haradok.info

Інфармацыйны партал

Сацыяльныя сеткі:

Навіны Гарадка Эканоміка

06.04.2021 07:07

249 праглядаў

0 каментароў

Прэміі: «Стаяў ззаду — 300 рублёў. У авангардзе — да 800». Размова з былым кантрактнікам унутраных войскаў пра прэміі і працу

Пра любоў да галоўнакамандуючага, грошы і настроі сярод сілавікоў «Белсат» пагаварыў з былым кантрактнікам унутраных войскаў.

Прапануем урыўкі з гэтай размовы.

«У нашай краіне ты нікому не патрэбны, ты сам па сабе»

Я чалавек, які ўсё сваё сьвядомае жыцьцё працаваў у дзяржаўных установах. Апошнія 7 месяцаў служыў у адной з вайсковых часьцей унутраных войскаў. Я зь сям’і вайскоўцаў. Падчас службы заўсёды меў добрую рэпутацыю, плянавалася, што мяне ў хуткім часе забяруць на больш высокую пасаду ў штаб. Добра адукаваных людзей у нашым войску не хапае.

У апошнія месяцы прыйшло разуменьне — у нашай краіне ты нікому не патрэбны, ты сам па сабе. Пасьля выбараў адбыўся канчатковы пералом, зрабілася агідна хадзіць на працу.

Самым цяжкім быў першы тыдзень пратэстаў, асабліва калі адключылі на тры дні інтэрнэт. Так склалася, што пасьля першых масавых разгонаў я пайшоў у адпачынак. Ад усёй гэтай гразі, якой палівалі, якой карысталася афіцыйная прапаганда, станавілася агідна.

«Вочы ў іх былі налітыя лютасьцю і крывёю»

Нашых хлопцаў амаль у поўным асабістым складзе роты, а гэта каля сотні байцоў, адпраўлялі на разгоны. Ужо тады я зразумеў, што больш там працаваць не змагу. Дайшло да спрэчак з камбатам. Я адважыўся сказаць: «У нас у краіне поўнае бясчынства!» Пры гэтым я нікога не зьняважыў, проста сказаў, што ў краіне беспарадак і мяне гэта напружвае. У адказ мне праз 2–3 дня сталі пасылаць лісты з загадам: «Уважліва чытай агітацыйныя ўлёткі». Чытаю, а там распавядаецца, як у Менску пратэстоўцы колькасьцю 12 чалавек пакалацілі аж цэлую роту байцоў!

Нават зь лістоў было рэальнае адчуваньне, што людзі як быццам прагнуць крыві і палаюць лютасьцю да сілавікоў. У дасланых лістах сустракаліся дзіўныя эпітэты і мэтафары. Прыняў рашэньне звольніцца і больш за месяц ня мог гэтага рэалізаваць. Мне трэба было вярнуць частку рэчаў, ды і паводле кантракту яшчэ заставаўся тэрмін службы. За ўсё гэта трэба было выплаціць 900 рублёў са сваёй кішэні. Нягледзячы на тое, што ўсе ўмовы я выканаў, мяне не сьпяшаліся звальняць.

Сярод нас зьявіліся людзі, з якімі перасталі вітацца

Я чалавек даволі назіральны і заўважыў, што мае калегі перасталі вітацца з адным калегам. Менавіта тыя нармальныя хлопцы, які ўсьвядомілі, што яны нарабілі, і цяпер шкадуюць пра гэта. Хоць тады яны ўсе былі пад прыцэлам, але выбар ёсьць заўсёды. І ў гэтым сэнсе я іх не апраўдваю.

Быў у мяне адзін калега, з якім нярэдка дзяліўся сваім пайкай. Неяк селі вячэраць, асцярожна ды памалу пытаюся: «Чаго гэта вы з адным такім ня вітаецеся? Не магу зразумець, чаму ён ходзіць паніклы?» Сябар распавёў, што той «нерукопожатный» пэрсанальна біў на вуліцы Менску 40-гадовага мужыка. Зьбіваў з такой лютасьцю, што дарослы мужык наклаў у штаны. Я адвярнуўся і выйшаў, бо ня змог гэтага слухаць. Калегі перасталі з гэтым кадрам мець зносіны і вітацца, пачалі ігнараваць. (...)

Зьезьдзіў на разгоны і атрымаў павышэньне

Памятаю, як псыхоляг нашай роты займалася прамываньнем мазгоў. Яна гутарыла з тымі байцамі, што асабліва вызначыліся, і навучала, каб не баяліся здымаць прэміі за зьбіцьцё, траціць на сябе і сямʼю, маўляў, нічога ганебнага ў гэтым няма. Ідэалягічнае лячэньне праходзіла штодня.

