, памірацца з Расеяй і пра альтэрнатыву забудуць. Магчыма, што насамрэч так і было. Але замірэньне з Масквой не ўдалося, і кіраўнік Беларусі нарэшце гэта зразумеў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Самі вінаватыя». Што Лукашэнка сказаў аб праблемах з пастаўкамі нафты

Дык вось цяпер, кажучы пра альтэрнатыўныя пастаўкі нафты, Лукашэнка робіць акцэнт на слове «доўгатэрміновыя» (пагадненьні). «Неабходныя комплексныя і сыстэмныя інфраструктурныя рашэньні. Варта прадумаць магчымасьць рэалізацыі сумесных праектаў з замежнымі кампаніямі — уласьнікамі сыравіны», — кажа ён. І на гэта варта зьвярнуць увагу.

Адным з такіх праектаў, паводле Лукашэнкі, павінна стаць дабудова нафтаправоду да Балтыкі. Існуе стары, з савецкіх часоў, трубаправод, але ён патрабуе рамонту і дабудовы. Лукашэнка прапануе ўзяць танны крэдыт у ЗША (дзяржаўны сакратар Майк Пампэо нібыта сам прапанаваў) і за 1,5-2 гады давесьці гэты нафтаправод да ладу.

Што ж, як вядома, лепш позна, чым ніколі.

Расея спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь. Што здарылася

  • 1 студзеня 2020 году Расея спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь, але расейская нафта працягвае паступаць транзытам празь Беларусь у Эўропу.
  • Беларусь і Расея дагэтуль не дамовіліся пра пастаўкі нафты ў 2020 годзе, хоць Лукашэнка і Пуцін вялі перамовы 30 і 31 сьнежня.
  • Прыняты толькі «індыкатыўны балянс»: Расея можа паставіць 24 млн тонаў нафты на год. У 2019-м столькі і паставілі: 18 млн т пайшлі на перапрацоўку, яшчэ 6 млн т на «перамытненьне». Паводле эканаміста Яраслава Раманчука, Беларусі на ўласныя патрэбы хапае 6–7 млн тонаў — астатняе ішло на нафтапрадукты для экспарту або на «перамытненьне».
  • 31 сьнежня 2019 году Лукашэнка даручыў завозіць нафту з партоў Балтыі і залучыць альтэрнатыўныя пастаўкі праз магістральны нафтаправод «Дружба».
  • Пакуль Мазырскі НПЗ пачаў атрымліваць нафту толькі ад кампаніі расейскага алігарха Гуцэрыева — чакаецца пастаўка ўсяго 750 тысячаў тонаў.
  • Беларусь дамовілася пра імпарт 80 тонаў нарвэскай нафты Johan Sverdrup з пастаўкай у літоўскі порт Клайпеда. У Беларусі чакаюць пачатку разгрузкі ўвечары 22 студзеня. Перавалка і транспарт да НПЗ чыгункай будуць каштаваць больш за 20 даляраў за тону.
  • Гатоўнасьць транспартаваць нафту ў Беларусь на пастаяннай аснове ўжо выказалі суседнія Латвія (магчымыя аб’ёмы не абвяшчаліся) і Літва (да 3 млн тонаў на год​). Пры чым Літва гатовая дастаўляць і газ. Па стане на 21 студзеня «Белнафтахім» мае «практычна гатовыя кантракты» на альтэрнатыўныя пастаўкі.
  • Беларускія НПЗ у першай палове студзеня працавалі на леташніх запасах, аб’ёму якіх хапала прыкладна на 20 дзён працы. Экспарт нафтапрадуктаў Беларусь часова прыпыняла ад 1 студзеня, аднавіла ад 21-га.
  • Паводле неафіцыйных зьвестак «Інтэрфаксу», Беларусь прапанавала рэалізаваць варыянт разавай пастаўкі нафты з рэсурсаў незалежных пастаўшчыкоў з мэтай павелічэньня запасаў сыравіны на НПЗ на час правядзеньня перамоваў.
  • Публічна ж Лукашэнка 21 студзеня паставіў задачу зьнізіць пастаўкі нафты з Расеі да 30-40% ад неабходных аб’ёмаў: «працэнтаў 30 мы павінны з Балтыкі завозіць і працэнтаў 30 праз Украіну». Пастаўкі з Казахстану, заявіў ён, заблякавала Расея.
  • Менск і Масква дасюль не ўзгаднілі кампэнсацыю за расейскі падатковы манэўр. У беларускі бюджэт-2020 закладзеныя страты ў памеры 951 млн рублёў.
  • Расея дагэтуль не кампэнсавала Беларусі страты за пастаўкі бруднай нафты ў красавіку 2019 году — толькі 20 студзеня 2020-га дамовіліся пра падыходы і мэтодыку кампэнсацыі.

Беларусь — адзіная краіна ў сьвеце, якая багацее на суседзкай нафце, — эканаміст

Дзе браць нафту, калі не ў Расеі, і колькі страчвае Беларусь ад прыпыненьня паставак? Тлумачым разам з экспэртам

Усё пачалося з Пуціна. Кароткая гісторыя нафтагазавых канфліктаў Беларусі і Расеі

Ці ўратуе Беларусь эўрапейская нафта? Разьбіраемся з экспэртамі

Валер Карбалевіч

https://www.svaboda.org/a/30466831.html

Апошнія навіны