haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

О городе География Реки

Рэкі

Дастатковае ўвільгатненне, асаблівасці геалагічнай будовы і рэльефу Гарадоцкага раёна ствараюць спрыяльныя ўмовы для ўтварэння ўнутраных вод (рэк, азер, балот, падземных вод). Найбольш важнай часткай паверхневых вод з'яўляюцца рэкі. Сукупнасць рэк пэўнай тэрыторыі ўтварае яе рачную сетку. Рачная сетка раёна адносіцца да басейна Балтыйскага мора.Гушчыня натуральнай рачной сеткі ў раёне – 0,45 км./кв.км.

Па тэрыторыі Гарадоцкага раёна цячэ 21 рака агульнай даўжынёй 608 км. Большую частку ўтвараюць малыя рэкі. У межах раёна працякаюць найбольш вялікія рэкі з басейна Заходняй Дзвіны: Аўсянка, Ловаць, Усыса, Обаль. Рэкі раёна маюць невялікія паказчыкі падзення і нахілаў, цячэнне рэк павольнае, таму што пераважае раўнінны рэльеф.

Неабходнай умовай ўтварэння рэк з'яўляюцца пастаянныя і дастаткова значныя крыніцы жыўлення. Рэкі раёна адносяцца да змешанага жыўлення з перавагай снегавога і значнай доляй грунтавога. Суадносіны паміж крыніцамі жыўлення залежаць ад асаблівасцей клімату, геалагічнай будовы, рэльефу і глебы.

Важным паказчыкам рэжыму рэк з'яўляецца сцёк. Больш за ўсё вады рэкі нясуць вясной пасля раставання снегу. Разводдзе на рэках пачынаецца у канцы сакавіка. Доўжыцца яно ад 30 да 120 дзен. Межань назіраецца зімою і летам. Зімою рэкі жывяцца грунтавымі водамі і пакрываюцца лёдам. Ледзяное покрава ўтвараецца ў снежні-студзені і трымаецца ад 80 да 140 сутак. Найбольшай таўшчыні дасягае яно ў другой палове лютага – пачатку сакавіка, а сярэднія адзнакі вагаюцца ў межах 25-60 см. У асобныя суровыя зімы некаторыя ручаі вымярзаюць да дня. Амаль на усіх рэчках назіраецца вясенні крагаход. Ен працягваецца ад 2 да 10 дзен. Пасля вызвалення ад ледзянога покрыва вада ў рэках пачынае паступова прагравацца. Сярэдняя тэмпература вады летам складае 19-21 гр. Найбольшыя тэмпературы фіксуюцца ў 16-18 гадзін вечара, а найменьшыя – у 6-8 гадзін раніцы.

Самая доўгая рака Ловаць – 536 км, на другім месцы р. Аўсянка – 90 км.

Ловаць

Ловаць – самая вялікая рака ў Гарадоцкім раёне, цячэ па Пскоўскай і Наўгародскай абласцях Расіі. Даўжыня 536 км. Плошча вадазбору 21,9 тыс.км2. Сярэднегадавы расход вады ў вусці каля 150 м3/с, на граніцы Беларусі і Расіі каля 2,5 м3/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,16%, на Беларусі 0,6%. Выцякае з воз.Лованец Пскоўскай вобласці, упадае ў воз.Ільмень. Паводле іншых крыніц пачынаецца з воз. Завесна за 3,5 км на паўдневы усход ад в. Марчанкі Гарадоцкага раёна. Цячэ у межах Беларусі (даўжыня 47 км) па Гарадоцкім узвышшы, праз азеры Задрач, Мяжа, Сасна, Чарняста, Сясіста, па Валдайскім узвышшы, у ніжнім цячэнні па Ільменскай нізіне.

