haradok.info

Информационный портал

Социальные сети:

О городе География Озеры

Азеры

Адна з характэрных асаблівасцей прыроды нашага раёна — вялікая колькасць азер. Тут размешчана 162 вялікіх і малых возера. Яны розныя па плошчы , глыбіні і паходжанню азерных катлавін. Азеры звязаны з развіццём старажытных зледзяненняў, з ледавіковымі формамі рэльефу. Найбольш разнастайныя па форме і паходжанню катлавін азеры, утвораныя ледавіком і яго расталымі водамі ў эпоху паазерскага зледзянення. Яны сфарміраваліся прыблізна 9-10 тыс. гадоў назад.

Гідралагічны і гідрахімічны рэжымы ў азёрах залежаць ад асаблівасцей воднага балансу, тыпу азернай катлавіны і ўздзеяння гаспадарчай дзейнасці чалавека. Крыніцамі жыўлення азёр з’яўляюцца атмасферныя ападкі, рачныя і падземныя воды з тэрыторыі іх вадазбору. Вада расходуецца на выпарэнне і сток у рэкі. У глыбокіх азерах увесь аб’ем вады пераменьваецца за 5-10 гадоў, у мелкаводных — за 1 — 2 гады. Найбольшы ўзровень вады назіраецца ў канцы сакавіка — пачатку красавіка, вышыня пад’ему — да 1 м.

Важнае значэнне ў жыцці вадаёмаў мае тэмпературны рэжым воднай масы. Назіраецца вясенняе і асенняе перамешванне воднай масы і летняе расслойванне вады глыбокіх азераў на 3 слаі. На паверхні вадаемаў летам тэмпературы у розных частах азераў не аднолькавыя: яны на 1-1,5 гр. Вышэй у нагоннага берага, чым у згоннага, а каля расліннасці на 1,5-2 гр. Большая, чым ў адкрытай частцы. Найбольш халодная вада за суткі бывае перад усходам сонца, а самая цеплая ў 14-16 гадзін.

Летам на паверхні вада награваецца да 18-20 гр. З глыбіней тэмпература вады паступова паніжаецца, а на глыбінях 5-7 м — рэзкім скачком на 4-6 гр. На дне ўтвараецца слой вады з пастаяннай тэмпературай у 4 гр. Гэта называецца нармальнай тэмпературнай стратыфікацыяй. Неглыбокія азёры ў летні час маюць аднолькавыя тэмпературы на ўсёй глыбіні.

Восенню ўся водная маса набывае аднолькавую тэмпературу. У гэты час ідзе апусканне халодных вод на глыбіню і пад’ем цеплых на паверхню. Такая з’ява называецца асенняй гаматэрміяй. У зімовы час у глыбокіх азерах назіраецца адваротная тэмпературная стратыфікацыя. Пад ледам тэмпература вады крыху вышэй 0 гр., з глыбіней павышаецца да 4 гр.У вяснавы час, пасля раставання леду , тэмпература ўсёй воднай масы дасягае 4 гр.

Узровень вады ў азерах на працягу года таксама змяняецца. Найбольш высокі ён у сакавіку-красавіку. Летне-асеннія дажджы могуць выклікаць кароткатэрміновае падняцце вады. Межань назіраецца ў студзені і доўжыцца да расставання снегавога покрыва.

У зімовы час на азерах утвараецца ледзяное покрыва, якое трымаецца з канца лістапада-пачатку снежня да канца красавіка-пачатку мая. Працягласць ледаставу складае ў раёне 110-150 дзен, таўшчыня леду дасягае 50-70 см. Зімой тэмпература паверхневога слою каля 0 гр., а калядонная звучайна 2,5 — 3, радзей 4 гр. Працягласць ледаставу і таўшчыня леду залежаць ад метэаралагічных умоў, формы і глыбіні катлавіны, характару жыўлення, выхадаў падземных вод і інш. Структура, празрыстасць і таўшчыня леду аказваюць ўплыў на арганічнае жыцце азер. У зімовы час на многіх азерах назіраюцца заморы рыб.

Газавы рэжым азер залежыць ад растварэння газаў, жыццядзейнасці арганізмаў, працэсаў гніення арганічных рэчываў і інш. Ён абумоўлены тэмпературай вады, глыбіней, умовамі праточнасці, гаспадарчым выкарыстаннем возера. Найбольшае значэнне для жыцця арганізмаў мае наяўнасць кіслароду і вуглякіслага газу ў воднай масе. У верхні слой азернай вады кісларод паступае з паветра. Частка яго выдзеляецца воднымі раслінамі ў працэсе фотасінтэзу ў вясенне-летні перыяд. Прычым найюольшая колькасць кіслароду знаходзіцца ў верхніх слаях вады, з глыбіней утрыманне яго памяншаецца. Летам найбольш багаты кіслародам паверхневы слой. Ніжэй утрыманне кіслароду змяншаецца, а ў некаторых азерах ен зусім адсутнічае каля дна. У сярэдзіне лета на многіх азерах назіраецца «цвіценне» вады і насычэенне іх кіслародам.У прыдоннай частцы пад уплывам працэсаў гніення рэшткаў раслінных і жывельных арганізмаў колькасць растворанага кіслароду рэзка памяншаецца, што зніжае рыбапрадукцыйнасць азер.

