haradok.info

Інфармацыйны партал

Сацыяльныя сеткі:

Навіны Гарадка Эканоміка

11.03.2020 08:00

380 праглядаў

0 каментароў

«Сытуацыя страшная». Што кажуць бюджэтнікі, атрымаўшы заробкі за люты

Бюджэтнікі абураліся новай схемай выплаты заробкаў яшчэ на пачатку лютага. Міністэрства працы абяцала разабрацца. Свабода пагаварыла зь людзьмі (яны працуюць у бюджэтных і іншых арганізацыях) і даведалася — у сакавіку лепш ня стала.

З новага году заробкі бюджэтнікам пачалі выплачваць адпаведна з новай схемай. У выніку многія заўважылі, што іхныя выплаты ўпалі. У Міністэрстве працы заявілі, што «большасьць фактаў зьніжэньня заробкаў за студзень пры праверцы не пацьвердзілася». Пры гэтым у ведамстве прызналі, што мелі месца «асобныя факты няправільнага налічэньня».

«У лютым лепш ня стала»

Натальля, пэдагог-псыхоляг у дашкольнай установе, расказала, што яе заробак параўнальна з папярэднім месяцам практычна не памяняўся.

«Але параўнальна зь леташнім заробкам розьніца відавочная. У лютым мы атрымалі меней, чым у студзені, хаця не нашмат. Але ў адміністрацыі нам тлумачаць, што коштам нас, спэцыялістаў у дзіцячых садках, дадаюць да мінімальнага заробку тэхнічнаму пэрсаналу.

Таму калі раней я мела надбаўкі за стаж працы, за складанасьць працы, то цяпер усяго гэтага ў мяне няма. Мае грошы, высьвятляецца, налічваюць памочнікам выхавальнікаў, вартаўнікам, каб у іх быў мінімальны заробак. Вось так нам тлумачаць у бухгальтэрыі. У мяне стаж невялікі, але розьніцу я адчула вельмі моцна», — кажа Натальля.

Натальля сказала, што разьліковыя лісты выносіць з працы не дазваляюць. Паводле яе, стаўка псыхоляга — 370 рублёў, а фактычна яна атрымлівае 200-250 рублёў.

«У нас бяз нашага ведама вельмі вялікія сумы забралі на даплаты, а таксама вылічылі „за суботнік“ (адзін працоўны дзень). Але калі палічыць, то „за суботнік“ забралі заробак далёка не за адзін працоўны дзень. Нам пра гэты „суботнік“ нават нічога не сказалі, проста вылічылі па 20-25 рублёў. Мне прынесьлі ведамасьць расьпісацца пра тое, што ў мяне вылічылі. Але я спытала: а што калі я не хачу, калі я хачу выйсьці і адпрацаваць? Мне адказалі, што ўжо вылічылі, а калі я не расьпішуся, то расьпішуцца за мяне».

Паводле Натальлі, у адміністрацыі кажуць, каб пісалі заяву на звальненьне, калі нешта не падабаецца.

«З заробкамі сытуацыя страшная. Мы страцілі ўсё, страцілі надбаўкі. Я вяду дадатковую працу з праблемнымі сем’ямі. У мяне ў калектыўнай дамове запісана, што я за гэта павінна мець 30% ад акладу, але мне іх ніхто ня плаціць. Мне тлумачаць, што на мяне не хапіла грошай. Мы думалі, што ў лютым будзе лепш, але, як паказала практыка, ня стала».

Натальля кажа, што на заробак у 200 рублёў вельмі складана пражыць. Пры гэтым прымушаюць падпісвацца на газэты і здаваць грошы — то на паперу, то «на кветачкі».

«Заробак толькі падае, не расьце»

Барыс працуе ў «Менскіх цеплавых сетках». Ён кажа, што ягоны заробак упаў параўнальна зь леташнім на сто рублёў.

«Заробак толькі падае, не расьце. Пытаньне — чаму? У мяне выходзіць каля 600 рублёў. А раней было больш. На такую суму не пражывеш. Нам абяцаюць ужо колькі гадоў па 500 даляраў, а ў мяне атрымліваецца 300 і нават меней. Цэны растуць, патрэбы растуць. Я захоўваю свае разьліковыя лісты за два гады і бачу, што заробак у мяне паменшыўся, хаця разрад не мяняўся, усё тое самае. Магчыма, гэта зьвязана з стаўленьнем начальства, бо гэта бюджэтная арганізацыя, прэміі. Выплацілі 65 рублёў за 23 лютага, кшталту такая жаласная падачка да сьвята. Узровень жыцьця падае і правакуе на нейкія пратэсты», — кажа Барыс.

«Усе баяцца страціць працу, і ўлада гэтым карыстаецца»

Максім працуе ў сфэры адукацыі і кажа, што ён, як і яго калегі — настаўнікі, выхавальнікі — атрымаў на 100 рублёў меней.

«Аклад у мяне вельмі сьмешны — 260 рублёў. Астатняе — гэта надбаўкі за стаж, кантракт. Раней у мяне было 580–600 рублёў. У мінулым месяцы выйшла 490 рублёў на стаўку. Сказалі, што няма прэміі, маўляў, яны не павінны быць штомесяц».

Паводле Максіма, такое зьніжэньне заробку адчувальнае. Тыя, хто працуе ў адукацыі, мусяць яшчэ здаваць грошы на таварыствы Чырвонага Крыжа і ратаваньня на водах, на «Настаўніцкую газэту», на розныя ўнутраныя патрэбы (у сакавіку гэта амаль 40 рублёў).

«Маладых настаўнікаў, якія год-два таму скончылі ўнівэрсытэты, гэта вельмі хвалюе, яны абураныя. А старэйшыя трываюць, кажуць, што ў гэтай сыстэме нічога не памяняеш. У адміністрацыі кажуць: калі табе нешта не падабаецца, то на тваё месца прыйдуць тры чалавекі. Таму ўсе баяцца страціць працу, і ўлада гэтым карыстаецца».

«Каб зарабляць тыя ж самыя грошы, трэба яшчэ больш працаваць»

Арцём вядзе гурток у адным з палацаў дзяцей і моладзі, працуе на 0,25 стаўкі. Разам з прэміяй яго заробак складае каля 175 рублёў. Але другі месяц запар яго заробак атрымліваецца меншым на 20 рублёў.

«Гэта тыя грошы, на якія я жыву. Выратоўвае тое, што жыву разам з бацькамі. Але шукаю іншую працу, бо на такія грошы пражыць немагчыма.

Нядаўна ў нас быў пэдагагічны сход, на якім нам тлумачылі, чаму ў нас паменшыўся заробак. Гэта было даволі сьмешна, бо сказалі, што заробак не памяняўся, але памянялася налічэньне прэміяльных. Маўляў, раней прэміяльныя былі каля 16%, а цяпер іх паменшылі да 5%. І каб больш зарабляць, трэба рабіць нейкія мерапрыемствы, нейкую дадатковую працу. Высьвятляецца, каб зарабляць тыя ж самыя грошы, трэба яшчэ больш працаваць».

Навіна з сайта: www.svaboda.org

Апошнія навіны