Обаль

Обаль – даўжыня 148 км, плошча вадазбору 2960 км2, сярэднегадовы расход вады ў вусці 19,4 м3/с. Агульнае падзенне ракі 55 м. Сярэдні нахіл воднай пверхні 0,4%. Выцякае з воз. Езярышча каля г.п. Езярышча, цячэ па Гарадоцкім і Шумілінскім раёнах ў межах паўночна-заходняй частцы Полацкай нізіны. Вусце за 1 км на паўдневы захад ад в. Новыя Гараны Полацкага раёна. Даліна пераважна трапецападобная, шырыней 300-600 м, найбольшая шырыня 2,5 км паміж вескамі Малое Цешава і Канавалава Гарадоцкага раёна), ў вярхоўі невыразная. Пойма двухбаковая, чаргуецца па берагах, месцамі адсутнічае, шырыня да ўпадзення р. Свіна 400-800 м, ніжэй 100-200 м. Рэчышча звілістае, шырыней 8-20 м у верхнім цячэнні, 20-40 у сярэднім, 25-30 у ніжнім. Найвышэйшы ўзровень разводдзя каля г.п. Обаль Шумінскага раёна. Замярзае ў канцы 1 дэкады снежня, крыгалом у пачатку красавіка. Веснавы ледаход 4 сутак.

Аўсянка

Аўсянка – правы прыток Усвячы (басейн Заходняй Дзвіны), даўжыня 90 км, плошча вадазбору 598 км2, сярэднегадавы расход вады ў вусці 4 м3/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,6%. Пачынаецца за 2 км на поўнач ад в.Сіціна, цячэ праз 7 азер, вярхоўе і сярэдняе цячэнне ў межах Гарадоцкага ўзвышша, нізоўе на Суражскай нізіне. Упадае ва Усвячу каля в. Ловань Усвяцкага раёна, Пскоўскай вобласці. Даліна да в. Смалоўка скрынка або трапецападобная, шырыней 100-300м. Рэчышча умерана звілістае, шырыней 4-6 м, у сярэднім і ніжнім цячэнні месцамі да 50 м. У рацэ трапляецца вадзяны арэх – ахоўны рэліктавы від флоры Беларусі (месца яго росту ніжэй возера Ведрынскае аб'яўлена помнікам прыроды).

Усыса

Усыса – левы прыток Обалі (басейн Заходняй Дзвіны). У верхнім цячэнні назва Гаражанка. Даўжыня 50 км. Пачынаецца з воз. Кашо каля в. Прудок, цячэ ў Гарадоцкім і Шумілінскім раёнах праз азеры: Лугавое, Арэхавае, Шчарбакоўскае. Сярэдні нахіл воднай паверхні 1%. Асноўны прыток – Каменка. Вадазбор 423 км2. На паўднева-заходніх схілах Гарадоцкага узвышша, пад ворывам 25%. Рэльеф узгорыста-градавамарэнны. Грунты сугліністыя і супясчаныя, у нізінах тарфяністыя. Лясы мяшаныя (16%), вялікімі масівамі. Даліна трапецападобная, пераважна шырыней 0,2-0,5 км., найбольшая 2 км. Схілы умерана стромкія, месцамі стромкія, вышыней 6-10 м у верхнім, да 15-20 м у сярэднім і ніжнім цячэннях. Пойма нізкая, няроўная, лугавая (у сярэднім цячэнні ў асноўным левабярэжная, перарывістая), шырыней 50-80 м, у вялікім разводдзі затапляецца вадой на глыбіні да 1 м. Рэчышча умерана-звілістае, месцамі звілістае, пераважная шырыня 10-15 м. Берагі ўмерана стромкія і стромкія, часам заліваюцца са схіламі, вышыней 1,5 – 2 м, месцамі да 6-10 м. Сярэдні расход вады ў вусці 3,2 м3/с, на веснавое разводдзе прыпадае каля 48% гадавога сцёку.

Акрамя рэк маецца ў раёне шмат ручаеў. Сярод іх Салонаўка, Анукова, Максенскі, Смародны.

Працягласць асушальнай сеткі – 6,4 тыс км.

Утвораны каналы. Зайкаўскі меліярацыйны канал пачынаецца за 1,5 км на поўдзень ад в. Чырвоная Горка, ўпадае ў возера Сясіта за 1 км на паўдневы захад ад в. Зайкава, Стадольшчына – меліярацыйны канал – правы прыток р. Обаль. Пачынаецца за 1,5 км на паўдневы ўсход ад в. Новая, вусце ля в. Шабекі Шумілінскага раёна.