Азеры — месцы жыцця разнастайных відаў раслін і жывел. Багацце жывымі арганізмамі вадаемаў вызначаецца асаблівасцямі будовы азернай катлавіны, хімічнага складу вады, тэмпературнага рэжыму, донных адкладаў і інш. Водныя расліны, у першую чаргу кветкавыя, рассяляюцца ў выглядзе палос ад узбярэжжа да глыбінь 5-6 м.

У прыбрэжнай паласе растуць асокі, капытнік, стрэлкаліст, аер, рагоз. Паласа прыбярэжна-водных раслін доўжыцца да глыбіні 0,5 м. Яе змяняюць расліны, якія пранікаюць на глыбіню 1-2 м трыснег, чарот. Яны маюць добра развітую караневую сістэму і эластычнае сцябло, што захоўвае іх ад уздзеянняў ветру і хваляў. На глыбінях 2,5 −3 м сустракаюцца напаўапушчаныя расліны з лісцем на паверхні: белы і жоўты гарлачыкі, жабнік. На глыбінях звыш 4 м растуць харавыя водарасці

На воднай паверхні сустракаюцца раска, шматлікія водарасці (дыятомавыя, зяленыя, сіне-зяленыя), якія часта ўтвараюць сплавіны.

У азерах растуць многія рэдкія і ахоўныя віды раслін (вадзяны арэх, палушнік азерны).

На дне азер жывуць шматлікія малюскі, лічынкі камароў, чэрві. Паверхню вады і зараснікі насяляюць вадамеркі, жукі-плавунцы і вадалюбы, вадзяныя ослікі, гідры, імшанкі.

Беспазваночныя арганізмы служаць ежай шматлікім відам рыб — асноўных насельнікаў азер: акуням, шчупакам, судакам, ліням, карасям, плоткам.

На азерах гняздуюць чайкі, азерныя крачкі, паганкі і іншыя птушкі.

У азерах і рэках водзяцца лешч, судак, шчупак, акунь, плотка, язь, гусцяра, красноперка, лінь, верхаводка, карась, мянтуз, ялец, сінец, галавань, сазан, джгір, есць вугор і інш. Са 162 азер 56 маюць рыбапрамысловае значэнне.

На дне азер назапашаны шматлікія аргана-мінеральныя і арганічныя адклады. Вялікія запасы сапрапеляў маюцца ў азерах Гарадоцкага раёна.

Назвы азер раёна маюць рознае паходжанне. Вельмі часта яны ўтвораны ад назваў населеных пунктаў — Езярышча, Лосвіда, Вышадскае, Астраўлянскае, Клюшава, Кашо. Распаўсюджаны назвы , якія адпавядаюць колерам ці адценням вады — Белае. Чорнае. Характэрным прыкметам формы — Глыбокае, Доўгае, назвам ралін і жывел — Арэхавае, Баброва, Беразнянскае, Жабіна, Жужаніца, Ільняное, Лугавое, Карасева, Рамашкава, Сосна.

Многія азеры Гарадоцкага раёна знаходзяцца пад аховай дзяржавы.

Самыя вялікія азеры: Езярышча, Ціоста, Лосвіда, Вымна, Сясіта, Кашо, Бярнова, Свіна, Васлепна, Азярок. Самае глыбокае возера Верына — 23,9 м., самае вялікае па плошчы Езярышча — 15,39 кв.км.