Быў у нас адзін дзівак, вельмі неахайны і няспраўны. Самае адказнае заданьне, што яму давяралі, — гэта касіць траву. Жадаючых мець з ім справу амаль не было. Камбат пастаянна лаяўся і называў яго сьвіньнёй. Менавіта ён з ахвотай зьездзіў на разгоны пратэстоўцаў і, вярнуўшыся, атрымаў павышэньне! Быў прапаршчыкам, а атрымаў званьне старшага лейтэнанта, адразу павышэньне праз два званьні. (...)

Пра заробкі і прэміі сілавікам. У нас прама пыталіся: «Дзе стаяў? Там стаяў?» — табе тады столькі

У нас існуе такая сыстэма: навучаньне ў вайсковай акадэміі залічваецца ў стаж. Таму многія ідуць у 17 гадоў на вучобу, пасьля ў войска на кантракт і ўжо ў 37 гадоў выходзяць на пэнсію, пасьля 20 гадоў выслугі.

Каб атрымаць пастаянны кантракт, трэба мець 5 гадоў выслугі. Першы кантракт заключаецца на 2 гады, наступны на 3. Толькі пасьля гэтага заключаецца кантракт, дзе прапісаны так званыя кантрактныя — аднаразовая выплата, не прывязаная да заробку. Гэта нармальныя грошы па нашых мерках, каля 2–3 тысяч даляраў. Многія атрымліваюць і адразу купляюць аўтамабіль або робяць рамонт у кватэры.

Здавалася б, нядрэнна? Толькі ёсьць адно але! Скасаваць кантракт датэрмінова і не вяртаць кантрактных можна толькі з важкіх прычын: хваробы, прафэсійная непрыгоднасьць. Самі заробкі невысокія. Старшы прапаршчык атрымліваў каля 300 даляраў. І вось тут мы падыходзім да самага цікавага — прэміі за разгоны. Тым з унутраных войскаў, хто стаяў у карных шэрагах, акрамя зарплаты пачалі выплачваць прэміі. 700–750 рублёў штомесяц. Тыя, хто стаяў ззаду, атрымлівалі ад 300 да 500 руб. Авангарду плацілі да 800. Мяркую, вы разумееце: чым бліжэй стаяў, тым больш інтэнсіўна мог «працаваць» з пратэстоўцамі, адпаведна і ўзнагарода вышэйшая. У нас напрамую так і пыталіся: «Дзе стаяў? Там стаяў?» — табе тады столькі.

«Усе судзьдзі, усе пракуроры будуць на вашым боку»

Тыя, хто езьдзілі на разгоны, распавядалі, што спачатку іх пашыхтавалі, каб паведаміць: можаце рабіць што хочаце. Усе судзьдзі, усе пракуроры будуць на вашым боку. Гэта казалі непасрэдна іх камандзіры, якія, так бы мовіць, вялі ў бой. Але тыя, хто быў у калектыве, у каго была нармальная камунікацыя з калегамі, наадварот, адчувалі віну і стараліся, калі гэта было магчыма, не прымаць актыўнага ўдзелу ў апэрацыях.

Адносна таго, што байцы ўжываюць наркатычныя рэчывы, я думаю, што гэта няпраўда. Прынамсі, я з такімі прыкладамі не сутыкаўся.

«Шчасьлівы, што адтуль сышоў. У жыцьці назад не вярнуся»

Вы ж разумееце, што ўсе павязаныя кантрактам, па якім лічаць гады выслугі. Спачатку падпісваеш кантракт гадоў так на 5, пасьля гэтага табе выплачваецца пэўная сума грошай. Зразумела, што калі не адпрацаваць гэтых 5 гадоў, трэба будзе вярнуць іх назад. Гэта прыстойныя сумы, некалькі тысяч даляраў. І калі ў пачатку сродкі атрымліваеш чыстымі, з вылікам за ўсё, то аддаваць трэба ўжо з падаткамі. Умоўна, за 3 тысячы долараў давядзецца вярнуць 4 тысячы.

Туды часьцей за ўсё прыходзяць маладыя хлопцы, адслужыўшы ў арміі. І па кантракце ты зьвязаны на 5 гадоў і нікуды ў пэўнай сытуацыі не дзенесься. Адкуль ты возьмеш 4 тысячы долараў? Ды калі ў цябе яшчэ крэдыт на кватэру і двое дзяцей? Таму хлопцы сядзелі і лічылі, колькі засталося да канца службы. Тыя, у каго заставалася 3–4 месяцы да канца кантракту, усе адслужылі і ўжо сышлі.

https://svabod1.azureedge.net/a/31186319.html

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Апошнія навіны