Нашы азёры

  • Верына — плошча 0,47 кв.км., найбольшая глыбіня 23,9 м, даўжыня 2,48 км, еайбольшая шырыня 0,27 км, даўжыня берагавой лініі 5,97 км. Плошча вадазбору 1,6 кв.км. У басейне р. Обаль, за 20 км. на паўдневы захад ад г Гарадок, каля в. Кісялі. Схілы катлавіны вышыней 5-7 м на поўнач і на поўдзень 13-15 м, на захад разараныя, на ўсход пад лясамі і хмызняком. Берагі зліваюцца са схіламі. Дно паўночнай часткі катлавіны плоскае, на поўдзень мае варонкападобную форму. На поўнач да глыбіні 3 м і на поўдзень да 6-8 м дно пясчанае, глыбей выслана ілам і сапрапелем. Зарастае слаба, паласа расліннасці да глыбіні 2,5-3 м. На поўнач выцякае ручай у р. Обаль.
  • Бярнова — плошча 2,8 км2, найбольшая глыбіня 10,9 м, даўжыня 3,5 км, найбольшая шырыня 1,62 км, даўжыня берагавой лініі 10,2 км. Аб’ем вады 18 млн.м3, плошча вадазбору 57 км2. У басейне ракі Обаль за 22 км на паўдневы захад ад г Гарадок, за 3 км на захад ад в. Віраўля. Схілы катлавіны вышыней 15-25 м., на поўнач 5-10 м, параслі хмызняком, на паўдневы усход і паўдневы захад разараныя. Берагі нізкія, пясчаныя на поўнач забалочаныя. Мелкаводдзе вузкае, пясчанае, дні ілістае, 4 невялікія астравы, агульнай плошчай 0,1 га. Упадае рака Віраўлянка, выцякае рака Бернаўка. Шырыня прыбрэжнай паласы надводнай расліннасці 3-40 м.
  • Вымна — плошча 7,2 км2, найбольшая глыбіня 7,8 м, даўжыня 9,2 км, найбольшая шырыня 1,4 км, даўжыня берагавой лініі 22,6 км. Аб’ем вады 31,46 млн.м3, плошча вадазбору 106 м2. У басейне ракі Лужаснянкі (выцякае возера), за 20 км на усход ад г. Гарадок, каля в. Ноўка. Схілы катлавіны 10-12 м, пад лесам, на паўдневы усход і паўдневы захад нізкія, забалочаныя. Берагі высокія і стромкія, зараслі хмызняком. Дно амаль плоскае, мелкаводдзе вузкае. Мае 7 астравоў агульнай плошчай каля 8 га, найбольш з іх на паўдневы захад зарос лесам. Надводная расліннасць паласой 10-25 м акаймоўвае ўзбярэжжа і астравы. Злучана прытокамі з азерамі Арлейка і Слепня.
  • Свіна — плошча 3,44 км2, найбольшая глыбіня 9,8 км. Даўжыня 4,12 км, найбольшая шырыня 1,47 км. Даўжыня берагавой лініі 13,36 км. Аб’ем вады 12,20 млн. м3, плошча вадазбору 180 км2. У басейне ракі Свіна, за 35 км на паўдневы захад ад г. Гарадка, сярод лесу. Схілы катлавіны вышыней 2-4 м, на захад і паўдневы захад да 15 м.
  • Езярышча — у басейне р. Обаль, каля г.п. Езярышча. Плошча 15,39 км2. Найбольшая глыбіня 11,5 м. Даўжыня 8,87 км, найбольшая шырыня 3,2 км. Даўжыня барагавой лініі 32,8 км. Аб’ем вады 66,95 млн.м3. Плошча вадазбору 264 км2. Уваходзіць у арніталагічны заказнік Езярышча, 20 астравоў, упадаюць 8 ручаеў, рэкі Агнеш і Дубоўка, выцякае р. Обаль. Гняздуецца больш за 60 відаў птушак.
  • Лосвіда — размешчана на мяжы з Віцебскім раёнам. Плошча 11,42 км2. Найбольшая глыбіня 20,2 м. Даўжыня 7,08 км. Найбольшая шырыня 4,88 км. Даўжыня берагавой лініі 25,6 км. Аб’ем вады 82 млн.м3. Плошча вадазбору 107 км2. У басейне ракі Храпаўлянка, за 7 км на поўдзень ад г Гарадок, каля в. Вялікае Лосвіда і Малое Лосвіда. Схілы катлаіны вышыней 15 м, берагі параслі лесам, часткова разараныя. На захадзе вялікія залівы, паўночна-заходні бераг адделены ад возера пясчанай водмеллю (глыбіня 0,2 м). Берагі вышыней ад 0,5 да 15 м, месцамі абразіўныя, ці зліваюцца са схіламі, на паўдневы захад нізкія, часткова забалочаныя. Падводная частка катлавіны складанай будовы (упадзіны чаргуюцца са шматлікімі мелямі). Шырыня зоны мелкаводдзя ад 5-25 м, у залівах да 200 м. Дно ў прыбрэжнай частцы да глыбіні 6 м выслана пяскамі, на ўсход і поўнач пясчана-шлачнымі адкладамі і валунамі. Уздоўж берагоў зарастае надводнай расліннасцю, шырыня паласы ад 10-15 м да 120-150 м. Падводная расліннасць высцілае дно да глыбіні 5 м. У возеры растуць рэдкія ахоўныя віды флоры: палушнік азерны, наяда малая і марская, частуха Валенберга, гідрыла кальчаковая. Багаты жывельны свет (каля 20 відаў рыб). У возера ўпадае р. Чарніца і 4 ручаі, вяцякае ручай у возера Цыганова. Возера уваходзіць у зону адпачынку Лосвіда. На беразе размешчана турбаза «Віцебская», спартыўная база, лодачная станцыя.
  • Кашо — плошча 4,15 км2. Найбольшая глыбіня 17,1 м. Даўжыня 6,42 км. Найбольшая шырыня 1,26 км. Даўжыня берагавой лініі 21,7 км. Аб’ем вады 14,4 млн.м3. Плошча вадазбору 60,1 км2. У басейне р. Усыса, за 4 км на паўночны захад ад г. Гарадок, каля в.Вялікае Кашо. Схілы катлавіны вышыней да 6 м, на поўнач да 10 м., разараныя. Участкамі пад хмызняком, на паўночны ўсход і паўдневы захад параслі лесам. Берагі нізкія, ў залівах забалочаныя. Мелкаводдзе пясчанае, плоская цэнтральная частка днавыслана сапрапелем. 2 невялікія астравы агульнай плошчай 0,4 га. Зарастае да глыбіні 1,5 м. Адзначана гнездаванне рэдкай птушкі — вялікага крахаля.
  • Сясіта — плошча 3,45 км2, найбольшая глыбіня 10,6 м, даўжыня 4,58 км, найбольшая шырыня 1,32 км, даўжыня берагавой лініі 12,8 км. Аб’ем вады 15,9 млн.м3. Плошча вадазбору 370 км2. У бесейне р.Ловаць, за 43 км ад г. Гарадок, каля в. Зайкава. Схілы катлавіны вышыней 5-10 м, разараныя. Адзначаны 2 тэрасы на вышыні 2 і 5 м. Берагі нізкія, на ўсход месцамі да 0,5 м параслі хмызняком і воднабалотнай расліннасцю. Мелкаводдзе пясчанае, глыбыней 2м. Дно выслана ілам, мноства мелей і ўпадзін.У паўдневай частцы возера востраў плошчай 0,01 км2. Уздоўж берагоў да глыбіні 1-1,2 м паласа падводнай расліннасці шырыней да 30 м, асабліва зарастаюць залівы.У выніку меліярацыйных работ у басейне р. Ловаць ўзровень возера паніжаны на 1,2 — 1,5 м
  • Ціоста — плошча 5,35 км2, найбольшая глыбіня 11,7 м, даўжыня 6,25 км, найбольшая шырыня 1,1 км, даўжыня берагавой лініі 21,4 км. Аб’ем вады 21,8 млн.м3. Плошча вадазбору 426 км2. У басейне р. Аўсянка, за 35 км на паўночны усход ад г. Гарадок, каля в. Сяло . Схілы катлавіны невысокія, разараныя, на усход і поўдзень забалочаныя, на захад і паўночны захад вышыней да 8 м параслі лесам. Берагі нізкія, пясчаныя, на поўдзень забалочаныя, на ўсходнем заліве сплавінныя. Дно да глыбіні 2-2,5 м пясчанае, ніжэй ілістае, у паўночна-усходняй частцы сапрапелістае. Расліннасць пашырана да глыбіні 2,4 м. У паўночна-усходнім і паўдневым залівах расце рэдкі ахоўны від — вадзяны арэх.
  • Рамашкава возера — у басейне р. Аўсянка, каля вескі Азеркі. Плошча 0,17 кв.км., глыбіня 4,1 м, даўжыня 1,1 км, найбольшая шырыня 0,23 км, даўжыня берагавой лініі 2,38 км. Расце вадзяны арэх.
  • Васлепна — у басейне р. Лужаснянка,за 1,5 км на паўночны захад ад в. Старыкі. Плошча 1,96 кв.км., глыбіня 8 м, даўжыня 3,29 км., найбольшая шырыня 1,21 км. Сапрапель. Гняздаванне гогаля звычайнага.
  • Азярок — у басейне р. Аўсянкі, за 40 км на паўночны ўсход ад Гарадка, за 5 км на ўсход ад возера Ціеста. Берагі пясчаныя і затарфаваныя. Дно плоскае, псячанае, глеістае, глыбей за 2-2,5 м У возеры расце рэлікт даледавіковай флоры вадзяны арэх плавучы — ахоўны від ў флоры Беларусі (месца яго росту з’яўляецца помнікам прыроды). Плошча 0,28 кв.км., максімальная глыбіня — 8 м. Даўжыня 1,5 км, найбольшая шырыня — 0,32 км, даўжыня берагавой лініі 3,4 км. Вадазбор 4,1 кв.км.